Блог

Макс Фрай. Казкі старой Вільні. Казка Дзявятая

Medium?1371415856

У кожным, ці ня кожным, горадзе, мястэчку, ці месцы, якое нехта прыдумаў, ды не пасьпеў яшчэ прамаляваць тлустым маркерам на мапе, ёсьць вуліца ды адрас, дзе можна дазнацца ўсе сакрэты сусьвету, стаць мудрэй ды лепш. Адкуль мы гэта ведаем? Ад Макс Фрай, з чарговай блытанай гісторыі, распаведзенай на віленскай вуліцы Дыджоі...

 

Вуліца Дыджоі (Didžioji g.) 

Сапсаваны тэлефон

- У Рэйк'явіку ёсьць чыгунка. Дакладны адрас невядомы, аднак усе пагаджаюцца на тым, што яна знаходзіцца недзе ў раёне старой гавані. Штодня сотні гараджанаў ды турыстаў праходзяць паўз вакзал, але не заўважаюць яго. Аднак прыкладна раз на месяц, зазвычай у апошні дзень поўні, ці на самым пачатку першай гадзіны, убачыць вакзал робіцца як абаранак зьесьці. Апынуўшыся побач, цяжка бывае стрымацца, не ўвайсьці ў будынак і не набыць квіток на хуткі цягнік, які, аб якой гадзіне б ні зьявіўся на вакзале, абавязкова будзе стаяць ля пэрону, гатовы да адпраўленьня. Некаторыя жыхары Рэйк'явіку перакананыя, што пасажыры гэтага цягніка хутка і танна дабяруцца да мацерыка; часта перад тым, як набыць квіток на самалёт, яны падоўгу соваюцца з валізамі па ваколіцах старой гавані, спадзеючыся, што ім пашчасьціць. Іншыя сьцьвярджаюць, што той, хто сеў у цягнік, трапіць немаведама куды, і яшчэ невядома, ці вернецца. Але ўсе пагаджаюцца з тым, што паехаць на гэтым цягніку – вялікая ўдача, страчваць якую ня варта.

Ён ніяк ня быў падобным да вар'ята.

Буйны, прыгоды стары з ахайным сівым вожыкам і старанна падстрыжанаю рудаватаю барадой. У вельмі добрым шэрым палітоне, паношаным роўна да той ступені, каб выглядаць па-сапраўднаму элегантным. Гаварыў спакойна, нягучна, бязь лішняй жэстыкуляцыі, быццам распавядаў ціхаму, удумліваму дзіцяці, проста нябачнаму. Ды й сядзеў ён не на дрэве, не на тратуары нават, а на крэсьле, выстаўленым за парог кавярні. Ганна і сама сядзела на такім жа. Пад сярэдзіну кастрычніка ўладальнікі ўсіх кавярняў ды рэстарацыяў пасьпелі прыбраць вулічныя столікі, толькі “Кофі-іны” - тут, у самым канцы вуліцы Дзіджоі, і яшчэ адзін, на Вільняўс – заставаліся па-ранейшаму міласэрныя ў дачыненьні аматараў сьвежага ветру ды тытуню. Стары, найверагодней, адносіўся да першых, прынамсі, цыгарэты ў ягоных руках не было. Перад ім на крываногім стале, шчодра засыпаным апошнімі медзякамі драўнянае лістоты, стаяла белая картонная шклянка з накрыўкай, самая вялікая доза гарачай кавова-малочнай бурды, капучына, ці лятэ, хто яго разьбярэ. У Ганны быў такі ж, але меншы, medium, сярэдняя порцыя карамельнай кавы, навязьлівы смак якой бясіў яе летам, але цяпер як найлепш спалучаўся з асьцярожным водарам дыму, які напаўзаў на горад ці то з комінаў, ці то зь недалёкай ужо сьцюдзёнай будучыні. Скончыўшы адное апавяданьне, стары рабіў паўзу, каб сербануць кавы, і браўся за новае.

- У Калькуце жыве шчанюк з чорным вухам. Ён заўжды сьпіць, кладучыся галавою ў той бок, куды варта накіравацца гаспадару, каб знайсьці сваю ўдачу. Невядома, што чакае яго там – гаршчок з золатам, выйгрышны лятарэйны білет, аб’ява з прапановаю добрай працы, гляк з вывадкам дабрадушных джынаў, ці сустрэча з каханьнем усяго жыцьця. Магчыма, нават усё адразу. Аднак гаспадары шчанюка ня ведаюць пра гэтую ягоную дзівосную ўласьцівасьць, таму дагэтуль не скарысталіся зь небывалай магчымасьці паправіць свае справы.  

Трэба, бадай, даваць адсюль лататы, думала Ганна. – Ціхі-то ён ціхі – пакуль. Невядома, што можа выкінуць у наступную сэкунду. Вось яааак ўскочыць ды яааак накінецца! Ні яшчэ што-небудзь горшае. З вар’ятамі заўжды гэтак. Трэба тэрмінова даваць адсюль лататы, настойліва казала сабе Ганна, але насуперак гэтай здаровай парадзе, палезла ў кішэню паліто па наступную цыгарэту. Можа, яшчэ што-небудзь распавядзе? Цікава ж.  

- На ўскраіне Х'яласьці ёсьць маленькая безыменная вуліца, адрозьніць яе ад іншых амаль немагчыма. Вуліца сканчаецца тупіком: у тупіку стаіць трохпавярховы дом; калісьці ягоныя сьцены былі белымі, а цяпер займелі тое няўцямнае адценьне, якое дасьведчаныя людзі называюць “колерам часу». На гаўбцы пад самым дахам сядзіць жанчына ў шыракаполым капелюшы. Некаторым яна можа падацца бабуляй, некаторым – дзяўчынай, ці нават дзяўчынкай-падлеткам. Яна можа быць апранутай ў рызьзё, ці, наадварот, убрацца паводле апошняе моды, нязьменнаю дэтальлю застаецца толькі капялюш. Калі, ветліва прывітаўшыся, выказаць жанчыне сваё самае запаветнае жаданьне, яна засьмяе вас, магчыма, нават аблаіць, ці шпурне вам у галаву яблычны агрызак. Але, вярнуўшыся дадому, вы убачыце, што жаданьне вашае збылося, ці, прынамсі, пачаліся нейкія падзеі, якія вядуць да ягонага зьдзяйсьненьня. Калі ж вы зноў прыйдзеце да гэтага дому з новаю просьбай, высьветліце, што гаўбец пусты, дзьверы закалочаныя, а ў небе лётаюць мёртвыя птушкі.

Стары замоўк, дапіў каву, падняўся, усьміхаючыся нейкім уласным думкам, выкінуў пустую картонную шклянку ў сьметніцу і, не сьпяшаючыся, пайшоў у бок Ратушнага пляцу. Ганна азадачана глядзела яму ўсьлед. Х’яласьці, думала яна, гэта ж трэба, ніколі ня чула пра такі горад. Цікава, у якой ён краіне? Дома Ганна не палянілася, палезла ў інтэрнэт, увяла ў пошукавы радок назву загадкавага гораду. “Ня знойдзена ніводнага дакумэнту, які адпавядае запыту ”Х’яласьці” – адказваў Google. “Патрэбная камбінацыя словаў нідзе не сустракаецца”, - патрымліваў калегу Яндэкс. Гэта ж трэба, падумала яна. Але Рэйк’явік-то на самой справе ёсьць! І Калькута. Відаць. На ўсялякі выпадак праверыла. Упэўніўшыся, што Рэйк’явік і Калькута існуюць, трохі падумала і ўвяла наступны запыт: “Ісландыя чыгунка”. “Ісландыя ў дадзены момант ня мае чыгуначнага транспарту”, - адказаў інтэрнэт-усявед.

- Ага, - услых сказала Ганна. І з задавальненьнем паўтарыла – А-га!

Рэшту вечару яна пачувалася шчасьлівай, хадзіла па хаце з падскокам і часта няўлад сьмяялася, адказваючы на тэлефанаваньні, а прымаючы перад сном душ, раптоўна засьпявала, чаго, ад прыроды абдзеленая музычным слыхам, сабе ніколі не дазваляла. Гэй, ты чаго? – строга запыталася Ганна, кладучыся ў ложак. - Адкуль столькі шчасьця ў асобна ўзятым арганізме? На даляглядзе ні адзінага талковага кавалера, грошы амаль што скончыліся, у палітоне падол збузаваўся, а новага пакуль не прадугледжваецца, ды яшчэ й карова нядоеная, у сэнсе, перакладу твайму канца-берагу няма. Ня бачу ніякіх нагодаў для радасьці. А гэта я трэніруюся, - паразважаўшы, вырашыла яна. - Каб карысную ўмеласьць ня страціць. І, цалкам задаволеная настолькі разумным адказам, салодка заснула, гэтак пяшчотна абдымаючы падушку, быццам пад галавою ў яе ляжаў цэлы сьвет, напоўнены дзівоснымі цягнікамі, чароўнымі шчанюкамі, разнакаляровымі смактулькамі і, вядома, няскончанымі перакладамі, куды ад іх падзенесься.

На наступны дзень у Ганны не было ніякіх справаў у старым горадзе, а працы, наадварот, два вазы і цэбар. Аднак надвор'е было цудоўнае, вельмі цёплае для кастрычніка, пахмурнае, але сухое, і Ганна сказала сабе, што трэба ня ўпусьціць момант, пагуляць на славу, бо неўзабаве зарадзяць злосныя лістападаўскія дажджы, а потым ударыць мароз, і пра нясьпешныя шпацыры дзеля задавальненьня можна забыць да вясны. Апынуўшыся ж на вуліцы Дыджоі яна, вядома, падумала, што карамельны мэдыум на хісткім крэсьле каля «Кофі-іна» як найлепш упрыгожыць ейную сёньняшнюю вылазку ў горад, і без таго надзвычай прыемную. За адным столікам сядзела кампанія студэнтак, асьляпляльна тонкіх, з гучнымі, яскравымі, у тон фарбаванымі валасамі. А за іншым — учорашні стары, і Ганна гэтак ўсьцешылася, застаўшы яго тут, што кінулася па каву, не падумаўшы, што ёй-то, выходзіць, няма куды сесьці, сталоў тут усяго два, што хочаш, тое і рабі. Але калі яна вярнулася на вуліцу, студэнткі акурат уставалі, зьбіраючыся сыходзіць, таму пытаньне зь месцам вырашылася найлепшым спосабам, як сьлед не пасьпеўшы сфармулявацца.

Дзед, здаецца, толькі яе і чакаў.

- У Туамасіне ёсьць кірмаш, дзе сядзіць гандляр аблокамі. Дачакаўшыся, калі на небе зьявіцца чарговае воблака, ён аб'яўляе аўкцыён; ахвотных набыць воблака звычайна апынаецца шмат, але кошты трымаюцца невысокія, таму што людзі ў тых краях бедныя, а прагныя да сувэніраў турысты ня бачаць сэнсу ў такой пакупцы, паколькі воблака нельга спакаваць і павезьці дадому.

Ну гэта ж трэба, падумала Ганна, цяпер, значыцца, Туамасіна. Ці Тумасін. Хутчэй за ўсё недзе па суседстве Х'яласьці, зьедліва дадала яна. Дастала з кайстры нататнік і запісала «Туамасіна, не забыцца праверыць».

- У самым цэнтры Гранады ёсьць кавярня. Знайсьці яе лёгка, яна гэтак і называецца «Кавярня Цэнтраль». Напоі ды ежа там самыя звычайныя, але калі каму-небудзь узбрыдзе ў галаву намаляваць што-небудзь на сурвэтцы, чакаючы замовы, малюнак ягоны будзе надзвычай добры, незалежна ад таго, ці ўмее гэты чалавек маляваць. На жаль, мастакі пра гэта ня ведаюць і ў «Кавярню Цэнтраль» не зьбіраюцца, таму прызначанае ім натхненьне дастаецца турыстам ды таксоўшчыкам.

А вось гэта можна будзе праверыць асабіста, падумала Ганна. Ну, тэарэтычна, можна. Калі-небудзь. Калі мне заплоцяць за ўсе пераклады адразу, і я, разьлічыўшыся з усімі пазыкамі за кватэру, ваду ды сьвятло, выяўлю, што ў вацаку яшчэ нешта засталося. І вось тады... Дарэчы, гэта сапраўды думка. У Гранадзе, відаць, і зімой нядрэнна. А ўжо вясной як, вясной...

- У Кракаве на вуліцы Шчапаньскай ёсьць стары дом, там заўжды адкрытае адное вакно. На падваконьні стаіць клетка з папугаем сіняга колеру. Калі даць папугаю семачак, ці арэхаў, ён, падзюбаўшы, распавядзе вам чый-небудзь важны сакрэт.

Нічога сабе, узрадавалася Ганна. Вось гэта можна праверыць хоць сёньня. У Кракаве ж цяпер Мішка жыве. Малодшага брата па сваіх справах ганяць — любата, яны для гэтага, можна сказаць, адмыслова створаныя мудрай прыродай.

Стары тым часам падняўся, дакладна распрастаў палітон, а перад тым, як сыйсьці, павярнуўся да Ганны ды па-сяброўску ёй падміргнуў. Яна не пасьпела ні ўсьміхнуцца ў адказ, ні «дзякуй» сказаць за казкі, ні, наадварот, дэманстратыўна адвярнуцца — яшчэ на добры лад ня ўцяміла, што адбылося, і як на гэта варта рэагаваць, а дзед ужо дарогу перайсьці перасьпеў, ня бегчы ж за ім зараз.

Гэта, відаць, такая гульня, падумала Ганна, гледзячы яму ўсьлед. У «глухі тэлефон» зь Нябеснай Канцылярыяй. Яны яму сьвяшчэнную ісьціну якую-небудзь паведамляюць дзеля выратаваньня чалавецтва, а ён, недачуўшы, выдае дурнаватыя байкі. І ўсе прарокі, відаць, так. Таму мы тут і ходзім такія... нявыратаваныя. А чаму, уласна, «дурнаватыя»? - сярдзіта запыталася яна ў сябе, дапіўшы прастылую карамельную каву. - Вельмі, між іншым, цудоўныя байкі. А можа й ня байкі. Зараз праверым, што там з кракаўскім папугаем.

Пачуўшы голас брата, Ганна нечакана для сябе гэтак узрадавалася, што нават хмары над вуліцай Дыджоі раптоўна расступіліся і зь іх вынырнула сонца, агаломшанае ды зьняёмчанае, як чалавек, зьнянацку засьпеты гасьцямі на канапе, у лазьневым халаце, з танным дэтэктывам у мяккай вокладцы і стосам канапак каля галавы.

- У мяне самая бязглуздая просьба на сьвеце, - шчыра сказала Ганна. - Дурней не прыдумаеш. Таму, калі ня хочаш марочыць галаву, гэтак і скажы.

- Распавядай, - запатрабаваў Мішка.

- Ты ведаеш, дзе вуліца Шчапаньска? Ці нешта накшталт таго.

- Вельмі добра ведаю. Гэта ўсяго за тры кварталы ад мяне.

- Уффф! - Выдыхнула Ганна. - Тады табе будзе ня надта складана схадзіць туды ды паглядзець, ці стаіць на якім з вакон клетка з папугаем.

- Папугай які? Вялікі, сіні?

- Ага.

- Мы з гэтым папугаем старыя прыяцелі, ледзь не штодня міма хаджу. А ты адкуль пра яго ведаеш?

- Распавялі, - ляканічна патлумачыла Ганна. - Слухай, а ты яго часам не карміў?

- Хацеў, ды не адважыўся. Усё ж чужая птушка. Адкуль мне ведаць, што яму карысна, а што шкодна?

- Семачкі ды арэхі, - сказала Ганна. - Гэта дакладна карысна. Мне казалі, ён за пачастунак распавядае розныя цікавыя рэчы. Надта карціць даведацца, што ён табе скажа.

- А ты сама прыязджай, - прапанаваў Мішка. - Я вас пазнаёмлю і кармі яго, колькі ўлезе. Зь цябе семачкі, зь мяне дах над галавою, кава ў пасьцель ды культурная праграма.

- Я падумаю, - разгублена адказала Ганна, са зьдзіўленьнем усьвядоміўшы, што расцэньвае ягоную прапанову як страшэнна заманлівую. І нават больш-менш ажыцьцяўляльную - пры ўмове, што квіткі на аўтобус да Варшавы каштуюць не даражэй, чым летась.

Усё ж ёсьць папугай, думала яна, убіваючы ў пошукавы радок дзівосную назву “Туамасіна”.

- І Туамасіна таксама ёсьць! - Уголас усклікнула Ганна, выявіўшы, што гэты горад знаходзіцца на востраве Мадагаскар. Порт ды цэнтар рэгіёну Анцыранана. Ну гэта ж трэба. Выходзіць, наогул усё праўда, - захоплена падсумавала яна. І кавярня ў Гранадзе, і нябачны вакзал у Рэйк'явіку. І нават жанчына ў капелюшы з Х'яласьці, ці мала што інтэрнэт пра такі горад ня ведае. Падумаеш, вялікая справа – інтэрнэт.

У такім натхнёным настроі Ганьне ня толькі ўсе моры на сьвеце былі па калена, ёй нават пераклад падаўся ня страшным. Падумаеш – пераклад. Да чатырох раніцы яна яго скончыла ды заснула шчасьлівым сном дзіцяці, якое зьбегла з рабства. Але а дзясятай ужо была на нагах. Думка пра тое, што ніхто не перашкодзіць ёй і сёньня адправіцца ў кавярню на вуліцы Дыджоі, бадзёрыла лепш за любую каву. Эсэмэска ад Мішкі застала яе ў дарозе.

“Папугай сказаў: “Ганна ўжо гуляе”. Семачкі жарэ, як апараны. Прыязджай, сама ўбачыш”. І паўтузіны смайлікаў, відаць, у якасьці прыманкі.

- Ганна ўжо гуляе, - сказала яна ўголас, смакуючы словы. Ёй настолькі спадабалася, што давялося паўтарыць:

- Ганна ўжо гуляе, - і яшчэ раз: Ганна ўжо гуляе! - гучна, услых.

На шчасьце, на вуліцы ў гэтае імгненьне было пуста. Дзед сядзеў на звыклым месцы. За суседнік столікам рассаджвалася вялікая кампанія нямецкіх турыстаў, школьніцы, жвавыя ды звонкія, як трапічныя птушачкі, абляпілі падваконьне. Ганна сьпярша падумала: пакуль мне будуць рабіць каву, хто-небудзь можа сысьці, тут падоўгу не заседжваюцца. Але калі яна выйшла на вуліцу зь цёплай картоннай шкляначкай у руцэ, сытуацыя не зьмянілася, і Ганна разгублена застыла на парозе - куды цяпер сябе падзець? Стары кіўнуў ёй прыязна, як старой сяброўцы, пахлопаў па суседнім крэсьле, маўляў, сядай.

- Я вам дакладна не перашкоджу? - Запыталася Ганна. - А калі запалю?

Ён моўчкі пакруціў галавою, і Ганна села побач, хаця зазвычай цярпець не магла сядзець за адным сталом зь незнаёмцамі. Лепш ужо наогул сысьці. Стары ўсьміхнуўся ды загаварыў. На гэты раз ён зьвяртаўся не да якога-небудзь нябачнага субяседніка, а да Ганны.

- У самым цэнтры Вільні ёсьць маленькая кавярня, асаблівая, бо сталы ды крэслы стаяць перад ёю на вуліцы позьняй восеньню ды нават зімою. Адное крэсла паўстаўленае гэткім чынам, што калі сесьці на яго тварам на паўднёвы захад, левым вухам можна пачуць гісторыі, якія распавядае вецер.

- Вецер? - Перапытала Ганна. - Гэтыя гісторыі распавядае вецер? Ну гэта ж трэба! Дакладна, гульня ў “глухі тэлефон”. Выходзіць, я яшчэ ўчора ўгадала?

- Амаль угадала, - усьміхнуўся дзед. - Толькі чаму “глухі”? Цалкам спраўны тэлефон. Зараз сама пераканаесься. Табе вадзіць!

Ён устаў і падаў ёй руку, дапамог падняцца ды перасесьці на вызваленае месца. Па-сяброўку пахлопаў па плячы, адвесіў неглыбокі паклон, хутчэй насьмешлівы, чым галантны, і імкліва пайшоў у бок Сьвятых Варотаў, крысы ягонага шэрага палітону, расшпіленага з нагоды добрага надвор'я, луналі, як прыспушчаныя парусы лятучага карабля.

- У Лейне... - прашаптала Ганна, пакутліва чырванеючы, ад неабходнасьці казаць услых. Пакапалася ў кішэнях, шукаючы цыгарэты, але гэтак і не знайшла. Зрабіла глыток навязьліва салодкай карамельнай кавы, раптоўна ап'янела ад яе, як ад добрай порцыі рому, і, пасьмялеўшы, пачала спачатку, нягучна, але цьвёрда ды вельмі выразна: ё

- На паўночнай украіне Лейну, куды не забрыдаюць ні цікаўныя турысты, ці ўсюдыісныя гандляры салодкасьцяў, жыве замаўляльнік кніг. Людзі прыносяць да яго кнігі, якія падаліся ім бессэнсоўнымі, незразумелымі ці проста занадта маркотнымі. Адным кнігам замоўца грае на флейце, зь іншымі пра нешта шэпчацца, закрыўшыся ў кабінэце, а часам проста кладзе закладку — птушынае пяро,  абрывак запіскі, засушаную кветку. Пасьля гэтага гісторыя, запісаная ў кнізе, пра што б яна ні распавядала да таго, робіцца гісторыяй пра хараство ды цуды сьвету, хаця, як распавядаюць тыя, хто не паляніўся праверыць, усе словы застаюцца папярэднімі ды нават не мяняюцца месцамі.

 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце