Блог

Макс Фрай. Казкі старой Вільні. Казка Пятая

Medium?1366974571

Казка пра каханьне, узросты, гадзіны і час. Пра тое, што проста супадзеньняў насамрэч не бывае. Самае вясновае, што толькі можна прачытаць.

 

Вуліца Вокечу (Vokiečių g.)

Да месяцу і назад

- Які дзіўны падарунак, - кажа Цімо. – Цудоўная праца. Совы, якія сядзяць на цыркулях – дзівосны сюжэт, у жыцьці нічога падобнага ня бачыў. А фігура старога пад цыфэрблатам аж завельмі добрая. Бліскучая праца скульптара, якая няўмела прыкінулася дэкаратыўным элемэнтам. Ведаеш, што ў ягонай руцэ? Гэта ня серп, а адмысловы вінаградарскі нож дзеля падразаньня лазы. Здаецца, тут паказаны сам Кронас, прычым на раньнім этапе ўласнай кар’еры, калі ён быў простым сялянскім богам, адказным за збор ураджаю. Унікальная рэч. Але – гадзіньнік? Мне? Ды яшчэ й такі велічэзны? У мяне за жыцьцё не было насьценнага гадзіньніку. Толькі будзільнік на тумбачцы. А цяпер усё той жа будзільнік, толькі ў тэлефоне, і годзе зь мяне. У семдзесят восем год чалавек канчаткова перастае патрабаваць пастаяннага нагадваньня пра хаду часу. Як табе прыйшло ў галаву?..

Да гэтага пытаньня Наталі добра падрыхтавалася.

- Па-першае, гэта страшэнная помста за тое, што ты ня хочаш на мне жаніцца.

- Дык я ж хачу, - нагадвае Цімо. – Надзвычай хачу! Але не магу. З тэхнічных прычынаў. Калі б я быў хоць на дзесяць год маладзейшым...

- Ня важна, чаму. Ня жэнісься, і кропка. Таму я вырашыла патрапіць у тваю спальню гэткім вычвараным спосабам. Гэты гадзіньнік шмат гадоў цікаў над маёй падушкай, а цяпер будзе вісець над тваёй, і ня думай нават яго здымаць, пакрыўджуся не на жарт. З гэтага часу ў тваім доме заўжды будзе мой час, і рабі, што хочаш. - Твой час? Такая пастаноўка пытаньня не прыходзіла мне ў галаву, - ажыўляецца Цімо. Гэта яшчэ ня ўсё. Глядзі ўважліва. На стрэлкі глядзі.

- Пачакай, - разгублена кажа Цімо. - Мне не здаецца? Яны сапраўды ідуць назад?

- Бал для каманды знатакоў! І заўсёды, колькі я памятаю, так ішлі. Тры тузіны старых і мудрых віленскіх гадзіньнікавых майстроў спрабавалі іх наладзіць, ніхто ня здолеў, і я вырашыла пакінуць як ёсьць.

- Няўжо сапраўды тры тузіны?

- Вядома, не, - сьмяецца яна. - Усяго чацьвёра. Але, пагадзіся, таксама неблагая лічба.

А вось гэта няпраўда. Наталі ніколі не спрабавала наладзіць гэты гадзіньнік. У галаву б не прыйшло зь ім кешкацца. Яна наогул не разумела, навошта яго набыла.

 

Як і Цімо, Наталі большую частку жыцьця здавольвалася старадаўнім будзільнікам, на дурную звонкую галаву якога сыпаліся шторанішнія праклёны шматлікіх пакаленьняў ейнай сям'і. А пазалочаны наручны гадзіньнічак, які падарыў дзядзька на паўналецьце, надзявала толькі ў дні сямейных урачыстасьцяў, каб пацешыць дарыльшчыка. У ва ўсе астатнія дні падарунак ляжаў у тумбачцы. Наталі гэтак і не змагла звыкнуцца з абставінамі, пастаяннае ціканьне блытала думкі, зьбівала з панталыку, навязвала свой манатонны, гіпнатычны, невыносны па сутнасьці рытм. І цудоўна жыла без гадзіньніку да сарака з хвосьцікам гадоў, калі раптам засталася зусім адна з кучаю грошай.

Муж пры разводзе абыйшоўся з Наталі, як кажуць, па-боску: пакінуў ёй ня толькі вялізарную кватэру ў Старым Горадзе, але і тэлефонны нумар свайго прыяцеля рыэлтара, які амаль бескарысьліва дапамог прадаць палац за добрую па тых часах суму грошай і набыць малюсенькую студыю ў раёне Ўжупіс, які пакуль не ўвайшоў у моду і таму быў дастаткова танным. І банк надзейны параіў дзеля захоўваньня капіталу — сума, што засталася і Наталі на руках пасьля апэрацыяў зь нерухомасьцю, здавалася ёй вялізарнай і хутчэй палохала, чым цешыла. Паклаўшы грошы ў банк, яна больш-менш супакоілася і стала вучыцца жыць наноў, як вучацца хадзіць пасьля цяжкой хваробы.

Гэта было дзіўнае жыцьцё. Зусім не такое дрэннае, як здавалася, калі Робэрт раптоўна паведаміў пра хуткі развод і свой ад'езд.

Наталі ніколі не любіла мужа, ва ўсялякім выпадку, не адчувала нічога падобнага ні да пачуцьцяў, апісаных у адпаведных раманах, ні да дзікай сумесі радаснага ўзбуджэньня і амаль невыноснай душэўнай мукі, што спадарожнічала ейнай першай юначай закаханасьці. Але яна была вельмі прывязаная да Робэрта, прывыкла, што муж заўжды недзе побач, нядзейны, як ляпляндскі Гранітны Вал, які адной сваёй прысутнасьцю адмяняе праблемы, засмучэньні, радасьці і, здаецца, само жыцьцё ў абмен на чароўнае адчуваньне бясьпекі і гарантаванага спакою. А тут раптам ня тое што звычнай скалістай пароды — рыхлай зямелькі пад нагамі не засталося, боўтайся, як хочаш, у поўнай пустаце, якая, відаць, і ёсьць свабода, прыгожае кніжнае слова; хто б мог падумаць, што гэта — так.

Напачатку Наталі менавіта боўталася. У яе былі грошы, час, дах над галавою і неверагодны краявід з вакна, а больш анічога — ні сяброў, якіх неяк незаўважна адмяніў Робэрт, ні дзяцей, якіх яны абое ніколі не хацелі, ні працы, ні хоць трохі запатрабаванай прафэсыі. Якому вар'яту-працадаўцу можа спатрэбіцца саракадвухгадовы мастацтвазнаўца, аўтар аднаго-адзінага бессэнсоўнага артыкулу, надрукаванага яшчэ пад час навучаньня? Наталі ўжо наколькі была наіўная, а ўсё ж асаблівых ілюзыяў наконт працаўладкаваньня ня мела.

Усё, што можна было зрабіць у гэтай сытуацыі — гэта як мага эканомней траціць пакладзеныя ў банк грошы і пастарацца ня вельмі доўга жыць, каб не жабраваць у старасьці. Наталі вельмі добра гэта разумела, але зусім ня бачыла сэнсу ў тым, каб паводзіць сябе разважліва. Робэрт даў ёй цудоўны ўрок: плянаваць будучыню бессэнсоўна, падпарадкоўваць ёй сваё сёньняшняе — самазабойчае глупства. Наталі вырашыла, што ў гэтым хісткім сьвеце, дзе ўсе сапраўды важныя падзеі адбываюцца раптоўна і беспрычынна, нават не спрабуючы здавацца вынікам хоць нейкіх тваіх учынкаў, словаў і памылак, можна дазволіць сабе ўсё, чаго захочацца. Убраньні? Ды якія заўгодна. Падарожжы? Ды хоць на край зямлі. Ікра і лангустыны на вячэру? Ды хоць трэсьні.

Але гэта была тэорыя. На практыцы Наталі цэлымі днямі сядзела ў сваёй новай кватэрцы, перачытвала любімыя кнігі і чакала, калі ёй чаго-небудзь захочацца. Калі не ў Парыж, то хоць нафарбаваць пазногці.

Але ёй, вядома, гэтак нічога й не захацелася.

Здаецца, я ўжо даўно жыву пад знакам Сатурна, думала Наталі, гартаючы новую, дрэнна выдадзеную «Энцыкляпэдыю сымбаляў», якая невядома як уціснулася ў іх дбайна падабраную бібліятэку: «Злы ўплыў Сатурну прыносіць страх перад жыцьцём, маркоту, непрыстасаванасьць, запаволенасьць, ляноту, панурасьць, сыход у сябе, адзіноту, смутак». Як пра мяне напісана, думала Наталі. Быццам нехта доўга назіраў за мною, а потым пайшоў і запісаў усё, як ёсьць. Ёй гэта надта не падабалася.

«У алхімікаў Сатурн лічыўся знакам Сьвінцу — асновы іх мастацтва, нізкага мэталу, які патэнцыйна утрымлівае ў сабе золата, — працягвала чытаць Наталі. — Чалавеку, які здолеў супрацьстаяць ягонаму кепскаму ўплыву, Сатурн падорыць сьпеласьць розуму, волю і разважлівасьць».

Добра, сказала яна сабе. Значыць, супрацьстаяньне хаця б тэарэтычна магчымае. Вось з гэтага і пачнем.

Наталі па-ранейшаму нічога не хацела, але цьвёрда вырашыла дзейнічаць, не чакаючы на натхненьне. Вось зараз жа.

Тут вельмі дарэчы прыйшлася выпрацаваная гадамі патрэба ў звыклым распарадку. Наталі прыдумала немудрагелісты, аднак карысны дзеля дысцыпліны рэжым: уставаць не пазьней за восьмую, падтрымліваць дом і сябе ў чысьціні, гатаваць ежу — не празапас, на тыдзень наперад, а патрохі, у маленькім рондліку. І, паколькі навамодныя спортзалы выклікаюць агіду, паболей шпацыраваць. Проста гуляць па горадзе, аднак — у любое надвор'е, ня менш за тры гадзіны. Болей — можна.

Спачатку шпацыры падаваліся Наталі сапраўднаю мукай, але яна хутка скеміла, што варта адмовіцца ад абцасаў і ўцягнулася, а бліжэй да сярэдзіны вясны ўсьвядоміла, шо стала атрымліваць задавальненьне ад нясьпешнай хады па горадзе, засыпаным квеценьню. Раптоўна ўзгадала, што відовішчы, пахі ды гукі калісьці былі важнаю часткай ейнага жыцьця. Пачала разглядаць твары і адзеньне мінакоў, падслухоўваць размовы, назіраць за дробнымі вулічнымі здарэньнямі, збочваць у двары, міма якіх усё жыцьцё праходзіла, не адчуваючы ніякага зацікаўленьня.

 

Усё гэта яшчэ не было сапраўдным жыцьцём, аднак стала нядрэнным падрыхтоўчым практыкаваньнем. Аднойчы яна злавіла сябе на слабым, але выразным жаданьні зазірнуць у новую, толькі што адчыненую кавярню, тут жа зайшла і з радасьці зрабіла самую бязглуздую замову ў сваім жыцьці: кава, якую не магла цярпець, і пірожнае, хаця ніколі раней ня ела салодкага.

Зрэшты, ёй цалкам спадабалася і тое, і іншае, настолькі дзіўным быў дзень. Я проста раблюся кімсьці іншым, думала Наталі. Нейкай незнаёмай жанчынай, пра якую пакуль нічога не вядома, апроч таго, што яна любіць каву, а значыць, дакладна зусім не падобная да мяне. І як жа гэта, шчыра кажучы, добра.

Каву Наталі любіць дагэтуль. Вось і цяпер, разьвітаўшыся з Цімо, які апошнім часам стаў вельмі хутка стамляцца, яна ня мчыць дадому, дзе ў цёмным куце за пісьмовым сталом затаілася Тэрміновая Праца, а сядзіць у кавярні на Вокечу. То бок, не ў самой кавярні, цеснай і ўжо цяпер, у траўні, душнай, а знадворку, на застаўленым незьлічонымі столікамі бульвары. Кава тут ня тое каб добрая. Шчыра кажучы, зусім фіговая ў іх кава, як ва ўсялякай нармальнай піўнусе. Але — захапляльна гаманкі бульвар. Але — мутны пэрлямутр вечаровых аблокаў над галавою. Але — нагрэты сонцам, якое толькі нядаўна закацілася, яшчэ вільготнае пасьля кароткага пасьляпалудзеннага дажджу драўлянае крэсла. Але — сакрушальны пах мокрага бэзу з навакольных двароў. І ніякай тэрміновай працы, прынамсі, тут і цяпер. Ці мала, што будзе потым, дома. Будучыні ўвогуле няма, весела думае Наталі. І адначасова, пярэчачы сабе, мармыча сабе пад нос: «Будучыня зьдзяйсьняецца цяпер». І тое, і іншае — чыстая праўда. Гэтым вечарам. Для яе.

Ад узрушэньня Наталі боўтае нагамі і размахвае рукамі, дырыжуючы толькі адной ёй чутным зводным хорам усіх травеньскіх вятроў. Дамы, якія сядзяць за суседнім столікам, непрыхільна на яе косяцца. Вельмі салідныя, прадстаўнічыя дамы, нават келіхі зь півам выглядаюць у іхных руках як пераходныя кубкі за поспехі ў дробнабуржуазным дамаводстве. А яны ж малодшыя за мяне, думае Наталі. Гадоў на дзесяць, бадай. Зусім, можна сказаць, пісюхі.

І, выявіўшы ў сваёй галаве гэтае дурацкае слова, тоненька, па-дзіцячаму хіхікае ўслых ад нечаканасьці.

Тады таксама быў травень, і Наталі, гуляючы па горадзе, абласканым усімі вятрамі, які тоне ў квецені, усё часьцей бачыла, як усьміхаюцца ейныя адлюстраваньні ў вітрынах.

Тая, другая жанчына, якая жыве ў зіхоткім зашкельным сьвеце, з кожным днём падабалася ёй усё больш. Часам Наталі падыходзіла пабліжэй, рабіла выгляд, быццам разглядае выстаўленыя тавары, а на самой справе з цікаўнасьцю ўзіралася ва ўласны адбітак. Хто ты такая? - думала яна. - І хто я такая? Мы сапраўды адное і тое ж? Добра, калі так.

Антыкварная крама на бульвары Вокечу толькі таму і прывабіла ўвагу Наталі, што шкло ў ейнай вітрыне было тоўстае, двайное, мудрагеліста скрыўленае часам. І адбітак атрымаўся няпросты: шматслойны, цякучы, пераменлівы, некалькі амаль не падобных адно да аднога затуманеных твараў, мноства рук, гнуткіх, тонкіх і тоўстых, а ў тым месцы, дзе належыць быць сэрцу, знаходзіўся вялікі насьценны гадзіньнік — адзін на ўсіх.

 

Наталі глядзела на яго, як зачараваная, не разумеючы – адкуль узяўся? У мяне ж няма нічога, апроч торбы. Потым, вядома, зразумела, што гадзіньнік не адлюстроўваецца, а проста стаіць за шклом. Яна зрабіла крок убок, зьбіраючыся пайсьці, і адчула нязвыклую пустэчу ў сэрцы, быццам адтуль толькі што дасталі нешта цёплае і цяжкое, а ўзамен нічога не паклалі. Амаль спалохалася, амаль узрадавалася невядома чаму, і, заблытаўшыся ў гэтых супярэчлівых пачуцьцях, сама не заўважыла, як зайшла ў краму.

Паводле законаў жанру, за прылаўкам мусіў стаяць старадаўні дзед са сьлядамі былой імпазантнасьці на паношаным твары і строі, але там гаспадарыла зусім юная паненка, поўная і румяная. Зьняёмчыўшыся, Наталі дзеля чагосьці пацікавілася коштам выстаўленага ў вітрыне гадіньніку. Апынулася — ды нейкія капейкі. Прыгожая інтэр'ерная рэч, але ня тое каб каштоўная для калекцыянэраў, да таго ж, адносна новая, дваццатыя гады... здаецца... Тата нешта такое казаў, - шчабятала прадавачка. Апроч таго, гадзіньнік не ў найлепшым працоўным стане. Зрэшты, яго, вядома ж, можна адрамантаваць, і наўрад ці рамонт абыйдзецца дорага, мэханізм зусім просты, ніякіх сакрэтаў старога майстра; яно й да лепшага.

Наталі разгублена слухала, ківала ў патрэбных месцах. Дзеля чагосьці палезла ў торбу па вацок. Пералічыла грошы. Аддала. З крамы яна выйшла, прыціскаючы да грудзей скрутак. Ён цікаў акурат ля тога месца, дзе належыць быць сэрцу.

Наталі была гэтак зьдзіўленая ўласным выбрыкам, што нават ня стала дакараць сябе за бессэнсоўную трату. Дапусьцім, я проста згубіла вацок, вырашыла яна. І закрыла тэму.

Толькі ў хаце Наталі зразумела, на чым, уласна, палягае абяцаны «не найлепшы працоўны стан». Гадзіньнік ішоў назад. Нейкі час яна правяла, зьвяраючы ягоную хаду зь верным будзільнікам, які цудам перажыў ейнае студэнцтва, шлюб, развод і некалькі адпаведных пераездаў. І высьветліла, што гадзіньнік яшчэ й сьпяшаецца. Ці адстае? Карацей, ягоныя стрэлкі беглі назад значна хутчэй, чым стрэлкі будзільніка — наперад. Вось дык сапраўды, просты мэханізм. Ніякіх сакрэтаў старога майстра, думала Наталі. Больш бязглуздага прадмету ў жыцьці ня бачыла. Затое прыгожы! Мудрагелісты ўзор, утвораны птушкамі, якія падобныя да соваў, і тонкімі, крохкімі цыркулямі. Пад цыфэрблятам — стары з сярпом у руцэ, пазірае строга, але, здаецца, па-добраму. Цалкам можна зь ім пасябраваць, падумала Наталі. Хай даглядае мяне, калі больш няма каму.

Яна канчаткова разьвесялілася і павесіла свой дурнаваты набытак над ложкам; зрэшты, у ейнай малюсенькай студыі куды ні павесь, усё роўна арымаецца ў той ці іншай ступені над ложкам — калі толькі ня проста над плітой. Будзільнік яна прыбрала ў шафу — нязладжанае харавое ціканьне яе нэрвавала. А шторанішні звон можна пачуць і адтуль. Яшчэ паспрабуй не пачуць.

Наталі асьцерагалася, што звонкая, прысьпешаная хада новага гадзіньніку ня дасьць ёй спаць, аднак ён, наадварот, супакойваў, уціхамірваў думкі, запавольваў дыханьне, маленькі начны сьвет кружыўся пад закрытымі павекамі, як рознакаляровы парасон Оле-Лукое, як дзіцячыя карусэлі з конікамі, як стары калейдаскоп у расслабленых руках. Наталі заснула, як толькі ейная галава дакранулася да падушкі, а прачнулася на сьвітанку, задоўга да званку будзільніку, ад вострага адчуваньня шчасьця. Яна ніколі раней, нават у дзяцінстве, не адчувала нічога падобнага, але адразу зразумела, што гэта — менавіта што шчасьце і ёсьць. А як яшчэ назваць самае цудоўнае, што толькі можа адбывацца ўнутры чалавека без аніякіх відавочных дзеля таго падставаў?

Жыцьцё, сказала яна сабе, паставіўшы на пліту імбрык. Здаецца, гэта і ёсьць тое самае жыцьцё, пра любоў да якога гэтак часта пішуць у кнігах. Заўсёды думала, яны... э-э-э... трохі перабольшваюць. Цяпер — веру. Цікава, гэтак будзе заўсёды?

Было, вядома, па-рознаму. Асабліва пасьля таго, як у Наталі сталі зьяўляцца новыя знаёмцы, адзін зь якіх прапанаваў ёй папрацаваць новай мастацкай галерэі. Яна, не разважаючы, пагадзілася і ніколі, нават у хвіліны слабасьці, не шкадавала пра сваё рашэньне. Раней Наталі не падазравала, што праца можа быць настолькі захапляльнай. Вядома, немагчыма бесперапынна адчуваць шчасьце, калі ў цябе дзясяткі справаў, а навокал пастаянна круціцца столькі людзей, што імі можна засяліць цэлае правінцыйнае мястэчка. Але цалкам дастаткова кожную раніцу прачынацца шчасьлівай, а там — як бог дасьць.

Праз пяць гадоў Наталі адзначала свой сорак сёмы дзень народзінаў і прымала камплімэнты. Яна ведала, што сябры, якія пераконваюць, што ні за што не далі б ёй больш за трыццаць, амаль ня хлусяць.

Прыдзірліва разглядаючы сябе ў люстэрку, думала: ну, хіба, усё ж больш. Крыху. Трыццаць пяць — максымум.

Зрэшты, ужо праз пару гадоў Наталі была вымушаная пагадзіцца з навакольнымі — больш за трыццаць не дасі, сапраўды. Нават неяк непрыстойна настолькі молада выглядаць, думала яна. Прыемна, вядома, без сумневаў, але яшчэ крыху, і мяне пачнуць падазраваць у падробцы дакумэнтаў. І як, цікава, я стану выкручвацца?

Яна сама даўно пачала здагадвацца, у чым сакрэт. Па-шчырасьці, ужо самым першым ранкам ведала, які гадзіньнік да яе патрапіў, проста спачатку старальна хавала гэтае веданьне ад сябе. І цяпер цудоўна разумела, што варта працягваць хаваць, прынамсі, услых пра гадзіньнік нават не заікацца. Усё роўна ніхто не паверыць у такую лухту, тольку славу гарадской вар'яткі нажывеш.

А потым Наталі пазнаёмілася з Цімо.

 

Кава выпітая, але Наталі пакуль зусім ня хочацца ісьці дадому. Яна замаўляе пляшку газаванай вады, павольна пералівае са шклянкі ў шклянку звонкую сьмяшлівую вільгаць. Дастае цыгарэту, падпальвае, косіцца на вакно ў кавярні — як там ейнае адлюстраваньне? Таксама запаліла? Вось і малайчына.

Шкло, вядома, даўным-даўно ня тое. Новыя ўладальнікі памяшканьня найперш замянілі вокны, і толькі потым заняліся падлогамі ды сьценамі. Цікава, думае Наталі, хоць хто-небудзь апроч мяне памятае, што на месцы гэтай кавярні калісьці была антыкварная крама? Магчыма, нават першая ў горадзе. Ці не? Ай, неістотна. Першая, дваццаць пятая. Галоўнае, што яна была.

Кавярня на месцы крамы атрымалася ня надта ўдалая. Прынамсі, зусім ня ў ейным гусьце. Таму й працьвітае, што не ў маім, зьедліва думае яна. Але — чорт яго бяры. Яна заходзіць сюды ня вельмі часта, але рэгулярна. Піва ня любіць, таму пакорліва п'е дрэнную каву, ці проста газаваную ваду, як цяпер. Гэта называецца паломніцтва. Глупства, вядома, але для Наталі — важна. Сёньня — асабліва.

Калі б я ведала сябе трохі горш, западозрыла б, што проста баюся вяртацца дадому, думае Наталі. Дзе больш няма гадзіньніку, і ніякіх рознакаляровых каруселяў на ноч, і сны самыя звычайныя, мае дурнаватыя пустыя сны. Але — не. Не баюся. Я, здаецца, больш наогул ні чорта не баюся.

Гэй, зь якой гэта пары ты ў нас такая адважная? - насьмешліва пытаецца яна ў сябе. Зрэшты, зусім ня мае значэньня, зь якой пары. Важна, што гэта ўжо — назаўжды.

Наталі махае рукою афіцыянтцы, кладзе на стол грошы і сыходзіць, пераможна размахваючы торбай, каб задаволіць ўласныя адбіткі, што разьбегліся па ўсіх вокнах ды вітрынах бульвару Вокечу. Я кахаю цябе, Цімо, думае яна. Я кахаю цябе да месяцу і назад, як напісана на філіжанцы з глупымі цудоўнымі зайцамі, якую ты мне падарыў. Мы й самі яшчэ тыя глупыя зайцы, Цімо. Я кахаю цябе. Усё будзе добра.

 

Гэта было каханьне зь першага погляду, прычым не на самога Цімо, а на ягоную карціну. У галерэі, дзе працавала Наталі, вырашылі зладзіць рэтраспэкцыйную выставу «Памежнікаў», групы мастакоў, вядомых у шасьцідзясятыя-сямідзясятыя гады між нешматлікіх адэптаў гэтак званага неафіцыйнага мастацтва, але цалкам забытых цяпер. Задума з выставай па выніку зьехала на нішто, але некалькі працаў пасьпелі знайсьці, прывезьці ў галерэю, і перад адной зь іх Наталі стаяла як пень у белы дзень, забыўшыся на час, наяўныя справы, на тэлефон, што без перапынку балабоніў, на нязручныя новыя чаравікі, неабходнасьць пазбавіцца ад якіх стала відавочнай прыкладна праз паўгадзіны пасьля выйсьця з дому. Але якія ўжо тут чаравікі. Стаяла, глядзела на цьмяны сілуэт, цякучы і рухомы, як ейныя адбіткі ў крывых люстэрках старых вакон, звонкі, як вада, што наліваецца ў шклянку, зіхоткі, як вішнёвы колер, асьвечаны перадзаходнім сонцам. Урэшце запыталася ў калегі: цікава, мастак яшчэ жывы? Яшчэ як жывы, быў адказ. Неверагодны стары, цяпер такіх ня робяць.

І раней такіх не рабілі, думала Наталі ў той вечар, калі ўпершыню вярталася дадому ад Цімо. І ніколі ня будуць. Ён, верагодна, адзін такі на ўсім сьвеце. Унікальная праца. І вочы ў яго залатыя — ну гэта ж трэба. Ніколі такіх ня бачыла.

Самыя звычайныя карыя вочы. Проста вельмі ўдала выцьвілі, - сьмяяўся Цімо ў адказ на ейнае захапленьні. Бывае, час робіць людзям нечаканыя падарункі. Але забірае, у любым выпадку, нашмат больш.

Яны адразу сталі сябрамі. Зрэшты, Цімо сьцьвярджаў — ня проста адразу, а яшчэ задоўга да знаёмства. Мы з табою нават дыхаем у адным рытме, казаў ён. Як адное стварэньне, чамусьці падзеленае напалову. Неразумныя, бесталковыя палоўкі, якія заблукалі ў часе. Заўсёды ведаў, што ты недзе ёсьць. Толькі не падазраваў, што ты мне магла б унучкаю быць. Як жа не пашанцавала.

Насамрэч, толькі дачкою, думала Наталі. Але маўчала. Недарэчна даказваць, што ты на добрых дваццаць год старэйшая, чым здаесься. Яшчэ больш недарэчна тлумачыць, чаму так атрымалася: бачыш, каханьне маё, аднаго дня я зайшла ў чароўную краму на бульвары Вокечу і здуру набыла там вельмі недарагі, але надзвычай цудоўны гадзіньнік, які вяртае сваім гаспадарам маладосьць. А цяпер, калі ласка, дапамажы мне завязаць рукавы маёй новай уціхамірвальнай кашулі. Вялікі дзякуй, любы сябра.

Замест гэтай праўды Наталі казала іншую: я кахаю цябе, Цімо. Я кахаю цябе, як дурнаваты заяц на тваёй філіжанцы, да месяцу і назад. Ён ківаў: ведаю, таму і жывы да гэтай пары. Насьміхаўся: наступным разам пастарайся нарадзіцца своечасова, капуха ты гэткая, бо два жыцьці безь цябе запар — гэта ўжо занадта. Мне й адной спаўна хапіла.

Безь мяне? Ну ўжо не! - весела думае Наталі, спускаючыся ўніз, да мосту празь Вялейку. Гадоў празь дзесяць я, відаць, зноў буду выглядаць амаль на сорак. Не бяды, калі верыць фотаздымкам у дакумэнтах, у сорак я была цалкам сабе нічога. Спадзяюся, табе таксама спадабаецца. І яшчэ я спадзяюся, што праз дзесяць год у нас ужо будзе агульны ложак. Ды іншая супольная маёмасьць. У прыватнасьці, паламаны насьценны гадзіньнік. А калі я стану падлеткам, яго, бадай, усё ж давядзецца некуды збыць. Але да гэтага дня яшчэ ой як далёка. Прыдумаем што-небудзь.

Цімо сьпіць. Ён глыбока дыхае ўва сьне.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

сапраўдная вясноваявясновая, а яшчэ паходу вельмі беларуская, пра 10 гадоў, харашо))

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце