Iнтэрв'ю

Антон Кулон: «Алкагольнае брацтва не думае пра гісторыю і вечнасць»

«Сіняя кніга беларускага алкаголіка», дзе апісваюцца прыгоды інтэлігентных заўсёднікаў мінскіх піўнух 70–90-х, камічная і трагічная адначасова. Бо яе героі – журналісты, пісьменнікі, паэты, рэжысёры – весела і бадзёра, з жартамі ды смелымі выхадкамі, набліжаюцца да свайго заўчаснага скону. А колькі вядома гісторый пра недапісаныя, страчаныя, пакінутыя недзе ў п’яным забыцці рукапісы, з якіх, напэўна, можна было б скласці цэлы том, што ўжо ніколі не ўвойдзе ў аналы беларускай літаратуры.

Пра талент і алкаголь мы пагаварылі з аўтарам кнігі – фізікам з адукацыі, публіцыстам і алкаголікам у завязцы, які не п'е ўжо дзевяць гадоў, Анатолем Астапенкам, альбо Антонам Кулонам

 

— Што адразу здзіўляе: як вы вынеслі з гэтага алкагольнага віра столькі ўспамінаў? Памяць п'яніцы звычайна кароткая.

— Чыста фізічна гэта залежала ад ступені прыняцця на грудзь. Вы маглі заўважыць, што многія падзеі ў кнізе адбываюцца перад ужываннем. Альбо пасля, бо стан абстыненцыі мабілізуе чалавечыя сілы. Ты адчуваеш сябе хворым, але арганізм пачынае працаваць напоўніцу, бо яму трэба напружыцца, каб здабыць яшчэ алкаголь. Тут уключаецца неабмежаваная фантазія, людзі такое выдумлялі, вы сабе ўявіць не можаце. Таму гэтыя моманты таксама добра захаваліся ў памяці

Безумоўна, было і шмат прабелаў, тады я сам дадумваў дэталі. Многія яркія падзеі пераказваліся ў розных кампаніях, таму ўвесь час узнаўляліся, набываючы новыя фарбы. А некаторыя выпадкі, як, напрыклад, той, што адбыўся са мной у Грузіі, проста самі сабой уразаліся ў памяць. Але гэта містычная гісторыя, бо я дагэтуль не знаходжу тлумачэння ейнаму фіналу.

— У жыцці алкаголіка ўвогуле шмат містычнага?

— Часам чалавек штосьці бачыць, а на яго махаюць рукой: «А, зноў дапіўся да чорцікаў!». Насамрэч ён сапраўды бачыць нейкіх істотаў і размаўляе з імі. Бо містычны свет існуе побач з намі. І алкаголіку, хоць, вядома ж, не кожнаму, адкрываюцца дзверы ў яго. Толькі ён бачыць цёмныя бакі, а духоўныя людзі, святары, манахі – светлыя.

—  Як вы думаеце, чаму ў савецкія часы было так шмат пітушчых пісьменнікаў

— Пісьменнікі тады дзяліліся на дзве часткі: члены партыі, якія працавалі на пасадах і пісалі ў духу сацрэалізму, і тыя, хто сыходзіў у падполле. Вось у Кіма Хадзеева на вуліцы Кісялёва збіралася менавіта тая падпольная частка. Многія з іх адпачатку не пілі, але паступова прызвычайваліся да гэтага працэсу. Разумныя людзі там вельмі цаніліся, іх хутка прымалі ў кола, асабліва паэтаў. Я Кіму першы і сказаў, што ў ягонай «акадэміі» вельмі шмат прападае людзей.

Цяпер нашмат больш шляхоў сацыялізацыі, можна стасавацца ў інтэрнеце, тады ж збіраліся ў піўнухах. Я лічу, мне пашчасціла, што я трапіў у час, калі ў піўнусе можна было пагаварыць, з кім хочаш. 

Часам тыя партыйныя траплялі да нас. Рэдактары выдавецтваў забягалі ў «Тэлевізар», ціхенька выпівалі сто грам, каб ніхто не бачыў, і вярталіся на месца. Некаторыя праз пэўны час пачыналі хадзіць сюды ўжо як на службу. 

Былі, вядома ж, і непітушчыя пісьменнікі. Шамякін, напрыклад, альбо Рыгор Барадулін, які завязаў з выпіўкай, калі яму было гадоў 35.

— Пра алкагалізм Фіцджэральда ды Хэмінгуэя ведаюць усе. Алкагалізм беларускіх класікаў – сёння тэма табуіраваная. Пра гэта ўвогуле трэба казаць, альбо самі пісьменнікі не жадалі б гэтага?

— У Савецкім Саюзе сфармавалася цэлая грамадская свядомасць асуджэння алкагалізма. Само слова «алкаголік» утрымлівае выкрывальніцкі, асуджальны сэнс. Гэта захавалася і да сёння. Таму алкагалізм класікаў прынята замоўчваць. А калі пра кагосьці і кажуць, то спісваюць на алкаголь усе няўдачы. Пра Сыса, напрыклад, кажуць, што ён дэградаваў. Ды ён не дэградаваў, ён такім і быў заўсёды, гэта было ў ягонай натуры – парушаць існыя парадкі.

Я лічу, што трэба паказваць і такі бок асобы, магчыма, я адзін з першых прысвяціў гэтаму кнігу.

— Вы паказваеце алкагольныя прыгоды пісьменнікаў, але без агідных праяваў, якія натуральна былі. У вас на працягу ўсёй кнігі нікога нават не ванітуе.

— Сапраўды я не пайшоў да канца, рука не паднялася. Не мог я пісаць такое пра Федзюковіча ці Стральцова. Хаця на сходах ананімных алкаголікаў людзі распавядаюць пра свае самыя непрыемныя праявы. Пра сябе можна, а пра іншага неэтычна. Хоць гэтыя непрывабныя падрабязнасці маглі б адштурхнуць кагосьці ад алкаголя.

— Вам сапраўды здаецца, што кніга здольная адштурхнуць? Гэта як «Масква – Петушкі» Венечкі Ерафеева ў СССР упершыню была апублікаваная ў часопісе «Цвярозасць і культура».

— Чужы прыклад нікога не спыніць, ясная справа. Некаторыя казалі мне, што падчас чытання наадварот хочацца выпіць. Але ў другой частцы кнігі я паказваю шляхі да выратавання, прынамсі, з яе можна даведацца пра Таварыства Ананімных Алкаголікаў (АА), якое вельмі замкнёнае. Не ўсе людзі – не тое, што пісьменнікі – пра яе ведаюць. Хоць некаторыя на сходы АА ходзяць: я сам бачыў там двух літаратараў, якія, магчыма, вам знаёмыя. 

— Некаторыя паэты, кідаючы піць, перастаюць пісаць вершы. Магчыма, ім неабходна вечна імкнуцца да самазнішчэння, адчуваць трагічную вастрыню жыцця.

— Нешта ў гэтым ёсць. Паэт Віця Стрыжак, які памёр у 40 гадоў, глядзеў на свет з завышаным трагізмам, але што было прычынай гэтага трагізма – пісанне ці выпіванне, цяжка зразумець, напэўна, адно без другога не ішло. Думаю, што паэты сапраўды маюць ад прыроды даволі тонкую мяжу ўзаемадзеяння са светам, і алкаголь пераварочвае іх душу, кантакт з Богам ставіць дагары нагамі, таму часта яны прыходзяць да самагубства. Толькі талент усё адно ад Бога, а не ад алкаголя. Ясенін быў бы Ясеніным з алкаголем ці без.

— «Пішы п'яны, рэдагуй цвярозы» – як вы ставіцеся да такога выказвання Чарльза Букоўскі?

— Я б сказаў не «пішы п'яны», а «занатуй». Пісаць п'яным немагчыма.

— З пісьменнікамі сапраўды ўсё інакш, проза вымагае доўгага сядзення за сталом, засяроджанасці і цвярозага розуму. 

Празаікам складаней, я згодзен. Зрэшты, Караткевіч піў, як тады прынята было казаць, «для разгрузкі», і напісаў даволі шмат. А ці напісаў бы ён больш, калі б не піў, – пытанне рытарычнае. Мне здаецца, тут у кожнага свой ліміт, часам чалавек выконвае сваю функцыю ў гэтым свеце і сыходзіць, альбо проста больш нічога не піша. 

У кнізе я распавядаю пра аповесць Стральцова «Конь гуляў на волі», якая двойчы анансавалася ў «Маладосці», але так ніколі не была надрукаваная. Безумоўна, калі ўжо анансавалася, значыць, тэкст быў на падыходзе, толькі пісьменнік яго не скончыў. Я прыходзіў да Стральцова пасля яго адсідкі ў ЛПП (Лячэбна-працоўным прафілакторыі) і казаў: «Ты цяпер не п'еш, працуй, дапісвай», але ён не дакрануўся. Значыць, тое, што напісаў, было не вартае, і ён гэта проста адрынуў. Можа, спаліў, як Гогаль.

— Вы пішаце ў кнізе, што Стральцова загубіла п'янства. Але ці не адчувалі вы сябе саўдзельнікам гэтай згубы? Не ўзнікала думак, што талент, які побач з вамі, трэба ратаваць?

— Вы хочаце сказаць, што знаходзячыся па алкагольны бок, я павінен быў выпхнуць яго на паверхню, куды ён не хоча? Не, так не атрымаецца. Наадварот, я павінен скрасіць ягоныя хвіліны ў гэтай рэальнасці, раз ужо мы тут апынуліся, а ён мае.

Мяне вось здзіўляла, што калі памёр Сыс, каля яго нікога не было, а чаму ад яго ўсе адышлі? У яго ж былі сябры. Дзе тыя, з кім ён піў?

Іншая справа, што алкагольнае брацтва не выпускае сваіх чальцоў. І калі захочаш кінуць, табе нарасказваюць кучу гісторый, што ўся гэтая падшыўка – лухта, дадуць процьму парадаў, знойдуць грошы на выпіўку. І нават калі чалавек вельмі таленавіты, усё адно яго не выпусцяць. Бо ніхто ў гэтым брацтве не думае пра гісторыю і вечнасць, усе жывуць імгненным.

— Якія рысы адкрываліся ў пісьменнікаў нападпітку?

— Як у каго. Дзіцячы паэт Яўген Крупенька рабіўся вельмі амбітны. Ён тады перакладаў «Слова пра паход Ігаравы», і, выпіўшы, пачынаў даводзіць, што ягоны пераклад будзе найлепшым. У яго выходзіла шмат дзіцячых кніжак, але пры гэтым ён усё адно быў нейкі незразуметы. Таму імкнуўся давесці, што ён добры паэт. Стральцоў наадварот сыходзіў у свой астральны свет і думаў пра нешта. У такія моманты я любіў з ім размаўляць, пра што заўгодна, ён мог гадзінамі чытаць вершы любімых паэтаў. У яго была фенаменальная памяць: вочы заплюшчацца, здаецца, вось-вось ужо адключыцца зусім, а ўсё чытае, чытае. 

Пра Караткевіча, памятаю, была гісторыя, як ён запіў у Крыме на тыдзень, а ў Мінск прасачылася вестка, быццам бы ён там загінуў. Караткевіч быў сапраўднай зоркай, таму навіна разнеслася імгненна, усе паверылі, «пахавалі» яго ўжо тут. А ён пасля прыехаў. 

– Якія напоі даводзілася піць? Якасць уплывае на шлях алкаголіка?

— У гарбачоўскія часы, калі існаваў «сухі закон», ужывалі самае розныя рэчывы. Я быў у некаторым сэнсе "эстэт", са мной было цяжка. Большасць не ўжывала слабых напояў, я ж быў аматар піва, добрых вінаў, асабліва грузінскіх. Толькі няма розніцы, якасны алкаголь ці не – вынік аднолькавы. Многія ідуць да алкагалізма праз добрыя напоі

Самае жудаснае, што пілі – дэнатурат. Віця Стрыжак пакаштаваў аднойчы, яму стала дрэнна, бо ў яго і так сэрца слабое было, больш, праўда, не дакранаўся. Шклоачышчальнік пілі, самы смачны быў «Быстрый», які ласкава называлі «быстрык». А самы цяжкі і непрыемны быў «Бло» – сіняя вадкасць, ён дзейнічае не так, як алкаголь, ад яго чалавек дурнее, шалее

Папулярны быў і адэкалон, які «не піў Ален Дэлон», прычым аматараў было шмат менавіта сярод інтэлігенцыі, працоўны клас такое не ўжываў. Часта замест гарэлкі аддавалі перавагу «аптэцы» – розным настойкам з абавязковымі размовамі пра іх карысць.

Пра жонак інтэлектуальных заўсёднікаў піўнух у кнізе згадваецца толькі мімаходзь, але ж на справе вось каму прыходзілася нялёгка. Ды ўвогуле рамантычных сюжэтаў не знойдзеш: дзе ёсць алкаголь, там каханню няма месца? 

— У некаторым сэнсе гэта праўда. Пісьменнікі і паэты – людзі далікатныя, стараліся не высоўваць тое, што на сэрцы, але многія лічылі сябе недастойнымі сваіх музаў. Паэты, у адрозненне ад прадстаўнікоў іншых прафесій, для якіх не існавала жанчын, а толькі сабутэльнікі, былі адналюбамі. Распусты ў літарацкім асяродку не назіралася

Пра паэта Сцяпана Гаўрусёва мы ведалі, што ён пазнаёміўся ў адпачынку з простай жанчынай з персаналу санаторыя, яна была яму як жонка і даглядала яго, калі ён пачаў губляць зрок. Віктар Стрыжак двойчы жаніўся. Некаторых жонкі выганялі, а пасля ў непрацяглыя перыяды цвярозасці прымалі назад, але гэта ўсё зноў жа да першай п'янкі. Што казаць, асабістае жыццё склалася мала ў каго.

Саша Дорская

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце