Блог

Макс Фрай. Казкі старой Вільні. Казка Адзінаццатая

Medium?1380105474

Што носяць дзяды ў сваіх старажытных партфэлях, і прычым цмокі да віленскай вуліцы імя змагара Каліноўскага? У новай казцы Фрай няма паўстанскіх матываў і Лукіскага пляцу. Затое тут шмат пра тое, што ўсё зусім не такое, якім табе здаецца!

 

Вуліца Каліноўскага (K. Kalinausko g.)

Ну, напрыклад

Па выглядзе зусім лядашчая руіна, думаю я, разглядаючы худога сутулага старога, які сядзіць насупраць. Насамрэч яму, найхутчэй, ледзьве больш за шэсьцьдзесят, гэтае пакаленьне пагалоўна выглядае нашмат горш, чым асьмельваліся спадзявацца на іх апрацоўку скульптары з майстэрні Кронаса. Тыя, што не жылі, а дажылі да пэнсіі. Зрэшты, дзед, які цяпер разьмінае цыгарэту крывымі рэўматычнымі пальцамі, здаецца, усё яшчэ працуе – увесь час паглядае на гадзіньнік, і ўвогуле выгляд мае замучаны, як чалавек, што баіцца спазьніцца на службу. Асаблівага характару напружаньне на лбе ў спалучэньні з патухлым, але ўчэпістым позіркам, сьведчыць пра тое, што дзед прызвычаены да сыстэматычнай разумовай працы. Хутчэй за ўсё, выкладчык з тэхнічнага каледжу, азарае мяне, гэта ж тут зусім побач, на Басановіча, дарогу двойчы перайсьці. Кар'еру, зразумела, не зрабіў, студэнтаў стрымана недалюбвае, як і ўсю рэшту чалавецтва, без разбору. Яны адказваюць яму гэтак жа стрыманай узаемнасьцю, нават мянушкі, пэўна, ніякай не прыляпілі за ўсе гэтыя гады, ні сьмешнай, ні крыўднай, проста ніхто ніколі яму касьцей не перабірае, настолькі ён нецікавы. Ня злы, на іспытах ня валіць, залікі ставіць аўтаматам, вось і добра, але ўдзячнасьці ягоныя паводзіны не выклікаюць, людзі заўжды інстынктыўна распазнаюць абыякавасьць і не прабачаюць, нават калі яна ім карысная.

Сюды, у парк, дзед, вядома, прыходзіць папаліць у перапынках паміж лекцыямі. Тэарэтычна, ён мог бы паліць у двары каледжу, але калегі-выкладчыкі, тыя, што маладзей за яго, непрыхільна косяцца, і хаця ўслых нічога ня кажуць, дзед і сам разумее – неяк нядобра пры моладзі, нават калі моладзь сама ва ўсю моц дыміць у прыбіральні на першым паверсе, пагарджаючы адміністратыўнымі забаронамі.

Я ўпотайкі разглядаю старога – цыгарэты звычайна хапае на сем-восем хвілінаў, а з забавамі ў парку, шчыра скажам, ня надта, і адно наяўнасьць дзьвюхногіх бяскрылых рэбусаў дапамагае прабавіць час. Я, зразумела, далёка ня Шэрлак Холмс, ну дык і сьвет навокал нашмат прасьцей і нудней, чым мастацкая літаратура, людзі тут самыя звычайныя, не літаратурныя пэрсанажы. Ні маркёраў, ні конюхаў, ні нават адстаўных флоцкіх сяржантаў сярод віленскіх мінакоў і блізка не сустракаецца, толькі клеркі абодвух палоў, пралетарыі ўсіх краінаў, школьнікі, студэнты, пэнсіянэры, незьнішчальныя цёткі з кошыкамі, зрэдчас замежнікі ды багацеі – людзі асаблівай пароды, гэтых разгадваць цікавей, але, па шчырасьці, ненашмат. А яшчэ часам на вочы трапляецца патрапаная інтэлігенцыя старога савецкага ўзору, накшталт гэтага дзеда. Надзвычай, дадам, патрапаная. Даўняе адзеньне са сьлядамі колішняй саліднасьці – палітон яму, здаецца, зладзілі яшчэ пры савецкай уладзе, ня проста набылі, а менавіта зладзілі, доўга назапашвалі, потым хадзілі ўсім сямействам праз раку, у цэнтральны унівэрмаг, прыцэньваліся, выбіралі; нагавіцы навейшыя, але нябожчыка прэзыдэнта Бразаўскаса, без сумневу, яшчэ засьпелі ля штурвалу. А вось партфэль зусім старажытны, самы час прынесьці яго ў дар гісторыкам-краязнаўцам, старызьнікі на такое дабро ўсё адно не паквапяцца, а для навукі карысьць. Чаравікі... Дарэчы, на дзіва прыстойныя чаравікі. Ня новыя, зьлёгку паношаныя – да таго самага стану, які робіць дарагі абутак па-сапраўднаму элегантным. Чаравікі, раптоўна вырашаю я, падарунак ад сына. Набыў сабе, апынуліся зацеснымі, разнасіць ня выйшла, у краме замяніць адмовіліся, падумаў, уздыхнуў і аддаў бацьку. Я ўжо амаль што бачу гэтага сына – вялікі, грузны мужчына за трыццаць, якіх тысячы, але на нагах гэты стаіць моцна, гаспадарлівы, забясьпечаны, скупы ды ўладны, копія матка. Жонка ў дзеда, спрачаюся на што заўгодна, тоўстая, шумная, басістая старая, гатуе цудоўна, а прадукты набывае толькі самыя танныя, умее, як кажуць, зрабіць з гаўна цукерку. І, вядома, трымае небараку ў абцугах, яму дык не па чутках вядомае слова “заначка”, якое канчаткова сыйдзе з актыўнай лексікі разам з гэтым пакаленьнем, то бок, зусім неўзабаве. А ў партфэлі ў яго, вядома ж, бутэлька самага таннага брэндзі, думаю я. Зараз яшчэ адную пару ў коледжы адчытае, а потым накіруецца на госьці да старога прыяцеля. Шчасьліўчык зрабіўся ўдаўцом пару год таму, і цяпер у яго можна сядзець, колькі заўгодна, дакладней, пакуль ня скончыцца выпіўка, а што будзе ўвечары дома, пра гэта лепш наогул ня думаць. Зрэшты, нічога такога, з чым дзед не пасьпеў бы звыкнуцца за ўсе гэтыя гады, якія дагэтуль небараку не забілі, але і мацнейшым не зрабілі, насуперак неадказным абяцаньням прачытаных у маладосьці кніг. Мне ўжо моташна ад уласнай праніклівасьці; нашмат лепш было б не вылічаць, грунтуючыся на фактах ды жыцьцёвым досьведзе, а выдумляць, але выдумляць я ня ўмею, таму проста адварочваюся ад дзеда з таемнай бутэлькай у старым партфелі і бяруся разглядаць тых, хто сядзіць на іншых лаўках.

Збоку, на бясьпечнай адлегласьці ад нашага цыгарэтнага дыму, разьмясьцілася мамка з вазочкам і старая з унукам-дашкольнікам – пусты нумар, няма тут чаго разгадваць, і без таго абедзьве бачныя наскрозь.

А зьлева ў нас хто? Жанчына сярэдняга ўзросту ў чырвоным палітоне з пакарочанымі паводле апошняе моды рукавамі, у доўгіх, да локцю трыкатажных пальчатках зь недарагой моладзевай крамы – я ня тое каб адмыслова цікаўлюся дамскімі аксэсуарамі, але амаль кожны дзень праходжу каля вітрыны, дзе яны выстаўленыя, немагчыма не апазнаць. Гатовы спрачацца, заручальнага пярсьцёнку пад пальчаткамі няма, і не было ніколі, і цяпер ужо, бадай, ня будзе, з такім жаласным, зь дзяцінства напружаным выразам твару жаніхоў асабліва не наловіш, якімі б цудоўнымі ні былі даўгія ногі ў шчыльных чорных панчохах. Я і сам пасьпешліва адварочваюся і нават інстынктыўна адсоўваюся, хаця дзе я, а дзе дама ў чырвоным, паміж нашымі лаўкамі непераадольная прорва, крокі чатыры, ня менш. І жыве яна дагэтуль з бацькамі, змрочна думаю я, найхутчэй, не з бацькамі, а з мамай. І не зьдзіўлюся, калі дадому вымушаная вяртацца да дзявятай, паслабленьні магчымыя толькі на дні народзінаў сябровак, ды й тое ня факт. Вось няшчасная.

Адвярнуўшыся ад дамы ў чырвоным палітоне, я ўбачыў, што ў мяне зьявіўся сусед. У парку поўна пустых лавак, але тып у бязглуздай шапцы з пампонам чамусьці абраў маю, далікатна ўсеўся на самым краі, дастаў з кішэні дзіўны партсігар, размаляваны ў стылі ілюстрацыяў да арабскіх казак і цяпер сутаргава абшарвае кішэні ў пошуку запальнічкі – здаецца, беспасьпяхова. Не жадаючы надалей заставацца сьведкам ягоных мукаў, я працягнуў небараку пушку запалак, якую ўвесь гэты час машынальна круціў у руках – высьвятляецца. І падумаў, што лёс урэшце падсунуў мне цікавую шараду. Хрэн яго ведае, хто гэты тып. Клеркам ён ня можа быць па азначэньні, шапка дурнаватая – яшчэ паўбяды, але да шапкі дадаецца падбіты аўчынай джынсавы кажушок і, самае галоўнае, дзьве каляровыя штаніны, адная з чакалядна-брунатнага вэльвету, другая, дапамажы мне, маці боская, з чырвонага. Гэткую прыгажосьць ня кожны дзень убачыш. Як на студэнта, ён не дастаткова малады, як на багацея, нават вельмі эксцэнтрычнага, занадта разьняволены, ды й анучы занадта танныя. Замежнік? Падобна да гэтага.

- Дзякуй, - кажа мая цікавая шарада, прымаючы запалкі. Ну вось, цяпер зразумела, мясцовы. Настолькі мясцовы, што, у параўнаньні зь ім я сам замежнік, хаця жыву тут ужо чатырнаццаць гадоў. Тады, раптоўна азарае мяне, мастак. І левая рука, ты паглядзі, выпэцканая ў белую фарбу. Элементарна, Ватсан!

- Амаль угадалі, Холмс, - нечакана кажа незнаёмец з пампонам. - Не мастак, але архітэктар. А фарба – гэта таму, што ў мяне тут побач аб'ект. Поўнае пераплянаваньне кватэры, рамонт і, вядома, дызайн інтэр'еру.

Я ўмею хаваць зьдзіўленьне. Прынамсі, мне прыемна думаць, што ўмею. Таму я забраў працягнутыя мне запалкі і цалкам стрымана адгукнуўся:

- Я сапраўды падумаў, што вы мастак. А чаму вы сказалі: “Холмс”?

- Бо вы надта ўважліва нас разглядалі – мяне ды астатніх. І я падумаў – ну, напрыклад, гэты чалавек гуляецца ў Шэрлака Холмса. Прыкмячае дэталі ды робіць высновы. Цудоўная забава, пакуль паліш у парку. І хутчэй за ўсё прыняў мяне за мастака – ўлічваючы тое, у якім выглядзе я сёньня выскачыў з дому, гэта самая лягічная выснова. Я сам так часта гуляюся. То бок, не зусім так. Лёгіка – ня самая моцная мая рыса. Ды й з назіральнасьцю ня ўсё шчасна. Таму я не галавою не варушу над фактамі, а прыдумляю ўсялякую лухту. Зрэшты, не, не “прыдумваю”. Скажам так, я проста дазваляю ўсялякім глупствам зьяўляцца ў маёй галаве. Ня ведаю, адкуль яны бяруцца, але забава атрымліваецца цудоўная. Кожнага разу які-небудзь сюрпрыз.

- Добрая справа, - пагадзіўся я. - Але ў мяне так, на жаль, не атрымліваецца. Не магу ігнараваць фактаў. І не рабіць відавочных высноваў таксама ня ўмею. Я б і рады, але не выходзіць.

- Проста вы яшчэ ніколі не стараліся як сьлед, - супакойна ўсьміхнуўся ён. - Лухта штука ганарыстая, у чыю заўгодна галаву добраахвотна ня прыйдзе. Для яе трэба найперш расчысьціць месца, а потым адпраўляць запрашэньне і церпяліва чакаць. А пакуль у вас у галаве няма ніякай лухты, магу, калі жадаеце, падзяліцца сваёю.

Я кіўнуў – зь ветлівасьці. Стараецца чалавек, забаўляе мяне, сумленна адпрацоўвае пазычаную запалку. Гэта якой жа трэба быць сволаччу, каб не падтрымаць размову.

- Ну, да прыкладу, у гэтага дзеда ў партфэлі схаваны цмок, - выдаў ён.

Я нават сумеўся. Чаго заўгодна чакаў, але цмок у партфэлі – гэта і на няспрытны жарт ня цягне. Перабор. Абсурд. Ды проста лухта.

- А жанчына ў чырвоным палітоне, - ён на сэкунду завагаўся і ўпэўнена працягнуў: - ну, напрыклад, балярына. Ня прыма, вядома, кардэбалет, але ўсё ж. У пачцы, на пуантах, блёсткі ў валасах, як ў дзяцінстве марыла. Але вось бяда, нядаўна яна заўважыла, што імкліва старэе, калі кружыцца ў танцы па гадзіньнікавай стрэлцы; ёй цяпер усяго дваццаць сем, а здаецца, што гадоў на дзесяць больш, праўда? І ні з кім жа не абмяркуеш такую бяду, нікому не паскардзісься, тым больш, парады не папросіш. Толку ўсё адно ня будзе, засьмяюць, пачнуць перашэптвацца за сьпінай, перастануць запрашаць на вечарынкі. Усялякі чалавек адчайна адзінокі, але большасьць даведваецца пра гэта, толькі калі зь імі пачынае адбывацца нешта ня тое. Зрэшты, нашая балярына малайчына, сама знайшла выйсьце. Цяпер яна часта ўпотай застаецца ў тэатры пасьля закрыцьця, выходзіць на сцэну і падоўгу кружыцца – супраць гадзіньнікавай стрэлкі, вядома. Яна увогуле не перакананая, што гэта дапаможа, то бок, наогул ня верыць, толькі цьмяна спадзяецца, але яшчэ да Калядаў наглядна ўпэўніцца, што ейны наіўны метад працуе. Гэтае адкрыцьцё назаўжды зьменіць нашую даму ў чырвоным ды ўвесь сьвет... Ну, дапусьцім, ня тое каб увесь, а, скажам, у радыусе трох-чатырох мэтраў ад ейнага ахопленага танцам цела. І гэта, паверце, зусім нямала.

Яму б раманы пісаць, а не кватэры рамантаваць, паблажліва думаю я. Выражаць ветлівую зацікаўленасьць пры гэтым не забываю. Мне няцяжка, а вар'яту з пампонам прыемна.

- А жанчына з вазочкам?

Сам ня ведаю, навошта я запытаўся. Цалкам можна было выкінуць амаль дапаленую цыгарэту і разьвітацца.

- Там, падобна, усё вельмі цікава. Ну, напрыклад, ейнае дзіця не нарадзілася, як гэта прынята ў добрых людзей, а проста прысьнілася ўласнай матцы... Ну як – проста. Яно сьнілася ёй кожную ноч цягам некалькіх гадоў, і жанчына настолькі звыклася з гэтым сном, што амаль не зьдзівілася, прачнуўшыся аднойчы ад гучнага плачу. У ейных снах дзіця было ціхім, як анёлак, на яве ж яму патрэбна было тэрмінова мяняць пялюшкі, а потым бегчы ў краму па малочныя сумесі, але жанчыну гэта зусім не зьбянтэжыла. Яна даўно марыла пра дзіця і была цалкам падрыхтаваная да жыцьцёвых цяжкасьцяў, якія спадарожнічаюць наяўнасьці немаўляці. Замест таго, каб зьязджаць з глузду ад роздумаў пра немагчымую падзею, якая зь ёю адбылася, раптоўная маці ліхаманкава гадала, як здабыць пасьведчаньне аб нараджэньні, якое, зрэшты, неўзабаве знайшлося ў адной са скрыняў бабулінага буфэту, дзе раней захоўваўся ветэрынарны пашпарт ката, які зьбег яшчэ летась увесну. Яна хуценька прыдумала для суседзяў і калегаў па працы памерлую ад родаў незамужнюю кузіну, і на гэтым вырашыла спыніцца, сказала сабе, што ўсё зроблена, дык і думаць больш няма пра што. Праўда, часам непакоіцца – ці будзе дзіця расьці, як усе нармальныя дзеці, і як яго трэба выхоўваць, чаму вучыць, але кожнага разу кажа сабе: “Жыцьцё пакажа”, - і яна ж мае рацыю... А ведаеце, што забаўна? Гэтая жанчына зараз папросту магла б абмеркаваць уласныя сумневы з суседкаю па лаўцы. Вельмі цікавая бабулька. Ну, напрыклад, яна жыве на сьвеце ўжо ня першую тысячу гадоў, і шмат чаго ўбачыла. Бачыце, зь ёю сядзіць хлопчык? Выпадковы назіральнік, як мы з вамі, гледзячы на іх, падумае: бабуля выгульвае любімага ўнука, звычайная справа. Як жа, кішэнь падстаўляй! Старая ведзьма ўзялася вырошчваць сабе чарговае новае цела, вось чаму малы ад яе ні кроку ў бок ня робіць. Вы калі-небудзь бачылі гэтак спакойнае дзіця? Ага-ага.

- Але дзіця – хлопчык, а яна – жанчына, - запярэчыў я.

Быццам усё астатняе было лягічна, і толькі тут – невялікае разыходжаньне.

- Ну слушна, хлопчык, - пагадзіўся архітэктар. - У любой справе важная разнастайнасьць. Жанчынаю яна ўжо была ня раз; мужчынам, зрэшты, таксама. Чаргаваньне, варта думаць, асьвяжае ўражаньні.

- Слухайце, - рашуча сказаў я. - Так нельга. Дзед з цмокам у партфэлі, балярына, якая заблыталася ў часе, мамка са сном на яве ў вазочку, ведзьма, якая выцягнула на шпацыр сваё наступнае цела. Гэта выходзіць, у ва ўсім парку ніводнага нармальнага чалавека няма?

- Чаму няма? Ёсьць, - усьміхнуўся вар'ят з пампонам. - мы з вамі. Зрэшты не, толькі вы, бо я... Ну, напрыклад, я цяпер ня тут, а яшчэ на аб'екце. Толькі праз чвэрць гадзіны папаліць выйду.

Фільтр згаслай цыгарэты абпаліў мне пальцы. Я скалануўся, выпусьціў недапалак на зямлю, аднак, засаромеўшыся, падабраў і шчаўчком адправіў у сьметніцу. Цікава, падумаў я, з кім я ўвесь гэты час размаўляў? Добрае пытаньне. Добрае, але ў наяўнай сытуацыі зусім бессэнсоўнае. Чым хутчэй я выкіну з галавы ўсю гэтую лухту, тым...

Стары ў патрапаным палітоне, тым часам, таксама дапаліў і ўзяўся кешкацца з замком свайго партфэлю. Я, як зачараваны, сачыў за барацьбой нягнуткіх пальцаў з халодным мэталам, думаў, што варта б прапанаваць дапамогу, але гэтак нічога і не сказаў. Урэшце замок капітуляваў, і на сьвет быў здабыты яскрава-чырвоны плюшавы цмок у празрыстым цалафанавым пакунку. Стары крытычна агледзеў яго з усіх бакоў, дастаў з унутранай кішэні паштоўку і ўзяўся прымацоўваць яе да скрутку. Гэта проста цацка, думаў я, аглушаны грукатам уласнага сэрца. Танная плюшавая цацка з “Максімы”, падарунак унуку, ці ўнучцы, ну што ты, сапраўды, супакойся, калі ласка, вельмі цябе прашу. Стары схаваў цмока ў партфэль, зноў пакешкаўся з замком, урэшце, устаў і, не сьпяшаючыся, пайшоў у бок вуліцы Каліноўскага. Жанчына ў чырвоным палітоне таксама паднялася і імкліва панеслася ў тым жа кірунку, шырока, па-балетнаму расстаўляючы насы стракатых гумовых боцікаў.

Я глядзеў ім усьлед – а што мне яшчэ заставалася.

Праз чвэрць гадзіны, значыцца, выйдзе, успомніў я. Добра. Дастаў з кішэні яшчэ адную цыгарэту, запаліў і пачаў чакаць.

 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце