Навіны

Біблію Гутэнберга выклалі ў інтэрнэт

Medium?1386098348

Ватыканская і Бадліянская бібліятэкі выклалі ў сеціва аблічбаваныя старажытныя рукапісы і друкаваныя кнігі. Сайт з лічбавымі копіямі кніг быў запушчаны ў аўторак 3 снежня пры ўдзеле брытанскага фонду Polonsky Foundation, які падтрымлівае розныя культурныя і адукацыйныя праекты.

У прыватнасці, на новым рэсурсе захоўваецца аблічбаваная копія так званай 42-радковай Бібліі, надрукаванай Ёганам Гутэнбергам у 1455 годзе і якая належыць Бадліянскай бібліятэцы. Асобнік, які захоўваецца ў бібліятэцы, уваходзіць у лік ацалелых 50 кніг з першага накладу, выдадзенага ў друкарні Гутэнберга. 

Таксама на сайце прадстаўленыя аблічбаваныя старонкі з габрэйскіх рэлігійных кніг XI—XVI стагоддзяў і рэлігійныя тэксты на лаціне і грэцкай, датаваныя IX—X стагоддзямі. 

У цяперашні час ідзе праца над аблічбоўкай іншых тэкстаў, якія захоўваюцца ў дзвюх старажытных бібліятэках. Паведамляецца, што ў далейшым на сайце з’явіцца калекцыя грэцкіх рукапісаў Ватыкана, якая ўключае тэксты Гамэра, Сафокла, Платона і Гіпакрата. Бадліянская бібліятэка, чыя калекцыя значна большая за ватыканскую, плануе аблічбаваць рукапісы і кнігі, якія адносяцца да перыяду XV—XVII ст. 

Пра праект па аблічбоўцы старажытных рукапісаў і кніг, які быў запушчаны брытанскай Бадліянскай і Ватыканскай апостальскай бібліятэкамі, было абвешчана ў 2012 годзе. Усяго плануецца выкласці на сайт каля 1,5 млн старонак. На рэалізацыю праекта, які быў задуманы як чатырохгадовы, было вылучана больш за 3 мільёны даляраў. 

Бадліянская бібліятэка і фонд Polonsky Foundation раней ужо працавалі над падобным праектам. Яны аблічбавалі і выклалі ў інтэрнэт каля 280 тысяч фрагментаў Каірскай генізы — збору сярэднявечных дакументаў, выяўленых у сховішчы каірскай сінагогі Бэн Эзры ў канцы XIX стагоддзя. 

Бадліянская бібліятэка ў Оксфардзе была заснаваная ў XV стагоддзі. Яна была названая ў гонар сэра Томаса Бодлі — дыпламата, які служыў пры двары каралевы Елізаветы і быў вядомы збіральніцтвам старадаўніх манускрыптаў. Ватыканская апостальская бібліятэка таксама была заснаваная ў XV стагоддзі папам Мікалаем V. У ёй захоўваецца найбуйнейшы ў Еўропе збор рукапісаў Сярэднявечча і Адраджэння.

Паводле prajdzisvet.org

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце