Блог

Дотык Эліяса Канэці

Medium?1374147076

Рэдка трапляюцца кнігі, якія могуць кардынальна змяніць светапогляд. Яшчэ радзей можна сустрэць працы, што змяняюць погляды чытача і пры гэтым напісаныя сапраўдным гуманістам і філосафам з адкрытым сэрцам. Кніга "Маса і ўлада" належыць менавіта да разраду падобнай літаратуры. Новая парада Максіма Нікіткі-Міровіча чытачам Букстэра. 

 

Пра Эліяса Канэці я даведаўся цалкам выпадкова. Гэта імя вы не сустрэнеце ў модных філасофскіх часопісах (побач з Хайдэгерам і Сартрам), пра яго мала кажуць у чытацкім асяроддзі, а многім прафесійным філосафам гэтае імя папросту незнаёмае. Эліяс нарадзіўся ў маленькім балгарскім гарадку, затым пераехаў у Вену, а пасля аншлюсу 1938 года яго домам стала Англія. Напісаў ён надзіва мала – адзін мастацкі раман, некалькі кніг успамінаў і дзённікаў, а таксама кнігу "Маса і ўлада", над якой ён працаваў некалькі дзесяцігоддзяў. 

Тэкст зачароўвае з першых радкоў, з першага загалоўка — "Звернуты страх дотыку". І далей — "Для чалавека страшнейшы за ўсё дотык невядомага. Ён павінен бачыць, што яго кранула, ведаць ці, прынамсі, уяўляць, што гэта такое. Ён паўсюль імкнецца пазбягаць чужога дотыку. Ноччу або наогул у цемры спалох ад раптоўнага дотыку перарастае ў паніку . І вопратка не дае бяспекі: яна лёгка рвецца, скрозь яе лёгка пранікнуць да голай і гладкай безабароннай плоці. " 

Праз страх перад дотыкам як варыяцыі страху смерці Канэці развівае фабулу кнігі – маса ёсць абавязковай умовай існавання чалавецтва. Знаходзячыся ў масе, чалавек спакойны – бо хутчэй за ўсё страшная рука схопіць не яго, а іншага. Чым, як не масамі з'яўляюцца ў сваёй глыбіннай сутнасці ўсе рэлігійныя сістэмы? Канэці падрабязна і грунтоўна даводзіць той факт, што калі б смерць не мела такога значнага ўплыву ў жыцці кожнага чалавека – цывілізацыя прыняла б зусім іншыя формы. 

Другая частка кнігі прысвечаная прыродзе забаронаў і загадаў – у глыбіні гэтых пачварных з'яваў ляжыць усё той жа страх смерці. Выдатны раздзел кнігі прысвечаны разбору кіраўнікоў-тыранаў — у іх загадах і забаронах ляжыць перш за ўсё жаданне выжыць любой цаной, выжыць, перажыўшы астатніх. Гэты аналіз нашмат глыбейшы за любыя псіхааналітычныя дыягназы — Канэці дае зразумець, што ў жаданні перажыць іншых, у жаданні працягваць стаяць, калі іншыя ляжаць — ёсць нейкая агульначалавечая прага выжывання за кошт іншых — і гэты прысуд гучыць больш сурова і сумна, чым псіхааналіз пэўных асобаў. 

Эліяс Канэці напісаў выдатную, пранізлівую і кранальную кнігу, яе без перабольшання варта прачытаць кожнаму. І я думаю, што Канэці, нягледзячы на ​​тое, што напісаў так мала, стаў адным з самых годных лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі ў XX стагоддзі.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

густы справа прыватная, зразумела, але як на мяне, дык куды лепшы ва ўсіх дачыненнях (як зместам, так і стылем, і г.д.) Артэга-і-Гасэт, ягонае "Паўстанне мас"

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце