Блог

Горад N., безаблічны і непаўторны

Medium?1394798144

Як пісаць пра горад? Рэцэнзія Каці Рускевіч на кнігу Дзмітрыя Данілава "Апісанне горада".

 

Як пісаць пра горад? Варыянтаў існуе мноства. Напрыклад, зрабіць горад галоўным героем – так часта абыходзяцца са сталіцамі. Або аб'яднаць падзейны шэраг твора і план мясцовасці, у такім выпадку чытанне становіцца двухузроўневым – гарызантальным і вертыкальным, калі, вядома, паўстане жаданне пераскочыць з сюжэту на другі сэнсавы план і зрокава ўяўляць скрыжаванне вуліц і галоўныя адрасы. Можна стварыць чарговую міфалагему і мапу ўласных успамінаў – так часта пішуць пра Менск, разбаўляючы тэкст мясцовым фірмовым туманам. У такім выпадку няўмольна ўзнікае жаданне параўнаць апісанне горада з уласнай гісторыяй і шукаць тры, пяць і болей адрозненняў або доказаў ад адваротнага. Пісаць можна проста, без эмацыйных выказванняў. Патэтыка, выдатныя краявіды і турыстычныя славутасці застаюцца па-за старонкамі тэксту, для падобных «празмернасцяў» існуюць даведнікі. 

Дзмітрый Данілаў у рамане «Апісанне горада» хутчэй не апісвае, а пераказвае горад ці прапануе падрабязную інструкцыю аповеду. Схема дзеянняў наступная: трэба ўзяць нейкі абстрактны горад N або М, які існуе па-за геаграфічнай або часовай прывязкай. Пункт павінен быць не надта буйны, але і не дробны, сярэднестатыстычны, з адным ці двума чыгуначнымі вакзаламі. Прыязджаць трэба дванаццаць разоў на працягу года, кожны месяц на некалькі дзён, не больш. У кожны з прыездаў да папярэдняга апісання дадаваць некалькі новых дэталяў гарадской біяграфіі, захоўваючы агульную канву перамяшчэнняў. Пажадана спыняцца ў гатэлі з безаблічнай назвай, каб пазбегнуць любой асабістай уключанасці. Насамрэч пры жаданні і дапамозе любога з пашукавікоў, каардынаты горада лёгка счытваюцца з пералічаных гарадскіх дэталяў. У напісаным пазней Данілавым вершы горад будзе названы па імені, аднак гэта не так важна. І, магчыма, аўтар прыязджаў не дванаццаць, а толькі восем ці сем разоў, гэта таксама не мае значэння. Схема абстрактнага горада павінна лёгка накладацца на любую іншую геаграфічную кропку, гэтак жа як месяц сакавік падобны на месяц люты або лістапад. 

Дзмітрый Данілаў

«Была спачатку ідэя адзін з прыездаў у апісвальны горад цалкам прысвяціць бязвылазнаму сядзенню ў гатэлі, назва якога супадае з назвай аднаго з абласных цэнтраў Украіны. І нават пастарацца не глядзець тэлевізар і не чытаць мясцовую прэсу, а збольшага спаць. Прыехаць у апісвальны горад, пасяліцца ў гатэлі, назва якога супадае з назвай аднаго з абласных цэнтраў Украіны, праспаць у нумары два дні і адну ноч, убачыць сны і апісаць іх. Альбо не ўбачыць ніякіх сноў і канстатаваць: сноў не было, нічога не было». 

Замест сноў у апісанне горада Сяргей Данілаў лёгка ўключае абрэзкі мясцовай прэсы, дзе праз адсутнасць навінаў устаўленыя карысныя парады, уплятае спакойныя і нязначныя населеныя пункты побач, бетонную сцяну каля дома, дзе жыў вядомы пісьменнік, футбольны матч, драмтэатр, мясцовы канал тэлебачання, лініі электрычак, снег і таксі. «Галоўная вуліца (дакладней, праспект) апісвальнага горада названая імем вельмі вядомага чалавека, які ў сваім жыцці здзейсніў дзікую колькасць неймаверных зладзействаў, якія амаль немагчыма ўявіць». Любая дэталь мае сваё значэнне або застаецца абсалютна нейтральнай. Пры гэтым аўтарскае эмацыйнае таніраванне працягвае адсутнічаць незалежна ад пары года і магчымай важнасці дэталяў. Аўтар усяго толькі госць і пісьменнік, ён не мае права надзяляць ўбачанае навокал уласным значэннем, выдаючы яго за якасці горада. Пакінуўшы пусты радок ў правільным месцы, сказаць можна значна больш, чым павесіўшы эпісталярную мемарыяльную шыльду: «Тут быў, еў, спаў, убачыў». 

У кароткіх, напаўдзённікавых запісах «Вуліца з аднабаковым рухам» Вальтэр Беньямін напіша: «Бяспрыкладнасць і непаўторнасць самага першага ўражання ад горада ці вёскі на фоне навакольнага пейзажу заключаецца ў тым, што нават з самай блізкай адлегласці ў ім бачная далячынь». За апісаннем горада праступаюць смутныя ўспаміны пра дзяцінства, напрыклад, чаканне ў цёплым чыгуначным вакзале, простыя дзеянні кожнага дня і хуткі ад'езд. Свядома абмежаваны стыль рамана можа падацца літаратурным варыянтам art povera (так званае беднае мастацтва, з іт.) – мастацкага кірунку, які ўзнік у Італіі ў канцы 60-х. Такая ж простая форма, даступны матэрыял аповеду, імгненнасць вобразаў і ветлівае запрашэнне да дыялогу. Хоць сам аўтар прызнаецца, што піша ён цяжка і доўга, можна сказаць, пакутліва, інакш «фон старонкі вельмі хутка чырванее, а праз некалькі секунд пачынае гучаць гідкая музыка, і спыніць гэта можна толькі аднаўленнем пісьма». Параўноўваючы раман «Апісанне горада» з іншымі творамі «Гарызантальнае становішча» і «146 гадзін», філасофія штодзённасці, будзённасці, абраная аўтарам як сэнсавы наратыў, вяртае да пытанняў: дзе на самай справе мы жывем і што нас атачае? Можа быць, мы жывем у горадзе праз літару "і" ці праз літару "е", або ў сталіцы БССР, ці ва ўласных успамінах, сне, які так і застанецца сном без прыкмет рэчаіснасці. 

Тут можна знайсці тэксты аўтара, а таксама  ягоны ЖЖ 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце