Блог

Шэсць адкрыццяў "Рускага Букера"

Medium?1383031635

Крыху больш, як праз месяц, 4 снежня будзе аб'яўлены пераможца расійскай літаратурнай прэміі «Рускі Букер». Раней, 3 кастрычніка, быў названы кароткі спіс, у які ўвайшлі: Яўген Вадалазкін «Лаўр. Негістарычны раман», Андрэй Волас «Вяртанне ў Панджруд», Марына Хемлін «Дазнаўца», Дзяніс Гуцко «Бэта-самец», Уладзімір Шапко «Ля падножжа неахопнага свету», Андрэй Іваноў «Харбінскія матылькі». Наш новы аглядальнік Каця Рускевіч прачытала шасцёрку кніг-фіналістаў і вылучыла для сябе прынамсі двух фаварытаў.  

 

«Рускі Букер» з'явіўся на свет у 1991-м і лічыцца першай незалежнай рускай літаратурнай прэміяй. Ён быў створаны як малодшы кузэн ангельскага старэйшага брата пад заступніцтвам ангельскай гандлёвай кампаніі Booker. Імя кампаніі дало назву прэміі, хоць цалкам натуральна, хочацца правесці гісторыю паходжання назвы ад слова "кніга". На «Рускі Букер» часта можна пачуць мноства нараканняў за невыразную пазіцыю сярод іншых літаратурных прэмій і за не вельмі ўдалую спробу адпавядаць свайму старэйшаму ангельскаму аналагу. Аднак нягледзячы на навакольныя літаратурна-грамадскія звады ўжо дваццаць гадоў прэмія пастаўляе якасную фарматную прозу. У сваю чаргу «Рускі Букер» антаганістычна «спарадзіў» самую неадназначную літаратурную прэмію на расійскай тэрыторыі «Антыбукер», якая праіснавала нядоўга, але бурна, пад патранажам амаль ангельца – нябожчыка Барыса Беразоўскага.

У розныя гады лаўрэатамі рускай версіі «Букера» рабіліся Людміла Уліцкая, Міхаіл Шышкін, Уладзімір Маканін, Васілій Аксёнаў ды іншыя годныя людзі. Цікавая асаблівасць фіналістаў цяперашняга года заключаецца ў тым, што з усяго спісу толькі адзін твор адносіцца да цяперашняга часу, гэта раман Дзяніса Гуцко «Бэта-самец». Усе астатнія датычацца далёкай і не вельмі далёкай мінуўшчыны. Дзяніс Гуцко пабываў ужо ў ролі пераможцы ў 2005 годзе з дэбютным раманам «Рускамоўны» ("Русскоговорящий"), але старшыня журы таго года Васілій Аксёнаў адмовіўся ўручаць прэмію, матываваўшы тым, што асабіста яму раман не падабаецца. Гуцко паставіўся да перамогі як да некаторага літаратурнага авансу на наступныя гады.

Галоўны герой рамана «Бэта-самец» ацэньвае сваё жыццё як дадатак да альфа-фігуры, усе ягоныя ўчынкі апошніх гадоў – гэта свядома абраная другая роля, нягледзячы на бачнасць паспяховага чалавека. Сітуацыя змяняецца праз вечны прыём – з'яўляецца жанчына. Герой, дапамагаючы вырашыць няёмкую праблему свайго альфа-напарніка, знаходзіць нарэшце нечаканае, але сапраўднае каханне. Аднак выйсці з рамак бэта-персанажа аказалася складана.

Спрабуючы зноўку сабраць канструктар уласнага жыцця і прымяраючы чужыя, часова пазычаныя, як вопратка, лёсы, ён усё больш пераконваецца ў тым, што становішча другога плану нязменнае. І нават нягледзячы на занятае ў канцы рамана першае месца застаецца адчуванне, што здарылася гэта зноў жа праз дзеянне іншага персанажа твора. Дзяніс Гуцко піша досыць рэалістычна, каб атрымалася паверыць, і з добрым мастацкім вымыслам, каб не было сумна. «Бэта-самец» – раман-мараль з палавінным хэпі-эндам пра пастаянныя велічыні незалежна ад часу: размовы інтэлігентаў так і застаюцца размовамі, а справы, як і раней, вырашаюць зусім іншыя людзі.

 

Раман Маргарыты Хемлін «Дазнаўца» ("Дознаватель") выглядае лагічным працягам дзвюх яе папярэдніх прац: «Крайні» і «Клоцвіг». Усе тры творы маюць агульныя месцы памяці і часу. Раман прачытваецца як дэтэктыў, дзеянне якога адбываецца ў пасляваенным Чарнігаве і навакольных габрэйска-ўкраінскіх мястэчках. Галоўны герой Цупко Міхаіл Іванавіч працуе дазнаўцам, прафесія ганаровая, але не настолькі важная, як следчы, ён мае баявыя ўзнагароды, жонку Любачку, якую паважае "за ўнутраную прыгажосць", і дачку. Па ўласнай ініцыятыве расследуе абставіны забойства, прынамсі, такое складаецца ўражанне. У дэтэктыўную гісторыю ўключаныя ўсе магчымыя палітычна-гістарычныя атрыбуты таго часу: справа пра лекараў-касмапалітаў, сіянісцкая змова, непазбежныя ўспаміны пра вайну і Галадамор. Аўтар вельмі ўважлівая да дэталяў, вачыма галоўнага героя яна адзначае колеры сукенкі, губной памады, стравы, пададзеныя на стол. Але асабліва ўражвае мова рамана: у Марыны Хемлін атрымалася яркая сумесь казённага, канцылярскага, псеўдамужнага і лірычнага. Казённая мова лёгка хавае праўду, пакідаючы на паверхні напаўпраўду, так і справа Міхаіла Цупко аказваецца ці то пошукам сведак, ці то зацягнутай споведдзю. У рамане няма добрых, і няма дрэнных, усе аднолькава вінаватыя, а на самай справе ва ўсім вінаватая вайна. Гэта толькі ў савецкай літаратуры, за рэдкім выняткам, персанажы твораў лёгка дзяліліся на тых ці іншых.

 

Уладзімір Шапко самы пажылы з аўтараў і, мабыць, самы сціплы, нарадзіўся і жыве ва Усць-Каменагорску, працуе наладчыкам музычных інструментаў, у спісе намінантаў апынуўся ўпершыню. На самай справе раман "Ля падножжа неахопнага свету" ("У подножия необъятного мира") называецца паэмай. У доўгім аповедзе і праўда ёсць нешта паэтычнае, так звычайна распавядаюць свае гісторыі маленькія дзеці і пажылыя людзі, вяртаючыся да асаблівых момантаў і паўтараючы важныя для іх гісторыі, няхай сумбурна і не па парадку. «Ля падножжа неахопнага свету» – гэта раман-падарожжа маленькага хлопчыка Віці Шатка, ад дзеяслова "шататься" з'явілася мянушка Шаток. Калі-небудзь хлопчык вырасце і з'едзе ў іншы вялікі свет, а пакуль ён гуляе толькі ў горадзе, побач з людзьмі і чалавечымі гісторыямі. У маленькім мястэчку ёсць месца ўсім: былым палітвязням, журналістам, алкаголікам, цыркачам, гора-рамеснікам, добраму дзеду-пчаляру і, вядома ж, дзецям .

 

 

Андрэй Іваноў напісаў раман «Харбінскія матылькі» пра рускую эміграцыю ў Эстоніі часоў Першай рэспублікі, у кароткі перыяд незалежнасці паміж рэвалюцыяй і Другой сусветнай вайной. Іваноў не спрабуе стварыць гістарычнае твор, хутчэй ён паставіў перад сабой задачу напісаць раман з 1920-х гадоў. Адсюль з'яўляецца мова Белага і Рэмізава, перамяшаныя ўспаміны, незвязаныя, на першы погляд, паміж сабой падзеі, адрывістыя гісторыі, разрывы ​​ў тэксце. Міжволі напрошваецца параўнанне з плынню свядомасці ў Джойса. За дакладным апісаннем часовай тапанімікі стаіць скурпулёзная архіўная праца аўтара. Галоўны герой рамана — мастак Барыс Раброў, які ўвабраў у сябе ўсе тыповыя рысы рускай эміграцыі, увесь час рэфлексуе, спрабуе вызначыцца і знайсці сваё месца, і нейкім чынам уладкоўваецца, не забываючы пры гэтым пра іншых. А паміж размовамі пра страчаную Радзіму пачынаюць праслізгваць першыя навіны фашызму. Андрэй Іваноў, аўтар з Таліна, які піша па-руску, адносіцца да пісьменнікаў, якія існуюць паміж краінамі і пэўнымі традыцыямі, у прамежкавай прасторы постсавецкай мультыкультурнасці. Магчыма, менавіта таму быў абраны сюжэтны матыў эміграцыі. Аднак разважаць, выкарыстоўваючы схему "каб зразумець сучаснасць, трэба ведаць мінулае" — у дадзеным выпадку азначае ўжыць яшчэ адно літаратурнае клішэ.

Сярод відавочных фаварытаў прэміі можна вылучыць Яўгена Вадалазкіна з майстэрскай рэканструкцыяй, як калі б Умберта Эка вырашыў напісаць рускасярэднявечныя «жыціе» або «хаджэнне», і метафізічную ўсходнюю гісторыю Андрэя Воласа «Вяртанне ў Панджруд» .

Яўгеній Вадалазкін, доктар філалагічных навук, спецыяліст па старажытнарускай літаратуры парадаваў і крытыкаў, і чытачоў. Да імя Лаўр, так клічуць галоўнага героя (хоць на працягу рамана ён некалькі разоў зменіць сваё імя, і кожная перамена будзе азначаць новае жыццё) нездарма дабудаванае азначэнне «негістарычны раман». У асноўны аповед ўключаныя ўспаміны з будучыні, старажытнаруская мова лёгка змешваецца з ненарматыўнай лексікай. Нягледзячы на шматслойнасць, вобразнасць, некалькі ўнутраных планаў, раман стварае адчуванне дзіўнай яснасці і цэласнасці. Можа быць, таму што галоўнае ў рамане – слова. Лаўр, надзелены дарам знахарства, мяркуе, што лячыць можна таксама і словамі, «врач» — «врати», «заговаривать», так распісваецца ў самым пачатку ў «Пралегаменах» этымалогія. Словы Лаўра пра дараванне і любоў звернутыя да людзей, да сябе і да Бога. Мова, на якой размаўляюць героі, зразумелая незалежна ад часу. Дарэчы, аўтар перадае ўскоснае прывітанне Умберта Эка, калі згадвае пра людзей з сабачымі галовамі і ўключае ў раман дзейнага італьянца, які займаецца канцом света.

 

 

Андрэй Волас напісаў аповесць «Вяртанне ў Панджруд» пра вядомага персідзкага паэта Абу Абдалаха Джафара ібн Мухамада або Рудакі. На самай справе вядома пра Рудакі вельмі мала, і як сказана ў «Заўвагах аўтара», кніга «ні ў якай меры не можа прэтэндаваць на ролю навуковага даследавання, вынікам якога з'яўляецца новая інфармацыя, дакладная з факталагічнага пункту гледжання». Волас, будучы сам родам з Таджыкістана, літаральна выбудоўвае гісторыю для свайго героя. Вяртаючыся да сябе на малую радзіму, у Панджруд, аслеплены па загадзе новага эміра паэт Рудакі адначасова вяртаецца ва ўспамінах у сваё дзяцінства і пачатак паэтычнага шляху. Успаміны праяўляюцца праз погляд, скіраваны ўнутр сябе самога. Праходзячы шлях даўжынёй у некалькі дзён, а на самай справе ў цэлае жыццё, Рудакі шукае адказ на пытанне, як ён, лепшы з паэтаў, апынуўся пазбаўленым усяго. Атрымліваецца, што паэт мае ўладу толькі над уласнымі думкамі, а не над "сильными мира сего", а ўлада рэальная абірае ў асноўным тых, хто згодны .

 

Магчыма, казаць пра меркаванага пераможцу пакуль не зусім карэктна, многае будзе залежаць ад вынікаў іншых прэмій, напрыклад «Вялікай кнігі» – частка намінантаў «Рускага Букера» ўвайшлі ў яе кароткі спіс. Таксама будзе дадзены грант на пераклад і выданне самага цікавага, з пункту гледжання журы, рамана для ангельскага чытача, пры гэтым не абавязкова з тых, што ўвайшлі ў спіс фіналістаў. 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце