Блог

Макс Фрай. Казкі старой Вільні. Казка Чацьвертая

Medium?1366218357

Хто дапаможа разабрацца ў будучыні ды сабе? Анёл-ахоўнік, выпадковы мінак, або можа спатрэбіцца цэлы натоўп усіх сьвятых? Пра гэта – у чарговай казцы Макс Фрай.

 

Вуліца Вісу Швянтую (Visų šventųjų g.)

Усе сьвятыя

- ... і вось крочыць яна па горадзе ў такім жаху, што нават раўсьці ня можа, бо – ну, ты прыкінь, пятнаццаць тысяч даляраў, гэта і цяпер ня тое каб капейкі, а ў тыя часы зусім фантастычная сума. Яшчэ ўчора былі і раптам зьніклі. Ва ўласнай хаце, сярод белага дня. І, выходзіць, нехта са сваіх узяў, больш няма каму, чужыя даўно не заходзілі. І абсалютна няясна, на каго думаць. А калі хоць на імгненьне дапусьціць, што ясна, дык яшчэ горш. Бо калі грошы ўзяў муж, то прапалі ня толькі запаветныя тысячы, а наогул усё. Ну, ты разумееш ейную лёгіку, так? Навошта нармалёваму, непітушчаму мужыку таемна выносіць з дому ўласныя даляры, калі не дзеля пабегу са смуглявай прыгажуняй-разлучніцай у якую-небудзь сьпякотную Аргентыну, ці, на благі канец, Варшаву. І вось ідзе яна з такімі цудоўнымі думкамі, сама ня ведае, куды й чаго. Казала потым, валэндалася паўдні па горадзе, проста каб розумам не крануцца вось так адразу, без падрыхтоўкі, а расьцягнуць задавальненьне хаця б да вечара. Пакуль перастаўляеш ногі ды сочыш, каб не патрапіць пад аўтамабіль, ты, выходзіць, быццам занятая справаю, і гэта дапамагае трымаць сябе на аброці... Карацей, неістотна. Ішла сабе ды ішла. І раптам чуе, як за ейнай сьпінай нейкая кабета кажа: «... яшчэ ад учора ляжыць у лядоўні...» І мама тут жа ўсё ўзгадала. У сэнсе, як сама перахавала грошы ў лядоўню. Напярэдадні тата быў на начным дзяжурстве, а да мамы прыйшла сястра, цётка Соня. І яны пад плёткі пра сваякоў прыкончылі бутэлечку хатняй наліўкі. Калі ня дзьве. Потым цётка Соня сыйшла, а ў мамы сп'яну здарыўся прыступ параноі. Заснуць не магла, думала, куды грошы перахаваць. Яна ж увесь час, пакуль гэтыя даляры ў хаце ляжалі, як не свая была. Усё прыкідвала, як бы панадзейней схаваць іх ад злодзеяў. І пад чаркай ёй трапіла думка. Завярнула пакет у анучу, паклала ў рондаль, зьверху накідала кіслай капусты, накрыла накрыўкай, паставіла ў лядоўню і супакоілася – калі ўлезуць злодзеі, у лядоўню наўрад ці палезуць, хіба што па выпіўку, а па рондлях шарыць ня будуць, не да таго. І легла спаць, надзвычай задаваленая з уласнай вынаходлівасьці. А раніцою, праспаўшыся, палезла ў шафу правяраць, ці на месцы грошы – проста праз звычку, яна па сто разоў на дзень правярала. А ў шафе іх, зразумела, ужо не было. І мама адразу запанікавала, замест таго, каб сесьці ды спакойна падумаць. І толькі калі нехта на вуліцы сказаў пра лядоўню, яна ўсё ўзгадала, кінулася дадому і, вядомая рэч, знайшла грошы ў рондлі. То бок, гэтая гісторыя скончылася добра. Бацькі, ўрэшце, набылі хату – тую самую, на Канарскага, дзе й цяпер жывуць; ну, неістотна. Мама потым гэтую гісторыю ўсім распавядала, і суседка – жыла побач з намі такая бабуля Дайва, з тых цудоўных бабулек у капялюшыках са штучнымі ружамі, каму з выгляду гадоў семдзесят, а пачнеш іх слухаць, і здаецца, што ўсе пяцьсот, хадзячая гісторыя, хіба што княза Гедыміна ў жывых не застала, ды й тое ня факт, можа, проста пакуль не было дарэчы пра яго распавядаць... І вось яна стала распытваць – дзе, ды дзе ты пра лядоўню пачула? Мама спачатку не магла ўцяміць, але пасьля ўзгадала, як збочыла з Піліма да бажніцы Усіх Сьвятых, а там, хіба што, ізноў збочыла, і на гэтым месцы бабуля Дайва з разуменьнем заківала – маўляў, ну вядома, па вуліцы Вісу Швянтую ты ішла, дзе ж яшчэ і атрымаеш слушную параду, як ня так. Мама гэтыя словы паўз вуха пусьціла, але ня я. Мне ж тады дванаццаць год было, ты што! Самы той узрост, каб цікавіцца падобнымі рэчамі. І ўжо я ў бабу Дайву ўчапілася – што за вуліца такая, і як там параду атрымаць? А яе й упрошваць асабліва не даводзілася, любіла пагаварыць. Аказваецца, ёсьць такая ці то прыкмета, ці то проста гарадская легенда – калі шукаеш адказу на пэўнае пытаньне, хочаш даведацца нешта важнае, ці, скажам, парады папытаць, ідзі на вуліцу Ўсіх Сьвятых, хадзі па ёй туды-сюды, думай пра сваё і слухай уважліва, рана ці позна дадуць табе адказ чалавечым голасам, галоўнае не правароніць, бо паўтараць ніхто ня будзе. Ну, ты ўяўляеш, што са мной зрабілася?

Урэшце паўза. Не таму, вядома, што Янка чакае майго адказу. Проста ўзгадала пра даўно прастылую гарбату. Але я ўсё ж кажу:

- Уяўляю. Кожны дзень ад золку да зьмярканьня па вуліцы Ўсіх Сьвятых гуляла?

Рагоча.

- Ну што ты. Ня кожны, а толькі тады, калі ў мяне зьяўляліся жыцьцёва важныя пытаньні. То бок, прыблізна празь дзень. І ведаеш, што цудоўна? Я заўсёды атрымлівала адказ. Добры, просты і зразумелы, быццам жыцьцё – задачнік для пятай клясы, і я знайшла спосаб падглядаць у канец, дзе ўсе слушныя адказы напісаныя. Вось шчыра, ня лгу. Загадаю, напрыклад, пра якога-небудзь хлопчыка, дык абавязкова пачую, як дзесьці напрыканцы вуліцы сварацца: «Дурак!» Ці наадварот, усклікваюць: «Ах ты мой харошы», - і адразу ўсё пра хлопчыка ясна. А калі закахалася ў аднога прыгожага старэйшаклясьніка, пачула, як п'яны крычыць субяседніку: «Ты хто? Я цябе ня ведаю!» І чыстую ж праўду сказаў, той прыгажун наогул не падазраваў, што я, такая цудоўная, на сьвеце ёсьць, ды і я сама яго ўсяго разоў пяць здалёк бачыла. А аднойчы пакрыўдзілася на сяброўку, ужо ня памятаю, у чым там была справа, але перажывала жудасна, нават уначы раўла, зраніцы ня выцерпела, замест школы паехала ў цэнтр, па вуліцы Усіх Сьвятых гуляць, каб сказалі, як цяпер жыць, і, ведаеш, пачула ціхі такі голас, зусім блізка: «Ня злуйся». Быццам нехта ззаду падыйшоў і асабіста мне на вуха шэпча, я нават чужы подых на шыі адчула. Азірнулася, а ня тое што побач, на ўсёй вуліцы нікога. Увогуле ні душы. Ух як мне стала страшна! Але зь сяброўкай памірылася, вядома. Сказалі ж: «ня злуйся», - значыць, нельга... Вох. Я доўга потым на Вісу Швянтую не адважвалася хадзіць. Але маё тагачаснае «доўга» - гэта ўсяго колькі месяцаў, восеньню я ізноў туды зачасьціла. Руку на адцён дала, што зараз з дробязямі ня сунуся, толькі пра самае-самае істотнае пытацца буду, але можаш сабе ўявіць, якое яно ў мяне тады было, гэтае «самае істотнае». То чарговы хлопчык спадабаўся, то бацькоў у школу выклікаць прыгразілі, то ў тэатральны гурток запісваць ня хочуць... Карацей, у адзін цудоўны дзень я пачула, як мужчынскі голас кажа – вельмі, ведаеш, такім сварлівым тонам: «Адчапіся, надакучыла». І вось тады я спужалася па-сапраўднаму. І адначасова пакрыўдзілася. Праганяюць, значыцца. Ну і халера яго бяры, падумаеш. Абыйдуся. Ні за што сюды не прыйду, вось хоць забіце. І сапраўды не прыходзіла колькі год. Спачатку баялася-дзьмулася, а пасьля проста забылася. Ну як, ня тое каб зусім забылася, а перастала надаваць значнасьці. У пятнаццаць год усё, што з табою адбывалася два гады таму, здаецца поўнай лухтой. Потым – тым больш. Так што да дваццаці я неяк дажыла без падказак. А потым уліпла ў гісторыю, дакладней, у некалькі гісторыяў адразу, адная за другую весялейшая... Ой, ды што я табе распавядаю, ты ж ведаеш, за кім я была замужам. Карацей, я ўжо не магу ўзгадаць – наўмысна я пакіравалася на Вісу Швянтую па параду, ці выпадкова міма ішла. Жыла, як у тумане, дома – пекла, і куды ні пойдзеш, цягаеш гэтае пекла за сабою, як сьлімак ракавіну... Урэшце, як бы там ні было, а збочыла я на вуліцу Ўсіх Сьвятых і амаль адразу пачула, як нехта кажа: «Усяго на тры гады зьязджала, а вярнулася – такія перамены, нічога не пазнаць». Здавалася б, звычайная рэпліка, праўда? Але я зусім дакладна ведала, што гэта казалася толькі для мяне. Я, сам разумееш, ня раз думала, што трэба проста ўзяць і зьехаць, дзе вочы панясуць. Гэта ў горадзе мяне знайсьці проста, а сьвет жа вялікі. Але ніяк не магла адважыцца. Не ўяўляла, куды ехаць, што я там буду рабіць ды на якія шышы жыць. Думала – зусім прападу, тут хоць нейкі дах над галавой ёсьць, і мама з татам побач, нічым не паспрыяюць, дык хоць пашкадуюць. І тут – быццам вядро вады на мяне вылілі. Імгненна прабудзілася. Падумала – а што я страчваю? Дадому нават заходзіцца ня стала, добра, што дакумэнты заўжды пры сабе мела. Пайшла да мамы, сказала, што зьязджаю, яна з радасьці усе грошы, што ў хаце былі, сабрала, але аддала толькі на вакзале, калі я ў аўтобус сядала. І добра зрабіла. З жонкамі наркаманаў інакш ня можна. Рана раніцою я ўжо была ў Варшаве, адтуль паехала ў Нямеччыну аўтаспынам. І неяк усё ўладкавалася – і працу знайшла, і на вуліцы не засталася, я ж нямецкую нядрэнна ведала і з людзьмі заўжды жыла ў згодзе. А пекла маё пасьпяхова згубілася дзесьці на паўдарогі да Мюнхэну. У прыбіральні на адной з заправак, я так лічу. Карацей, пазыку маме я ўжо праз чатыры месяцы вярнула пераводам, а далей рабілася толькі лепш, вось літаральна з кожным днём усё лепш і лепш, надзвычайныя былі часы. Я, вядома, памятала фразу: «усяго на тры гады зьязджала», - а ўсё адно не плянавала вяртацца. Ад добрага лепшага не шукаюць. Але тут, якраз прыкладна праз тры гады пасьля майго ад'езду, захварэў тата. Нічога страшэннага, як у выніку апынулася, але я так перапалохалася, што паехала яго наведваць. І раптам высьветлілася, што валадар майго пекла даўным-даўно зьнік. Ці то ўкаціў у Індыю, як заўсёды марыў, ці то зіхоткія астральныя сутнасьці яго, такога выдатнага, выкралі, ня ведаю, паколькі больш ніхто ніколі яго ня бачыў. І, паводле мяне, дык нашмат лепш, чым калі б ён проста памёр, як усе прадказвалі, я – за адкрыты фінал. І ад ягонага казачнага зьнікненьня я гэтак захапілася, што сама не заўважыла, як узнавілася ва ўнівэрсытэце, мне ж зусім няшмат давучыцца заставалася. А потым раптам аб'явіліся знаёмыя немцы зь вельмі цікавымі прапановамі, і ўсё ў нас так забаўна закруцілася – дагэтуль, уласна, круціцца, ты ведаеш... Давай ты зараз заварыш гарбаты, а я зьбяруся з думкамі. Бо не ўяўляю, як распавесьці, што было далей. Але ўзарвуся, калі не распавяду.

 

За час маёй адсутнасьці Янка пасьпела перасесьці зь мяккага фатэлю на зэдлік, чамусьці расшпіліла пінжак і, здаецца, нават вусны падфарбавала. - Гэта каб засяродзіцца, - адказвае яна на маё нявыказанае пытаньне.

– Калі сьпіна простая, я чамусьці лепш цямлю. А калі зашпіліцца на ўсе гузікі, маўленьне робіцца больш разборлівым, праверана на практыцы. Усё гэта цяпер вельмі-вельмі істотна, зараз зразумееш, чаму. Пагаджаюся - маўляў, добра, зразумею. Наліваю гарбату, працягваю ёй філіжанку. Церпяліва чакаю.

- Дык вось, - урэшце кажа Янка. – Глядзі, як усё ў мяне было. З аднаго боку, я вельмі добра памятала, чаму вырашыла зьехаць. І цудоўна разумела, што гэта быў самы слушны ўчынак у маім жыцьці. І не спрабавала зрабіць выгляд, быццам вырашылася на гэта сама, без падказак. Мая ўдзячнасьць да голасу, які прагучаў у той дзень на вуліцы Усіх Сьвятых, была і застаецца бязьмежнай. Зь іншага боку, я туды больш не хадзіла. У маім жыцьці не засталося пытаньняў, адказаў на якія я б не змагла атрымаць самастойна. Вось і намагалася не турбаваць па дробязях, кропка. У машыне, вядома, ня раз там праязджала, але гэта, мяркую, ня лічыцца. А аднойчы, гады паўтара таму, я ўсё ж туды пайшла. Я хацела ўрэшце сказаць «дзякуй». Дакладней, падумаць «дзякуй». Вырашыла – калі нават пытаньні там услых прамаўляць ня трэба, дык маё «дзякуй» там тым больш пачуюць. Зноў жа, ня ведаю, хто. Але пачуюць, факт. І вось я іду па Вісу Швянтую, старальна думаю сваё «дзякуй-дзякуй-дзякуй» і адначасова пазіраю па баках – пахмурна, але вельмі сьветла, як толькі ўвесну здараецца, калі пупышкі на дрэвах вось-вось узарвуцца і ад гэтага ў паветры такі няўлоўны зялёны зыб, а значыць, хутка будзе зусім цёпла, заквітнеюць вішні, чаромха, бэз, а потым настане лета, і гэта ж як будзе добра... І тут я ўсьведамляю, што кажу гэта ўслых. То бок, ня ўсё запар, а толькі адную фразу: «Гэта ж як будзе добра». Замоўкла, вядома, сумелася страшэнна, пакасілася па баках – як там народ, ня кідаецца ад шалёнай бабы? Аднак навокал ніякага народу не было, толькі наперадзе дзяўчына ішла, і гэта яшчэ пытаньне, хто з нас шалёная баба, бо яна раптам як падскочыць! І пабегла некуды, размахваючы рукамі і сьмеючыся. А я наадварот спынілася. Таму што – ну, ты разумееш, пра што я падумала.

- Што дзяўчына па вуліцы Усіх Сьвятых ня проста так ішла?

- Ну так. Я яшчэ ўзгадала, як яна павольна плялася, ледзьве ногі перастаўляла. Спачатку далёка наперадзе была, а я яе за хвіліну амаль дагнала, нікуды не сьпяшалася. І раптам – такая весялосьць. Я ж сябе таксама прыкладна так паводзіла ў школьныя гады, калі хадзіла па Вісу Швянтую даведвацца пра хлопчыкаў ды кантрольныя. І хіхікала, і верашчала, і падскоквала. А каго, уласна, саромецца – невядомых галасоў, якія і без таго ведаюць, што ў мяне ў галаве?.. Карацей, я доўга потым пра гэтае здарэньне думала. І ўрэшце вырашыла – цудоўна ўсё атрымалася. Якая розьніца, я гэта сказала, ці яшчэ нехта? Калі ў дзяўчыны сапраўды было такое пытаньне да сусьвету, яна атрымала найлепшы адказ, які можна сабе ўявіць.

Янка ўсьміхаецца і адначасова цяжка ўздыхае. Чорт яго ведае, як гэта ў яе атрымліваецца.

- Наступнага разу я патрапіла на Вісу Швянтую прыкладна празь месяц, зусім выпадкова. Ну, то бок, не зь якой-небудзь узвышанай мэтаю, а толькі таму, што гэта быў найкарацейшы маршрут ад расейскай кнігарні, куды я зайшла па часопісы, да гарбатнага клюбу на Базыльёну, дзе мяне чакалі калегі; мы туды, ведаеш, ходзім на пятніцах пасьля працы, замест таго, каб надзірацца півам у найбліжэйшым бары, як усе прыстойныя людзі. Карацей, я затрымалася ў кнігарні, жахліва перажывала, што гарбату замовяць безь мяне – яны ж зусім не разьбіраюцца, выберуць абы-што! – рванула амаль подбегам, самым кароткім шляхам. І тут загаласіў тэлефон, мама вырашыла параіцца, ехаць ёй да кумы на выходныя, ці халодна яшчэ, і я гучна – ну, шумна таму што на вуліцы, машыны езьдзяць – закрычала ў слухаўку: «Абавязкова едзь, там добра!» Схавала тэлефон у кішэню і ледзь не наляцела на цётку, якая ішла наперадзе і раптам спынілася, як аслупянела. Я ў апошні момант неяк здолела, абагнула перашкоду і пачула, як яна шэптам, амаль пра сябе, паўтарае мае словы: «едзь, там добра». І ледзьве не разрагаталася ўслых – ну гэта ж трэба, зноў! – але, ясна, стрымалася. І ўвесь вечар пасьля пра гэта думала – пакуль гарбату піла і потым, перад сном. І нават на наступную раніцу. І, ведаеш, нічога сэнсоўнага не прыдумала, але цешылася, як дурніца. Вось проста шчасьлівая была, што так усё супала, і мой голас ізноў некаму нешта падказаў. І гэта мяне настолькі натхніла, што ўвечары ўжо адмыслова паехала ў цэнтр, прыпаркавалася проста на Вісу Швянтую і пачала там бадзяцца туды-сюды. Ня тое каб я плянавала рэгулярна выкрыкваць: «Усё будзе добра», - і радавацца атрыманаму эфэкту. Хутчэй наадварот, цьвёрда абяцала сабе маўчаць. І ні пра што не пытацца. Проста хацела туды наведацца. Пабыць.

Янка зноў усьміхаецца, цягнецца па цыгарэты, бярэ адную, круціць у руках, глядзіць з безуважлівым інтарэсам, здаецца, ня можа ўзгадаць, што зазвычай робяць з гэтымі штукамі. Працягвае.

- І разумееш. Здавалася б, нічога асаблівага ў той вечар не адбылося. Я сама маўчала і нікога ні пра што не запытвала, нават у думках. І не было ніякіх галасоў, ніякіх прароцтваў. Толькі дзесьці ўвесь час грала музыка. Труба, ці нешта з гэтай катэгорыі, я не разьбіраюся. І, падобна, ня ў запісе, а ўжывую. Нічога звышасаблівага, вядома. Нехта рэпетаваў ля адчыненага вакна, вясной яны ў ва ўсіх наросхрыст. Але ведаеш, калі б я задала пытаньне, гэта быў бы вельмі выразны адказ. Таму цяпер, наўздагон, можна лічыць, што пытаньне я ўсё ж задала, проста сама не заўважыла. Няважна. Але калі я села ў машыну, каб ехаць дадому, ужо разумела, як будзе далей. У сэнсе, як мне цяпер сябе паводзіць і што рабіць. І як да гэтага ставіцца. Слушны адказ: ды як выйдзе. Як нябёсы вырашаць. Унівэрсальная формула. Таму я проста жыву сабе далей, як заўжды жыла. Кожны дзень па Вісу Швянтую з прароцтвамі ня бегаю, ты ня думай. Калі па дарозе, збочваю туды, чаму б і не. І калі, пакуль іду, у мяне звоніць тэлефон, я, вядома, адказваю, не адкладаючы: «паглядзі ў шафе», «не забудзь, пра што мы раніцою гаварылі», «бяжы туды тэрмінова», «не сьпяшайся з гэтай справай пакуль», - карацей, што патрабуюць абставіны, тое й кажу, ня думаючы пра наступствы. А калі раптам заўважыла, што, у трызьненьні кінула нешта ўслых без аніякага тэлефону, не бяру да галавы. Сказала – і сказала, што ўжо цяпер. З кім не здараецца. Я не ўсемагутны аракул, не прарок, адказны на шчасьце прымхлівай часткі віленскага чалавецтва. Проста чалавек, які час ад часу праходзіць па вуліцы Ўсіх Сьвятых і кажа нешта ўслых. Можа, нехта пачуе мой голас і возьме яго пад увагу, а можа, не. Зусім неістотна, бо нас вялікае мноства – тых, хто часам нешта кажа, і тых, хто чуе, і тых, хто ня чуе. Быў бы музыка, а дудка заўсёды знойдзецца, калі яму і закарціць, возьме першую лепшую ды сыграе. Я, вядома, вельмі шчасьлівая дудка – не таму, што граю лепш за ўсіх, а таму, што перакананая – музыка ёсьць. Не ўяўляю, хто ён, што за п'есу выконвае і чаму выбраў для канцэрту менавіта вуліцу Вісу Швянтую, а не якую-небудзь яшчэ. І нават уявіць не магу, як гучыць уся мэлёдыя цалкам. Але пакуль ён грае, чаму б мне, як і ўсім астатнім, ня быць пад рукою.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Jakaja raskoša!!!

+1
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце