Навіны

“Букер” абвясціў сёлетні шорт-ліст

У шорт-ліст літаратурнай прэміі The Man Booker Prize уключылі пісьменнікаў з Англіі, Зімбабвэ, Ірландыі, Канады і Новай Зеландыі.

 

Журы прэстыжнай прэміі за найлепшы раман на ангельскай мове абвясціла імёны шасцёркі фіналістаў: Ноўваялет Булаваё (“Нам патрэбныя новыя імёны”), Элеанора Катон (“Святло”), Джым Крэйс (“Ураджай”), Джампа Лахіры (“У нізіне”), Рут Азакі (“Казка пра быццё”) і Колм Тойбін (“Запаветы Мэры”). 

Двое фіналістаў ужо траплялі ў кароткі спіс прэміі раней. 67-гадовы Джым Крэйс з раманам “Каранцін” (Quarantine) быў уключаны ў шорт-ліст у 1997 годзе. 58- гадовы Колм Тойбін быў фіналістам ужо два разы: у 1999 годзе з раманам “Той, хто пранізвае цемру”, а ў 2004 — з раманам “Майстар”. Жанчыны-пісьменніцы, якія трапілі ў “шасцёрку”, намінаваныя першы раз. 

Паводле словаў старшыні журы прэміі Роберта Макфарлейна, былі адабраныя “кнігі, якія развіваюць сілу і магчымасці жанру”. Іншымі словамі, “новыя раманы”. 

Вэб-рэдактар ​​брытанскай сеткі кніжных крам Foyles Джонатан Рапін звяртае ўвагу на разнастайнасць раманаў у шорт -лісце. На яго думку, можна вылучыць двух відавочных фаварытаў: “Сёлета ў нас няма Хілары Мэнтэл, але ў той жа час, калі пераможа хтосьці, акрамя Джыма Крэйса або Элеаноры Катон, я буду вельмі здзіўлены”. 

Паводле словаў прэс-сакратара брытанскай кнігагандлёвай кампаніі Waterstones Джона Хаўэлса, пераможцу будзе складана ўгадаць. “Улічваючы, што шорт-ліст напраўду мультыкультурны і ў ім дамінуюць жанчыны, я думаю, што кніжныя эксперты, якія прарочаць перамогу Джыму Крэйсу, гэтым разам памыляюцца. Прайшло ўжо пяць гадоў пасля апошняга “нечаканага пераможцы”, і я думаю, што гэты кароткі спіс дае журы шмат магчымасцяў”, — заявіў ён. 

Агенцтва Reuters, у сваю чаргу, назвала навіну пра шорт-ліст “Бог тройцу любіць для Колма Тойбіна?”, тым самым прапануючы аддаць прэмію ірландскаму пісьменніку за раман, які апісвае пакуты маці, што страціла сына падчас глабальнага катаклізму. Удзел у конкурсе маглі ўзяць пісьменнікі з краін Садружнасці Нацый, Ірландыі і Зімбабвэ. Лонг-ліст прэміі быў абнародаваны ў ліпені. Усе фіналісты прэміі атрымліваюць па £2,5 тысячы і спецыяльна аформленае выданне сваіх кніг, а пераможца, імя якога будзе абвешчанае 15 кастрычніка, атрымае яшчэ £50 тысяч.

Паводле prajdzisvet.org

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце