Блог

15 кніг ад Макса Шчура

Medium?1387328191

На просьбу параіць 5 кніг пісьменьнік Макс Шчур даслаў з Прагі сьпіс утрая даўжэйшы. Цудоўныя парады для сапраўдных кнігалюбаў і паліглотаў, бо не ўсё з пералічанага знойдзецца ў перакладах. 

 

1. Хульё Картасар. "Неспадзяваныя аркушы". (Julio Cortázar. Papeles inesperados).

Праз дзесяць гадоў пасьля сьмерці аўтара ў ягонай шуфлядзе знаходзяць неапублікаваныя рукапісы – ужо інтрыга... Дадаткі да "Лукаса", нарысы, вершы, лісты, а перадусім – артыкулы на палітычныя і літаратурныя тэмы. Для паўнаты вобразу – неабходна.

2. Віктар Вальтар. Выбраныя творы.

Пра гэтую кніжку я ўжо доўга разважаў у альманаху «Запісы БІНіМ», таму ня буду паўтарацца. Скажу толькі, што прачытаць «Роджаных пад Сатурнам» і «Аднабочнікаў» варта яшчэ да таго, як пачаць пісаць прозу па-беларуску, а не пасьля (як, на жаль, выйшла ў маім выпадку). Не адным Чорным, Калюгам, Мрыем, Караткевічам ці Быкавым жывы чалавек...

3. Лэо Пэруц. «Майстар Страшнага суда». (Leo Perutz. Der Meister des Jüngsten Tages)

Па-мойму, бліскучая кніга, пра якую, напрыклад, Майрынк (пры ўсёй павазе да яго) мог толькі марыць. Ня проста доказ таго, што «і дэтэктыў – гэта свайго кшталту мастацтва», але і таго, што праўдзівае мастацтва – гэта заўжды свайго кшталту дэтэктыў.

4. Міраслаў Пэх. «Тэкстану Паўліне». (Miroslav Pech. Napíšu Pavle).

Мой самы любімы з маладых чэскіх аўтараў (хаця кніжка па ліку ўжо трэцяя). Хлопцу «не пазьбегнуць вялікай спартовай славы», прычым зусім ня лёгкай і не скандальнай, хаця яна яму й без патрэбы.

5. Эган Бонды. «Шаман». (Egon Bondy. Šaman).

З «бэлетрыстычных» тэкстаў Бонды – адзін з самых удалых. Алегорыя таталітарнай сучаснасьці, сытуяваная ў далёкую мінуўшчыну, кудысьці ў каменны век – што, зрэшты, ня так і прынцыпова. Чалавечая камэдыя ў яе «франтальнай аголенасьці». Хто чытаў «Сабакі раю» Абэля Поссэ, атрымае ня меншую асалоду.

6. Жорж Лімбур. «Ванільнікі». (George Limbour. Les Vanilliers).

ХХ стагодзьдзе ў францускай літаратуры, перадусім у прозе – адно з маіх улюбёных. Нават малавядомыя французы, як, прыкладам, былы сюррэаліст Жорж Лімбур, часьцяком пішуць лепей за іншых прызнаных «майстроў». «Ванільнікі» (1938) – гэта пра што? Пра батаніку? Эротыку? Гісторыю? Эканоміку? Пра ўсё разам і яшчэ нешта іншае – пра тое, як добра пісаць.

7. Томас Бэрнгард. Збор твораў. (Thomas Bernhard. Gesammelte Werke)

Цяжка сказаць, чаму гэты выбітны аўстрыйскі аўтар ня мае на Ўсходзе такой вядомасьці, як у Цэнтральнай Эўропе, і гэтак жа цяжка парэкамэндаваць які-небудзь адзін ягоны твор у адрыве ад астатніх. «Мароз»? «Узрушанасьць»? «Старыя майстры»? Любую з п'есаў? Любы з аповедаў? Не, Бэрнгарда, як аднаго зь якога дзясятка-тузіна ў мінулым стагодзьдзі, варта чытаць цалкам.

8. Патржык Оўржэднік. «Удалы момант, 1855». (Patrik Ouředník. Příhodná chvíle.1855)

На маю сьціплую думку, у сучаснай чэскай прозе Оўржэдніку няма роўных – праўда, так лічаць збольшага за межамі краіны. Невялічкая кніжка на мяжы жанраў антыўтопіі і гістарычнага раману – шэдэўр ня толькі паводле стылю (Умбэрта Эко зь ягоным «Праскім цьвінтарам» ціха плача ў падушку), але і паводле глыбіні аналізу чалавечай супольнасьці, ня толькі анарха-камуністычнай.

9. Джузэпэ Кулік'я. «Бла-бла-бла». (Giuseppe Culicchia. Bla bla bla)

Бывае, што за няўдалай назвай хаваецца ўдалы твор – гэта той выпадак. Кулік'я, па-мойму, (асабліва ў гэтай кнізе) – італьянскі аналяг Ўэльбэка, нават дэбютаваў зь ім у адзін год. Магчыма, яму бракуе Ўэльбэкаўскага нахабства й размаху, затое чытаецца ён надзвычай прыемна і нават лёгка. Калі коратка – «пра жыцьцё».

10. Ладзіслаў Кліма. Усе творы. 

«Пакуты князя Штэрнэнгоха» – «Слаўная Нэмэзіда» – «Чэскі раман»... Той жа выпадак, што і ў Бэрнгарда – чытаць усё. Філосаф, які ў дататак да ўсяго яшчэ й мімаходам разбурыў усе каноны тагачаснай чэскай прозы. Спадзяваймася, што выбранае калі-небудзь выйдзе і па-беларуску, а поўны збор твораў – па-чэску, а ня толькі па-француску.

11. Вітальд Гамбровіч. Усе творы.

«Апантаныя», «Трансатлянтык», «Космас», «Дзёньнік»... Гл. пункты 7 і 10.

12. Хорхэ Люіс Борхэс. «Зноўнабытыя тэксты», 1-3. (J-L. Borges. Textos recobrados).

Тое самае, што ў выпадку з Картасарам (з той розьніцай, што ў трохтомніку практычна няма бэлетрыстыкі).

13. Ладзіслаў Шэры. «Лязэрны раманс». (Ladislav Šerý. Laserová romance).

«Крык душы» сучаснага інтэлектуала, здольнага тым ня менш жорстка іранізаваць з сябе і сьвету. Свайго кшталту анты-літаратура, але паводле якасьці дае фору (і добрага пытля) усім хворым на эстэтызм «ліціратарам».

14. Лёран Бінэ. «HHhH». (Laurent Binet. HhhH).

Ляўрэат Ганкураўскай прэміі, але ня гэта галоўнае. Мэтараман ці спроба ўскрыць мэханізмы пісьменьніцкай працы над гістарычным матэрыялам, пры загадзя вядомым сюжэце.

15. Бэрнар Наэль. «Замак Вячэры». (Bernard Noel. Le chateau de Cene.)

Парнуха, чарнуха, фантасмагорыя. Шлях у глыбіні ўласнага несьвядомага. Сутаргі рамантызму ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя, штось між Дэ Садам, Роб-Грые і Бьёй-Касарэсам.

фота svaboda.org

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце