Блог

Макс Фрай. Казкі старой Вільні. Казка Шостая

Medium?1367598923

Як трэба паводзіцца з паліцыянтамі на вуліцы равіна Гаона? Пра дабрыню і тое, што робіць зь людзьмі мароз і закаханасьць, - у новай казцы Макс Фрай.

 

Вуліца Гаона (Gaono g.) 

Сонны паліцыянт

Ішоў уначы па горадзе, хмельны, бязважкі, амаль крылаты, сам з сабою не знаёмы, як заўжды бывае пасьля самага першага шчасьлівага спатканьня, якое цалкам можа стаць пачаткам зусім новага жыцьця, а можа і ня стаць, але невядомасьць пакуль не трывожыць, а толькі салодка кружыць галаву, як вышыня. Можна было б застацца ў Ясі да раніцы, але партфэль зь неабходнымі на працы дакумэнтамі ляжаў дома, любімая брытва і непазьбежны офісны строй насялялі яго ж, таму гадзіны ў тры ночы ўсё ж давялося апрануцца і выйсьці ў хрумсткую, сьветлую ад сьнегу і месяцовага сьвятла ноч. Тонкі фраерскі палітон ня грэў аніколькі. Радасьць, наадварот, грэла – першыя тры кварталы. Потым зубы лёгенька ляснулі, а яшчэ празь некалькі сэкундаў выдалі ўпэўнены, ледзьве што ня прафэсыйны дробат. Выклікаць таксоўку падавалася ідыятызмам: да дому ісьці адсюль хвілінаў сем хуткім крокам, чакаць машыны давядзецца даўжэй. Але гэтыя сем хвілінаў, у кожным выпадку, прыйдзецца неяк перажыць.

Намацаў ва ўнутранай кішэні пляскатую срэбную флягу з каньяком. Як і палітон, яна была даніною хутчэй фраерству, чым неабходнасьці. Аднак цяпер апынулася надзвычай дарэчы. Тры невялікія глыткі зьмянілі ўсё: звонкі марозны сьвет, і без таго цалкам цудоўны, стаў зусім ужо чароўнаю прастораю каляднай паштоўкі, гэткім фрагмэнтам утульнага ледзянога раю дзеля праведнікаў Скрайняй Поўначы, якія пасьля сьмерці не пажадалі зьмяняць звыклыя кліматычныя ўмовы. Варта было кожную хвіліну чакаць зьяўленьня тоўстых гілёў, якія дзяўбуць пазалочаныя шышкі, аленяў са срэбнымі рагамі і румянага Санты зь мяшком падарункаў.

Аднак, збочыўшы на вуліцу Гаона, не пабачыў там ні аленяў, ці гілёў. Напачатку нават зьдзівіўся. Пачаў азірацца па баках – ды дзе ж яны? Спатыкнуўся. Ледзь не паваліўся, але ўсё ж утрымаўся на нагах, ня столькі дзякуючы спрытнасьці, колькі праз цьвёрдае перакананьне, што ў чароўным сьвеце калядных паштовак няма месца для сінякоў, шышакоў і іншых крыўдных непрыемнасьцей. Зірнуў пад ногі і пабачыў незадаволенага крыўдзіцеля – прыцярушаны сьнегам чорны каўчукавы грудок, штучную перашкоду для аўтамабіляў, каб не разганяліся. Узгадаў: такія штукі называюцца “ляжачымі паліцыянтамі”, - і тэрмінова перапоўніўся спачуваньнем. Наколькі ж блага быць паліцыянтам! Асабліва ляжачым. Сабачая праца. Такая цудоўная, невыносна халодная месяцовая ноч, а небарака на посьце. Ні табе на спатканьне схадзіць, ні дома пад цёплаю коўдрай паваляцца, ні каньячку клюкнуць. Надта несправядліва.

Пакаянна думаў: “Ня ўсім пашанцавала ў жыцьці, як табе”. Расчуліўся. Зноў дастаў з кішэні флягу, плёснуў трохі каньяку на чорную гуму. Сказаў: “Будзь здаровы, Альбэртас!” Адкуль ўзяў, што ляжачага паліцыянта завуць менавіта Альбэртасам, невядома. Але адкульсьці ведаў пра гэта бязь ценю сумневу, як і належыць бесклапотным дурням нападпітку.

Сьцьвярджаць, быццам пачуў у адказ: “Дзякуй”, - было б некаторым перабольшаньнем. Услых, прынамсі, ніхто нічога не казаў. І славутыя “галасы ў галаве” дакладна не гучалі. Толькі нейкае няўцямнае адчуваньне, амаль фізычнае, быццам ці то руку на плячо паклалі, ці то ў вуха ўздыхнулі, адразу не разьбярэш. У жыцьці кожнага чалавека падобных цьмяных адчуваньняў поўна. Каб ставіцца да іх сур'ёзна, трэба быць шчасьлівым ідыётам, які захмялеў ад колькіх кропель каньяку на марозе.

Такім, уласна, і быў.

Сказаў: “Прыемнай ночы, Альбэртас”, - і пайшоў далей.

 

З тае пары “ляжачыя паліцыянты” зрабіліся нечым накшталт асабістай міні-маніі. Ці гульні. Паўсюль іх заўважаў, хоць і хадзіў пешкі, за стырно сядаў толькі дзеля паездак за горад і штотыднёвых закупаў у супэрмаркеце. Аднак “ляжачых паліцыянтаў” цяпер бачыў здалёк. І аднекуль ведаў, як іх усіх завуць. Ну, то бок, сам прыдумваў ім імёны. Напэўна. Паспрабуй разьбяры, як яно ў галаве зладжана.

Напрыклад, на вуліцы Гаоно апроч Альбэртаса быў яшчэ й Арвідас, за мэтраў дваццаць ад калегі. На Чурлёнё, каля працы, ляжалі Рымас і пан Бучоніс, такі салідны, што называць яго па імені здавалася поўнай немагчымасьцю, толькі па прозьвішчы, з павагаю і ветлівым паўпаклонам. На Бокшта, на рагу за Ясіным домам, дзяжурыў Ёнас, адзін, без напарніка. Каля вялікай “Максімы” на Міндаўга – Мантас і Джордж; пра апошняга нейкім чынам было вядома, што ён прыехаў з Амэрыкі па праграме абмену ляжачым паліцэйскім досьведам, ды гэтак і засеў у Вільні.

Падабаецца яму тут.

І гэтак далей.

Ёнас, Альбэртас і Арвідас, якіх сустракаў кожную ноч, вяртаючыся ад Ясі, хутка сталі нечым накшталт прыяцеляў. Яны былі сьведкамі ўсіх радасьцяў гэтае зімы.

 

Радасьцяў апынулася гэтак шмат, што яшчэ крыху і, азірнуцца не пасьпееш, як развучыўся б дакранацца да зямлі пры хадзе. А зіма выйшла лютая, зь дзяцінства такой ня памятаў. Тонкі фраерскі палітон давялося памяняць на старую дублёнку, цяжкую, як Сызыфаў камень; Яся падарыла модную вязаную шапку з даўгімі, упрыгожанымі пэндзлікамі, вушамі; дома знайшоўся стары кашаміравы шалік, цёплы да зьдзіўленьня; апошнім стратэгічным манэўрам сталася набыцьцё чаравікаў на два памеры большых, пад іх можна было нацягваць набытыя на кірмашы шкарпэткі з тоўстай воўны. Хадзіць па вуліцах зрабілася ня тое каб камфортна, аднак – цалкам магчыма. Ужо нямала.

Спачуваньне ў дачыненьні да ляжачых паліцыянтаў расло па меры паніжэньня тэмпэратуры. Яны, вядома, не цеплакроўныя. І ня тое каб надта ўжо арганічныя. Іхнае шчасьце. Калі тэрмомэтр паказвае мінус дваццаць пяць, неарганічнае жыцьцё – найлепшае выйсьце. А ўсё адно шкада хлапцоў. Альбэртаса, Арвідаса, Ёнаса, Рымаса, пана Бучоніса, Мантаса і Джорджа. Джорджа асабліва. Прыехаў, разумееш, па абмене ў краіну з умераным кліматам, сярэднегадавой тэмпэратурай плюс шэсьць, цёплай (тэарэтычна) зімой і прахалодным летам. А тут – сюрпрыз, сюрпрыз! Во пашчасьціла мужыку.

Фляга з каньяком па-ранейшаму заўжды была з сабою, ва ўнутранай кішэні. І рэдкі вечар цяпер абыходзіўся без глытку-другога, бо Яся абавязкова цягнула гуляць, хоць на паўгадзіны, яе таксама расьпірала ад шчасьця, і шпацыры па марозе дапамагалі астудзіць галаву да сумяшчальнай з жыцьцём тэмпэратуры. І шлях ад Ясі дадому таксама ніхто не адмяняў, вяртаўся ад яе ня кожны дзень, але досыць часта, звычайна запаўнач, калі мароз асабліва люты. Толькі пераступіўшы парог, рабіў глыток, выліваў некалькі кропель на ледзь заўважны пад намерзлым сьнегам грудок: “За тваё здароўе, Ёнас!” І потым, на вуліцы Гаона, зноў даставаў флягу. “Арвідас, Альбэртас, за вас, хлопцы!” Адпіваў сам, шчодра дзяліўся зь ляжачымі паліцыянтамі. Альбэртасу зазвычай даставалася крыху больш, як найстарэйшаму сябру, адзінаму сьведку самай першай шчасьлівай ночы, якая завершылася шпацырам ад Ясі дадому.

Ня тое, каб сур'ёзна меркаваў, быццам каўчукавым збудаваньням сапраўды настолькі патрэбны каньяк, каб сагрэцца. І не настолькі загуляўся, каб лічыць ляжачых паліцыянтаў зачараванымі (да прыкладу) людзьмі. Проста такі рытуал. Які склаўся выпадкова і па натхненьні, а таму стаўся істотным. Выліты каньяк рабіўся чымсьці накшталт удзячнага паганскага ахвяраваньня. Вяртацца запаўнач ад Ясі і не казаць за гэта “дзякуй” было б сьвінствам. Абсалютна ня важна, каму, абы казаць.

 

Аднойчы, выплюхнуўшы з флягі каньяк: “На здароўе, Альбэртас”, - адчуў, як на плячо апусьцілася цяжкая рука. Здрыгануўся, павярнуўся і замёр: побач стаяў самы сапраўдны паліцыянт. То бок, не ляжачы. Не гумовы. Жывы. Па-сялянску каржакаваты і, мяркуючы паводле выразу твару, флегматычны. За сьпінаю маячыў напарнік, дакладней, напарніца. Маленькая жанчына з капой густых валасоў, якія вылазілі з-пад паліцэйскай шапкі.

Крыху далей, каля рэстарацыі “Сьціклю”, быў прыпаркаваны патрульны аўтамабіль. І як раней яго не заўважыў? Вось няўклюда.

- Вы што такое робіце? - З абурэньнем спытаў паліцыянт. Ледзь не згарэў ад сораму, уяўляючы, якім ідыятызмам гэта ўсё падаецца збоку. Так разгубіўся, што сказаў праўду:

- Такі мароз, што здаецца – нават ім халодна. Не магу спакойна глядзець, як нехта мерзьне. Нават калі ён – проста паліцыянт, які ляжыць.

- Які сьпіць, - сказала жанчына.

Разгублена перапытаў:

- Што?

- Які сьпіць. Ад ангельскага «sleeping policeman». Гэта ўжо потым іх сталі называць “ляжачымі”, ці нават мёртвымі. Ня ведаю, чаму. Па-мойму, “той, што сьпіць” – лепш.

Чамусьці паўтарыў:

- Sleeping policeman. - Глыбакадумна дадаў: - Ну гэта ж трэба, як цікава. Буду ведаць. - І абсалютна недарэчы працытаваў: - ... і калі сон сканчае смутак душы і тысячы трывог, нам уласьцівых, такога завяршэньня нельга прагнуць.

Што за дурань. Найлепшы час і месца абраў, каб бліскаць інтэлектам. Ды да чаго тут Шэксьпір.

Канчаткова сумеўся і змоўк. Думаў – назаўжды. Затое загаварыў паліцыянт.

- Прыемна бачыць такое велікадушнае стаўленьне да нашых калегаў, - сказаў ён. - Аднак хлопцы пры выкананьні, ім цяпер нічога мацней за каву не дазваляецца.

Узрадаваўся. Калі іншы чалавек падхоплівае твой жарт, значыць, ня лічыць яго безнадзейна дурным. Ці, што яшчэ горш, трызьненьнем вар'ята. Калі ж твой жарт падхапіў паліцыянт, гэта раўнасільна даведцы пра поўную, абсалютную, амаль звышнатуральную нармальнасьць. Вось і добра. Вырашыў адказаць у той жа манэры:

- Ну, кропельку ж на такім марозе можна. Я вунь усяго пяць хвілінаў таму выйшаў, а ўжо скалеў. А яны кругласуткава тут ляжаць, бедныя. І ніхто не парупіцца...

- Як гэта - “ніхто”? - перабіў яго паліцыянт. _ А мы дзеля чаго? Няўжо думаеце, пакінем сваіх калегаў без гарачых напояў?

Вось дарэчы, - умяшалася жанчына. - Тэрмас жа гэтак і ляжыць на заднім седале. Схадзі, добра? Ён жа цяжкі.

- Табе ўсё цяжкое, - лагодна прабурчэў ейны напарнік і пайшоў да машыны.

- Альгірдас – зануда. Сапраўды, кропля каньяку ў такі мароз яшчэ нікому ня шкодзіла, - шэптам сказала жанчына. - Нават пры выкананьні. Вы малайчына.

Усьміхнуўся. Працягнуў ёй флягу.

- Здаецца, я дакончыла вашыя запасы, - сказала яна, глынуўшы. - Зазвычай я не такая бесцырымонная, але мароз дрэнна ўплывае на манэры. Калі будзеце думаць, каго праклінаць, ведайце, што мяне завуць Таня, і з гэтага дня я вашая вечная даўжніца.

Хацеў сказаць – якія дробязі, там амаль нічога не было. Але тут вярнуўся паліцыянт Альгірдас зь вялікім, як мінімум, пяцілітровым тэрмасам.

- Дзякуй, сябра, - сказала Таня і ўзялася адкручваць накрыўку.

З тэрмасу паваліла густая кавовая пара.

Ніколі не любіў каву, але тут сьлінкі пацяклі.

Думаў, яны зараз прапануюць выпіць пару глыткоў. Вырашыў – ня стану адмаўляцца, нават калі да ранку потым не засну.

Але не прапанавалі. І самі ня сталі піць. Замест гэтага Альгірдас зноў падхапіў цяпер ужо адкрыты тэрмас і прыгаворваючы: “Бачыце, мы сваіх хлопцаў на марозе без гарачага не пакідаем”, - узяўся паліваць каваю чорны каўчукавы бок Альбэртаса.

 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце