Блог

Cпіс літаратуры: кнігі для паляпшэння настрою

Medium?1408630428

Калі рэчаіснасць не такая радасная, як хацелася б, можна ратавацца часовымі ўцёкамі ў свет выдуманы. Толькі для гэтага патрэбныя правільныя кнігі. Каця Рускевіч раіць, чым лекавацца ад змрочнай паўсядзённасці.

 

  З кнігамі жыць проста і зручна. Тэкст выступае як карэктар настрою і самаадчування. Для кожнага стану і надвор’я ёсць свае кнігі і аўтары. У гэтым я была ўпэўненая даўно і сур'ёзна — з дня нараджэння ў раннім пубертаце, калі атрымала ў падарунак «Міф пра Сізіфа. Эсэ пра абсурд»: «Ёсць толькі адна па-сапраўднаму сур'ёзная філасофская праблема – гэта праблема самагубства», – для пераменлівага настрою 13–14 гадоў атрымалася самае яно. Пры павышанай тэмпературы заўсёды выдатна чыталася "Вайна і мір", у іншых сітуацыях Леў Мікалаевіч выклікаў зубны і галаўны боль маралізатарскімі натацыямі. Псіхатэрапію заўсёды замяняе чытанне Фёдара Міхайлавіча. У момант, калі абстрагаваная свядомасць сыходзіць ад сюжэту ў бок і пачынае падводзіць статыстыку няшчасных немаўлятаў, растаптанай цноты і суіцыдальных падлеткаў, я разумею, што час надышоў, жыць можна, дзякуй, адкладзем да наступнага разу. Жаночыя хваробы выдатна лекуюцца беларускай жаночай паэзіяй і «Александрыйскім квартэтам» Лоўрэнса Дарэла.

Для стану, калі тваёй уласнай галавой спрабуюць прабіць чужое і моцнае дно, а нехта ў адказ стукае знізу, прапаную адмысловы спіс чужых гісторый шчасця і спакою з абавязковым хэпі-эндам. На будучыню, раптам спатрэбіцца. Спіс змяняецца і дапаўняецца.

Цібор Фішэр «Філосафы з вялікай дарогі».

«Адзіная парада, якую я магу даць: калі вы прачнуліся ў стане жорсткага пахмелля ў чужой кватэры, у вачах плыве, адзенне адсутнічае, успаміны, як вы сюды трапілі, адсутнічаюць, паліцыя ўнізе выносіць дзверы пад залівісты акампанемент сабачага брэху, вакол стосы раскошна выдадзеных часопісаў, а на іх старонках дзеткі паводзяць сябе зусім не па-дзіцячаму, адзіная парада, якую я магу вам даць – паспрабуйце быць добразычлівым і ветлівым». Так пачынаюцца «Філосафы з вялікай дарогі» – кашмар наяве любога сціплага дзеяча інтэлектуальнай працы. Са зручнага свету ідэй герой трапляе ў нязручны рэальны свет праблем. Пытанне, якое мучыць многіх: як сумясціць два бакі рэчаіснасці – практычную і тэарэтычную? Кніга – выдатны адказ тым, хто любіць пытацца: а што такое філасофія і навошта? Праксіс і паэзіс могуць быць разам. Гумар, звычка думаць, веданне старажытнагрэцкай – і з выкладчыка філасофіі Кембрыджскага універсітэта галоўны герой ператвараецца ў паспяховага рабаўніка банкаў. Але ж ўсім вядома – лепшы спосаб вырашыць нейкую праблему ... проста махнуць на яе рукой. Гэтай фразай кніга сканчаецца.

Джэймс Патрык Данліві «Лэдзі, якая любіла чыстыя прыбіральні».

Іншая версія жаночага рамана, для тых, каму за… Жыла-была дама, сапраўдная лэдзі, у адзін няўдалы год муж ад яе сышоў, банкаўскія рахункі пацяклі, фамільнае срэбра скралі на вечарынцы, дзеці жылі далёка ў сваіх універсітэцкіх кампусах, аддаючы перавагу трымацца ад асабістага жыцця бацькоў убаку. У лэдзі заставалася пачуццё ўласнай годнасці – слабое суцяшэнне пры зносінах з крэдыторамі; выдатнае пачуццё гумару – многія хацелі б расстраляць уласны тэлевізар, але не кожны вырашыцца гэта зрабіць; любоў да алкаголю, мастацтва і класічнай музыкі, плюс – запавет арыстакратычнай бабулі: карыстацца толькі прыстойнымі прыбіральнямі. Па дзіўным невыпадковым збегу абставінаў бліжэйшая знаходзіцца ў пахавальнай канторы, дзе якраз рыхтуецца цырымонія выпраўлення ў свет іншы кліента. Нябожчык пры жыцці быў злы і невыносны, ён завяшчаў пакінуць значную частку яго зберажэнняў таму, хто шчыра выкажа свае спачуванні. Няважна, што адзіным такім чалавекам стала абсалютна незнаёмая дама. Як і абяцала – шчаслівы фінал.

Джым Гарысан «Чалавек, які адмовіўся ад імя»

Бывае так, што робіцца пуста. Няважна, колькі ў цябе грошай і ці ёсць жонка і дачка, незалежна ад таго, чаго дамогся ў жыцці, чаго хацеў. А можа быць, нічога не хацеў, а проста жыў, ды і не жыў у прынцыпе, а ўладкоўваў кар'еру, будаваў дом, гуляў па выходных у гольф. А на самай справе заўсёды марыў танчыць і гатаваць. Што рабіць? Рэцэпт просты: частку назапашаных грошай перавесці на рахунак былой жонкі і дачкі, частку аддаць у выпадковы дабрачынны фонд, выправіцца падарожнічаць, завесці інтрыжку, уліпнуць мімаходам у напаўбандыцкія разборкі. Каб адчуць смак жыцця, навучыцца гатаваць і пачаць танчыць, і ў  выніку – стаць чалавекам, які забыўся на сваё імя і проста жыве, працуе кухарам недзе там на Кубе, а цяпер адзін танчыць, падпяваючы радыё. Не зусім даўншыфтынг для дарослых, хутчэй, змена парадыгмы і спрашчэнне рэчаіснасці.

Ілля Баяшоў «Шлях Муры»

Аматарам коцікаў прысвячаецца. Галоўнае, дакладна ведаць, што табе трэба, а жыццё ёсць шлях, як казалі старажытныя. Кот Муры – звычайны кот, які воляю лёсу апынуўся адзін, калі яго гаспадары, ратуючыся ад вайны ў Босніі, збеглі ў ціхую Скандынавію. Шлях ці падарожжа не абавязкова разумець у іншасказальным сэнсе, мэта можа быць цалкам рэальная і канкрэтная. Кот Муры дакладна ведаў, што яму трэба: «яго міска, ягоны фатэль і тыя двуногія, якія будуць яму прыслугоўваць». Да іх ён і ішоў праз краіны, лясы, палі, размаўляючы з маленькімі эльфамі, рознымі духамі і іншымі стварэннямі. І нічога дзіўнага, на думку Муры, у гэтым не было.

Станіслаў Ежы Лец «Непрычасаныя думкі»

Кожную думку хочацца зрабіць дэвізам і напісаць на столі, прачнуцца раніцой, прачытаць, здабыць душэўную раўнавагу і этычны спакой. За кожную любы рэдактар ​абдыме і падзякуе. І кожная з'явілася не проста. За выразнымі фармулёўкамі-загалоўкамі праглядаюцца часткі ненапісанага аўтабіяграфічнага рамана і гісторыі дваццатага стагоддзя. "Сумую па Аркадыі шчаслівай!" – "Не падтрымліваем з ёй дыпламатычных адносін!"

У рубрыцы "Спіс літаратуры" мы рэкамендуем кнігі пра любыя актуальныя і важныя, альбо наадварот, выпадковыя і неістотныя рэчы, падзеі ды з'явы. Папярэднія матэрыялы можна знайсці тут.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Неяк двойчы ў жыцці дапамагла прасценькая кніжка "Шукай вецер" Гіёма Віньё. Раю тым, хто ў адчаі :)

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце