Блог

Антыраман пра кнігу, якая не пішацца

Medium?1363163112

Сучасная брытанская літаратура, напісаная маладымі жанчынамі — з'ява досыць таямнічая і, магчыма, для беларускіх жанчын абсалютна некарысная, але Скарлет Томас — чалавек-бестсэлер, і чарговы яе раман "Наш трагічны Сусвет" немагчыма прапусціць: чым яны там наогул захапляюцца, чым жывуць?

 
Хуткаму, няўважліваму чытачу кніга падасца падкрэслена жаночай — на фоне глабальных агульначалавечых праблем адбываецца мутны дамскі сумбур і сумятня: нейкая дзеўка трыццаці–сарака гадоў жыве жыццём герояў Туве Янсан у маленькім прыморскім мястэчку. Яна пакутуе на астму, зарабляе на жыццё кніжнымі рэцэнзіямі, утрымлівае нуднага бойфрэнда, якога даўно раскахала, сябруе з крыху менш нудным братам бойфрэнда, які пакутуе на абсесіўна-кампульсіўнае расстройства і фобію пэўных спалучэнняў лічбаў, таксама варагуе з сястрой бойфрэнда, якая яе цярпець не можа за тое, што раней яна сустракалася з родным братам мужа гэтай самай сястры і кінула яго (складаная схема, так – але ўявіце, што чалавек вам спачатку адзін сваяк, а потым іншы). Бацька бойфрэнда заводзіць сабе юную палюбоўніцу, бойфрэнд ладзіць скандалы і крычыць «ты мне не маці», а сама гераіня выслухоўвае ўсіх гэтых гаротнікаў, пакутуе ад безграшоўя, бадзяецца па бібліятэках і адчувае бездань эмоцый у адрас пажылога жанатага чалавека, які ўжо амаль развёўся. Збіраецца развесціся з мужам і сяброўка гераіні, але так баіцца гэтага, што топіць ў моры ўласны аўтамабіль. Карацей, усё на мяжы, усе амаль развяліся, ўсе робяць дзіўныя ўчынкі. Герояў у кнігі яшчэ больш, але калі пералічаць гэты пантэон, можна звар’яцець.
 
 

Інтрыг, тым не менш, тут няма – адначасова нашая дзяўчына піша кнігу, шмат рефлексуе і бесперапынна гуляе з сабакам па ўзбярэжнай паласе. Кніга не пішацца. І разважанняў пра тое, чаму і як менавіта яна не пішацца, тут гэтак жа шмат, як даволі дакладных назіранняў пра тонкасці сабачай псіхалогіі. Кніга, якая не пішацца – гэта першая сапраўдная «свая» кніга гераіні, якая паспела трывала засесці ў жанравай прыгодніцкай літаратурнай серыі і заснаваць цэлую лабараторыю літнеграў.

У выніку, стаміўшыся ад немагчымасці скласці які-кольвек выразны сюжэт, дзяўчына, як і падазрае бліжэй да сярэдзіны рамана трохі агаломшаны гэтымі патокамі рэфлексіі чытач, вырашае напісаць кнігу пра тое, чаму не пішацца кніга, сфармуляваўшы гэта так: «Гераіня спрабуе напісаць дзярмовы жанравы раман, але рэальнае жыццё яе пастаянна ад гэтага адрывае». Вось яна і сыходзіць ад жанру, і піша раман пра рэальнасць. Гэта вельмі карысна для пісьменнікаў, у якіх нічога не пішацца. У плане парадаў гэтым няўдачнікам раман раптам квітнее ідэямі – вы разумееце, што і праўда трэба перачытаць «Паэтыку» Арыстоцеля, а таксама Бадрыяра, Пропа, Роберта Макі ды іншых даследчыкаў міфічнага дыскурсу і сюжетаўтваральных архетыпаў. Уся гэтая куча літаратуры, без сумневу, дапаможа (сама пісьменніца, дарэчы – культуролаг і мастацтвазнаўца) – і гераіні таксама дапамог бы, але не выходзіць. Небарака працягвае гуляць з сабакам, узгадваць мінулае, катацца з пажылым прынцам на пароме і весці з ім інтэлектуальныя гутаркі пра Чэхава, які таксама, бядотнік, так і не напісаў раман. У выніку дзяўчына прыходзіць да высновы: «Каб раман склаўся, верагодна, трэба мець уяўленне пра ўвесь свет, няхай і памылковае, затое сваё. А ў мяне пакуль няма ніякага ўяўлення пра свет, нават памылковага».

Уласна кажучы, потым пачынаецца ўяўленне пра свет і нешта падобнае на сюжэт. Пісьменніцы трапляецца кніга шалёнага філосафа-псіхааналітыка Келсі Ньюмана, які дае вельмі шырокае тлумачэнне сутнасці Сусвету – канец свету даўно адбыўся, мы жывем у постапакаліптычнай рэчаіснасці, усё магчыма і ўсё дасягальна. Гераіня прымае нечаканае рашэнне – прачытаць цэлую кучу актуальнай эзатэрычнай літаратуры пра тое, як у імгненне змяніць сваё жыццё, і пачаць слепа прытрымлівацца апісаных там духаборніцкіх парадаў. Аказваецца, што яе жыццё і праўда рэзка пачынае мяняцца. Думаеце, гэта ўсё да нечага прыводзіць? Да развіцця сюжэту, да прасвятлення? Нічога падобнага. Гэта ні да чаго не прыводзіць наогул. Затое разважанняў і дыялогаў становіцца яшчэ больш.

Скарлет Томас

Вядома, кніга пра тое, як не пішацца кніга – не такая ўжо і рэдкая з'ява. Апошні раз падобнае выкінуў букераўскі лаўрэат Ян Мартэл. Аўтар кнігі «Жыццё Пі» так па-пакутніцку выцэджваў з сябе новы раман, што выпакутаваў раман пра выпакутванне рамана. На шчасце, якая-кольвек загадка ў тым творы («Беатрычэ і Вяргілій») усё ж была. Тут загадак як такіх няма (яны хіба што мрояцца), і раман у гэтым сэнсе дрэнны, але таму і добры. Вядома, калі Скарлет не задавалася мэтай напісаць крыпта-канспіралагічны інтэлектуальны бестсэлер у духу Умберта Эка.

У такім выпадку і пісьменніцы, і ейнай гераіні можна паставіць дыягназ метафізічнай інтаксікацыі – Арыстоцель з Бадрыярам яшчэ не такія страшныя, але далей ідуць стройнымі шэрагамі філосаф Джозэф Кэмпбэл (чалавек, які натхніў Лукаса на стварэнне «Зорных войнаў»), аўтар тэорыі марфічнага рэзанансу Шэлдрэйк, карты таро, тэорыя адноснасці, філасофія Энцэнсбергера – карацей, вінегрэт у стылі тэкстаў апошніх альбомаў “Ляпіса Трубяцкога”, якія набрынялі містыкай і міфалогіяй. Такое ўражанне, што дзяўчына-гуманітарый, грунтоўна начытаўшыся талковых кніжак, спрабуе наваяць нешта ў духу «Чорнага лебедзя», але страціла надзею і піша ў выніку пра сваё, пра жаночае, мудрагеліста перапрацоўваючы ўвесь гэты навуковы дыскурс.

Тым не менш, кніга чытаецца з цікавасцю, і не толькі таму, што дае ілюзію, што кожны з нас, верагодна, можа перапрацаваць сваё бяссілле ў яскравы наратыў. Лепшае, што ў гэтым рамане ёсць – гэта, уласна, адмова ад наратыву, ад героя, ад героікі як такой. Чаму мы наогул павінны быць героямі? – задаецца пытаннем пісьменніца (дакладней, абедзве – і сапраўдная, і яе кніжнае альтер эга). Чаму раман павінен пачынацца з завязкі і квэста, а заканчвацца катарсісам і раскрыццём таямніц? Чаму ў герояў абавязкова мусіць быць матывацыя і яны павінны да канца свайго шляху зрабіцца лепшымі? Чаму мы ставімся да жыцця сапраўды гэтак жа — як быццам мы героі квэста і рамана, а мы ж можам апынуцца і персанажам другога плану, і нават увасобленым Злом? А калі проста вырваць кавалак з жыцця як яно ёсць – няўжо ў гэтым не будзе сюжэту і гісторыі? Скарлет Томас, відаць, даўно не давалі спакою гэтыя пытанні (здаецца, яна прачытала занадта шмат кніг пра тое, як напісаць ідэальны раман, і ўсё гэта прарасло ў ёй дзікімі сумневамі) і яна вырашылася на пратэстную антыкнігу. Антыраман, што ж, гэта выдатна. І калі такі антыраман аказваецца бестсэлерам – гэта тым больш сапраўднае свята. Чытачу не абавязкова слізгаць па хвалях наратыву, для гэтага ёсць кіно і серыялы, а кніга – больш складаная структура: яна, як і жыццё, мае права на алагічнасць і невытлумачальнасць.

Таццяна Заміроўская
Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце