Блог

Максім Кантар, ці Чаму гарыць "Чырвонае святло"

Medium?1387527082

Аглядальніца "Букстэра" Каця Рускевіч адолела "Чырвонае святло" і зразумела, што спадару Максіму Кантару, аўтару раманаў "Падручнік малявання", "Маціс" і гэтак далей, вядомаму мастаку і публіцысту, удалося зрабіць амаль немагчымае: ён стварыў твор, які выклікаў незадаволенасць і крайняе раздражненне практычна ва ўсіх.

 

Акрамя, мабыць, ужо нябожчыка, пецярбуржскага крытыка, перакладчыка Віктара Тапарова і журы прэміі "Вялікая кніга", якое змясціла раман у спіс фіналістаў гэтага года. З Віктарам Тапаровым усё больш-менш ясна: былы адказны сакратар іншай літаратурнай расійскай прэміі "Нацбест" ("Нацыянальны бестсэлер") сам любіў раскідваць гнеўныя "панегірыкі". З прэміяй "Вялікая кніга" ўсё троху складаней. Падобную матывацыю можна растлумачыць дзвюма прычынамі: магчыма, журы прэміі арыентавалася на шасцісотстаронкавы памер выдання, прэміі "Вялікая кніга" – вялікі раман. Магчыма, палітыка прэміі была такая, што ў якасці літаратурнага эталона журы спрабавала прапанаваць высокую мараль і праведны пафас аўтара, скіраваны супраць усіх і ўся, з флёрам узнятых глабальных праблем. Аднак літаратурная якасць перамагла, і прэмія дасталася Яўгенію Вадалазкіну за "негістарычны раман" "Лаўр".

Наступную практычна немагчымую рэч, якую ўдалося зрабіць спадару Кантару – гэта сабраць у адным творы амаль усе літаратурныя, гістарычныя і філасофскія клішэ (напрацоўкі) апошняга часу.

Раман “Чырвонае святло” разбіваецца на тры аповеды, аб'яднаныя радаводам персанажаў, гістарычнымі паралелямі і месцам дзеяння. Першы пласт – пра сучаснасць, наступны – тычыцца часоў Другой сусветнай вайны, трэці можна пазначыць як той, што тлумачыць суровыя законы мінулага і сучаснасці — гістарычная публіцыстыка з тэматычнымі філасофскімі ўстаўкамі.

У некаторых выпадках, калі да аўтара рамана Максіма Кантара хацелі выказаць павагу, яго параўноўвалі з класікам Львом Мікалаевічам Талстым. Сапраўды, ёсць пэўнае падабенства, у супольнасці маральных канонаў абодва жылі б па суседстве. Акрамя аднолькава высокага градуса маральнасці Кантар пачынае свой ​​твор са школьнага ўроку з рамана «Вайна і мір»: салон Ганны Паўлаўны ў цяперашнім часе пададзены ў выглядзе вячэры ў французскага амбасадара. Тут жа адбываецца і завязка дзеяння. Сярод "рукапаціскальных" гасцей аказваецца шэры чалавек, які задае нязручныя пытанні. Шэры чалавек па прафесіі – следчы, прыём сканчаецца ўручэннем позваў і гучнай аб'явай пра забойства. Госці, спачатку незадаволеныя, адчуваюць глыбокае здзіўленне, лічачы ўсё, што адбылося, відавочнай палітычнай правакацыяй. У першым пласце апавядання – пра цяперашні час – Кантар тонам гадкага выкрывальніка падрабязна тлумачыць, хто ёсць хто і адкуль грошы, то бок як уладкаваная сучасная сістэма грашова-палітычных адносін і якое месца ў ёй адведзенае ліберальнай апазіцыі і сучаснаму мастацтву. Тон гучны і гратэскавы, да самага заканчэння рамана шчыра хочацца верыць, што абвінавачванні ў прадажнасці і бесхрыбетнасці апынуцца мудрагелістым жартам, бо вось так прама зусім нельга, усё-ткі кніга не тэлевізійная трансляцыя гучных расследаванняў і навін. Пры гэтым за месцамі і персанажамі прачытваюцца рэальныя фігуры, мабыць, месца працы пісьменніка – часопіс "Сноб" – дало багаты фактычны матэрыял. Сярод сатырычных апісанняў герояў у нейкіх момантах аўтар прыемна мае рацыю, напрыклад, калі каментуе чужы стыль аповеду і піша пра тое, што палітычная аналітыка памянялася на суб'ектыўную калумністыку. Уласная аб'ектыўнасць пры гэтым абсалютна не з'яўляецца абавязковай, аўтар і яго раман фармуюць прыватнае поле дзеянняў.

Радавод персанажаў першага пласта бярэ свой ​​пачатак з другой лініі падзеяў, якія адбываюцца да і падчас Другой сусветнай вайны. Паколькі падаецца іншы час, характары герояў становяцца троху больш чалавечнымі, але сутнасць застаецца тая ж. Прыкметна змяняецца манера аўтара, яна становіцца больш апавядальнай і з меншай колькасцю клічнікаў.

Тлумачэнне гістарычных паралеляў і важных гістарычных паваротаў часткова пададзенае ў выглядзе энцыклапедычных уставак з падрабязным пералікам датаў, падзеяў, рэгалій, статыстыкі забойстваў, а часткова адбываецца праз сапраўднага ўдзельніка падзей, рэальнага гістарычнага персанажа Эрнста Ханфштангля – прэс-сакратара Гітлера. У нейкі момант аўтар назаве Ханфштангля самой "гісторыяй". Да яго ж у цяперашні час трапляюць героі сучаснай ліберальнай апазіцыі за нейкім планам дзеянняў або тлумачэннем бягучых падзей. Але слухаць гістарычныя супастаўленні ім відавочна сумна, бравіраваць высокімі фразамі пра свабоду – значна эфектней.

Эрнст Ханфштангль па сваёй тэкставай ролі нагадвае іншага літаратурнага героя – афіцэра СС Максіміліяна Ауэ з рамана амерыкана-французскага пісьменніка Джонатана Літэла "Добразычліўкі" (Les Bienveillantes) . Розніца паміж імі відавочная: Ауэ яўна не хапае сілы духу, а ў прэс-сакратара НСДАП адчуваецца недахоп стылю і паходжання.

Адсылка да недалёкага мінулага, у дадзеным выпадку да Другой сусветнай вайны і рэпрэсіяў, для высвятлення сучаснай сітуацыі, – ход зручны, але праз сваю папулярнасць часта пройгрышны .

З агучанымі глабальнымі філасофска-гістарычнымі праблемамі адбываецца тая ж сітуацыя, што і з сюжэтнымі лініямі рамана. Цягам аповеду героі нечакана выпадаюць з тэксту, наратыў перапынены, далей аўтару распавядаць нецікава, бо роля персанажа рамана адыграная, праблематыка агучаная, або карыкатура напісаная.

Глабальныя пытанні ў сваю чаргу тонуць у філасофскіх развагах або нівелююцца асабістымі сімпатыямі і антыпатыямі аўтара. Напрыклад, параўнанне "сталінізму і нацызму" пераходзіць у камічна-непрыстойнае апісанне Ханны Арэнт, тут непазбежна ўзнікае пытанне: а ці чытаў аўтар іншыя працы апроч "Вытокаў таталітарызму"? Матыў вайны ператвараецца ў філасофскі дыскурс, Кантар словамі Ханфштангля выразна пераказвае Марціна Гайдэгера і ідэю самаўтворанага быцця, гэта значыць, што ў самой вайне закладзенае права на вайну, або злёгку спасылаецца на канцэпцыю Карла Шміта – "агульны вораг", які неабходны для згуртавання нацыі і палітычнага адзінства. Праблема свабоды ў сваю чаргу вырашаецца праз наступную інтэлектуальную персону, і такім чынам пералічаюцца найбольш гучныя ідэі дваццатага стагоддзя.

На жаль, мізантрапічны настрой зімы або неахайнасць аповеду схіляюць больш да крытыкі, чым да пошуку добрага і карыснага. Аднак гэта ў рамане таксама прысутнічае, засталося толькі прыкласці пэўныя намаганні. Напісаны раней за апошнія гарадскія маскоўскія хваляванні, раман Кантара трапляе дакладна, хоць і, зноў жа, карыкатурна, у палеміку пра нацыяналізм. У пачатку рамана быў забіты кіроўца аднаго з персанажаў – таджык Мухамед. Можна падзякаваць і за выразны пераказ філасофіі Гайдэгера, і за шэраг мастацкіх пасажаў, напрыклад, пра Кандзінскага. Чым раман можа быць карысны, акрамя гульні "угадай, хто схаваўся за новым прозвішчам" і трэніроўкі памяці на даты? Дастаткова часта ў Расіі любяць казаць, што Беларусь не за гарамі ці гадамі, і калі ёсць магчымасць параўноўваць сітуацыю рэальную, то абавязкова знойдзецца хто-небудзь, хто паспрабуе даць літаратурную версію таго, што адбываецца, размах падзей і крыніцы значэння не маюць. Дык вось, раман Кантара – выдатная ілюстрацыя таго, як гэта рабіць не трэба, як і не трэба блытаць чырвонае святло з зялёным.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце