Блог

Макс Фрай. Казкі старой Вільні. Казка Дзясятая

Medium?1379413363

Ты ідзеш на пары, на курсы, пішаш кантрольную па засвоеных уроках сталеньня, а побач з табою практыкуецца ў лексіцы ды вымаўленьні нехта хітры ды вялікі. А, можа, маленькі. А, можа, наіўны. Новая казка Фрай - пра тое, як віленскія сьцены гавораць самі з сабою на тваёй мове.

 

Вуліца Жамайтыяс (Žemaitijos g.)

Пачатковы ўзровень

Выйшаў з дому звычайна пануры, загадзя стомлены, як гэта зазвычай бывае з “совамі”, вымушанымі занадта рана пачынаць працоўны дзень.

За ноч на сьцяне суседскага гаражу зьявіўся сьмешны малюнак: лысы таўстапысы мужык зь вялізнымі вісючымі вусамі, больш падобнымі да прыклееных пад носам лісіных хвастоў. Побач – надпіс яскравымі чырвонымі літарамі: “вус”. І ўказальная стрэлка накіраваная на адпаведны аб'ект. Каб, значыцца, не пераблытаць.

Нявольна ўсьміхнуўся. А ранішняя ўсьмешна, як вядома, прыроўніваецца да дадатковай порцыі эспрэса. Ці рыстрэта, у залежнасьці ад шырыні ды шчырасьці. Таму далей закрочыў бадзёра, нават горбіцца перастаў, а звычайна ж сьпіна выпростваецца не раней за шостую вечара, хоць кравецкі мэтар глытай на сьняданак. 

Пайшоў па традыцый не па найкарацейшым, а па ўлюбёным маршруце, па Жамайтыйскай вуліцы, дзе на адной са сьценаў красуецца надпіс “Your life will be happy and peaceful”. Бледны, паўсьцерты, амаль незаўважны на фоне плямаў ды расколінаў, ён ужо сем год велікадушна абяцаў шчасьце ды спакой мінакам, якія засвоілі пачатковы ўзровень ангельскай. То бок, практычна ўсім без разбору. І нязьменна падымаў настрой.

Іншых графіці на гэтай вуліцы не было – да сёньняшняга дня.

Сёньня ж сьцены на Жамайтыйскай раптоўна пакрыліся няўмелымі малюнкамі ды ахайнымі яскравымі подпісамі, быццам малявала дзіця, а пісаў дарослы чалавек. Жаласьлівая сухарэбрая каляровая курыца і надпіс “фазан”. Ручкі-ножкі-гурочак з умоўнай рагаткай у яшчэ больш умоўных нагавічках - “гарэза”. Тоўсты гібрыд аўтамабілю ды аўтобуса з букетам выхлапных газаў у вызначаным месцы, але побач зь ім не назоўнік “машына”, а дзеяслоў “паедзем” і некалькі клічнікаў ды пытальнікаў, уперамешку. Прыемная разнастайнасьць. Далей ізноў суцэльна назоўнікі і адпаведныя малюнкі: “самалёт”, “тэлефон”, “аблокі”, “замак”; маштабны шэдэўр дзетсадаўскай марыністыкі з подпісам ня “мора”, як можна было б чакаць, а “хвалі”. І ўжо на самым рагу – гара яскрава-жоўтых кропак, больш за ўсё падобная да папулярнай гадоў трыццаць таму саляты “Мімоза”. Аднак, калі верыць подпісу, аніякая гэта не салята, а “золата”. Ведай нашых.

Выйшаў урэшце на Піліма, да тралейбусаў. Усьміхаўся ўсё шырэй. Падалося – сьмешная задума. Дурнаватая, але вельмі сьмешная. Зрабілі мне раніцу, такія малайцы. І яшчэ цэлай кучы заспанага народу, перакананы.

Калі ўбачыў на прыпынку агромністага мужыка з шыкоўным сьветла-русым хаерам да плячэй і адпаведнай барадзішчай, у чорнай футболцы з надпісам: “кудлаты”, - ухвальна хмыкнуў. Самаіронія – вялікая справа, і самому сьмешна, і мінакам задавальненьне.

Угледзеўшы на чужой торбе з прынтамі паўторны надпіс “амбідэкстэр”, - расьсеяна задумаўся, ці сапраўды ейная гаспадыня добра валодае абедзьвюма рукамі? Ці проста ходзіць з моднаю торбай, не асабліва ўнікаючы ў зьмест?

І толькі калі ля бліжэйшага сьветлафору прытармазіў цудоўны чопер, на стырне якога задзірліва боўталася камечаная картонка з абяззбройвальным надпісам “матацыкл”, - зьдзівіўся, ды так, што прамармытаў услых: “Не, ну гэта ўжо занадта”. Адвярнуўся і ўткнуўся позіркам у вакно нежылога дому, на запыленым шкле якога нехта ахайна вывеў пальцам прыметнік “мутны”.

Вось халера.

На працы, зрэшты, нічога асаблівага не назіралася. Праўда, даводзілася ўвесь час нагадваць сабе, што малюнак зь вясновымі калюжынамі пад назваю “Капеж” вісеў у калідоры заўжды. І ўмоўна сьмешную таблічку “Бесьсьвядомае” на дзьверы штатнага псыхоляга зьмясьцілі яшчэ тыдзень таму, з нагоды ейнага дня народзінаў, ды гэтак і забыліся зьняць. Тут няма аніякага падвоху. Не, не, не.

У змроку выйшаў на вуліцы і ледзьве здолеў выстаяць на нагах, бо на тратуары пунсовеліся роўныя літары: “Ш А Р А Я  Г А Д З І Н А”. Хацеў быў ізноў, як раніцою, сказаць: “гэта ўжо занадта”, - але вырашыў не паўтарацца.

Падумаў: цікава, што будзе, калі зусім сьцямнее? Хто-небудзь прыйдзе, каб сьцерці гэтыя літары ды напісаць новыя: “Н О Ч”? Але ён ня стаў чакаць. Наадварот, закрочыў хутчэй.

Па дарозе зайшоў да сястры, якая набыла новы кампутар і цяпер выклікала на дапамогу.

Ліна даўно зьбіралася вывучаць нямецкую і вось, урэшце, пачала. Таму ўсё ў ейным доме цяпер было аблеплена налепкамі са словамі: «Der Tisch», «den Stuhl», «den Kühlschrank», «die Tür», «den Fußboden», «die Decke». І гэтак далей.

Сёрбаючы гарбату з цытрынай з філіжанкі з надпісам «die Tasse», сказаў – сам не заўважыў, што ўслых:

- Дык вось да чаго гэта падобна.

- Што да чаго падобна? - перапытала сястра.

Давялося тлумачыць.

- Усе гэтыя малюнкі ды надпісы ў горадзе. Выглядае так, быццам нехта вучыць мову. - Якія малюнкі? У скароце пераказаў усё, што ўбачыў цягам дня.

- “Матацыкл” - гэта асабліва крута, - адазвалася Ліна. - Нічога сабе – картонка на стырне! Зусім невытлумачальна. Астатняе... Ну, нават ня ведаю. Калі меркаваць, што простыя словы - “дом”, “дрэва”, “тратуар” і гэтак далей – ён ужо вывучыў... Ці яна? А хто, уласна?

Паціснуў плячыма.

- Не ўяўляю.

- Сусьвет, - пасьміхнулася Ліна. - Вярхоўнае боства сучасных агностыкаў. Ня ведаем, хто ў нас тут начальства, але цьмяна падазраем, што яно ўсё ж-такі ёсьць. Таму што калі не, тады зусім ужо неяк бессэнсоўна.

Падхапіў:

- Ну так. Менавіта. І вечна прыстаем да невядомага начальства з просьбамі: зрабі тое, перастань рабіць іншае. Адная мая сяброўка наогул рэгулярна лісты да яго піша – у сваім дзёньніку. Гэтак і зьвяртаецца: “Дарагі Сусьвет!” - уяві. Быццам жартуючы. Але пры гэтым кожнага разу вельмі разьлічвае на адказ.

- Вось проста бярэ ды піша? - Захапілася Ліна. - Ну гэта ж трэба. А я дык, дура, проста ўслых кажу. Часам... Слухай, гэта ж колькі нас, гэткіх нястомных прасільнікаў, бадзяецца цяпер па сьвеце? Нічога дзіўнага, што Сусьвет вырашыў урэшце вывучыць чалавечую мову. Хаця б з-за цікаўнасьці. А то неяк дзіўна атрымліваецца: усе ад цябе нечага хочуць, а ты зразумець ня можаш. І, тым больш, уцямна адказаць. А нам жа, бедным зайцам, гэтак трэба! Я б на месцы Сусьвету таксама села зубрыць. Вось жа мы ўсе паскачам, калі ён засвоіць хаця б пачатковы ўзровень ды ўступіць у дыялёг! Дачакацца не магу.

Сказаў паблажліва:

- Па-мойму, ты перазаймалася.

- Ёсьць такая справа, - лагодна пагадзілася Ліна. - І ты, дарэчы, таксама; ня ведаю, праўда, чым менавіта. А ўжо як Сусьвет перазаймаўся – падумаць страшна. Вось і дзівачыць. Раней жа мы ягоных шпаргалак, здаецца, ня бачылі. А цяпер валяюцца абы-дзе, трывожаць майго беднага ўражлівага браціка. Непарадак жа?

Ня стаў адказваць. Толькі галавой паматляў.

З дакорам.

Выйшаўшы ад сястры, нейкі час раздумваў. Урэшце, цяжка ўздыхнуў, узгадаўшы бабуліну прыказку: “Праз аднаго барана ўвесь статак паганы”, - і пайшоў назад, у бок офісу. Туды, дзе на тратуары тры гадзіны таму красаваўся надпіс “шарая гадзіна”. Паглядзець, як там ён.

Надпіс і сапраўды зьмяніўся. Угадаў, гэта ж трэба. Толькі замест меркаванага “ноч” там зьявілася слова “цемра”. І яшчэ слова “ліхтар”, але не на тратуары, а наўпрост перад слупом. Што, у прынцыпе, лягічна.

Паўтарыў услых:

- Лягічна.

І пакіраваўся на тралейбус. Хопіць на сёньня шпацыраў. Набегаўся.

Аднак па звычцы выйшаў на прыпынак раней, збочыў з Піліма на Жамайтыйскую вуліцу. Пакуль пераходзіў дарогу, зьдзіўляўся з грукату ўласнага сэрца. Зь якога гэта часу малюнкі ды словы зрабіліся сур'ёзнаю нагодай для хваляваньня? Нават калі яны зьмяняюцца па некалькі разоў на дзень, гэта сьведчыць толькі пра тое, што некаму тут няма чаго ра...

...біць. Ага. Так і ведаў. Ранішнія надпісы зьніклі. Затое зьявіліся новыя. Разгледзець у цемры малюнкі было зусім немагчыма, аднак яскравыя літары кідаліся ў вочы: “палярнік”, “пагражаць”, “нутрамоўца”, “пільна”, “бурбалкі”, “мапа”, “карусэль”. Абсурдны набор.

Ішоў па Жамайтыйскай вуліцы, намагаючыся не глядзець на сьцены. На сёньня дастаткова. Аднак яскрава-чырвоныя літары ўсё адно кідаліся ў вочы, толькі што за рукаво ня тузалі. “Схованка”, “практыка”, “вампір”, “барбарыс”, “срабрысты”, “астралябія”. Астралябія! Госпадзі, твая воля.

Ужо збочваў у двор, калі высокі, па-юначы ломкі голас гучна сказаў аднекуль зьверху, калі верыць адчуваньням, зь дзявятага прыкладна паверху:

- Сіям, - і тут жа паўтарыў выразна, па словах: - Сі-ям.

Каб ужо аніякіх сумневаў.

Скалануўся, ледзь было не перапытаў: “Чаго-о-о-о?” - але ўсё ж такі стрымаўся, прамаўчаў. Азірнуўся. Вуліца, здаецца, зусім пустая. І вокны суседніх двухпавярховых дамоў, здаецца, зачыненыя. Зрэшты, нябачны гаварун цалкам мог сядзець на даху. Ці на дрэве. Ды дзе заўгодна можа ён сядзець. Напрыклад, у мяне ў галаве. Найбольш верагодны варыянт. Хаця, вядома, найменш пажаданы.

Стаяў, прыхінуўшыся каркам на халоднага мэталу агароджы. Слухаў, як недзе наверсе, але ня надта высока, нехта адкашліваецца. І, няўпэўнена расьцягваючы галосныя, вымаўляе новае слова:

- Ааа-кііі-яааан. - І яшчэ раз: - Акіян.

Ня вытрымаў. Кінуўся ў дом, ляпнуў дзьвярыма пад'езду, а потым і кватэры. Павярнуў ключ, чамусьці зачыніўся на ланцужок, якім у жыцьці не карыстаўся.

Падумаў: добра, што Янка сёньня прыйдзе позна. Гэткім яна мяне яшчэ ня бачыла.

Вось і ня трэба.

Некалькі хвілінаў сядзеў на кухні, паклаўшы рукі на стол, а галаву на рукі. Раптам зразумеў, што так ня выйдзе. Устаў і расчыніў вакно.

Там, у пахучай вільготнай цемры пахмурнай верасьнёвай ночы непрыстойна высокі голас нарасьпеў выгаворваў усё новыя словы.

- Гуд-кі. Тумааан. Чааааас. Час.

Гэта ж трэба. Сапраўды, вучыцца. Вучыцца гаварыць. Цікава, хоць хто-небудзь апроч мяне чуе?

Ай, добра, якая цяпер розьніца. Узяў Янчыну памаду для вуснаў, устаў перад люстэркам. Старальна напісаў у сябе на лбе чырвоныя літары: “удзячны”. Нейкі час выпрабавальна глядзеў у ашалелыя вочы свайго адлюстраваньня. Ня вытрымаў, расьсьмяяўся першы. І пайшоў умывацца. 

 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце