Падзеі

 

У пятніцу, 15 сакавіка, у 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (К. Маркса, 12) адбудзецца прэзентацыя кнігі Мікалая Плавінскага “Узбраенне беларускіх земляў Х–ХIII стагоддзяў”.

Кніга прысвечана гісторыі ўзбраення насельніцтва беларускіх земляў у Х–ХІІІ стст. У навукова-папулярнай форме апісваюцца асноўныя катэгорыі старажытнарускага ўзбраення, паходжанне, час і асаблівасці выкарыстання пэўных відаў наступальнай зброі і засцерагальнага ўзбраення. Тэкст суправаджаецца шматлікімі ілюстрацыямі, высакаякаснымі прамалёўкамі, каляровымі фотаздымкамі найцікавейшых знаходак з тэрыторыі Беларусі.

У межах вечара будзе прэзентавана новая ўнікальная кніжная серыя па ваеннай гісторыі Беларусі. Першая ў серыі — кніга Зміцера Матвейчыка, прысвечаная паўстанню 1863 года на Беларусі.

Мікалай Плавінскі – беларускі археолаг і гісторык, кандыдат гістарычных навук. Займаецца вывучэннем пытанняў гісторыі старажытнарускай зброі, матэрыяльнай культуры насельніцтва Беларусі X –XIII стст., археалогіяй Полацкай зямлі і сумежных рэгіёнаў. Аўтар и сааўтар больш як 90 навуковых артыкулаў і 6 манаграфій.

Пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі"

Уваход вольны

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

 

Філасофская сустрэча “Наш вясёлы апакаліпсіс”. Філасофія для нас пачынаецца недзе ў Грэцыі і далей пасяляецца дзесьці ў Германіі і Францыі, але зусім не ў нашых найбліжэйшых суседзяў. Кнігі серыі “Сярэднееўрапейскае мысленне” імкнуцца пераадолець гэты стэрэатып.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:

• Лешак Калакоўскі. Наш вясёлы апакаліпсіс (зборнік эсэ);

• Іржы Пржыбань. Дысiдэнты права: пра “аксамітныя рэвалюцыі” 1989 года, спосабы легітымацыі, фікцыі легальнасці і сучасную версію грамадскае дамовы (манаграфія);

• Юзэф Тышнэр. Мысленне паводле каштоўнасцяў (манаграфія).

Чакаецца таксама прыезд і аўтограф-сесія аднаго з аўтараў  чэшска-брытанскага тэарэтыка права, філосафа, прафесара Іржы Пржыбаня. Сярод выступоўцаў — перакладчыкі і філосафы Аляксей Ластоўскі, Таццяна Урублеўская, Павел Баркоўскі, Валянцін Акудовіч, Лілія Ільюшына. Вядоўца імпрэзы — Ігар Бабкоў.

галерэя "Ў"

 

Сацыялагічна-паліталагічная сустрэча “Паўстанне Еўропы”. Для Беларусі тэмы гістарычнага фармавання нацыі, адметнасці шляхоў паўставання вялікіх і малых этнасаў, пакручастасці лёсаў тых народаў, што гістарычна пражывалі на землях ад берагоў Дуная да берагоў Дняпра, вельмі блізкія і надзвычай цікавыя.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца на сустрэчы:

• Iштван Бiбо. Пра гаротнасць малых усходнееўрапейскіх дзяржаваў (навукова-палемічная праца);

• Анджэй Валіцкі. Нацыя, нацыяналізм, патрыятызм (зборнік навуковых артыкулаў).

Сярод выступоўцаў — перакладчыкі і рэдактары, сацыёлагі і палітолагі: Андрэй Храпавіцкі, Анатоль Сідарэвіч, Генадзь Сагановіч, Андрэй Казакевіч, Ігар Бабкоў, Аляксей Дзермант. Вядоўца імпрэзы — Аляксей Ластоўскі.

галерэя "Ў"

 

Беларускі ПЭН-ЦЭнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашаюць на цырымонію ўручэння прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, на якой будуць ганараваныя маладыя літаратары і перакладчыкі.

 намінацыі “Паэзія” – Андрэй Адамовіч, Кацярына Макарэвіч, Наста Манцэвіч.

У намінацыі “Проза” – Андрэй Пакроўскі, Юлія Шарова, Ксенія Шталянкова.
У намінацыі “Пераклад” – Святлана Богуш, Павел Рааго, Ганна Янкута.

Намінантаў павіншуюць Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Лявон Баршчэўскі, Павел Бераговіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч.
Вядоўца – Андрэй Хадановіч.

Выступіць гурт “Рэха”.

Уваход вольны.

 

 

галерэя "Ў"

Літаратурная імпрэза з удзелам пісьменнікаў: Уладзіслаў Ахроменка, Дар’я Вашкевіч, Сяргей Календа, Зміцер Жызнеўскі, Андрэй Дзічэнка, Аляксей Талстоў, Югася Каляда, Андрэй Пакроўскі.

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва

 

Літаратурная вечарына “Пражская вясна ў Мінску”. Прэзентацыя твораў чэшскай літаратуры як сусветна вядомых класікаў, так і сучасных папулярных аўтараў у дыхтоўных беларускіх перакладах:

• Багуміл Грабал. Я абслугоўваў ангельскага караля (раман);

• Эган Бонды. Запрашэнне на вячэру (выбраныя творы);

• Міхал Вівэг. Цудоўныя гады сабаку пад хвост (раман);

• Ірэна Доўскава. Моцны Жбуць (раман).

У прэзентацыі бяруць удзел перакладчыкі і рэдактары Вераніка Бяльковіч, Ганна Янкута, Лявон Баршчэўскі, Віктар Жыбуль і віртуальны Макс Шчур. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядоўца — куратар серыі “Чэшская калекцыя” Сяргей Сматрычэнка.

галерэя "Ў"

 

Асноўныя інстытуцыі Еўрапейскага Саюза з’явіліся толькі ў другой палове – канцы ХХ стагоддзя. Адна з праблем еўрапейскай інтэграцыі сёння звязаная з пошукамі агульнаеўрапейскай ідэнтычнасці і працай з рознымі версіямі калектыўнай памяці ў рамках адзінай Еўропы.

У публічнай лекцыі Расы Чэпайцене гаворка пойдзе пра сучасныя акадэмічныя і грамадскія дыскусіі, звязаныя з успрыманнем нядаўняй гісторыі ў кантэксце працэсаў еўраінтэграцыі. У гэтых дыскусіях падымаюцца складаныя, спрэчныя, часам траўматычныя пытанні.

Ці існуе агульная еўрапейская ідэнтычнасць? Ці можна казаць пра агульную еўрапейскую памяць? Чым адрозніваецца «старая» Еўропа ад «новай» Еўропы? Гістарычныя траўмы «новай» Еўропы як перашкода сацыякультурнай інтэграцыі ў ЕС.

Гэтыя ды іншыя пытанні, якія хвалююць палітыкаў, інтэлектуалаў, грамадзянскіх актывістаў у краінах «новай» Еўропы, мы запрашаем абмеркаваць у «Еўрапейскім кафэ».

Раса Чэпайцене, PhD, старэйшы навуковы работнік Інстытута гісторыі Літвы (Дэпартамент гісторыі ХХ стагоддзя), дацэнт Віленскага ўніверсітэта. Стажыравалася ў Свабодным універсітэце ў Бруселі. Аўтарка 4 манаграфій, у тым ліку кнігі “Культурная спадчына ў глабальным свеце”, апублікаванай у 2010 годзе на рускай і літоўскай мовах; аўтарка больш як 60 артыкулаў, апублікаваных у Бельгіі, Расіі, Украіне, Чэхіі, Малдове ды іншых краінах. Навукова-даследчыя інтарэсы: культурная спадчына і вывучэнне калектыўнай памяці, савецкая культура і постсавецкая трансфармацыя.

Мова лекцыі: руская

Уваход вольны!

Партнёры праекта:

• Кафэ «LOFT»
• «Кальянная № 1»
• «Арт-сядзіба»
• Галерэя «Ў»
• ArtAktivist
• Цэнтр вывучэння сучаснага мастацтва пры ЕГУ
• Цэнтр фатаграфіі
• Галерэя «Nova»
• Фатаграфічны партал photoscope.by
• Фатаграфічны партал ZНЯТА
• Партал KYKY.ORG
• Кавярня «Зерно»
• Вольная прастора «Дом Фішэра»

бар "Ў"

 

У межах фестываля сярэднеэўрапейскай літаратуры “Шэнгенка” Лятучы ўніверсітэт, Філасофская Прастора і Кнігарня “логвінаЎ” запрашаюць арганізатараў актуальных перакладніцкіх ініцыятываў, кнігавыдаўцоў, экспертаў да супольнай дыскусіі і наважвання перспектываў далейшага развіцця рынку перакладной літаратуры ў Беларусі. Публічная дыскусія ставіць сабе за мэту ўзмацненне цікавасці да развіцця культурніцкіх праектаў на беларускай мове ў нашым грамадстве, а таксама спрычыняе да выпрацоўкі сумесных стратэгіяў дзейнасці вядучых прадстаўнікоў галіны перакладу праз абмеркаванне і праграмаванне існуючай сітуацыі. Удзельнікі могуць прадставіць экспертную пазіцыю ў якасці панэлістаў, выказаць сваё меркаванне ў дыскусіі, а галоўнае – паспрабаваць выпрацаваць супольныя падыходы да развіцця сітуацыі і заключыць паміж сабой адпаведныя пагадненні.

У якасці экспертаў да ўдзелу ў дыскусіі запрошаныя перакладчыкі і выдаўцы: Павал Касцюкевіч, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Зміцер Вішнёў, Эдуард Куфцерын, Зміцер Колас, Андрэй Казакевіч, Генадзь Сагановіч, Сяргей Сматрычэнка, Аляксей Ластоўскі.

Вядоўцы дыскусіі: Павел Баркоўскі і Андрэй Ягораў.

Колькасць месцаў абмежаваная, просім загадзя звязацца з каардынатарам:

Галіноўская Юлія: +375297422040; Julia.hurska@gmail.com

 
галерэя "Ў"

 

На “Нулявым кніжным кіламетры”, які знаходзіцца на ганку кнігарні “логвінаЎ” (Незалежнасці 37а), адбудзецца ўручэнне прэміі“Залатая літара” за 2012 год. У імпрэзе возмуць удзел: Адам Глобус, заснавальнік прэміі, намінанты на прэмію,  літаратары.

Крыху пра прэмію. “Залатая Літара” – штогадовая  літаратурная прэмія, якая ўручаецца пісьменнікам Адамам Глобусам за найлепшую кнігу года. Уручаецца з 2004. Уганараванне традыцыйна адбываецца ў сакавіку, ды праводзіцца ў маленькіх кавярнях і кнігарнях Мінска.  Лаўрэтамі прэміі ў розныя гады рабіліся Сяргей Харэўскі, Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Андрэй Федарэнка. Памер прэміі складае сто еўраў. Сёлета ў шорт-лісце “Залатой літары” апынуліся 5 кніг:

Валянцін Акудовіч “Кніга пра нішто”

Уладзімір Арлоў “Пакуль ляціць страла”

Алесь Бяляцкі “Асвечаныя беларушчынай”

Сяргей Календа “Кантынентальны сняданак”

Наста Манцэвіч “Птушкі”

 

Ганак кнігарні "логвінаЎ"

 

Мемуар-вечарынка. Жанр белетрызаваных успамінаў заслужана мае вялікую папулярнасць у свеце. Рэальныя падзеі часцяком могуць быць больш фантастычнымі і неверагоднымі за самую выкшталцоную выдумку, асабліва калі вядзецца пра трагічныя падзеі еўрапейскай гісторыі ХХ стагоддзя.

На сустрэчы будуць прэзентаваныя наступныя кнігі:

• Жо Лангерава. Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л.;

• Ян Рознэр. Сем дзён да пахавання;

• Імрэ Кертэс. Страчаны лёс;

• Шандар Марай. Споведзь мешчаніна.

Удзел возьмуць перакладчыкі Павел Раага, Таццяна Абдулхакава, Святлана Рогач, Ірына Дарафейчук. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук.

галерэя "Ў"

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi