Блог

5 кніг ад Сяргея Календы

Medium?1365366232

Пісьменнік Сяргей Календа пра ўзорныя кнігі, якія немагчыма абмінуць.

 

1. Люі-Фэрдынанд Сэлін “Падарожжа на край ночы”

Неверагодна сьмела, агрэсіўна, рамантычна, брудна й шчыра. Ніхто да яго так не пісаў. І нягледзячы на скандалы вакол ягоных сумнеўных поглядаў у часы Другой сусьветнай вайны кнігі Сэліна застаюцца для мяне ўзорам пісьма, стылю, разьвіцьця сюжэту.

2. Гюнтэр Грас “Бляшаны барабан”

Раман варта чытаць хаця б з тае прычыны, што ён цалкам парушае ўсе клясычныя правілы наконт таго, як трэба пісаць кнігі… Пісьменьніку ўдалося зруйнаваць усе акадэмічныя межы. Перанасычанасьць тэксту доўгімі сказамі, складанымі абаротамі, дзеясловамі, нагрувашчаньне даданых сказаў, прыметнікаў, прыслоўяў, мэтафараў – прывялі раманную форму да буйной эпапеі… але дзіва ў тым, што кніга чытаецца зь вялікім захапленьнем, быццам апускаешся ў плынь тэксту глыбей, глыбей… неверагоднае адчуваньне… “Бляшаны барабан” для мяне ўзорны прыклад таго, як можна парушаць усе правілы й заставацца самым яскравым, чытэльным, супярэчлівым.

3. Ніл Гейман “Задзьвер’е”

Ніл Гейман спачатку ўразіў мяне раманам “Амэрыканскія богі”, але гэтая кніга мае адзін недахоп – амэрыканскі імпэрыялізм між радкоў вельмі рэжа вока. Таму я вырашыў вылучыць “Задзьвер’е” – кнігу, у якой такая глыбокая гульня з цытатамі, алюзіямі й намёкамі, ускоснымі й не, што не заўважаеш, як хутка чытаецца тэкст, потым сядзіш і шкадуеш, што раман скончыўся… Вельмі смачная кніга… Для мяне яна ўзор таго, як трэба сучасную гарадзкую рэальнасьць ператвараць у міт!

4. Кляўс Ман “Мэфіста. Раман аб адной кар’еры”

Кляўс Ман – старэйшы сын легендарнага Томаса Мана, для мяне асабіста – герой. Ён ня толькі вытрываў выпрабаваньне знакамітасьцю бацькі-пісьменьніка, але за сваё кароткае жыцьцё здолеў у нечым пераўзысьці яго. Кляўса перасьледавалі фашыстоўцы за гомасэксуалізм, яго п’есы ня ставіліся, раман “Мэфіста” быў забаронены ажно да 1980-х гадоў… Пісьменьнік – мужны чалавек зь цяжкім лёсам, скончыў жыцьцё самагубствам і пакінуў нам самы сапраўдны раман пра фашыстаў, які толькі магчыма было напісаць у часы Трэцяга Рэйху. “Мэфіста” – гэта ўзор шчырага прыгожага саркастычнага пісьма.

5. Агота Крыстоф “Тоўсты сшытак”

У свой час “Тоўсты сшытак” падтрымаў мяне падчас чорнай паласы ў жыцьці. Гэта адзіная кніга, якая тады мяне забірала ўсяго цалкам у свой сьвет і трымала, прымушаючы забыцца на цяжкую рэчаіснасьць. І сёньня гэты раман мяне вельмі хвалюе, надоечы я яго перачытваў і не расчараваўся… Гэтая кніга – узор таго, як трэба будаваць сюжэтную лінію.

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце