Блог

5 кніг ад Антона Брыля

Medium?1421833980

Свае ўлюбёныя брытанскія казачныя кнігі і літаратуру пра іх сабраў у адной пяцёрцы пісьменнік і перакладчык Антон Францішак Брыль. 

 

1. Гільберт Кійт Чэстэртан "Напалеон Нотынгхільскі" (Gilbert Keith Chesterton, The Napoleon of Notting Hill), 1904.

Гэта першы раман аўтара – і, магчыма, найлепшы. У пазнейшых кнігах Чэстэртан не заўсёды ўдала прыміраў сваю надзвычайную фантазію са сваёю ж схільнасцю да казанняў. У "Напалеоне" баланс, здаецца, ідэальны. 1980-я гады, для аўтара – далёкая будучыня. Новы кароль Англіі, схільны да дзівачных жартаў, вырашае ператварыць мясцовае самакіраванне Лондана ў агромістую ролевую гульню па Сярэднявеччы. Раёны сталіцы робяцца вольнымі гарадамі, іх чыноўнікі прымушаныя насіць пышныя рознакаляровыя ўборы, і амаль усе ў ціхім шаленстве ад каралеўскіх прыдумак. І тут – і тут пачынаецца Чэстэртан у найлепшых яго праявах.

2. Хоўп Мірліз "Луд-у-Смузе" (Hope Mirrlees, Lud-in-the-Mist), 1926.

Класіка перадтолкінаўскага фэнтэзі, кніга, якую Ніл Гейман назваў "маленькім залатым цудам", і гэта вельмі добра падабраныя словы. Кніга пра краіну, якая разарвала ўсякую повязь з Чароўным Краем і куды плады чароўных дрэў завозяцца кантрабандыстамі як наркотык, самое існаванне якога закон адмаўляецца прызнаваць. Краіну, дзе чароўнага баяцца і ўнікаюць – а чаму? А таму, што яно і праўда вусцішнае, вяр'яцкае і небяспечнае. Кніга была параўнальна мала заўважаная пры першым з'яўленні, затое перавыданне 1970 года стала трыюмфам, і з той пары "Луд-у-Смузе" не знікае з кнігарняў. Калі ёсць хоць нейкая магчымасць чытаць у арыгінале – абавязкова рабіце менавіта так: прынамсі з рускімі перакладамі кнізе не шанцавала.

3. Джон Роналд Руэл Толкін "Хобіт" (John Ronald Reuel Tolkien, The Hobbit), 1937.

Калі пачалі выходзіць фільмы па "Хобіце", я са здзіўленнем даведаўся, што кніжку чыталі не ўсе. Гэта яшчэ чаму? Чытайце-чытайце.

4. Сюзана Кларк "Дáмы з Грэйс-Адзьё і іншыя гісторыі" (Susanna Clarke, The Ladies of Grace Adieu and Other Stories), 2006.

Тут з такім жа поспехам мог быць і дэбютны раман Кларк, "Джонатан Стрэнж і містэр Норэл", але пра яго і так даведаюцца ўсе, хто яшчэ не даведаўся, бо хутка мусіць выйсці на экраны тэлесерыял па яго матывах. А вось зборнік казак "Дáмы з Грэйс-Адзьё" можа і застацца недазаўважаным, а дарма, бо Кларк у гэтай кнізе цалкам роўная сабе: зграбная мова, бліскучыя стылізацыі і заўсёдашні бездакорны густ у выяўленні чароўнага. Асаблівая ўвага – казкам "Місіс Маб" і "Містэр Сіманэлі". Чытаць па магчымасці ў арыгінале.

5. Джэніфер Шэйкер, Сны нацый (Jennifer Schacker, National Dreams: The Remaking of Fairy Tales in Nineteenth-Century England), 2004.

Пасля столькіх практыкаў брытанскай фантазіі варта згадаць прынамсі аднога тэарэтыка. "National Dreams" Джэніфер Шэйкер – кніга пра тое, як прыходзілі і прыстасоўваліся да брытанскіх чытачоў 19 ст. казкі розных народаў – збор Грымаў, гісторыі тысяча адной ночы і іншыя. Кніга пра тое, іншымі словамі, як Брытанія стварыла тыя адносіны з казкамі, якія зараз здаюцца неад'емнаю часткаю яе культуры. Як часта бывае з такімі тэмамі, даследванне гэтае — погляд звонку, з іншага боку Атлантыкі. Узнагарода Mythopoeic Society за 2006 год у намінацыі "Агульныя даследаванні міфа і фэнтэзі". 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце