Iнтэрв'ю

Алесь Яўдаха: “Чытаньне цяпер — гэта ўжо пэўны чын”

Не пазьней за 23-ю – каб быў у хаце. Крымінальна-папраўчая камісыя праліе сьвятло на начны двор, калі ён спусьціцца туды а трэцяй, лепш не спрабаваць. Кожны панядзелак – адзначыцца. Што працуе, не прагульвае, пашырае асартымэнт кнігарні “логвінаЎ”. 

Да 15-га кастрычніка чалавек, які нясе цуд і сьвятло на кніжныя паліцы беларусаў, будзе жыць так. Згодна з выракам. Калі сытуацыя ня зьменіцца.

З пакараным дзяржаваю нібыта за незаконнае прадпрымальніцтва кнігараспаўсюднікам мы сустрэліся па месцы працы. У офісе без вакон, добра, хоць зь дзьвярыма. І пагаварылі – зь нечаканаю свабодаю, паветрам ды палётам фантазіі.

 

 

- У вас жыцьцё апошнім часам моцна зьмянілася праз тое, што няма магчымасьці выехаць па-за межы гораду?

- Глябальна не.

- Глябальна не? Гэтага ўсе вельмі баяцца, мне падаецца, што гэта самы вялікі страх увогуле, што вось закрыюць і ўсё.

- Баяцца... гэта відаць тое, чаго яны і хочуць ад нас. Каб мы баяліся.


 

- А ў вас ёсьць нейкае для сябе тлумачэньне, фармулёўка, за што вас караюць?

- Мяркую, што за нефарматнасьць. Той кантэкст і рэчышча, у якім хацелася б усім рухацца, незалежна ад ступені ляяльнасці да палітычнага ладу... у мяне крыху ўсё ў дысгармоніі. Таму я такі чужародны элемэнт, пакуль ён існуе ў паралельных пляшчынях, то ніхто ня ведае нічога. А як толькі нейкае мінімальнае сутыкненьне, адразу адрозьненьне і нефарматнасьць муліць вочы, і людзі, якія маюць магчымасьць уплываць на маё жыцьцё – сапсаваць ці палепшыць – яны рэалізуюць сваё права.

- А дзе адбылося сутыкненьне, у юрыдычнай плоскасьці?

- Я думаю, што не. Я займаўся ўсялякімі беларускімі кніжкамі, гэта цяпер сталася так, што можна займацца некаторымі зь іх, а раней можна было займацца ўсімі, то бок, такая была невялікая плынь усяго. І ў нашую абойму траплялі кніжкі, якія выклікалі раздражненьне. Скажам, такія каляпалітычныя кнігі. Увесь сыр-бор разгарэўся з-за кніжкі “Маладафронтаўцы”. Палажанка прапанавала мне, я яе ўзяў, нехта зь іх каманды павесіў на сайце МФ спасылку. А нехта, хто па профілі сваёй працы адсочвае іх дзейнасьць, вырашыў, што гэта ўжо занадта.


Фота: Наша Ніва

- У зьвязку з гэтым вы зьмяняеце падыход? Уводзіце цэнзуру для сябе?

- Цэнзура не цэнзура, але ёсьць куча такіх правакацыйных рэчаў, якія, ня маючы за сабою ніякай культурнай вартасьці, здольныя выклікаць неапраўданыя вакол сябе рухі. І проста разбуральна дзейнічаюць, незалежна ад таго, хто побач знаходзіцца. Кшталту “Маладафронтаўцы”... Я ў гэтай кнізе ня бачу вялікай культурнай вартасьці, таму, калі ў нас яна выпадзе, ніякай трагедыі няма і, я думаю, ня толькі для Алеся Яўдахі. Бо для мяне гэта не культурная зьява. Гэта проста маладыя людзі распавядаюць пра свае моладзевыя перажываньні, дзеяньні.

- А адкуль у вас зьявілася любоў да кніжак, жаданьне займацца гэтым, як сваёю справай, вера ў тое, што з гэтай справы можна штосьці чэрпаць?

- Спачатку, можа быць, з глыбокага дзяцінства, калі я сядзеў адзін у бабулі і асабліва не было чым займацца. Яна досыць рана навучыла мяне чытаць, і кніжкі ў маім жыцьці займалі важкае месца. Я рознымі рэчамі займаўся. Празь зьбег абставінаў я апынуўся каля газэты “Наша Ніва”, а ў іх ад розных выдавецтваў скапілася нейкая неверагодная колькасьць кніжак, і варта было што-небудзь зрабіць. І я дапамог чытачам знайсьці гэтыя кніжкі, якія стаялі, як макулатура, у шафах. 

- А такіх чытачоў па Беларусі шмат?

- Рэальных чытачоў шмат. Але мне цяжка апэраваць лічбамі, бо мая дзейнасьць у маштабах краіны на ўзроўні матэматычнай пагрэшнасьці. Але ўвесь мой уласны досьвед паказвае, што людзі такія ёсьць, і ім гэта цікава. Іншая справа, што пры сучасных моцных інфармацыйных плынях чалавеку можа проста не хапіць вольнага ўчастку мозгу, каб нешта пачытаць. Таму шмат для каго чытаньне гэта ўжо нейкі чын, нейкі супраціў усёй гэтай інфармацыйнай плыні, якая намі спрабуе кіраваць.

- Чытаньне кніжак?

- Так, бо мы самі абіраем, якую кніжку адкрыць, а калі мы глядзім тэлевізар, мы знаходзімся ў чужой плыні.

- Можа, лепш рабіць тэлевізар тады? Больш людзей будзе чуць. Можа, кніга засталася толькі для такіх “рэдкіх экзэмпляраў”? Паўсюль усе ўсё чытаюць, толькі ў нас з гэтым... у мэтро едзеш, і ніхто не трымае кніжку.

- Можа, мы проста з вамі езьдзім у розных цягніках? (Сьмяецца) Я таксама ня бачу нікога з папяровай кніжкай. Людзі чытаюць з тэлефонаў ці з пляншэтаў, я чытаю з паперы, мне так зручней.


Фота: svaboda.org

- А чаму ў Беларусі ўсе пачалі чытаць з электронных кніжак? На Захадзе ж працягваюць чытаць папяровыя, а ў нас кажуць: усё, аджыло.

- Мы жывем проста не ў сваёй сыстэме каардынатаў, нас увесь час гняце, што мы людзі другога гатунку. Звычайныя маркетынгавыя захады для нас робяцца кіраўніцтвам для жыцьця, такімі цывілізацыйнымі зломамі. Нехта выпусьціў рыдар, а для нас гэта значыць канец папяровай кнігі.

- Але ж канца папяровай кнігі ня будзе, праўда?

- Я думаю, што не. Іншая справа, што з-за перанасычанасьці, усеагульнага лікбезу, друкаваньня абы-чаго мільённымі накладамі без рэальнай на то патрэбы, кніжка ў пэўным сэнсе страціла вартасьць. Яе стала зашмат.

- Можа, яшчэ ў людзей няма часу, каб чытаць?

- Мы самі кіруем сваім часам, мы ж не зьвяры ў заапарку. Мы можам чытаць, калі хочам, калі хочам – абедаць, таму гэта справа толькі нашага выбару. Але калі лянота, калі ня хочацца рабіць гэты выбар, яго робіць за нас дзяржава, рыдар ці Галівуд.

- Але ўсё ж буйная форма сёння нефармат. Вось пісьменьніца Шарова напісала 600 старонак, атрымала прэмію, а неяк ад чытачоў не было пакуль пэўнага водгуку. Зрэшы, гэта ж колькі трэба часу, каб прачытаць такі раман, чытаючы ў дзень па 15 хвілінаў у мэтро...

- Чаму страшна брацца за 600 старонак? Проста гэта такі сучасны фармат падачы інфы, калі чалавек ня можа сканцэнтравацца і захоўваць увагу на працягу пэўнага часу. Я за сабою заўважаю, што не магу прагледзець звычайны паўтарагадзінны фільм, не паставіўшы яго ні разу на паўзу. TV-фармат нас прывучыў, што вось праз 15 хвілінаў будзе паўза, мы зьбегаем у лядоўню, заварым сабе гарбаткі і гэтак далей. І чытаем мы блогі з твітэрамі – дзе інфармацыя дазаваная. Відаць, мозг настолькі разьмякчыўся, што мы ня можам успрымаць сур'ёзную інфармацыю, пераварыць яе, прымаць як досьвед.

- Але ў свеце чытаюць людзі! Выдаюць таўсьценныя кнігі, і не сказаць, каб не было спажыўца на іх.

- А тут зноўку пытаньне да беларускага кнігавыдавецтва, у якім дзейнічае такая другагатункавасьць. Я вось спрабаваў раскруціць такую думку, што кніга мусіць быць самаакупнай. Калі гэта ня так, мы мусім тут на месцы знайсьці людзей, якія яе прафундуюць і зробяць самаакупнай.

- Ну і чаму гэта ня робіцца?

- Бо прасьцей папрасіць грошай у нейкага невядомага дзядзькі і падтрымліваць ідэю занядбанай кволай беларушчыны, якая сама сябе ніколі не пракорміць. А насамрэч гэта проста абарона спосабу такога вось кнігавыдавецтва.

- Праблема беларускіх аўтараў у тым, што яны другасныя, нецікава пішуць, у тым, што пішуць па-беларуску, ці ў тым, што ніхто ня хоча іх піарыць?

- Мы ў адной лодцы. Мы маем кволую літаратуру, бо маем кволых выдаўцоў, кволыя выдаўцы не гадуюць аўтараў, то бок гадуюць адразу надламанымі. У нас усяго два-тры аўтары, за якіх змагаюцца выдаўцы, міжсобку ладзяць спаборніцтвы. Бахарэвіч, можа быць, Станкевіч, Арлоў. Хаця апошні нікому не давярае і выдаўца выбірае сам.

- Няўжо нельга таго ж Бахарэвіча разрэклямаваць і падаць гэтак, каб у Беларусі яго захацелі чытаць шырокія масы, і кнігі пачалі выходзіць адэкватнымі для вядомага пісьменьніка ў 9-цімільённай краіне накладамі?

- Калі ў нас мала чытачоў, відаць, мы іх не ўзгадавалі. Кніга – гэта брамка ў іншы сусьвет. Няма сэнсу гэтую брамку даваць абы-каму. Падвышэньне статыстычных колькасьцей продажаў – гэта ўжо ня кніжны фармат. Гэта спажывецкае грамадства. Я ўпэўнены, што і так многія прыходзяць на прэзэнтацыю моднага пісьменьніка, набываюць там кнігу і пасьля нават не адкрываюць. Прэзэнтацыя як элемент сацыялізацыі, дзе сама кніга адыходзіць на другі плян.


Фота: Еўрарадыё

- Добра, не ўзгадавалі. Але ж недзе яны, чытачы, ужо сядзяць і чакаюць – выгадаваныя, гатовыя спажываць свайго Бахарэвіча на роднай ім ангельскай ці французскай. Чаму, калі ён круты пісьменьнік, ён за мяжою ня робіцца знакамітым?

- Каб кніга адбылася ў ва ўсіх сэнсах у маштабе сусьветным, мусіць быць выдавец, беларускі, які выдаў, мае правы і зацікаўлены прасоўваць далей. Мы зрабілі клясную рэч, нам ёсьць чым падзяліцца з сусьветам, і мы гатовыя сваю місыю несьці за межы Беларусі. А ў нас выходзіць, што вонкава яно-то так, але ўнутры зусім інакш. Мы маем ня кніжку дзеля кніжкі, а, напрыклад, блог, складзены ў кніжку. Выпушчаную за грошы радыёстанцыі, якая фундуецца ўрадам ЗША. Не на сваёй мы глебе сядзім. Кніжка ўрэсьце выйшла, але купіць яе немагчыма. Бо “Радыё свабода” ня можа прадаваць кнігі. Атрымліваецца, што маем як бы кніжку і як бы аўтара. Але не адбылося нармальнага шляху разьвіцьця для кнігі. Як дзіця вось – садок, школа, адукацыя. А тут яго нашпігавалі нейкімі прышчэпкамі, яно стала пасьпяховым, а потым апынулася, што посьпех толькі на хвілінку.

- Чаго ў ланцужку не хапіла? Як мусіла б быць?

- Гэта пытаньне нацыянальнага маштабу.

- Усе так кажуць!

- Калі мы робім нешта дзеля некага, зваротная сувязь мусіць быць. Паміж беларусамі – чытачамі, аўтарамі, выдаўцамі. А ў нас сувязі надзейна дзейнічаюць толькі паміж грантадаўцамі і грантаатрымальнікамі. Гэтыя сувязі пачынаюць дамінаваць над усім астатнім, і ўсё астатняе робіцца малаістотным. Грантаатрымальнікі піляць грантадаўцаў і робяць выгляд, што зрабілі тое, на што прасілі грошай. І робяць гэта абы-як.

- Што лепш? Каб патэнцыйныя чытачы скідаліся сабе на чытво?

- Так, як пробны варыянт, такі ўжо спрацаваў, напрыклад, калі мы выдавалі “Карлсана”. Але потым з прымітыўнай схемы мусіць паўстаць нейкі грамадскі інстытут, фонд, аналяг Інстытуту польскага, напрыклад. І мусяць быць пэўныя аўтарытэты, якія выбіраюць тое, што вартае таго, каб быць выдадзеным.

Існуе шэраг беларускіх выдаўцоў, якія за апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў гэтак разбэсьціліся, што спадзявацца на іх у справе разьвіцьця беларускай літаратуры ну ніяк не выпадае. Сёньня тое, што можна выдаць і варта выдаць, выходзіць аднолькавымі накладамі з макулатураю. Ёсьць,напрыклад, кніга “Наша страва” запатрабаваная – выйшла яе толькі тысяча асобнікаў. Прадалася яна за тыдзень-месяц-год, і ўсё, дадрукоўваць яе, на жаль, наўрад ці будуць.

- Цікава, колькі ў нашай гутарцы трэба будзе выкрасьліць самацэнзураю.

- Такія мы людзі. Пра што ні пагаворым, усё – крамола. (Сьмяецца)

Гутарыла Адэля Дубавец

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце