Блог

Макс Фрай. Казкі старой Вільні. Казка Трэцяя

Medium?1365506961

Вуліца - ня вуліца, перашыек, апэндыкс. Самае месца для правалаў у рэчаіснасьці, сутыкненьняў рэальнасьцей. Гэта ты прыдумаў мяне, ці я - спарадзіла цябе сілаю думкі? Ці ўвогуле нічога не было? Чытайце ў новай казцы.

 

 

Вуліца Бэатрычэс (Beatričės g.)

Белы чалавек

Яшчэ раніцою ведаў, што сёньня ўсё атрымаецца.

***

Сёньня ўвечары, - піша Ганна, - я ішла дадому па вуліцы Бэатрычэс; гэтак жа, уласна, як заўсёды. Яна, калі памятаеш, зусім караценькая, усяго адзін квартал. І там амаль што на рагу, з правага боку, калі ісьці ад кветкавага рынку, ёсьць кавярня, зусім бязглуздая, цярпець яе не магу, нават назвы дагэтуль не запомніла. Дакладней, наогул яе ня ведаю, бо наўмысна не гляджу на шыльду. Кожны дзень побач праходжу і заўсёды адварочваюся, каб выпадкова не прачытаць, быццам не хачу заводзіць неналежнае знаёмства, шчыра кажучы, зусім як дзіцё, самой сьмешна.

Летам у кавярні зьяўляецца гэтак званая вэранда. То бок, гаспадары выносяць на вуліцу некалькі плястыкавых сталоў, вешаюць над уваходам вялікі тэлеэкран, і людзі з ваколіцаў, найбольш простыя, спаўзаюцца глядзець спартовыя праграмы пад піўко. Зусім цудоўнае робіцца месцайка, хоць ты кожны дзень рабі крука па ўзьбярэжжы, абы побач не хадзіць.

Экран прыбралі яшчэ на пачатку кастрычніка, а столікі чамусьці пакінулі знадворку, але там усё адно ніхто не сядзіць. Кава ў іх, мяркуючы па паскудным паху, які бруменіцца са шчылінаў, ядавітая, а піць піва на вуліцы ўжо занадта халодна, ды й тэлевізар з футболам цяпер унутры. Ці з баскетболам? Ай, няважна.

Час ад часу нехта з заўсёднікаў выскоквае папаліць, прысаджваецца на краёк зэдліка, нават ня змахваючы вільготнага лісьця, а яно ўсё падае ды падае, і вецер яго чамусьці не кранае, таму мэблі ўжо даўно не відаць пад пахкімі сумётамі прэлага золата, і гэта, шчыра кажучы, да лепшага. Ня варта ўражлівым людзям лішні раз на рудыя плястыкавыя мошчы глядзець. Цалей будзем.

Дык вось.

Сёньня ўвечары на вэрандзе гэтай бяссэнсоўнай кавярні сядзеў чалавек. Дакладна не адзін з заўсёднікаў. І наогул не «адзін з» - каго б ні мелі на ўвазе. Адзіны такі наогул. Такі, што хоцькі-няхоцькі, а зьвернеш увагу. Ці то надта смуглявы, ці то проста апалены, пры гэтым – яскравы бляндын. У белым, уяві сабе, палітоне. Ты калі ў апошні раз бачыла мужчыну ў белым палітоне? Вось і мне неяк не прыгадваецца.

І такі казачна цудоўны апалены бляндын у белым палітоне сядзеў ля піўнога гадзюшніку на Бэатрычэс, на плястыкавым зэдліку, дакладней у кучы жоўтага лісьця, як у гнязьдзе. І са стала лісьця ня зьмёў, проста на яго паставіў ноўтбук, такі ж бялюткі, як паліто, з выгляду – навюткі, толькі што з упакоўкі. І сам ён увесь, поўнасьцю таксама быў быццам бы толькі з упакоўкі; справа нават ня ў тым, што чысьценькі і адпрасаваны, а проста твар такі, быццам чалавек за ўсё жыцьцё яшчэ ніводнай дрэннай думкі падумаць не пасьпеў, ніводнай непрыемнасьці перажыць, нават ніводнага раздушанага машынай голуба на бруку ня бачыў. І наогул нічога, апроч жоўтага лісьця, хрызантэмаў у квецені і, скажам, пенкі ад капучына. Якая, магчыма, напачатку яго зьбянтэжыла. Але ненадоўга.

Я вось цяпер перачытала напісанае. І разумею, што мае намаганьні апісаць незнаёмца выглядаюць досыць бездапаможна. Але што паробіш, калі чалавек з кавярні на Бэатрычэс быў менавіта такі. То бок, такое было маё ўражаньне, а як там усё на самой справе, мы з табой наўрад ці калі даведаемся.

А зараз – самае цікавае.


 

Я, вядома, прайшла міма, як нічога ніякага. І радая б пастаяць, паглядзець на гэткае дзіва, рот разявіўшы, як вясковая дурнічка, але ў мяне не было з сабою ні ледзянца на палачцы, ні лялькі з ласкутоў, якую ў гэткіх выпадках прынята трымаць за нагу, дый на галаве не было хусткі; у гэткіх абставінах дзівіцца, разявіўшы рот, было б грубаю стылістычнай памылкаю.

Але ў апошні момант я ўсё ж азірнулася паглядзець, што ён там піша. Не, ну праўда, я б локці скусала, каб не скарысталася з такога шанцу. Я ж дальназоркая, ты ведаеш, таму зусім ужо віснуць над ягонай галавой не давялося. Прайшла пару крокаў, хуценька азірнулася, зірк – і ўсё.

І паслухай толькі, паслухай! Ты мне, відаць, не паверыш. Я б на тваім месцы дакладна вырашыла – выдумляе. Але што хочаш, тое і рабі, а гэты дзівосны белы чалавек пісаў пра мяне. Маўляў, міма праходзіць рыжая жанчына ў сінім палітоне, ёй вельмі пасуе прыцемак, - больш я нічога не змагла разабраць. Але ж! Ты ўяўляеш?! Вооось.

Дзеля гэтай фразы я табе ўсё і распавядаю, проста немагчыма стрымацца, такіх камплімэнтаў мне ў жыцьці не рабілі. Прыцемак пасуе, гэта ж трэба, а. Мне бясспрэчна падабаецца быць жанчынай, пра якую такое напісалі. Усім цяпер буду распавядаць, нікога не пашкадую. Але ты, вядома, самая першая ахвяра.

Перачытала напісанае. Засталася ня надта задаволеная. Магла б што-небудзь цікавейшае прыдумаць, шчыра кажучы. Зь іншага боку, перапісваць ужо няма калі, а ў нашым выпадку лухта лепш, чым нічога.

Калі кожны дзень пішаш доўгія лісты лепшай сяброўцы, якая вось ужо другі месяц ляжыць у шпіталі, фантазія паступова пачынае вычэрпвацца. А калі распавядаць толькі пра тое, што адбываецца насамрэч, сапраўды цікавых падзеяў і моцных уражаньняў, у найлепшым выпадку, за тыдзень назбіраецаа на пару-тройку складаназлучаных сказаў. І тое ня факт.


 

Звычайна Ганна піша лісты па вечарах і адпраўляе іх гадзіне а дзявятай-дзясятай. Гэтак дамовіліся. Руце падабаецца чытаць ейныя пасланьні перад сном, калі ў палатах гасяць сьвятло, у жоўтым вязкім паветры калідораў, як здохлыя мухі ў павуціньні павісаюць прыглушаныя сьценамі стогны ды ўсхропваньні, а ў галаву лезуць такія думкі, што і здаровага чалавека цалкам маглі б загубіць. І тут, вядома, тэлефон робіцца адзінаю – не забаваю нават, а натуральна выратаваньнем. З умовай, што ў паштовай скрыні знойдзецца ліст. Хаця б адзін. Пражытачны мінімум.

Ну і Ганьне значна прасьцей пісаць увечары, бо можна хоць неяк апірацца на падзеі дня. Перакручваць іх да непазнавальнасьці, ператвараючы будзённыя справы ў амаль-прыгоды. Скажаць плёткі пра калег, пераказваць падслуханыя ў кавярнях ды тралейбусах чужыя размовы; на благі канец, можна балбатаць пра надвор’е, эксцэнтрычных бабулек з кветкавага кірмашу і стракатых дваровых котак, галоўнае – ня злоўжываць гэтым удзячным матэрыялам, а то Рута зусім занудзіцца.

Аднак сёньня ўвечары Ганна чакае гасьцей. Хутчэй за ўсё, заседзяцца да глыбокай ночы, бо заўтра субота, і нікому ня трэба сьпяшацца. У такіх акалічнасьцях адцягнуцца на пару хвілінаў, адправіць ліст яшчэ можна, а напісаць – ужо не. Таму давялося выдумляць пасланьне Руце раніцою, з гэтай нагоды Ганна нават устала ажно на паўгадзіны раней, і калі гэта ня подзьвіг у імя сяброўства, то што тады подзьвіг.

Раніца – бясспрэчна ня мой час, маркоціцца Ганна. Падняцца, сяк-так расплюшчыўшы адно вока – гэта я яшчэ неяк магу. Адвесьці сябе ў душ, не ўпусьціўшы па дарозе, прасачыць, каб кава ня зьбегла на край зямлі, захапіўшы з сабою прабабулін сапфірны пярсьцёнак ды семсот літаў, адкладзеныя для кватэрнай гаспадыні – дапусьцім, таксама цалкам магчыма. Апрануцца – ды без праблем, хаця пару разоў выходзіла з дому ў тапачках, а аднойчы ўмудрылася забыцца на спадніцу, добра, што спахапілася яшчэ ў пад'езьдзе. Але з творчымі парывамі справы раніцою, скажам шчыра, ідуць няважна. Нейкія яны – э-э-э-э... – ня надта парывістыя. І вынік адпаведны.

У наступны раз трэба проста напісаць два лісты зьвечара, думае Ганна. Ці нават тры, каб заўсёды быў запас. Чаму ўчора ня скеміла? Балдааа.


 

***


 

Яшчэ раніцою ведаў, што сёньня ўсё атрымаецца.

Спаў амаль да поўдня, хаця ўчора адмыслова ня сталі заседжвацца дапазна за гутаркай, каб падняцца параней. Але такія чароўныя сьніліся на новым месцы сны. Ужо амаль забыў, што так бывае – некалькі цудоўных жыцьцяў можна пражыць за адну-адзіную ноч, а потым, прачнуўшыся ад гуку званоў на золку, не выбіраючыся з-пад коўдры, працягнуць руку да стала, выпіць поўны кубак густой ад холаду вады, заплюшчыць вочы, і пражыць усе гэтыя жыцьці яшчэ раз, толькі лепш, другая спроба – вялікая штука. І, зноўку прачнуўшыся, ляжаць на сьпіне, з асалодаю ўзгадваючы падрабязнасьці, смуткуючы пра пакінутых па той бок сябрах і каханых, цешачыся ад думкі, что яны-то ўжо дакладна несьмяротныя, думаць: я да іх калі-небудзь вярнуся. Рана ці позна вярнуся, усё астатняе – няважна.

Думаць: але гэта ўсё я, вядома ж, запісваць ня буду.

І цалкам дакладна ведаць: гісторыя, якую, у адрозьненьне ад сноў, будзе можна і нават трэба запісаць, ужо недзе побач. Магчыма, проста за дзьвярыма. Чакае, калі я апрануся, вып'ю кавы і пайду некуды сьнедаць, каб там, на вуліцы, наскочыць на мяне з-за першага лепшага рогу.

Значыць, лепш бы мне пасьпяшацца.


 

Усё гэта было настолькі хораша ў параўнаньні з тым, што яшчэ ўчора лічыў сваім жыцьцём, і нават без аніякіх параўнаньняў – настолькі добра, што сьмяяўся, умываючыся, пырскаў гарачаю вадою ў твар свайму ашалеламу спрасоньня адлюстраваньню. Яно сяк-так ухілялася. Абодва былі цалкам шчасьлівыя, чаго ўжо там.


 

Пасьнедаць забыўся, увесь дзень наразаў па незнаёмым горадзе дзівосныя зігзагі, быццам яго вёў не адзін, а вялікая кампанія мясцовых чарцей, якія даўно забыліся ўсе гарадскія маршруты і на кожным другім павароце нястройным хорам ускрыкваюць: о-о-о-о-о-о, а гэта што ў нас за вулачка такая? Адкуль узялася? Нішто сабе!


 

Падбухтораны гэтымі ж чарцямі, колькі разоў піў цудоўную каву ў маленькіх непрыкметных забягалаўках, зьеў бездакорны піражок з тварагом і грушай у паўцёмнай кандытарскай на адной з цэнтральных вуліцаў; празь некалькі гадзінаў ізноў зайшоў у гэтую кандытарскую, быццам упершыню, набыў гэткі ж піражок і падумаў: здаецца, гэтак ужо аднойчы было – паўзмрок, хрумсткая корачка, бясхвостая драўляная кабылка ў куце ля ўваходу, вільготная салодкая начынка, пяцілітавая манэтка на зялёным сподачку. Дакладна было. Некалі вельмі даўно. Ці ўва сьне?

Вядома, ува сьне.

Спаў наяве, што, на шчасьце, ніколькі не перашкаджала абмінаць перашкоды, ветліва ўсьміхацца дзяўчынам у кавярнях, рэгулярна пісаць смс: «Усё добра, гуляю», - і нават дарогу пераходзіць у дазволеных месцах, паглядзеўшы па баках, спачатку налева, потым направа, як у дзяцінстве вучылі.

Сказаць, што думаў на хаду, было б няпраўдай. Хутчэй, пераставаў думаць, адключаў унутраныя галасы адзін за другім, атрымліваў асалоду спачатку ад кароткіх паўзаў, а пасьля – ад штораз даўжэйшых прамежкаў цішыні, поўнай, ці амаль. І, калі лістападаўскае паветра ўжо пачало шарэць і згушчацца, прадказваючы хуткі змрок, спыніўся, як аслупянелы, бо на мяжы сьвядомасьці і неапісальнай вобласьці гарачай, дрыготкай цемры, якая зьмяшчаецца – заўсёды ведаў гэта зусім дакладна – на вывараце сэрца, замаячыў смутны пакуль, але цёплы і шчыльны сілуэт, ня здань, ня мроя, не капрыз фантазыі. Жывое, ня выдуманае стварэньне, за якое дакладна можна ўчапіцца, бо дзеля гэтага яно й прыйшло, каб ты схапіў яго абедзьвюма рукамі, трымаў моцна-моцна ды не адпускаў. Ніколі, ні за што.

Прайшоўшы яшчэ некалькі кварталаў, зразумеў, што стварэньне – кабета. На вока, гадоў трыццаці, ці каля таго. Дакладна рудая. Зь мядовымі, пад колер валасоў вачамі. Цяпер, позьняй восеньню, яна носіць змрочна-сіняе паліто да зямлі, цяжкае, але страшэнна элегантнае. Яна аднекуль ведае, што змрок ёй пасуе, сама прыдумала, ці нехта аднойчы сказаў, і...

Так, стоп. Вось зараз трэба сесьці ды запісаць. Змрок пасуе – гэта цяпер самае істотнае. Такія рэчы нельга бясконца круціць у галаве, бо ўжо праз чвэрцьгадзіны фраза надакучыць, падасца дурнаватай і грувасткай, і тады ўсё зь зямелькаю пабярэцца, а мне нельга зь зямелькаю, толькі-толькі зь яе ўваскрос, не хачу туды больш, ні ў якім разе.

Агледзеўся – дзе б прысесьці? Убачыў спорт-бар на рагу, зь летняй вэрандай каля ўваходу. Паўсюль ужо даўным-даўно прыбралі вулічныя сталы, а тут яны яшчэ стаяць, пахаваныя пад грудамі апалага лісьця, і калі гэта ня добры знак, то што тады.


 

***


 

Гэта ж трэба, думала Ганна. Каб ведала, што гэтак хутка сёньня вызвалюся, не спускала б цэлай раніцы на той ліст. Зь іншага боку, што зроблена, тое зроблена. З трэцяга боку, ніхто не перашкаджае мне напісаць яго зноўку, часу ў мяне яшчэ багата. Сябры раней за сёмую дакладна ня прыйдуць. Якая зараз? Гэта ж трэба, яшчэ пятай няма. А змрок ужо такі густы, што спатыкнуцца можна аб гэтую сінечу.

І тут жа спатыкнулася – не аб змрочную сінечу, вядома, усяго толькі аб цёмна-сіняе плястыкавае вядро – ветрам яго зьнесла, ці што? А бабулькі-кветачніцы чаго вушы разьвесілі? Зрэшты, не разьвесілі, мітусяцца, як курыцы, ня бачаць у прыцемку, куды пакацілася каштоўная маёмасьць, давядзецца ратаваць. Занесла вядро да гаспадыні і атрымала столькі блаславеньняў, што іх мусіла зь лішкам хапіць на вельмі доўгае, умерана грэшнае жыцьцё, якое Ганна сабе акурат нядаўна заплянавала. Вельмі ўдала ўсё склалася.

Надзвычай задаволеная зь сябе, вядра, будучых грахоў і іншых абставінаў, Ганна вярнулася на вуліцу Бэатрычэс, каб дабрацца дадому найкарацейшым шляхам.


 

***


 

Як толькі ўсеўся, узгадаў, што апрануты ў піжонскі белы палітон. Апоўдні ён здаваўся ня проста адпаведнай, а адзінай магчымай вопраткай дзеля таго, каб выйсьці на шпацыр, а цяпер урэшце стала відавочна, што ідэя была ў вышэйшай ступені дурнаватая. Зрэшты, чорт яго бяры, пачысьціць палітон нашмат прасьцей, чым, ні кроплі ні разьліўшы, данесьці рудую прыцемкавую кабету – ня тое, каб да дому, а хаця б да наступнага скрыжаваньня. Ці, што яшчэ горш, пісаць пра яе ў душным памяшканьні, запоўненым чужымі галасамі ды пахамі. Пасьля, магчыма, вельмі хутка прыйдзе момант, калі пісаць можна будзе наогул дзе заўгодна, у любых умовах, хоць у прывакзальнай піўнусе, хоць у агульным вагоне, хоць пасярод кірмашу, які жуе ды рагоча. Але ня зараз. Вузкая, ціхая, непраезджая вулічка, сьвежы вецер і цішыня – менавіта тое, што трэба.

Вырашыў – калі працаўнікі кавярні пацікавяцца, што я тут раблю, замоўлю што заўгодна, на іх выбар, абы каб адчыпіліся.

Але ніхто, вядома ж, гэтак і ня выйшаў, Абслугоўваць псыха, які расьсеўся на летняй вэрандзе пасярод лістападу – яшчэ трэба пашукаць дурняў.

Вось і слаўна. Вось і дамовіліся.

Празь некалькі хвілінаў ведаў пра рудую кабету ў сінім палітоне нашмат больш, чым можна пасьпець запісаць за паўгадзіны – даўжэй цяпер на вуліцы ўсё ж ня выседзіш. Аднак гэта якраз не бяда, можна канпэктыўна, па пунктах, забыўшыся на знакі прыпынку і скарачаючы словы, каб пасьпець за сабою; асаблівага практычнага сэнсу ў гэтым няма, падрабязнасьці, якія раптоўна раскрыліся, і без канспэкту наўрад ці вось так адразу забудуцца, але спыніцца ніяк немагчыма, гэткае гэта апынулася шчасьце - пасьпешліва,захлёбваючыся, пісаць.

Краем вока заўважыў, як побач прайшла жанчына ў сінім палітоне, з-пад капюшону выбіваліся кучары, здаецца, сапраўды троху рудыя; у прыцемку, зрэшты, добра не разьбярэш. Задаволена буркнуў сабе пад нос: «Ага, ёсьць». Гэткія супадзеньні даўно перасталі здавацца шчасьлівай выпадковасьцю, яны зрабіліся амаль абавязковымі падзеямі, якія шторазу суправаджаюць нараджэньне новага тэксту; надзейным сьведчаньнем, што ўсё ідзе, як трэба – калі наогул хоць неяк ідзе.


 

***


 

А вось з гэтага месца, - піша Ганна, - калі ласка, чытай вельмі ўважліва. І, калі атрымаецца, вер мне. Вельмі хачу пра гэта ўсё пагаварыць. А акрамя цябе – зусім няма з кім. Калі б цябе не было, я б зараз, відаць, узарвалася. А так напішу і, хутчэй за ўсё, ацалею.

Найперш давядзецца пакаяцца. Гісторыю пра «белага чалавека» я прыдумала сёньня раніцою. Зазвычай пішу табе па вечарах, як мы і дамаўляліся. Распавядаю пра тое, што адбылося за дзень, калі і падхлушваю, то зусім трошачку, не па сутнасьці, а па дробязях, дзеля прыўкрасы, каб цікавей было чытаць. Але сёньня ў мяне заплянаваныя госьці. Па маіх прагнозах – дапазна, калі не зусім да сьвітанку. І я раптам скеміла, што засесьці пры іх за ліст наўрад ці атрымаецца, таму лепш зрабіць гэта загадзя, то бок, проста зраніцы.

Лёгка сказаць – лепш. Калі гэта ў мяне раніцою галава працавала?

Таму спачатку я проста тарашчылася на экран, як баран на новыя вароты – пра што ж пісаць? За ноч нічога выбітнага не адбылося, нават сноў толкам ня памятаю – як заўсёды, калі прачынаюся па будзільніку. Карацей, гуманітарная катастрофа.

Тады я вырашыла пісаць усё, што прыйдзе ў галаву. Любую бязглузьдзіцу. І сама не заўважыла, як прыдумала гісторыю пра чалавека ў белым палітоне, які быццам бы сядзеў і пісаў пра тое, як міма іду я, уся такая цудоўная. А я, маўляў, падгледзела, і ўзрадавалася – прыцемак мне пасуе! Ну гэта ж трэба! Усім камлімэнтам камлімэнт.

Напісала, перачытала. Мне здалося – поўная ахінея. Нінавошта і ні пра што. Аднак перапісваць ужо не было часу, таму я хуценька пасыпала галаву попелам і, не атрэпваючыся, пабегла на працу. Якая, дадам, скончылася на паўтары гадзіны раней, чым я плянавала, таму, выходзіць, можна было не мітусіцца. Што зроблена, тое зроблена.

І вось іду я дадому. І, як заўжды, зварочваю на Бэатрычэс, бо гэта, як ні варочай, накарацейшы шлях, а я ўжо й так набегалася па самую завязку.

І – слухай.

Там сапраўды быў гэты чалавек. Бляндын у белым палітоне, апалены ды ціхамірны. Зь белым жа ноўтбукам. Сапраўды сядзеў на зэдліку ля ўваходу ў маю нелюбімую кавярню, нават лісьця не згарнуў, усё як я зранку прыдумала.

Тутака мне гэтак і карціць элегантна прылгаць – маўляў, спынілася, падгледзела, што ён там піша, і ўбачыла тую самую фразу пра змрок, які мне быццам бы пасуе. Але Рутка! Якое там падгледзела. Я так спужалася! Сама толкам ня ведаю, чаго. Але вельмі моцна. Настолькі, што зьяўленьне нецьвярозага маньяка з акрываўленай сякерай мяне б моцна супакоіла. Але такі ўжо шкадлівы народ гэтыя маньякі зь сякерамі, калі пазарэз патрэбныя, не дашукаесься.

Таму я проста паскорыла хаду. І толькі калі збочыла на Якшта, троху аддыхалася. Але пайшла яшчэ хутчэй. Хаця за мной, вядома ж, ніхто ня гнаўся. Ды й з чаго б.

Пакуль у ва ўсёй гэтай гісторыі мне зразумела толькі адно: я цяпер яшчэ доўга ня буду хадзіць па Бэатрычэс. Таму што, калі гэты белы чалавек, якога я па дурасьці выдумала, цяпер будзе сядзець там заўсёды, я нічога не хачу пра гэта ведаць. А калі, наадварот, зьнікне і больш ніколі ня зьявіцца, я пра гэта ведаць не жадаю таксама. Ладу не дабяру, чаму. Не хачу, кропка.


 

***


 

Рукі так адубелі на лістападаўскім ветры, што не сагрэліся нават у цёплых кішэнях палітона. Калі ўвайшоў у дом, адзервянелыя пальцы ледзьве далі рады гузікам ды матузкам.

Зрэшты, гэта ўсё дробязь.

У сьвятліцы сустрэлі запытальным поглядам – маўляў, ну як? Пераможна ўсьміхнуўся. Сказаў:

- Яшчэ раніцою ведаў, што сёньня ўсё атрымаецца.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце