Блог

Лекцыя Марціна Путны пра літаратурную крытыку

Medium?1398672393

Прафесар Карлавага універсітэта ў Празе, вядомы чэшскі культуролаг і даследчык літаратуры Марцін Путна 2 траўня выступіць у Мінску з лекцыяй “Літаратурная крытыка ў Сярэдняй Еўропе: навука, мастацтва, ідэалогія, аўтатэрапія?”. Сустрэчу ладзіць літаратурны сайт bookster.by.

 

З лекцыі прафесара Путны слухачы даведаюцца, якія функцыі выконвала літаратурная крытыка апошнія дзвесце гадоў – падчас нацыянальнага адраджэння ў Сярэдняй Еўропе XIX стагоддзя, у эпоху секулярызацыі (“каталіцкая крытыка”), а таксама ва ўмовах таталітарных рэжымаў XX стагоддзя і пасля іх падзення.

Ці можна лічыць крытыку дысцыплінай аб’ектыўнай, навуковай, альбо яна па вызначэнні суб’ектыўная, творчая, на мяжы з мастацтвам? І калі разглядаць псіхалагічны партрэт крытыка, то да якой ступені рэцэнзаванне кніг з’яўляецца для яго аўтатэрапіяй? Спадар Путна таксама закране праблему негатывізма, распавядзе пра такую з’яву як “крытыка крытыкі” і разгледзіць “крытыку дзеля самога мастацтва” ў традыцыі нямецкай, аўстрыйскай, чэшскай і славацкай літаратураў.

Апроч таго,  Марцін Путна раскажа пра найноўшыя тэндэнцыі ў еўрапейскай крытыцы і яе сённяшнія функцыі: крытыка і гендэр, крытыка і нечаканае ажыўленне марксізма ў еўрапейскай культуры, а таксама прывядзе прыклады з чэшскага літаратурнага жыцця апошніх месяцаў, калі аргументы крытыкаў ператвараюцца ў аплявухі.

Пра лектара:

Марцін Путна – чэшскі літаратуразнаўца, крытык і культуролаг, прафесар Карлавага універсітэта ў Празе. Скончыў філалагічны факультэт пражскага Карлавага ўніверсітэта і багаслоўскі факультэт у Чэске-Будзеёвіцэ. Працаваў рэдактарам часопіса “Souvislosti” (1990-1997), выкладаў ва ўніверсітэце Рэгенсбурга ў Баварыі (2004 –2005), быў дырэктарам Бібліятэкі Вацлава Гавэла (2008 – 2011).

Аўтар і вядоўца праграм на чэшскім радыё і тэлебачанні, супрацоўнічае з газетай “Lidové noviny". У сваёй навуковай дзейнасці факусуецца на каталіцкай літаратуры і ейным уплыве на чэшскую культуру. Сярод яго зацікаўленасцяў таксама познеантычны перыяд, руская літаратура XX стагоддзя ў выгнанні, тэма ўзаемадачыненняў хрысціянства і гомасэксуалізма.

Аўтар кніг “Чэшская каталіцкая літаратура ў еўрапейскім кантэксце 1848 – 1918” (1998), “Арыген Александрыйскі: Глава з гісторыі ўзаемадачыненняў антычнасці і хрысціянства” (2011), “Грэцкае неба над намі і антычны кошык: даследаванні з другога жыцця антычнасці ў еўрапейскай культуры” (2006), “Чэшская каталіцкая літаратура ў еўрапейскім кантэксце 1818 – 1945” (2010), “Карціны з гісторыі культуры амерыканскай рэлігійнасці” (2010), “Духоўны партрэт Вацлава Гавэла ў абрамленні чэшскай культуры” (2011), “Гомасэксуальнасць у гісторыі чэшскай культуры” (2012) і шэрагу іншых навуковых прац і эсэ, а таксама перакладаў з лацінскай, грэцкай, рускай і нямецкай моваў.  

Лекцыя пачнецца 2 траўня ў 19:30 у офісе Пэн-цэнтра па адрасе вуліца Залатая горка, 2 – 101 (знайсці вельмі проста: ад метро Плошча Перамогі ісці міма Палаца мастацтва, на першым скрыжаванні налева і праз колькі крокаў направа ў двор. На дамафоне першага пад’езда набраць 101 і “званочак”).

Мова лекцыі – руская. Уваход вольны.

Старонка падзеі ў Фэйсбуку

 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце