Iнтэрв'ю

Андрэй Лазуткін: "Няма лепшай рэкламы, чым цунамі з г...на"

У канцы кастрычніка ў серыі “Пункт адліку” бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў выйшла дэбютная аповесць празаіка Андрэя Лазуткіна “Полигон”. Кніга выклікала хвалю вострых водгукаў у СМІ і справакавала ажыўленую палеміку ў сацсетках. Мы прапаноўваем вашай увазе першае інтэр’вю з маладым аўтарам, якое адбылося ў ягоным пад’ездзе.

 

— Андрэю, чаму вы не пішаце свае творы па-беларуску?

— Я не вырас у беларускамоўнай сям’і, не тусаваўся ў беларускамоўным асяродку, мама мне спявала калыханкі на рускай мове, а калі па БТ паказвалі “Дзяцей ілжы”, я, двухгадовы, ляжаў на канапе і ўспрымаў адпаведны дыскурс. Толькі ў школе, а потым у ліцэі БДУ пачаў вывучаць беларускую мову, нават здаў ЦТ на 88 балаў. У ліцэі ўпершыню сутыкнуўся і з носьбітамі мовы, але яны не надта натхнялі — хапала дуркаватых школьнікаў-радыкалаў з “Пагонямі”, гэта адштурхоўвала. Здаецца, да белмовы я яшчэ не прыйшоў. Не хапае слоўніка, а з ідыёмамі і фразеалагізмамі ўвогуле бяда. Думаю, я яшчэ пазлую чытачоў сваёй беларускай мовай, але пакуль не буду раскрываць інтрыгу.

— Ці задаволеныя вы рэакцыяй на “Полигон”?

— Кніга атрымалася вельмі правакацыйная. Калі ўпершыню паказваў сябрам, ужо тады былі пытанні, што ж я такое напісаў пра Варшаву, Вільню, Львоў. Але няхай: першая кніга павінная быць скандальнай. Таму, апісваючы тую ж Польшчу ці львоўскае шэсце з паходнямі, я добра разумеў, як гэта адгукнецца. Але з песні слова не выкінеш: усё, што бачыў на свае вочы, я перадаў у кнізе. Мяне абвінавачваюць, што ў “Полигоне” няма станоўчых герояў. А чаго вы хацелі? Такое жыццё. У адной сюжэтнай лініі зачуханы Анджэй, які не ведае, за каго ваяваць, бо з абодвух бакоў здраднікі, а ў другой — наша сучаснае пакаленне. Яно вельмі цікавае, бо вырасла ў нейкім вакууме. Старэйшыя за нас перажылі перабудову і першыя гады незалежнасці, нешта бачылі, а мае аднагодкі нават не ведаюць сваёй гісторыі. Але я не пра ВКЛ з дзідамі і вершнікамі (цяпер гэтаму  вучаць у школе), а пра нядаўнюю палітычную гісторыю, пра ХХ стагоддзе, 90-я. Спытайцеся, хто такі Вітаўт, і вам яшчэ нешта адкажуць. А спытайце пра Слюнькова, Сакалова, Малафеева, Дземянцея, Грыба, Кебіча…

— Як вы паставіліся  да негатыўных водгукаў і каментараў?

— Няма лепшай рэкламы, чым цунамі з г…на. Для маладога аўтара гэта бальзам на душу,  быў вельмі задаволены. Вельмі прыемна, што да канца падтрымлівалі людзі, якія дапамагалі выдаць кнігу. Дзякуй усім, хто бараніў “Полигон” у сацыяльных сетках. Я чытаю ўсе гэтыя каментары, і нават шкада, што столькі энергіі, сліны і злосці ідзе ў нікуды. Ну напішыце вы іншую кнігу, з процілеглым пунктам гледжання. Гэта было б карыснейшым для белліту.

Там, у гэтым “гета”, надта зацыкленыя на беларускай мове і нейкім невядомым “элітарным чытачы”. Лічу, што праблема сучаснага белліту якраз у тым, што літаратура не мае чытача масавага і ніколі яго не будзе мець, калі захаваецца сённяшні снабізм і пафас. Караткевіч у свой час не цураўся дэтэктыўнага жанру, і нават які-небудзь Шамякін гнаў у масы тое, што яны хацелі, бачылі і разумелі.

— Як вы пачалі пісаць мастацкія тэксты? Што было штуршком, так сказаць, “пунктам адліку”?

— У школе была цудоўная настаўніца Таццяна Корбан, якая і прышчапіла нейкую хваравітую любоў да беларускай літаратуры. Чытаў Пташнікава, Чыгрынава, Быкава, Адамчыка, Адамовіча — ваенную прозу. Мне як хлопчыку было вельмі цікава: вайна, фашысты, руіны страляюць, хаты гараць. Больш за астатніх спадабаўся Быкаў, а потым дабраўся да Алеся Адамовіча, яшчэ школьнікам прачытаў яго раман “Карнікі”. Той самы прыём: ніводнага станоўчага героя, толькі паліцаі і іхнае начальства — аж да Дзірлевангера і самога Гітлера. Адпаведна, маналогі і развагі ад першай асобы — вельмі цікавая кніга, здаецца, забытая, згубленая.  Прыкладна тады і я зразумеў, што ёсць у белліце годныя штукі, закапаныя пад купай смецця, пра якія мала хто ведае. Пазней, у 11 класе, паступіў у ліцэй БДУ, дзе беларускую мову выкладала Марына Казлоўская. Памятаю, аднойчы пісалі дыктант, але не нейкі там тэкст пра птушак і дрэвы, а ўрывак з твора Альгерда Бахарэвіча (пра тое, што выкладчыку філфака хапае заробку толькі на талоны, некалькі CD-дыскаў, цыгарэты, г.д., — пэўна, Казлоўская нас троліла). Спадабаўся стыль: яркі, лаканічны — менавіта такі, якога я не знайшоў у класічна-савецкай прозе. Захацеў прачытаць іншыя творы аўтара, але нічога не знайшоў ні ў інтэрнэце (акрамя “Гамбургскага рахунку”), ні ў кнігарнях. Але ў Нацыяналцы ёсць усё! Там прачытаў “Сароку на шыбеніцы”, “Шабаны” і зразумеў, што акрамя ваеннай прозы ў нас ёсць цікавая сучасная беларуская літаратура.

— На Школу маладога пісьменніка вы прыйшлі ўжо з запасам гатовых тэкстаў. Чаму не пайшлі з імі адразу ў выдавецтвы? Што прывяло менавіта ў Школу?

— Два разы хадзіў у “Нёман”, дзе мяне два разы паслалі. Насіў ім “Полигон” і некалькі апавяданняў. Мне сказалі: “У вас тут адна нецэнзурная лексіка, ідзіце вы ў Расію, адразу ў “ЭКСМО”, там усё і выдадуць”. На гэтым мае паходы ў выдавецтвы скончыліся. А праз некаторы час мой добры знаёмы Антон Рудак расказаў пра Школу маладога пісьменніка і прапанаваў падаць заяўку. Нечакана ўзялі. Пісаў я па-руску, і для ШМП гэта быў маветон. У адзін голас казалі, што выдаць кнігу на рускай мове амаль немагчыма, але, самі бачыце, мне пашанцавала. Ну а калі я пісаў матывацыйны ліст у Школу, то адзначыў два пункты: першы — навучыцца літаратурным прыёмам, а другі — пазнаёміцца з беларускай літаратурнай тусоўкай, бо я нікога не ведаў, нават завочна. Абодва пункты былі паспяхова выкананыя.

— Якое дачыненне вы маеце да камуністаў?

— Маю партыйны білет КПБ №3853, браў удзел у выбарах у мясцовыя саветы (Ангарская выбарчая акруга №2, 21%), другі год працую адказным сакратаром газеты “Камуніст Беларусі”. Цяпер фармуем у КПБ моладзевае крыло (ГА “Сацыялістычны авангард моладзі”), дакументы ўжо пададзеныя на рэгістрацыю.

Паводле Стругацкіх, “работа писателя — это смотреть”. Вывучаць беларускую палітыку па кніжках немагчыма, бо не хапае дакладнай і аб’ектыўнай інфармацыі. Многія рэчы можна зразумець толькі папрацаваўшы ў сістэме, пабачыўшы яе знутры, толькі так атрымаецца напісаць праўдзіва. Ёсць задума зрабіць твор пра сучасныя палітычныя працэсы ў Беларусі: я назбіраў ужо шмат інфармацыі пра розныя моладзевыя арганізацыі і субкультуры, афіцыйныя і нефармальныя: скіноў, антыфашыстаў, нацболаў, левакоў, анархістаў. Хочацца падсумаваць гэта ўсё ў літаратурнай форме.

— Якія літаратурныя планы на будучыню?

— Выдаць другую кнігу. Цяпер працую над трэцяй. Таксама ёсць накіды на зборнік апавяданняў, гатовая дзесьці палова. Гэта планы на год-два.

— Пра што ваша другая кніга?

— Першая частка, “Политология”, — пра сталенне падлетка. Здаецца, напісаў пра сваё пакаленне, калі нам было 14-16, пра тое, што мы бачылі вакол, як успрымалі беларускую рэчаіснасць. Другая частка — зборнік “Плоды и ягоды”. Кожнае апавяданне мае назву пладова-ягаднага віна. Цяпер мне страшна яго набываць, а класе ў 11-м мы толькі яго і пілі. Я смела падыходзіў да прадавачкі ў вінна-гарэлачным аддзеле, мог пазаляцацца, спытаць пра асартымент, які завязуць на наступным тыдні, пра апошнія навінкі “Белбакалеі” (дарэчы, існуе больш за 500 найменняў гэтага напою).

Увогуле, калі “Палігон” быў загонны і чарнушны, то другая кніга будзе вясёлая і гумарная. Будзе лягчэй чытацца, але, мяркую, атрымаецца не менш скандальнай.

— Ці можна сказаць, што вы ўліліся ў літаратурную тусоўку?

— Я чужы сярод сваіх, свой сярод чужых. Мяркую, што не, не ўліўся. І гэта нават добра. Многія рэчы як чалавек старонні я бачу лепш і маю права сказаць. Таксама мне абсалютна не цікавыя ўсе гэтыя тутэйшыя разборкі, пра якія мала хто ведае. Я бачу кнігі, якія нікім не чытаюцца і не абмяркоўваюцца, акрамя жыхароў закрытага гета. Ад такой закрытасці і элітарнасці пакутуе ўвесь белліт. Бо элітарны чытач у беларускіх рэаліях — гэта 200-300 чалавек. Вельмі крыўдна, што ёсць вартыя кнігі, якія не маюць магчымасці выйсці на шырокую аўдыторыю.

Гутарыла Дар’я Латышава, фота Аляксея Карпекі

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце