Блог

Лепшае знаёмства з Гары

Medium?1363265988

Даўно-даўно, яшчэ да трэцяга тэрміну ўлады, задалі па праграме ― прачытаць Рамэна Гары “Абяцанне на світанку”. Што за Гары, з чым яго ядуць ― невядома. Пайшоў у бібліятэку. “Абяцання…” не было. На паліцы, адразу за картоннай укладкай з літарай “Г”, стаяла зачытаная, але ўсё яшчэ ў добрым стане (цвёрды пераплёт!) кніжка выдавецтва “Symposium” ― Рамэн Гары, “Паветраныя змеі”.

 

Ці магчыма ведаць, куды цябе заўтра закіне літаратура, усе гэтыя бібліятэкі, чытальныя залы? Свае аўтары звальваюцца як снег на галаву. Карацей, не верце зундзенню рэпрадуктараў: “Асцерагайцеся выпадковых спадарожнікаў”.

Рамэнавых і Ажаравых раманаў прачытаў я з таго часу штук пятнаццаць. Але “Паветраныя змеі” вылучаюцца з іх усё роўна. Па-мойму, лепшага пачатку знаёмства з дзядзькам Гары і не прыдумаеш.

Займальны сюжэт, лёгкае чытанне ― увесь гэты набор крытычнага крэтынізму я не буду выкарыстоўваць, хаця ўсё яно тут ёсць. Найперш гэта вельмі прыгожы, вельмі французскі раман ― тонкі, лірычны, празрысты і крыху гістарычны. Інтэлектуальнасць не выпірае суччам: метафара паветраных змеяў такая родная, што ўцякае ад сябе як ад метафары. Дзіцячая гульня становіцца сімвалам лёсу, мадэллю паводзін ― сентэнцыі Гары часам нагадваюць прытчавыя афарызмы Коласа з “Казак жыцця”. У той жа час гэтыя сентэнцыі ўзнікаюць так нязмушана, як вымаўляюць свае рэплікі кінаакцёры ў якіх-небудзь “Бясслаўных вырадках”. Недзе шостым пачуццём ведаеш, што іх аўтар знаходзіцца па-за кадрам, але тым не менш адчуваеш удзячнасць да ягонага майстэрства.

Галоўным чынам Гары (і Ажар) піша пра каханне. Што там будзе накручана вакол ― гэта ўжо нюансы. Дысбаланс часам з’яўляецца, але ў гэтым рамане ― не. Тут сваю любоў да Францыі, сваю памяць пра ІІ сусветную вайну і рух Супраціўлення, сваю ўвагу да жаночай прыгажосці, спалучаную з “каким-то вечным детством”, ён здолеў ураўнаважыць, таму раман атрымаўся проста выдатны.

Усім рэкамендую.

Ціхан Чарнякевіч

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце