Блог

Макс Фрай. Казкі старой Вільні. Казка Другая

Medium?1365009326

Вуліца Басанавічаўс - колішняя Вялікая Пагулянка. Тут жыў пісьменьнік Рамэн Гары, тут блукаў пісьменьнік Максім Гарэцкі. Герой казкі Макс Фрай, відавочна, гэтага мог і ня ведаць, калі набываў тут адразу тры кватэры на апошнім паверсе. Аднак ягоная гісторыя дастаткова інтымная, каб нам хацелася яе прачытаць.

 

Вуліца Басанавічаўс (J. Basanavičiaus g.)

Шэсьць пакояў

Шэсьць асобных пакояў, адзін зь іх вуглавы, з двума вокнамі – на поўнач і на ўсход. Два – проста на поўнач, тры – на поўдзень, адзін з паўднёвых – з гаўбцом. І ніводнага вакна на захад, гэтак чамусьці атрымалася.
Ня надта шмат жытлаў пасьпеў зьмяніць за сорак зь лішнім гадоў; былі яшчэ, вядома, гатэлі, дзясяткі амаль аднолькавых чысьценькіх спальняў, але яны ня лічацца. Таму – усяго шэсьць пакояў.

Ня раз запытваў у сябе, адкуль наогул узялася гэтая ідэя. Недзе вычытаў? Пачуў краем вуха? Прысьнілася? Бачыў у кіно? Урэшце, ўзгадаў: ды сам жа і прыдумаў, даўным-даўно, як яшчэ першае інтэрв’ю ў жыцьці даваў. Ну, строга кажучы, другое, паколькі даў іх таго дня ледзьве ня тузін, адное за другім, гэтак і ня выпусьціўшы з рук кубку з прастылаю кавай, за які трымаўся, як за выратавальнае кола, можна лічыць, што ўсё гэта было адное амаль бясконцае першае ў жыцьці інтэрв’ю. Журналістаў цікавіла меркаваньне юнага аўтара лепшага архітэктурнага праекту году практычна па ўсіх пытаньнях, уключна з хуткімі парлямэнцкімі выбарамі ды чарговым канцом сьвету, цьвёрда абяцаным усім зацікаўленым асобам ужо ў жніўні. А сьвежавыпечаная знакамітасьць думала толькі пра адное: галоўнае ня ляпнуць зараз прылюдна, што ідэя ўдзельнічаць у конкурсе ды й сам праект былі проста жартам, які зайшоў занадта далёка. Гэткіх прызнаньняў нельга рабіць ні ў якім разе. Асабліва, калі яны праўдзівыя.
Адказваць на бяссэнсоўныя пытаньні напачатку было забаўна, але праз чвэрць гадзіны надакучыла, і тут мілая дзяўчына ў блакітнай вязанай шапачцы раптам запытала: “А які ідэальны дом вы пабудавалі б для сябе?” З-пад шапачкі выбіваліся каштанавыя завіткі; дзяўчына была страшэнна прыгожая, зь ліку тых, каму хочацца спадабацца, нават каля не плянуеш працягнуць знаёмства, а пытаньне, хоць і банальнае, давала магчымасьць распусьціць хвост. Пачаў натхнёна разважаць: маўляў, непасрэдна да архітэктуры і дызайну інтэр’ераў гэта наогул ня мае аніякага дачыненьня, бо ідэальны дом для чалавека – гэта дом ягонага дзяцінства.
Зрэшты, чаму толькі дзяцінства. Ідэальны дом – гэта сума ўсіх пакояў, дзе табе добра жылося. Тут жа падлічыў: на сёньня ў маім ідэальным доме было б усяго тры сьціпла абстаўленыя пакоі, але гэта, вядома, толькі пытаньне часу.
Час дадаў да трох пакояў яшчэ тры, абстаўленыя нашмат лепш. То бок, не абы-як, а ў згодзе з густам ды неабходнасьцю. У суме атрымалася шэсьць асобных пакояў, адзін зь іх вуглавы, з двума вокнамі – на поўнач і на ўсход. Два – проста на поўнач, тры – на поўдзень, адзін з паўднёвых – з гаўбцом.

Але тады гэта, вядома, было проста пустое часаньне языком, прызначанае для сымпатычнай бляндынкі ў блакітнай шапачцы. У галаву не прыйшло б распачынаць нешта падобнае. Хіба што, па просьбе замоўцы, але дзе такога знойдзеш.

Аднойчы, даўно, здаецца, яшчэ да прэміі за лепшы праект ды захапляльных пераменаў, што ёй пасьлядоўнічалі, прыяцелі завялі размову: хто чым стаў бы займацца, калі б раптоўна бяз высілкаў разбагацеў? Выйгрыш у лятарэю, скарб, спадчына, нічыйная валіза з банкнотамі ў ліфце, задушэўнае сяброўства з горнымі гномамі – няважна. Чым бы заняўся, калі б адпала неабходнасьць зарабляць – вось пытаньне! Сказаў тады, не задумляючыся: ды ўсё тым жа і займаўся б, толькі працаваць давялося б нашмат больш, таму што на самыя цікавыя праекты вечна не знайсьці грошай, а калі б яны ў мяне былі – о-о-о, тады...
“Атрымліваецца, што ты вельмі шчасьлівы чалавек”, - зьдзівіўся нехта з прыяцеляў. Паціснуў плячыма: “Ага, відаць”. Ніколі не задумваўся, шчасьлівы, ці не. “Шчасьлівы” – гэта проста слова, яшчэ ўгадай, якім значэньнем яго надзяліў той, хто прамаўляе. Зь іншымі словамі, зрэшты, тая ж бяда. Іншая справа сьцены, дах, вокны, дзьверы, лесьвіца, падлога, фасад, камунікацыі, фундамент. Дом.
Вельмі любіў дамы. Заўсёды. Зь дзяцінства.

Ды й жаніўся, строга кажучы, на доме. У Ганны былі цудоўныя ногі, зялёныя вочы і жывы насьмешлівы розум, але, самае галоўнае, у яе быў вельмі вялікі стары дзедаў дом, які адчайна патрабаваў перабудовы, і пеэрспэктыва стаць гаспадаром такога дому апынулася настолькі спакусьлівай, что Ганне прыйшлося прыняць пасьпешліва прапанаваныя руку і сэрца; пазьней яна са зьдзіўленьнем узгадвала, што была ня тое каб моцна закаханая, ды й замуж асабліва не сьпяшалася, проста не магла выстаяць перад настолькі сакрушальным націскам.

Калі перад самым вясельлем раптоўна высьветлілася, што Ганна куды багацей, чым можна было меркаваць, усьцешыўся: гэта значыла, што грошай на перабудову агульнага цяпер дому хопіць у любым выпадку, якія б непрыемныя сюрпрызы ні вылезьлі на паверхню пад час працы. Іншых карысьлівых задумаў ня ўзьнікла. Заўсёды лічыў, што беднасьць – гэта калі не хапае грошай на бягучы праект; багацьце ж уяўлялася захапляльнай магчымасьцю павялічыць каштарыс па меры неабходнасьці.

Да тога часу, як амаль пяцігадовая праца над домам падыйшла да завяршэньня, Ганна канчаткова вырашыла, што ім варта нейкі час пажыць паасобку. І гэтак далікатна сфармулявала сваю прапанову, што яна ня выклікала ўнутранага супраціву, толькі практычнае пытаньне: “нейкі час” – гэта колькі? Гадоў дваццаць-трыццаць-сорак? Гэтак і думаў.
Няхай сабе, паасобку дык паасобку. Дзяцей няма, кату ўсё адно, а дом ужо прыведзены ў бездакорны стан.
Можна было б сказаць «разыйшліся сябрамі», але абодва ня ўмелі сябраваць. Таму разыйшліся прыяцелямі. Разводзіцца паляніліся, адклалі непрыемныя турботы на пасьля. На «нейкі час», што б гэта ні значыла.
А праз пару гадоў Ганна памерла, і гэта было ня тое каб сумна, а проста недарэчна. Дзіка, непраўдападобна. Ганна – і раптам памерла. Не кажыце глупстваў. Так не бывае. Хто заўгодна, але ня Ганна. Дрэнна вы яе ведаеце.
Так і сказаў, калі патэлефанавалі, каб паведаміць дату ды месца пахаваньня. І далей казаў, калі паклаў слухаўку, спрачаўся зь нябачным, неспасьціжным ды няпэўным субяседнікам, які адно паблажліва пасьміхаўся ў адказ – свой адзіны, але сакрушальны козыр ён ужо выклаў.
І потым яшчэ доўга думаў – гэта нейкая памылка. Ці бязглузды розыгрыш. Па праўдзе Ганна ніколі так не жартавала, але ў ва ўсіх бываюць хвіліны слабасьці. І чаго толькі мы ў такія хвіліны ня творым.
На пахаваньне, тым ня менш, паехаў. Але гэта нічога не зьмяніла.

Калі высьветліў, што стаў ня толькі ўдаўцом, але й багатым спадкаемцам, нават раззлаваўся. Тэстамэнт яна, бачыце, напісала. Пакінула мужу амаль усё, апроч дому, які пайшоў стрыечнай цётцы; хто б мог падумаць, што Ганна настолькі раўнівая. Вось табе куча грошай, мілы, але дом, які любіў замест таго, каб любіць мяне, ты не атрымаеш – зьеў? І ні ліста, ні нават разьвітальнай цыдулкі. Жыві цяпер, як дурань, не пагаварыўшы апошні раз, нечага вельмі істотнага не даведаўшыся і не зразумеўшы – пра Ганну, пра сябе і, відаць, пра жыцьцё.

Думаў: дзіўна, колькі часу хапала двух-трох спатканьняў на год, зусім не сумаваў безь яе ў перапынках, а цяпер, калі Ганна памерла, сьвет раптам апусьцеў і страціў – ня ўвесь сэнс, вядома, але вельмі важную ягоную частку. І да чаго тут нейкія бязглуздыя грошы.

Грошы аднак ад гэткіх разважаньняў нікуды не падзеліся. Спакойненька ляжалі на рахунку і чакалі сваёй гадзіны. Траціць іх не хацелася. І ўвогуле нічога. Нават працаваў упаўсілы, хутчэй па інэрцыі, а гэта ўжо абы-што. Сам ня ведаў, чаму так адбылося. «Крызіс сярэдняга ўзросту», - з разуменьнем казалі знаёмыя ды давалі тэлефоны добрых, правераных псыхатэрапэўтаў. Пару разоў нават схадзіў, хутчэй праз цікаўнасьць, чым у спадзеве атрымаць дапамогу. Усе як адзін псыхатэрапэўты аказаліся мілымі людзьмі, з гэткімі, відаць, прыемна сябраваць, сустракацца раз на тыдзень за келіхам віна, глядзець кіно, пляткарыць пра знаёмых, раіцца пра жыцьцёвыя справы, абмяркоўваць прачытаныя кнігі, некалькі разоў разам зьезьдзіць у адпачынак, разам арандаваць прасторны дом ля мора, па чарзе кіраваць аўтамабілем, ветліва вітацца раніцамі на агульнай кухні, спагадліва выбачаць дурацкія звычкі, якія раптоўна выявіліся, не раздражняцца, не раздражняць.    
Аднак вярнуць сэнс, які ці то страціўся, ці то адсутнічаў ад самога пачатку, гэтыя людзі не маглі. Хіба што, навучыць абыходзіцца безь яго. А гэта – не варыянт.

Думаў: маё жыцьцё зрабілася падобным да лета, праведзенага ў горадзе, калі працы як завязаць, і вечарынкі ледзьве ня кожную ноч, і, дапусьцім, яшчэ кінафэстываль, які нельга прапусьціць, і даўганогія дзяўчыны на вэрандах вулічных кавярняў зусім ня супраць пазнаёміцца, і кружышся ў гэтай вясёлай віхуры ды самаўпэўнена мяркуеш, што ты сам і ёсьць віхура, а потым апынаецца, што жнівень ужо на схіле, ночы зрабіліся доўгія ды халодныя, а падваконьне абсыпанае сухімі калючымі зорамі, якія нападалі зь неба. І было б нічога страшнага, але раптам узгадваеш, што ні разу ня выбраўся на рынак па сьпелыя вішні, нават у суседскім садзе ніводнай не сарваў, хаця кожны дзень праходзіў паўзь яго. І, здаецца, разумееш, што дробязь, вішня – гэта проста вішня, кісла-салодкая сэзонная ягада, звычайная ежа, што за блазнота, але крыўдна да сьлёз, таму што, калі не было вішань, дык і лета лічы не было, у ва ўсіх навокал было, а ў цябе – не, і ў перадапошні дзень жніўня гэтага ўжо ня выправіць, час няміласэрны, праехалі, баста.

Думаў: час няміласэрны, ад самага першага дня ён пачынае перамолваць нас у сваіх жорнах і ўжо ніколі не спыняецца. Напачатку дзейнічае асьцярожна, намагаецца не бянтэжыць, але ў нейкі момант дае сабе волю, нясецца як ёсьць духу – чаго цырымоніцца, усё адно нікуды не падзенецеся, прызвычайвайцеся, цяпер заўжды будзе так. І калі хрумст касьцей у яго жорнах робіцца настолькі гучным, што ўласнага голасу ўжо ня чуеш, гэта называюць «крызісам сярэдняга ўзросту» і даюць табе тэлефоны адмыслоўцаў. Звычайных людзей, гэткіх жа, як і ты, ужо перамеленых у пыл больш, чым напалову, чым яны могуць дапамагчы. Найлепшае, што можна зрабіць у такі момант – знайсьці які-небудзь захапляльны занятак, каб адцягнуць увагу ад невыноснага, якое нельга спыніць.

Думаў: а ў мяне ж такі занятак ёсьць. Заўсёды быў. Раней за працай ня толькі на час, на самога сябе забываўся. А цяпер яна, атрымліваецца, абрыдла? Ну не, так быць не павінна.
Стаў перабіраць нерэалізаваныя старыя задумы. Тыя, пад якія гэтак і не знайшоўся замоўца. Ясная рэч, найлепшыя. Але асаблівага энтузіязму не выклікалі і яны. І раптам узгадаў: ідэальны дом як сума пакояў, дзе чалавеку добра жылося. Сьмешная ідэя. Занадта простая канцэпцыя, занадта складаная рэалізацыя, дый каму гэта трэба. Зусім не ўяўляю такога замоўцы. Хто гэты псіх, што ў яго ў галаве творыцца?
Нечакана хіхікнуў: дык гэта ж я сам і ёсьць. Вітаю, віншую з цудоўным кантрактам. Адэкватны, падатлівы, багаты замоўца, які дакладна ведае, чаго хоча, дзе яшчэ ў нас такога знойдзеш. Пакажыце, пакажыце, колькі пакояў ў нас набярэцца?
Склаў спіс. Пакой у бацькоўскім доме, дзе жыў з раньняга дзяцінства да заканчэньня школы. Пакой у вялікай халоднай кватэры, якую здымаў яшчэ ў студэнцкія часы на траіх з таварышамі. Маленькая кватэрка-студыя на гарышчы, куды пасяліўся, як толькі атрымаў першую ў жыцьці працу. Іншая студыя, большая і значна даражэйшая, тыповая «стылёвая кватэра пасьпяховага халасьцяка» з глянцавага часопісу, куды пераехаў, як справы пайшлі ўгару. Кабінэт у доме Ганны, зь любоўю даведзены да поўнай дасканаласьці за некалькі дзён да таго, як давялося назаўжды адтуль зьехаць. Урэшце, сёньняшняе жытло, старанна прадуманае і абстаўленае, ідэальнае працоўнае месца, якое, на жаль, не дадае натхненьня, але імгненна прыводзіць галаву ў парадак, у якім бы жудасным стане розуму туды ні ўвайшоў, а гэта ўжо нямала.
Падумаў: гэта ж трэба, выходзіць, я быў досыць шчасьлівы паўсюль, дзе жыў. Добра, скажам «шчасьлівы», «нешчасьлівы» - што за катэгорыі, наўрад ці хоць хто яскрава ўяўляе, што гэта такое. Але ў мяне дакладна было вельмі добрае жыцьцё, а я, дурань, і не заўважыў. Ну хоць цяпер, па часе, пачаў нешта разумець. Шкада, вядома, што пражыць гэтыя дні зноўку, калі я дакладна ведаю, што яны былі цудоўныя, мне ніхто ня дасьць. Несправядліва. Нават на іспыце на кіроўцу машыны даюць дзьве спробы, а жыць ў любым выпадку складаней, чым кіраваць аўтамабілем. І там, на нябёсах, павінныя былі б разумець гэта.
Зрэшты, няхай будзе, як ёсьць. Не, дык не.

Падвёў рысу: па выніку, шэсьць асобных пакояў, адзін зь іх вуглавы, з двума вокнамі – на поўнач і на ўсход. Два – проста на поўнач, тры – на поўдзень, адзін з паўднёвых – з гаўбцом. Ха! Паспрабуй яшчэ знайдзі такое памяшканьне. Зусім нерэальная задача.
І ўрэшце адчуў сапраўдны азарт.

Тэарэтычна, існавала вельмі простае выйсьце: набыць надзел зямлі і пабудаваць дом зь невялікай колькасьцю пакояў і вакон. Але гэта апынулася няслушным. Усё жыцьцё жыў у буйных гарадах, у шматкватэрных дамах, хіба толькі дом Ганны стаў выключэньнем, але і ён стаяў на адной з цэнтральных вуліцаў, заціснуты паміж сьценамі суседніх будынкаў, і быў настолькі вялікі, што, пры жаданьні, можна было яго падзяліць паміж некалькімі сем'ямі.

Паварушыўшы галавою, вырашыў усё ж шукаць прыдатную кватэру. Шанцы невялікія, але тым лепш. Хай будзе накшталт лятарэі. Знойдзецца прыдатнае памяшканьне – добра. Ня знойдзецца, значыць, ня буду гэтым займацца. Прыдумаю нешта яшчэ.

Бяз Лайме, вядома, нічога б ня выйшла.
    Лайме быў прыяцель настолькі старадаўні, што яму ўжо даўно варта было б прысвойваць званьне сябра – за даўнасьць знаёмства. Лайме быў рыэлтар, ды ня просты, а залаты, як яйко казачнай курыцы, і паслугі ягоныя каштавалі адпаведна.

Патэлефанаваў яму, сказаў: патрэбная кватэра.
Абавязковыя патрабаваньні: шэсьць асобных пакояў, адзін зь іх вуглавы, з двума вокнамі – на поўнач і на ўсход. Два – проста на поўнач, тры – на поўдзень, адзін з паўднёвых – з гаўбцом. Падумаўшы, дадаў: і няхай будзе апошні паверх, усё жыцьцё жыў на самым версе, прызвычаіўся, што паміж мною і небам – нікога, глупа было б гэта ўсё мяняць... У якім горадзе? А ведаеш, амаль бяз розьніцы. Не, на іншы кантынэнт я ехаць пакуль не гатовы. Дзе-небудзь у Эўропе, паўночнай ці цэнтральнай, не люблю занадта сьпякотнае лета. Пачынай ад сталіцаў і проста вялікіх гарадоў з аэрапортамі, каб езьдзіць было зручна, у мяне ж заўсёды справы халера ведае дзе.
Амаль праз паўгода, калі ўжо пачаў падазраваць, што ўсемагутны Лайме паставіўся да замовы, як да мімалётнага капрызу, ня вартага часу ды высілкаў, той раптам узяўся рэгулярна назвоньваць, прапаноўваць варыянты. Некалькі абсалютна непрыдатных: ці то пакояў усяго пяць, ці то, наадварот, восем, то адзін зь іх вокнамі на захад, то ўсе на поўнач, то тры гаўбцы замест аднаго, нават глядзець ня мела сэнсу. І раптам, як агнём апякло: здаецца, у Вільні ёсьць дакладна тое, чаго шукаеш. Праўда, гэта не адна кватэра, а тры. Усе на адным паверсе, іншых суседзяў няма, агульны калідор аддзелены ад лесьвіцы дзьвярыма. Добры цагляны дом, дзесяць хвілінаў пешкі да Старога Гораду. Аднак улічвай, самая вялікая кватэра ў жудасным стане, там, уяві сабе, тры пакаленьні алькаголікаў ужо не адзін дзясятак гадоў жывуць вялікай дружнаю сям'ёю, нават каналізацыю дагэтуль не правялі, гэтак і ходзяць у вядро. Мой агент ледзь прытомнасьць ня страціў, калі туды ўвайшоў, бедны хлопчык; затое прададуць гэты кашмар за капейкі, ім абы каб хутчэй, пакуль за даўгі ня выселілі. Але ўладальнікі аднапакаёўкі, наадварот, загнулі зусім недарэчную цану, у Лёндане такую набыць будзе таньней. Іх суседзі ўжо два гады шукаюць пакупніка, а гэтыя ўвогуле не плянавалі зьязджаць, але калі зразумелі, што нам вельмі трэба, вырашылі, што гэта шанец азалаціцца. Ну, іхнае права... Глядзець будзеш? Усё ж Літва. Ня самы край сьвету, але адчувальны крок у тым кірунку. Ты хоць прыкладна ўяўляеш, дзе гэта?
Сказаў: так. Вельмі добра ўяўляю. Спытаў: калі можна глядзець? І замовіў квіток.

Горад апынуўся невялікі – з аэрапорту ў цэнтар ехалі ўсяго дзесяць хвілінаў, падоўгу прастойваючы на сьветлафорах – і нечакана абаяльны. Марыюс, мясцовы агент Лайме, шакаваў маладосьцю і румянасьцю, праз воблачныя прарэхі на зямлю пралівалася чыстае пэрлямутравае сьвятло, кветнікі і гаўбцы патаналі ў квецені, па вуліцах шпацыравалі дзяўчыны з празрыстымі вачамі русалак і важныя, сытыя, яскрава афарбаваныя каты.
Зьвярнулі на вуліцу Басанавічаўс, прыпаркаваліся насупраць старога цаглянага дому. Падымаючыся на трэці паверх, ледзь не аглохнуў ад грукату ўласнага сэрца – гэтак хваляваўся. Раптам жарсна захацелася, каб усё атрымалася – не калі-небудзь, невядома дзе, а тут і цяпер, кропка.
Уважліва агледзеў усе тры кватэры: трохпакаёўку, двухпакаёўку і прасторную сьветлую студыю, крыху падобную да ягонага жытла часоў знаёмства з Ганнай. У суме - шэсьць асобных пакояў, адзін зь іх вуглавы, з двума вокнамі – на поўнач і на ўсход. Два – проста на поўнач, тры – на поўдзень, адзін з паўднёвых – з гаўбцом. Тое, што трэба.

Пакуль вырашалі фармальнасьці з пакупкамі, з раніцы да ночы бадзяўся па горадзе, мяркуючы, што потым будзе не да шпацыраў. Вельмі ж ужо шмат працы наперадзе. Чароўнай, захапляльнай, цяжкай працы. Дзякуй, Божа, якое шчасьце.
Пасяліўся ў маленькім гатэлі крок ступіць ад свайго будучага дому; як толькі вызвалілася студыя, пераехаў туды. Пачаў спаць па дванаццаць гадзінаў. Такія добрыя сьніліся там сны, што ня спаць, пакуль не пачалася праца, здавалася марнатраўствам. Але ўсё ж даводзілася – прынамсі паўдня. Зрэшты, чаго наракаць, чалавек, які ня сьпіць, хоць і скаваны па руках ды нагах ланцугамі прычынава-выніковых сувязяў, а ўсё роўна можа спусьціцца ўніз з узгорку ў Стары Горад, дайсьці да месца перасячэньня дзьвюх рэк, вялікай Вяльлі ды малой Вялейкі, дзе, згодна зь легендай, калісьці пераначаваў князь Гедымін, сасьніў жалезнага ваўка і гэтак уразіўся, што пачаў будаваць горад. Сядаў проста на траву, глядзеў на плынь вады, думаў: хіба што, я б і сам пабудаваў тут горад, калі б князь не апярэдзіў мяне, падбухтораны ваўком. І слушна зрабіў, добра ў іх з ваўком выйшла, малайцы, што тут скажаш.
Гадзінамі блукаў на Старым Горадзе, разглядаў дамы, хітрасьцю патрапляў у замкнёныя двары ды пад’езды, глядзеў, замалёўваў, запамінаў. Убіўся ў ласку да студэнтаў Мастацкай Акадэміі, знайшоў між іх знаўцу таемных пралазаў на гарадскія дахі. Быў удзячным экскурсантам, усьмешлівым ды маўклівым, гладзіў цёплую ад сонца старую дахоўку, пазіраў на горад з вышыні вераб’інага палёту, абдымаўся з комінамі, расчулена шаптаў нічыйным катам: “Мы з табой адной крыві”. Каты, здаецца, пазнавалі цытату і паблажліва матлялі галовамі ў адказ. Думаў – каму як ня мне разгадаць таямніцу прывабнасьці гэтага гораду, вывесьці формулу ягонай някідкай, невідавочнай прыгажосьці, што гэтак дурманіць кроў? Але хутка зразумеў: гэта нікому, ніколі ня ўдасца. І мне таксама. Няхай будзе так.
Падоўгу сядзеў у кавярні, купляў сьпецыі і гарбату ў крамах, хадзіў па мёд ды маліны на маленькі кірмаш ля ракі, які працуе толькі ў чацьвер. Імкліва абзаводзіўся звычкамі, абрастаў рэчамі ды знаёмымі, пускаў карані. Пасьмейваўся зь сябе – глянь ты, спахапіўся – але ў глыбіні душы быў задаволены.
Маленькая бабулька на кірмашы шэптам прапанавала набыць самаробныя “пантофлі для сну” зь мяккага лямцу. Патлумачыла: у іх на падэшвах асаблівыя знакі, каб пакідаць выразныя адбіткі ў любым, самым цьмяным сьне. Вельмі карысна для таго, хто хоча гарантавана прачнуцца ва ўласнай пасьцелі, што б ні прысьнілася. Зьдзівіўся настолькі мудрагелістай фантазіі, але пантофлі набыў. Казаў сабе, што проста захацеў дапамагчы бабульцы, падтрымаць ейны незвычайны бізнес. Аднак спаць бяз гэтых лямцавых тапачак з таго моманту ня клаўся. Надта ж цёплыя яны апынуліся. Удалы набытак.

Калі ўпершыню зьехаў зь Вільні па справах, адчуваў сябе так непрыкаяна, што вярнуўся, як толькі дазволілі абставіны, то бок, на тры дні раней за вызначаны тэрмін, зь лішкам пераплаціўшы за зваротны квіток, з дзьвюма нязручнымі перасадкамі, у Вене ды Рызе, няважна, абы хутчэй дадому.
Дадому. Ну нічога сабе.

Урэшце зьехалі апошнія жыхары. Можна было пачынаць працу.
Самы час. Сілаў раптам зрабілася столькі, што хадзіў, амаль не кранаючыся зямлі, апераджаў уласнае адлюстраваньне ў вітрынах, а пустую кавовую філіжанку ставіў на стол за колькі сэкундаў да першага глытку. Працоўныя, нанятыя, каб разбураць старыя сьцены і ўзводзіць новыя, набліжаючы памеры пакояў да далёкіх узораў,сьцьвярджалі, што бос валодае скрайне непрыемнай для наёмнай асобы здольнасьцю знаходзіцца ў двух памяшканьнях адначасова і пры гэтым ясна бачыць, што робіцца ў трэцім.
Спагадліва пасьмейваўся, слухаючы іх нараканьні, але літасьці не даваў нікому. Найперш – сабе.

Як і меркаваў ад пачатку, найцяжэй было зь дзіцячым пакоем. Адныя шпалеры чаго былі вартыя.
Гэтыя зялёныя шпалеры прывёз у падарунак дзядзька зь Нямеччыны. На шпалерах былі намаляваныя вялізныя мухаморы, ператвораныя ў жылыя дамы – зь дзьвярыма, вокнамі, комінамі, якія тырчаць з капелюшоў. Насельнікі грыбных жытлаў – тоўстыя вожыкі ў атласных безрукаўках, іх жонкі ў крухмальных фартухах, салідныя зайцы ў сурдутах, зайчыхі ў легкадумных каптурах са стужкамі, франтаватыя божыя кароўкі ў кацялках ды нязграбныя конікі ў акулярах – вызіралі з-пад карункавых фіранак, палілі люлькі на ганку, ладзілі пікнікі ў дварах ды скакалі на крывых сьцежках між гіганцкіх рамонкаў. Паспрабуй яшчэ знайдзі такую прыгажосьць праз сорак гадоў.
Доўга спадзяваўся на цуд, паставіў на вушы кучу знаёмых з розных краінаў, але нічога падобнага да шпалераў з грыбнымі дамкамі гэтак і не знайшоў. Давялося паляваць эскіз па памяці. Прыкладна празь месяц стала атрымлівацца больш-менш падобна, але ўсё роўна выразна ня так – ці то колеры, ці то прапорцыі, ці то выраз заечых мордаў. А хутчэй за ўсё, усё адначасова.
Толькі і думаў, што пра гэтыя шпалеры. Кожны вечар перад сном, як бы ні стаміўся за дзень, паціху калупаў эскіз. Крыху зь сябе насьміхаўся, выдумляў жартаўлівыя праклёны нябожчыку ўжо дзядзьку – ну, дагадзіў ты пляменьнічку сваім падарункам! Каб табе зараз да Страшнага Суду з тоўсьценькімі зайчыхамі скакаць на ўзьлеску. І пазьней, згодна з выракам. Райскія шаты строгага рэжыму – вось што цябе чакае, шчасьлівец.
Са спадзевам на падказку скупляў на інтэрнэт-барахолках старыя нямецкія паштоўкі, часопісы, ілюстраваныя дзіцячыя кнігі тых гадоў і іншае настальгічнае сьмецьце.


Падказка нечакана зьявілася ў сьне. Шмат разоў чуў гісторыі пра тое, як розныя людзі знаходзілі ў сьне рашэньне складаных задачаў, паціскаў плячыма – якая лухта. І раптам прысьніліся белыя дзьверы дзіцячага пакою, карычневы лінолеум, тоўстая фіранка колеру чырвонай охры, няроўны край тонкай цюлевай гардзіны, нізкі драўляны ложак, засьцелены раней сінім, а цяпер выцьвілым да пахмурна-блакітнага покрывам. У куце вялікая картонная скрыня, пафарбаваная ў чырвоны колер – для цацак, і яшчэ адная, сіняя, для кніг. Ля вакна стары двухтумбавы пісьмовы стол зь цёмнага дрэва, занадта вялікі для дзіцяці, працаваць за ім стала зручна толькі за пару гадоў да сканчэньня школы.
На адной з шуфлядаў стала авальная пераводная карцінка, сур'ёзная дзяўчына з блакітнай стужкай у каштанавых валасах. Са зьдзіўленьнем узгадаў: а мы ж некалі зь ёй сябравалі, аніводнага сакрэту ў мяне не было ад гэтай дзеўкі, і як жа яна ўмела суцяшаць, дарма што ні слова не казала. Доўга думаў, яна – фея з чароўнай краіны, адмыслова пасялілася ў стале, каб скласьці мне кампанію, такая малайчына. На адной са сьценаў – паўтузіна самаробных папяровых марыянэтак, іх малявалі ды клеілі разам з бацькам. Гэта ж трэба, зусім забыўся, а найважнейшая ж дэталь, як і дзяўчына з блакітнай стужкай. А думаў, праблема толькі са шпалерамі.
Прачнуўшыся, кінуўся маляваць, пакуль не забыўся. Зрокавая памяць заўжды была ўчэпістая, некаторыя калегі зайздросьліва казалі: «фэнамэнальная», але тут усё ж сон, а сны раней не запамінаў ніколі, нават у агульных рысах, ня тое што ў дэталях.
Адарваўся ад паперы, толькі ўсьвядоміўшы, што конча трэба ў прыбіральню; вярнуўшыся, паглядзеў на гадзіньнік і войкнуў: чатыры гадзіны вечару. А падскочыў жа на золку. І нават кавы не пасьпеў выпіць.
Нарыс шпалераў аднак выглядаў цалкам здавальняльна, а марыянэткі – наогул ідэальна, хоць бяры ды вырэзвай. Сказаў ўслых: «Ну, пайшла справа». Вельмі ціха сказаў, хаця цягнула верашчаць ад захапленьня, па пояс высунуўшыся ў вакно.
Так і зрабіў, але праз паўгода, атрымаўшы ўзор надрукаваных шпалераў. Яны былі ня проста «як сапраўдныя», а самыя сапраўдныя. Гэта здавалася цудам, насамрэч, гэта і было цудам, таму, трыумфуючы, адкрыў акно і парушыў спакой зімовага паветра трохразовым «ура».
Мінакі, зрэшты, былі прыкладам далікатнасьці. Ніхто нават галавы не задзёр, каб падзівіцца на крыклівага вар’ята. І ніводнае воблака пару, які клубіцца ля твару ў марозны дзень, ня выгнулася пытальнікам. Падумаеш, захопленыя галёканьні, некаторыя і ня гэтак шалеюць.

Далей было прасьцей. Нават стары перавадны малюнак, дзяўчына з блакітнай стужкай, знайшоўся ў дзядулькі-калекцыянера, які нудзіўся на ўскрайку блышынага рынку. Там жа ў сваю чаргу аб'явілася і сіняе покрыва, дакладная копія бацькоўскага; дапамагчы яму яшчэ больш выцьвісьці ды састарыцца – справа тэхнікі, няма тут пра што гаварыць. Стол змайстравалі паводле нарысу, а занудны карычневы лінолеум знайшоўся ў краме будматэрыялаў на ўскраіне, пашанцуе дык пашанцуе.
Самаробныя марыянеткі былі гатовыя яшчэ задоўга да паклейкі шпалераў. Але вешаць іх на сьцяну адразу ня стаў, паклаў у шафу. Раптам вырашыў – будзе здорава, калі праца над усімі пакоямі завершыцца адначасова. Гэта проста, заўсёды знойдзецца якая-небудзь істотная дэталь, якую можна прыхаваць, а потым, у самы апошні дзень, паставіць на на вызначанае месца. Глузду не прыставіў, навошта гэта трэба,але быў задаволены, што зноўку стаў слухацца інтуіцыі, якую ў юнацтве небеспадстаўна лічыў найважнейшай вартасцю, а потым неяк незаўважна ці то страціў, ці то проста развучыўся вылічаць у шматгалосым унутраным шуме.

Па выніку, праца над дзіцячым пакоем заняла больш за год – з перапынкамі на іншыя справы, якіх, зрэшты, рабілася ўсё менш. Сумленна завяршаў старыя абавязаньні, а новых намагаўся пазьбегчы. Ідэя займацца кватэрай на вуліцы Басанавічаўс, як калісьці Ганьніным домам, у вольны ад асноўнай працы час цяпер пачала здавацца бязглуздай. Бо варта было пачаць, і адразу стала зразумела, якая праца ў нас сёньня «асноўная». І добра, што так.
Зь іншымі пакоямі было значна прасьцей, чым зь дзіцячым пакоем – у тым сэнсе, што яны ахвотна сьніліся па меры неабходнасьці, ды й яшчэ ў патрэбным ракурсе – глядзі, запамінай. З радасьці пачаў марыць пра магчымасьць браць з сабой у сон нататнік ды аловак, але не атрымалася. Хоць ля галавы іх кладзі, хоць за пазуху хавай – ня сьняцца, дый годзе.
Зрэшты, і так чаго наракаць. Калі б ня гэтыя сны, наўрад ці б узгадаў усе плякаты ды афішы, якімі абклеіў дзьверы свайго студэнцкага пакою. І якая блазенская аранжавая коўдра з жырафамі, аказваецца, ратавала ды грэла ўсе гэтыя гады; коўдру, дарэчы, таксама давялося рабіць на замову, унікальная апынулася рэч.
І малюнкі сяброў на адмыслова загрунтаваных дзеля гэтага сьценах мансарды таксама, як высьветлілася, памятаў толькі ў агульных рысах. І вялікія яскравыя плямы быццам пралітай фарбы, якімі дэкараваў там падлогу ды мэблю, таксама наўрад ці ўзнавіў бы. І цалкам вылецела з галавы, што, скажам, у «стылёвай кватэры пасьпяховага халасьцяка» паўсюль валяліся папяровыя самалёцікі, якія круціў тады, задумаўшыся, у прамысловых маштабах, з усяго, што траплялася пад руку. А на падваконьні кабінэту ў Ганьніным доме сядзеў мядзьведзік з тканіны, пашыты з абрэзкаў. Ганна пастаянна майстравала такіх мядзьведзікаў, казала, што гэта яе супакойвае. Нясьпешна, удумліва падбірала колеры і ўзоры, набівала мядзьведзікаў сухімі травамі, якія зьбірала ў парку і ўвогуле пры любой зручнай нагодзе, таму ў ейнай спальні заўжды пахла канцом лета, сонечным пылам сьпякотнага жнівеньскага поўдня і сьвежасьцю першых халодных начэй. І наколькі ж шкада, што нельга зь ёй пра ўсё гэта пагаварыць – цяпер калі ўвесь сьвет, уключна з Ганнай ды ейнымі мядзьведзямі з матэрыі, стаў раптам зусім незразумелай, але страшэнна важнай штукай, шпіёнскай шыфроўкай з інструкцыямі, ключ да якой незваротна страчаны. Сядзі цяпер, гадай, што табе хацелі сказаць, эх ты, размазьня.



Знаёмыя, вядома, непакоіліся. Дакладней, цікавіліся. Распытвалі – хто далікатна, хто бесцырымонна: куды ты зьнік? Што з табой здарылася? Чаму засеў у Вільні? Чым можна так доўга займацца ў гэтай дзіры? Мёдам табе там намазана?
Гаварыць праўду – справа няўдзячная ды нудная. Асабліва калі сам яе да канца ня ведаеш. На ўсім сьвеце не было нікога, каму можна было б распавесьці пра шэсьць асобных пакояў, адзін зь іх вуглавы, з двума вокнамі – на поўнач і на ўсход. Два – проста на поўнач, тры – на поўдзень, адзін з паўднёвых – з гаўбцом. Хіба што той журналістцы ў блакітнай шапачцы. Ды дзе яе цяпер знойдзеш. Таму казаў, што знайшоў сабе тут сяброўку, каханьне ў мяне, з усімі здараецца, ну.
Па вялікім рахунку, пра каханьне – чыстая праўда. А падрабязнасьці нікога ня тычацца.
Небеспадстаўна спадзяваўся, што правяраць яго ніхто не заявіцца. У гэтым сэнсе кватэра ў Вільні выгадна адрозьніваецца ад, скажам, дому ў Правансе, купіўшы які, з жахам адкрываеш для сябе, што ў цябе раптоўна зьявілася занадта шмат блізкіх сяброў, і ўсе яны жудасна засумавалі.
Ніхто й не заявіўся.

Праца заняла амаль што пяць гадоў. Толькі калі яна наблізілася да канца, ўрэшце ўсьвядоміў, што ўзяўся за зусім немагчымае. І нейкім чынам зрабіў гэтае самае немагчымае – не абстрактныя фантазіі на тэму сваіх былых жытлаў, а іх дакладныя копіі, самому ня верыцца.


Бяссэнсоўна запытваць ў сябе: і навошта гэта было патрэбна? Калі робіш немагчымае, адказ на пытаньне «навошта» відавочны: каб было. Таму што менавіта немагчымым жывы чалавек, што б ён сам ня думаў.
Вось і стараўся наогул ня думаць, толькі рабіць, працаваць, душы паслухаючы, цешыцца, што атрымліваецца, уставаць, падаць на пасьцель, бачыць сны, прачынацца шчасьлівым і зноўку працаваць, удыхаць, выдыхаць, быць.

У першы дзень лета цьвёрда сказаў сабе: “гатова”. Павесіў марыянэтак у дзіцячым пакоі, наклеіў плакат «Led Zeppelin» на дзьверы студэнцкага пакою, намаляваў яскравую жоўтую кляксу на падлозе маленькай студыі. Згарнуў папяровы самалёцік зь цёмна-сіняй сурвэткі, пасадзіў на падваконьне мядзьведзіка з тканіны. У апошнім пакоі павесіў люстраны шар, які прыдбаў, калі засумаваў па Ганьніным коціку – дзеля сонечных зайчыкаў. Зь іх, тэарэтычна, мусілі атрымацца цудоўныя хатнія любімцы, што забаўляюць ды не абцяжарваюць.
Падміргнуў свайму крывому шчакастаму адбітку – ну вось і ўсё. Адбітак падміргваць ня стаў. Захоўваў сур’ёзнасьць, глядзеў уважліва, выпрабоўвачы, быццам спрабаваў разабрацца, чыім двайніком з’яўляецца, і ці задавальняе яго такая хада падзеяў.
Раптам спалохаўся. Сам добра ня ведаў, чаго. Але гэтак моцна, што выскачыў на вуліцу, не пераапрануўшыся, добра хоць куртку машынальна схапіў у калідоры. Гаманец у адной з кішэняў дазволіў пазбавіцца ад бруднай працоўнай вопраткі ў найбліжэйшай краме, бо невядома, як бы стаў выкручвацца. Ня факт, што змог бы прымусіць сябе вярнуцца ў дом хаця б за грашамі ды дакумэнтамі.



Дзьве ночы правёў у гатэлі, першую амаль ня спаў, на другую ўгаварыў сябе прыняць снатворнае, упершыню за апошнія пяць год. Пакуль спаў, страх зьнік бясьследна, таму нараніцу ўжо ня здолеў зразумець, чаму зьбег са свайго ідэальнага дому, замест таго, каб сядзець там і сьвяткаваць завяршэньне працы. Ператаміўся пад канец – вось адзінае разумнае тлумачэньне.
Пасьнедаўшы, вярнуўся на вуліцу Басанавічаўс. Зайшоў у дом, падняўся на свой трэці паверх. Абыйшоў усе пакоі, не адчуваючы ні страху, ні весялосьці, а толькі спакойнае задавальненьне чалавека, які сумленна папрацаваў. Зрабіў, і добра. Цяпер можна проста жыць.
Увечары доўга думаў, у якім з пакояў сёньня начаваць. Гэтак і ня здолеў выбраць, таму кінуў кубік. Вельмі зручна: шэсьць граняў, шэсьць пакояў, нумарацыя ў храналягічным парадку, можна не ламаць галаву.
Выпала адзінка – значыць, у дзіцячым пакоі. Вырашыў, што гэта лагічна.
Доўга шукаў пантофлі для сну, але гэтак і не знайшоў. Няўжо выкінуў разам са сьмецьцем? Зрэшты, чаго яшчэ чакаць ад чалавека, які ўсяго пару дзён таму кідаўся ад уласных адбіткаў.
Лёг спаць босы.

Калі прачнуўся, пакой быў заліты сонцам. Нейкі час качаўся пад коўдраю, радуючыся магчымасьці ўставаць, калі захочацца, а не па будзільніку – вось што значыць лета! Разглядаў малюнкі на шпалерах. Калі глядзець на іх дастаткова доўга, зьвяркі пачынаюць рухацца, хадзіць па сьцежках, вітацца з суседзямі, распальваць люлькі. Лепш за любы мультфільм.

Ляжаў на сьпіне, тварам угору, скасіўшы вочы гэтак, каб бачыць сьцяну, і тоўстыя вожыкі ўжо былі пачалі прытанцоўваць на ўзьлеску, калі ўнізе, у двары, нязладжана, рознымі галасамі закрычэлі: «Ты калі выйдзеш?» Устаў, падыйшоў да расчыненага насьцеж вакна, крыкнуў у адказ: «Праз паўгадзіны».

 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Вельмi, вельмi спадабалася! Буду чакаць iншых казак!)

+2
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце