Дзеці Аліндаркі
Беларускі акцэнт можна вылечыць – дастаткова проста выплюнуць костачку… Пакуль ты малы – гэта не балюча. Так кажа Доктар, а яму трэба верыць. Героі новага рамана Альгерда Бахарэвіча – беларускамоўныя дзеці, пацыенты загадкавай установы пад назваю Лагер. Як сучасныя Гэнзэль і Грэтэль, яны трапляюць у цёмны лес, дзе іх чакаюць зусім не дзіцячыя прыгоды. Казка, сатыра, антыўтопія – кнігу можна аднесьці да кожнага з гэтых жанраў, але яна ўсё роўна застаецца кнігай пра нас, тых, хто жыве тут і цяпер.
Medium?1423043618
выдавецтва:
Галіяфы
рэдактар:
Сяргей Шупа
месца выхаду:
Мінск
год выхаду:
2014
колькасць старонак:
256
мова:
Беларуская
ISBN:
978-985-7021-71-0
UDK:
821.161.3-31
Хочуць прачытаць
1
Не здолелі дачытаць
0
Не чыталі, але асуджаюць
0
5,0
Адзнака крытыкаў 1
5,0
5
6
Адзнака чытачоў 6
Водгукі 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць водгукi і ставіць адзнакі

Кепскую кніжку ад патэнцыйна добрай я адрозніваю ўжо па першай-другой старонцы. Калі чытаю кепскую, мозг спрацоўвае сам: пачынае выпраўляць няўдалыя выразы на больш трапныя, выкідае лішняе ці дадае адсутнае. Міжволі я станоўлюся рэдактарам і ўвесь час памятаю, што спажываю штучна выраблены прадукт, які ўтрымлівае ненатуральныя ўзмацняльнікі смаку і харчовыя фарбавальнікі.

Зусім не так было з “Дзецьмі Аліндаркі”, і я ўдзячны Альгерду Бахарэвічу за тое, што ўпершыню за доўгі час беларуская кніжка пазбавіла мяне ад непатрэбнай разумовай працы і папросту падарыла асалоду ад працэсу чытання. Па-бахарэвічаўску насычаны тэкст прыемна есці поўнай лыжкай, дзякуючы яму пазнаецца забыты смак дзяцінства, і адначасова ён здзіўляе метафарычнасцю і арыгінальнасцю нечаканых інгрэдыентаў. Для мяне новы твор Бахарэвіча – безумоўна найсмачнешая літаратурная страва на беларускай мове за апошнія гады.

Пачатак рамана такі: брат і сястра ядуць у лесе чарніцы, непадалёк машына, з якой яны вышлі, усё ціха-мірна, быццам пакрытае шэрай плеўкай штодзённасці. Але ж не, зазіраючы ў думкі хлопчыка, мы сутыкаемся з вострымі аскепкамі нязвыклай, містычнай рэчаіснасці, якія прарэзваюць плеўку: чарніцы, падобныя да таблетак ад доктара, сетка ў Лагеры, да якой страшна падыходзіць, жахлівае Сярэдневечча і таямнічы Язык. Усё гэта – не больш чым дзіцячыя ўспаміны, але адразу разумееш, што яны вырастуць у нешта сур’ёзнае, страшнае. Ніводнае слова ў рамане не напісанае выпадкова, яно займае належнае яму месца, і з іх паступова складаецца фантастычны свет, у якім беларускамоўныя дзеці прызнаюцца хворымі і падлягаюць адмысловаму лекаванню ў лагеры, дзе забароненае ўжыванне мовы. Не засталося ніводнага яе носьбіта, акрамя бацькі-вар’ята, які вырашыў ратаваць мову, закласці яе ў сваю дачку, ізаляваўшы тую ад усяго навакольнага свету.

Першыя словы рамана – гэта ягоная назва. “Дзеці Аліндаркі”. Таго самага Аліндаркі, пры нараджэнні якога бацька прамовіў: “Кепска будзе”. Назва настройвае на песімістычны фінал ад самага пачатку. Так і ёсць: план па ўратаванні мовы правальваецца, праўда, аўтар ніводным словам і не даваў надзеі на ягоны поспех. Нічога добрага не адбываецца з ніводным з галоўных персанажаў да канца кнігі.

Марыя Мартысевіч у бліскучай рэцэнзіі http://lohvinau.by/%D0%BD%D1%8F%D1%85%D0%B0%D0%B9-%D0%BD%D1%96%D1%85%D1%82%D0%BE-%D0%BD%D1%8F-%D1%81%D1%8B%D0%B9%D0%B4%D0%B7%D0%B5-%D0%BD%D0%B5%D0%BF%D0%B0%D0%BA%D1%80%D1%8B%D1%9E%D0%B4%D0%B6%D0%B0%D0%BD%D1%8B%D0%BC/ расказвае пра сюжэтнае падабенства рамана Бахарэвіча з казкай братоў Грымаў пра Гензэля і Грэтэль. Акрамя сюжэта ёсць і іншыя, часта карыкатурных указальнікаў на нямецкую казку, напрыклад, домік вядзьмаркі пабудаваны не з пернікаў, а з пустых каробак з-пад кандытарскіх вырабаў “Спартак” і “Слодыч”. Але мая асноўная асацыяцыя была ўсё ж не з братамі Грымамі. Лес велічынёю амаль з увесь раман, у якім знаходзіцца страшны лагер, лес, дзе дзецям сустракаюцца ў найлепшым выпадку абыякавыя, а ў найгоршым – небяспечныя людзі, усюды голад, бруд, халадэча, бясконцасць, гэты лес як сімвал безнадзейнага беларускага лёсу нагадаў мне марозна-туманную прозу Васіля Быкава. У адрозненне ад быкаўскай выключнай рэалістычнасці, у “Дзецях Аліндаркі” шмат казачных, містычных элементаў (дзеці з дапамогай скорагаворак перамагаюць злых людзей, брат з’яўляецца на свет незвычайным спосабам і г.д.), аднак дзіўным чынам менавіта праз іх падчас чытання рамана знікае адчуванне фантастычнасці таго, што адбываецца. Паступова становіцца ясна, што свет, створаны аўтарам, – гэта не гісторыя з элементамі “антыўтопіі” ці “альтэрнатыўнай гісторыі” (Мартысевіч), а нашая ява, нашае сёння, якую не ўспрымае мозг, не заўважаюць вочы, бо яны заплюшчаныя. І іх страшна расплюшчыць. Страшна ўсвядоміць сваё вар’яцтва.

+1
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце