Блог

Гумілёў Гумілёву сын

Medium?1398678431

Рэцэнзія Каці Рускевіч на кнігу Сяргея Белякова "Гумілёў сын Гумілёва" — гістарычную біяграфію заснавальніка пасіянарнай тэорыі этнагенэза.

 

Са шматстаронкавага раману-біяграфіі "Гумілёў сын Гумілёва" гісторыка і цяпер пісьменніка Сяргея Белякова атрымалася зручнае сэнсавае поле для гістарычных разваг. Маштаб разумовага і апісальнага працэсу вялікі і працяглы, пачынаецца ён ад адной асобы Льва Мікалаевіча Гумілёва – навукоўца і сына вядомых бацькоў, закранае неадназначныя сямейна-сваяцкія стасункі Гумілёў–Ахматава, дадаючы інтэлігентную выбарку з блізкага і не вельмі атачэння, а фонам шалеюць падзеі дзяржаўнага і навуковага значэння

У выніку атрымалася выдатнае чытанне для дачнага перыяду і зімовай прастуды, недзе да першых двухсот старонак або першага лагернага тэрміну героя. Пры жаданні можна працягнуць далей, напрыклад, у наступны дачны сезон або падчас вясновага авітамінозу. Або не працягваць, а праглядзець запісы "5-га канала Ленінградскага тэлебачання" са Львом Мікалаевічам. Калі глядзець стане сумна, можна зноў разгарнуць кнігу і прачытаць апошнія сто старонак, здзіўляючыся «часу пераменаў» і сяброўству з Няўзоравым, або пераключыць на цыкл лекцый-перадач Юрыя Лотмана.

Раман "Гумілёў сын Гумілёва" атрымаўся старанна карэктным, тактоўна разведзеным ў патрэбных месцах эпісталярнымі цытатамі ў духу часу: “надвор'е дрэннае, гарэлка не п'яная ... мой прыяцель з'ехаў у камандзіроўку ў Сібір на пяць гадоў” і чужымі мемуарамі. Трэба сказаць, адрэзкі мемуараў некалькі разоў устаўляліся не паводле праўды, а па кантэксце. Аднак улічваючы ўсю велічыню праведзенай працы, гэта даравальна. Адзін спіс літаратуры цягне больш як на чатырыста крыніц. Да таго ж, біяграфічны, аўтабіяграфічны і мемуарны жанры асабліва тонкія і складаныя з розных пунктаў гледжання. Дамагчыся раўнавагі ў перапляценні людзей і лёсаў няпроста. Адказнасць і праўдзівасць у мемуарах і біяграфіях – якасці рэдкія, зрабіць так, каб было цікава не толькі аўтару, і пры гэтым ўтрымацца ад высвятлення адносінаў з мінулым атрымліваецца далёка не ва ўсіх. Напрыклад, тая ж вечная паплечніца ці, дакладней, суправаджальніца Льва Гумілёва Эма Герштэйн, якая пад канец шляху і ў момант славы навукоўца сціпла адышла ўбок, напісала мемуарныя нарысы, дзе гаворка нібыта ішла пра Мандэльштама, а на самай справе пра яе, прычым з тужлівым надрывам. Аднак нягледзячы ні на што за яе чалавечае цярпенне велізарны ёй дзякуй з нашага часу. Паводле іншай дамы з той жа эпохі, але іншай гісторыі, Ніны Берберавай, "аўтабіяграфія – рэч вельмі эгацэнтрычная". Для тых, хто жадае ўдакладніць і параўнаць, заўсёды ёсць энергічная і іранічная Надзея Мандэльштам і навукова-эстэтычная Лідзія Гінзбург.

Сяргею Белякову, хай і ў вельмі працяглай манеры, удалося сабраць факты, камяні, людзей і выканаць канон "не нашкодзіць". Гістарычную біяграфію павінен пісаць чалавек адстаронены і неперадузяты, па-за сямейным альбо сяброўскім кланам, але пры гэтым вельмі зацікаўлены ў сваім героі. Кожны раз, апісваючы складаную сітуацыю, Белякоў намагаецца дараваць і апраўдаць, а, дакладней, прывесці спісы "за" і "супраць". У правільна пададзеным парадку факты самая верная рэч. Схема дзеянняў атрымліваецца наступная: аўтар бярэ падзею, дадае да яе чалавека і дзеліць на час. Па-за складаннем і дзяленнем застаюцца розныя меркаванні бакоў. Пасля падобнай гісторыка-матэматычнай працы робіцца больш ясным трохкутнік адносінаў Ахматава–Пуніна–Гумілёў, любоў апошняга да пэўных геаграфічных месцаў і моваў, доўгі выбар асабіста-сямейных адносінаў Льва Мікалаевіча. Аднак разуменне робіць прасцей толькі аб'ектыўную рэчаіснасць. Суб'ектыўна па-ранейшаму складана глядзець на фатаграфіі Пастэрнака канца 50-х гадоў і чытаць пра падарункі Ахматавай для сям'і Ардовых. У выніку час прымірыў усіх, разбіўшы біяграфію на дзве часткі. Падобны на бацьку да лагераў, пасля Гумілёў стаў падобны на Ахматаву .

Гісторыя ў рамане жыве на кожнай старонцы, як асабістая, так і навуковая. Існуе некалькі падыходаў да вывучэння прадмета гуманітарных навук. Першы заключаецца ў выбары тэмы, другі ў выбары працы і ўважлівым вывучэнні ўсяго, што з ёй звязана. У выніку колькасць прачытанага матэрыялу будзе аднолькавая. Нешта падобнае адбываецца і з раманам. Прысвечаны аднаму чалавеку, выніковы матэрыял ахоплівае вялікае мноства ідэй, падзеяў і людзей. Натуральна, што значная частка біяграфіі навукоўца будзе прысвечаная асноўным ідэям, пад знакам якіх прайшоў пачатак 1990-х многіх з нас, дакладней адной вялікай тэорыі – пасіянарнай тэорыі этнагенезу. Да падрабязнага апісання тэорыі кожны раз дадаецца гісторыя пра першапачатковы штуршок навуковага адкрыцця, часам побытавы і асабісты. Напрыклад, пад субэтнасам Гумілёў разумее інтэлігенцыю, што не супадае з асноўным народам. "Субэтнасы могуць супадаць з класамі або саслоўямі, а могуць і не супадаць, іх адрознівае не юрыдычны статус, не валоданне ўласнасцю на сродкі вытворчасці, а непаўторны стэрэатып паводзінаў, ўласная іерархія каштоўнасцяў, густаў, уяўленняў".

Асабістая навуковая лінія Гумілёва пераплятаецца з генеральнай лініяй партыі і часу. Абавязковая, навязаная зверху гісторыя выяўляецца ў каланізацыйнай тапаніміцы пры апісанні першых экспедыцый Льва Мікалаевіча, гучна стукае новым парадкам на гістарычным факультэце разам з вечным класавым неўразуменнем.

Новы час навёў свой ​​парадак і ў нацыянальным пытанні. Да сталінскіх рашэнняў і крыўдаў трыццатых і саракавых гадоў зручна дастасоўваецца гіпотэза Гумілёва пра станоўчую і адмоўную кампліментарнасць – несвядомую сімпатыю-антыпатыю народаў адзін да аднаго. "Сталін, адзіны чалавек у Палітбюро, які разбіраўся ў нацыянальным пытанні настолькі, што мог лёгка адрозніць ўзбека ад таджыка, падзяліў Туркестан паміж пяццю народамі, кожны атрымаў па нацыянальнай рэспубліцы. Як заўсёды бывае пры дзяльбе зямель, засталіся пакрыўджаныя. Асабліва незадаволеныя былі таджыкі, таму што Самарканд і Бухара, якія таджыкі лічылі сваімі, дасталіся узбекам. Гэтай крыўды таджыкі не забыліся і не даравалі і праз шмат дзесяцігоддзяў".

Крыўдзіцца могуць асобныя людзі, цэлыя сем'і, народы і навуковыя інстытуты. Знайсці сапраўдную прычыну за ўсімі адносінамі пад сілу толькі вельмі сумленнаму гісторыку. Мабыць, менавіта гэтай сентэнцыяй можна скончыць апісальную рэцэнзію і ўключыць праграму навін, прысвечаную чарговаму нацыянальнаму пытанню.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце