Блог

5 кніг ад Аляксея Братачкіна

Medium?1411383063

Найлепшыя кнігі пра беларускіх гісторыкаў і мову кахання, а таксама мадэрнісцкі раман ХХ стагоддзя, чытанне якога з'яўляецца Падзеяй, раіць гісторык і рэдактар інтэрнет-часопіса "Новая Еўропа" Аляксей Братачкін. 

 

1. Райнэр Лінднэр "Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі XIX-XX ст."

Мабыць, самая лепшая кніга, якая расказвае пра беларускіх гісторыкаў, напісаная нямецкім даследчыкам. Яна пра тое, якія няпростыя адносіны складаюцца паміж уладай, ідэалогіяй і гісторыкамі. У беларускім кантэксце гэтыя адносіны часта сканчаліся вельмі сумна: гісторыкі страчвалі навуковую рэпутацыю і асабістую аўтаномію, ператвараючыся ў шчырых канфармістаў, ці рабіліся наўпроставымі ахвярамі рэпрэсій.

2. Ханна Арэнт "Банальнасць зла: Эйхман у Ерусаліме".

Калі я рыхтаваўся ў студзені гэтага году да ўдзелу ў "Тыдні Ханны Арэнт у Мінску", я перачытаў шэраг яе кніг, у тым ліку і кнігу пра нацысцкага злачынца Эйхмана. Вакол гэтай кнігі і інтэрпрэтацыі Ханнай Арэнт гісторыі Халакосту было шмат спрэчак, але для мяне гэтая кніга з'яўляецца помнікам яркай чалавечай думкі і знакам пераадолення "цёмных часоў" – аднаго з самых агідных перыядаў чалавечай гісторыі.

3. Ралан Барт "Фрагменты маўлення закаханага".

Калі Ханна Арэнт аналізавала нацызм, яна аналізавала, у тым ліку, мову нянавісці, якая была створаная нацыстамі. Ралан Барт напісаў пра мову кахання, пра тое, што мы ўсе адчуваем, робім і кажам, калі знаходзімся ў гэтым стане. Мова кахання лепшая за мову нянавісці, а ў кнізе Ралана Барта гаворыцца пра гэта лепш, чым у многіх іншых кнігах.

4. Альфрэд Дзёблін "Берлін Аляксандрпляц. Гісторыя пра Франца Біберкопфа".

Адзін з найлепшых мадэрнісцкіх раманаў ХХ стагоддзя, чытанне якога я перажыў як Падзею з вялікай літары. Адна крытык напісала пра яго: "Дзёблін прапаноўвае дыялектычнае разуменне быцця, якое адлюстравана ў розных міфалагічных сістэмах і супадае з экспрэсіянісцкай канцэпцыяй светабудовы, дзе Зло неадменна ўраўнаважваецца Дабром". Няхай будзе так!

5. Роджарс Брубейкер "Этнічнасць без груп".

Адзін з самых вядомых амерыканскіх сацыёлагаў напісаў кнігу, чытанне якой карысна для ўсіх тых у Беларусі, каму не даюць спакою праблемы "этнічнасці", "нацыі" і "ідэнтычнасці". Брубейкер аналізуе сітуацыі, у якіх мы часта забываемся пра тое, наколькі маніпулятыўнымі могуць быць гэтыя паняткі. Ён спрабуе захаваць канструктывісцкія падыходы і прапанаваць новыя схемы іх выкарыстання.

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце