Блог

Cпіс літаратуры: кнігі пра небяспечныя спробы не забываць

Medium?1457956650

Што рабіць з мінулым? Хто не памятае мінулае, той вырачаны паўтараць яго. Гэта цытата з Джорджа Сантаяны, але тое ж мог бы сказаць любы выпускнік школы, бо гэта меркаванне здаровага сэнсу. Антон Барысенка пра кнігі, аўтары якіх абіраюць не забываць. Нават у выпадках, калі добрая памяць можа быць небяспечнай.

 

Сантаяну цытуе Дэвід Рыф ў сваім нядаўнім эсэі “Культ памяці: калі гісторыя робіць больш шкоды, чым карысці”. З назвы можна зразумець, што аўтар не згодны з Сантаянам і здаровым сэнсам, а з самога тэксту – што сапраўды часам лепей не згадваць тое, што было нядаўна. Рыф падмацоўвае сваю тэзу прыкладам pacto del olvido, калі гішпанскае грамадства пасля смерці дыктатара Франка негалосна пагадзілася не варушыць падзеі грамадзянскай вайны 1936 –1939 гадоў. І калі было вырашана пераназваць вуліцы і плошчы, імёны франкістаў не сталі замяняць імёнамі рэспубліканскіх герояў – пераназвалі ў гонар дзеячаў манархічных часоў. Забыванне небяспечнае, кажа Рыф, але згадванне яшчэ больш небяспечнае – асабліва падчас крызісаў ці пасля катастроф. Забыванне несправядлівае да мінулага, працягвае Рыф, але згадванне несправядлівае да цяперашняга часу. Войнаў пасля распаду Югаславіі ці палестына-ізраільскага канфлікту можна было б пазбегнуць, даводзіць Рыф, калі б паміж правасуддзем-памяццю і згодай-забыццём грамадства абірала другі варыянт.

Перасцярогі Дэвіда Рыфа выглядаюць пераканаўча. І ўсё ж мне хочацца згадаць колькі тэкстаў, аўтары якіх, зважаючы на ўсю рызыкоўнасць, абіралі не забываць.

Фрыдрых Ніцшэ, Пра карысць і шкоду гісторыі для жыцця (1874)

Ніцшэ крытыкаваў заганы сучаснасці яшчэ да таго, як сама ідэя сучаснасці скарыла свет і крытыкаваць яе стала модным. У другім з дваццаці чатырох задуманых (і толькі чатырох напісаных) “Несвоечасовых роздумаў” і адным з самых уплывовых сваіх эсэяў – дастаткова правакацыйным, кароткім і эўрыстычным, каб быць прачытаным і зразумелым шырокімі коламі чытачоў – Ніцшэ аргументуе, што па змоўчанні лепш нічога не памятаць, бо ўспаміны запавольваюць хуткую плынь жыцця.

Але калі паставіць сабе за мэту, як гэта робіць філосаф, то ўсё ж можна знайсці карысць гісторыі для жыцця: часам гісторыя можа даць натхняльны вобраз дзеяння (галоўнае, не паглыбляцца ў дэталі), часам гісторыя можа даць традыцыю, што вяртае ў спакой ды ўпэўненасць (галоўнае, не паглыбляцца ў дэталі), часам гісторыя можа дапамагчы пазбавіцца ад атрыманых у спадчыну забабонаў і прымхаў (тут трэба паглыбіцца ў дэталі – але на вельмі непрацяглы час).

Ніцшэ ставіцца да гісторыі і памяці, як мы ставімся да солі ці цукру – даволі шкодныя рэчы, ад якіх цяжка адмовіцца і якія, зрэшты, у мінімальных дозах для нас неабходныя.

Вінфрыд Георг Макс Зэбальд, Натуральная гісторыя разбурэння (1999)

Гэты невялічкі зборнік з чатырох эсэяў пра немагчымасць памятаць разам з яшчэ большай немагчымасцю забыць быў складзены ў ЗША ўжо пасля смерці нямецкага пісьменніка Вінфрыда Зэбальда, амаль неперакладзенага, на жаль, на зразумелыя большасці беларусаў мовы.

У першым з эсэяў (“Паветраная вайна і літаратура”) Зэбальд разважае, чаму ў нямецкай літаратуры, а значыць, і грамадскай свядомасці 1946 –1960-х гадоў нядаўняя гісторыя суцэльнага вынішчэння некалькіх буйных нямецкіх гарадоў у выніку паветраных бамбардзіровак не была асэнсаваная. Справа ў тым, што большасць пісьменнікаў хутчэй непакоіла аднаўленне добрай рэпутацыі, сведкам не хапала словаў, каб распавесці пра свой досвед, жыццё працягвалася, і ўспаміны былі недарэчнымі. У трох біяграфічных эсэях, прысвечаных асобным пасляваенным нямецкім пісьменнікам (“Пісьменнік Альфрэд Андэрш”, “Вачыма начной птушкі” і “Скрушнасць сэрца”) Зэбальд паказвае небяспекі, да якіх можа прывесці развязанне праблемы памяці і забыцця шляхам ўнутранай эміграцыі (Альфрэд Андэрш), бясконцай нянавісці (Жан Амеры) і бясконцай пакуты (Петар Вайс).

Прыцягальнасць пісьма Зэбальда ў тым, што ён разважае, то бок не робіць канчатковых высноваў, не пралівае слёзы, не смяецца, не жахаецца, а хутчэй проста высвятляе, прасвечвае невыносную гісторыю і няўдалыя чалавечыя спробы яе спарадкаваць.

Святлана Алексіевіч, У вайны не жаночае аблічча (1983)

Нобелеўская прэмія 2015 па літаратуры нечакана ўнесла Святлану Алексіевіч у лісты абавязковага чытання беларусаў. У сваёй першай апублікаванай дакументальнай кнізе пісьменніца дае магчымасць распавесці пра досвед вайны мноству савецкіх жанчын-удзельніц Другой сусветнай, і снайперкам, і прачкам. У кожнай ёсць свая гісторыя, якая не будзе расказаная да канца, таму што ў гісторыі болю канца не бывае.

Мноства жаночых гісторый пакідае пасля сябе яснае ўсведамленне таго, што катастрафічны досвед сапраўды не пераймаецца, на яго можна толькі паказваць. Тым не менш, ад кожнага маналога застаецца адзін ці два шчымлівых вобраза, агульная сукупнасць якіх складаецца ў своеасаблівую мапу вызвалення пачуццяў — ад нянавісці да здзіўлення — з палону катастрофы. Размаўляючы, аўтарка плача разам з гераінямі (у гэтай кнізе больш увагі нададзена слязам, чым крыві) і заўсёды пытаецца пра нешта, звязанае не з вайной, але з радасцю ці каханнем.

Невядома, што рабіць з мінулым, але Святлана Алексіевіч робіць для нас бачнымі два вялікія шляхі – спачуванне і пошукі іншага.

Чэслаў Мілаш, Даліна Ісы (1955)

Вялікі паэт Чэслаў Мілаш быў таксама вялікім пісьменнікам і вялікім эсэістам. У пачатку 1950-х гадоў, калі ён разарваў стасункі з Польскай народнай рэспублікай і застаўся ў Францыі, то бок зрабіўся невяртанцам, ён напісаў, напэўна, свой самы папулярны твор – эсэістычны трактат “Скуты розум” пра мысленне інтэлектуала ў таталітарным грамадстве, а адразу пасля – раман сталення “Даліна Ісы”, французскі пераклад якога ўпадабаў толькі Альбэр Камю, астатнія ж рэцэнзенты палічылі Мілаша павярхоўным эскапістам.

Мілаш разумеў, што ніколі не вернецца на радзіму (фальварак у даліне ракі Нявежы, Літва) і намагаўся згадаць сваё мінулае максімальна дакладна, не для таго, каб развітацца і пачаць новае жыццё, а для таго, каб зразумець, дзе ён цяпер. Гэта не ўспаміны і не аўтабіяграфія – Мілаш не робіць выгляд, што можа бачыць сваё дзяцінства дзіцячымі вачыма, – гэта “вандроўка па краіне памяці”, то бок хутчэй рэпартаж са стану свядомасці аўтара на момант напісання раману. Што, зрэшты, відавочна з самага цытаванага сказу твора: “Асаблівасць даліны Ісы — большая, чым дзе-колечы, колькасць д’яблаў”; зразумела, што д’яблаў з сабой у падарожжа захапіў Мілаш-дарослы.

З беларускага перакладу Марыі Пушкінай відаць, што Мілаш не быў ніякім эскапістам, а надварот. Гэта раман – сапраўдная перамога ўяўлення і над памяццю, і над забыццём адначасова.

Валянцін Катаеў, Трава забыцця (1967)

Савецкі пісьменнік Валянцін Катаеў, вучань Івана Буніна і сябар Уладзіміра Маякоўскага, мае сумнеўную рэпутацыю недаравальна цынічнага чалавека. Падчас адлігі ён выдумаў сабе ўласны стыль – мавізм (ад французскага “mauvais” – “дрэнны”) і пачаў пісаць скандальную мемуарную прозу.

У эсэістычнай кнізе “Трава забыцця” распавядаецца пра ягоную вучобу ў Буніна і сяброўства з Маякоўскім. Карыкатурныя характарыстыкі літаратараў і побытавыя замалёўкі перамяжаюцца цытатамі з улюбёных вершаў Катаева, пераказамі ягоных сноў і ідэяў для рамана. Адзіны нязменны вобраз гэтай вельмі цэнтрабежнай і рызаматычнай кнігі – драпежная расліна бігнонія з вогнена-чырвонымі крыважэрнымі кветкамі – сімвалізуе сабой ці то Кастрычніцкую рэвалюцыю (Катаеў піша "Рэвалюцыю" з вялікай літары), ці то ўласную свядомасць/ памяць аўтара, ці то няўмольную хаду жыцця – карацей, нешта агіднае і разам з тым захапляльнае.

Катаеў хутчэй выдумляе, чым згадвае мінулае, і робіць гэта з цяжкавызначальнай інтанацыяй – незвычайнай сумессю любові, насмешлівасці, удзячнасці і віны – імаверна, адзіна магчымай для расповеду таго, што распавядаць звычайна непрынята, напрыклад, пра свае глупствы і глупствы тых, каго любіш.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце