Блог

Бег, вяртанне і тройка

Medium?1423814951

Разгортваеш новы раман Уладзіміра Шарова і зноў ціха радуешся: вось яна вялікая літаратура, нудная, павучальная і добрая, без надзённых праблемаў і дакучлівых асаблівасцяў часу. Каця Рускевіч пра кнігу-лаўрэата леташняга "Рускага Букера". 

 
 

Такім кнігам давяраеш ў важныя хвіліны і чытаеш ўслых па вечарах. Шароў – пісьменнік ціхі і сціплы, аднак тэмы бярэ глыбокія, ставіцца да сваіх герояў акуратна і, можна сказаць, з душэўным трымценнем. Так пісалі ў пазамінулым стагоддзі, не баючыся шматстаронкавасці і душэўнай сур'ёзнасці ўнутранага свету чалавека.

Уладзімір Шароў – аўтар некалькіх раманаў, самыя вядомыя: «Уваскрашэнне Лазара», «Будзьце як дзеці» і «Вяртанне ў Егіпет». У кожным з іх ён стварае перакуленую альтэрнатыўную гістарычную рэальнасць краіны і рэлігіі – як веры, так і інстытута. Ва «Уваскрашэнні Лазара» апісваецца ўваскрашэнне Лазара Майсеевіча Кагановіча, у рамане «Будзьце як дзеці» праходзіць дзіцячы крыжовы паход, арганізаваны Уладзімірам Іллічом Леніным. У апошняй кнізе «Вяртанне ў Егіпет» прачытваецца «Боская камедыя» Дантэ і вечная тэма вяртання, якога, магчыма, на самай справе і не было. У рускім ладзе мыслення вяртанне будзе азначаць бег, толькі без мэты і без дома. У Шарова, гісторыка паводле адукацыі і глыбокага верніка, літаратурныя эксперыменты над ХХ стагоддзем атрымліваюцца пераканаўчымі, у выніку ў драму века пачынаеш верыць, наколькі б страшнай ні была прапанаваная квазіверсія гісторыі.

«Вяртанне ў Егіпет» – раман у лістах адной вялікай сям'і, нашчадкаў таго самага класіка Мікалая Васільевіча Гогаля. Некалі кожны год яны ўсе разам збіраліся ў адной з маларасійскіх сядзібаў i ставілі спектаклі па творах свайго знакамітага сваяка. Справай гонару для сям'і было захаванне генетычнай чысціні — не дапусціць чужых унутр, каб рэшткі таленту не выйшлі вонкі. Пасля рэвалюцыі і тэрору сям'ю раскідала па розных далёкіх гарадах і закрыла ад знешняга свету ў іх уласных лёсах. Засталіся лісты. Эпісталярны жанр — суб'ектыўны і індывідуальны — заўсёды азначае асабістую прысутнасць, дазваляе весці гутарку на адлегласці, але прымушае быць тут і цяпер. Уладзімір Шароў распавядаў, што раман спачатку доўга не атрымліваўся – напісаныя лісты разбягаліся, а потым пачалі складвацца па лініях і гісторыях.

У сям'і нашчадкаў Гогаля вераць, што калі дапісаць «Мёртвыя душы», гісторыя пойдзе па-іншаму. Мікалай Васільевіч, звыклы школьны класік, аказваецца далёка не просты. Сатыра сатырай, а за ёй праступае складана выпісаная этымалогія душы і веры. Чычыкаў ў Шарова, што той Вяргілій, які праводзіць Дантэ па пекле ў першай частцы, забіраючы у чарцей душы людзей, пераходзіць у чысцец другой часткі – згарэлай, а дзе рай і ці ёсць ён – адказу на пытанне няма: трэцяя частка так і не напісаная.

Вядома, што ў Расіі ёсць дзве бяды – начальнікі-дурні і дарогі. Дарога – наступная са скразных тэмаў. У «Мёртвых душах» усё пачыналася з кола, якое да «Казані не даедзе», а вось у Маскву – так, а скончылася тройкай, якая чорт яго ведае, куды нясецца, «…летит мимо все, что ни есть на земле, и, косясь, постораниваются и дают ей дорогу другие народы и государства». У рамане «Вяртанне ў Егіпет», уцякаючы ад свету, антыхрыста і гісторыі, бягуць бегуны або вандроўнікі – так называецца секта, якая выйшла са старавераў. Бегуны лічылі, што выратавацца можна ў дарозе. «…жесткое следование логической формуле — мир есть абсолютное зло, потому его законам подчиняться не следует — сделало веру скачущей во весь опор. Путь, который прошли разные старообрядческие толки за двести — двести пятьдесят лет, будто проделан на тройке, которая несется сама по себе без кучера — он где-то свалился с облучка — и вот она скачет, скачет под гору, и некому ее остановить. Да и кого держать, кто кого гонит, тащит в пропасть: кони экипаж или теперь уже сам экипаж несчастную упряжь. Понимание мира как бесконечного и безысходного зла, которое нельзя ни исправить, ни простить, оставляло для праведности последнюю надежду — Апокалипсис, Страшный Суд». Дарога замест зямлі запаветнай і сям'ю, і бегуноў, прыводзіць у егіпецкую пустэльню цяперашняга часу, метафізічную і цалкам рэальную.

Раман можна прачытаць цалкам, але рабіць гэта не абавязкова, дастаткова разгортваць на выпадковых старонках і падарожнічаць па лістах. Асобныя лісты, асабліва тыя, якія пра веру, падобныя на кароткія, празрыстыя і чыстыя ўрыўкі апокрыфаў.

Адзінае, што заўсёды спыняла ў Шарова, як у гэтым, так і ў іншых раманах – гэта абсалютна пазбаўленыя ўсялякай сарамлівасці апісанні фізіялогіі і жаданняў чалавека. Ёсць у гэтым нешта ад сектанства, дзе часта тое, што разумеецца пад грахоўнасцю, мяняецца месцамі са служэннем.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце