Блог

Маленькія тролі ў вялікім сусвеце

Medium?1407497214

9 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння знакамітай фінскай мастачкі і пісьменніцы Тувэ Янсан. Марына Весялуха нагадала, якія з гісторый пра мумітроляў маюць беларускі пераклад, ды прывяла дзясятак цікавых фактаў пра іх стваральніцу.

 

У розных гарадах Фінляндыі гэтымі днямі праходзіць мноства мерапрыемстваў, прысвечаных Тувэ Янсан. Гэта і выстаўкі яе работ, рэчаў, фотаздымкаў, і прадстаўленне інсталяцый, звязаных з кнігамі пра мумітроляў, і літататурныя чытанні, семінары і нават тэатральныя пастаноўкі. А адзін з паркаў у Хельсінкі з нагоды юбілея сёлета атрымаў новае імя — у гонар знакамітай пісьменніцы.

 

З першага погляду падаецца, што Беларусь засталася ўбаку ад шырокага святкавання. Але ж можна сцвярджаць, што і мы маем чым пахваліцца. Так, у перакладзе на беларускую мову ўжо можна прачытаць чатыры з васьмі аповесцей пра незвычайных істот, падобных да маленькіх бегемоцікаў, — мумітроляў. Гэты праект распачаўся ў выдавецтве Зміцера Коласа ў 2010 годзе. Акурат вясной выйшла першая аповесць серыі “Маленькія тролі і вялікая паводка” (у перакладзе са шведскай Насты Лабады). Яшчэ праз год пабачылі свет дзве наступныя кнігі — “Камета над далінай мумітроляў” (у перакладзе Насты Лабады і Алесі Башарымавай) і “Капялюш чарадзея” (пераклад Алесі Башарымавай). А зусім нядаўна выйшла пятая па храналогіі Тувэ Янсан і чацвёртая па-беларуску кніга з прарочай назвай “Небяспечнае лета” (пераклад Алесі Башарымавай). “Успаміны Мумітаты”, неўзнарок абмінутыя ўвагай, ужо таксама амаль перакладзеныя і чакаюць выдання. Адметна, што ўсе выданні аздобленыя арыгінальнымі ілюстрацыямі Тувэ Янсан.

 

Здавалася б, няма надзвычанай нагоды для радасці. Кнігі ды кнігі. Ну пераклалі на беларускую, ды шмат усяго цяпер перакладаюць. Але справа ў тым, што мумітролі Тувэ Янсан — істоты незвычайныя. Нездарма ж яны так хутка заваявалі сусветнае прызнанне і любоў. Гэта не проста маленькія звяркі — гэта чалавечыя характары, падзеі іх жыцця — лёсы людзей, а законы існавання Мумідолу — прынцыпы, паводле якіх мусіць жыць наша планета. Таму гэтыя аповесці так любяць чытаць не толькі дзеці, але і дарослыя. Малыя бачаць у іх проста цікавую гісторыю і мілых, сімпатычных герояў, а дарослыя глядзяць глыбей і суадносяць жыццё мумітроляў з жыццём людзей.

— Стыль Тувэ Янсан — проста шыкоўны. Тут ёсць і гумар, і іронія, што заўгодна. Пісьменніца выдатна жартуе, — распавяла перакладчыца Алеся Башарымава. — У гэтых кнігах шмат узроўняў, і чым далей рухаецца сюжэт (з першай да восьмай аповесці), тым больш дарослымі становяцца творы. Калі “Маленькія тролі і вялікая паводка” можа ўспрымацца як казка для дзяцей, то апошнія ператвараюцца ў больш змрочныя і складаныя апавяданні. Але нават у першых кнігах серыі хаваюцца падказкі толькі для дарослых. Тувэ Янсан паказвае людзей розных характараў, але не здзекуецца з адметнасцей кожнага. Наадварот, прымае іх, распавядае пра іх з гумарам. У гэтых кнігах многія пазнаюць сябе.

Вось, напрыклад, філосаф Андатар — надзвычайны песіміст, увесь час выказвае толькі негатыўныя думкі. Снорк вельмі любіць праводзіць сходы, абмеркаванні і складаць спісы. Фрэкен Снорк занадта захапляецца бранзалеткамі. Снусмумрык можа насіць толькі аднолькавыя і старыя штаны, і лічыць, што мець шмат рэчаў вельмі небяспечна. Мумітата здольны адрамантаваць фактычна ўсё, але толькі “калі лапы дойдуць”. Сніф увесь час кажа, што ён занадта маленькі для вялікіх прыгодаў. А Мумітроль толькі пасля небяспечнага і далёкага падарожжа ўсведамляе, што у краях, дзе твой дом і дзе жывуць твае бацькі, вельмі добра. Упэўнена, што сярод вашых знаёмых ёсць людзі, вельмі падобныя да гэтых і іншых герояў аповесцей.

Некаторыя выказванні з кніг Тувэ Янсан хочацца проста занатаваць ці хаця б запомніць, настолькі яны трапныя і мудрыя.

“Той, каго баяцца, мабыць, адчувае сябе вельмі адзінокім”.

Радасна, што чатыры аповесці пра мумітроляў ужо перакладзеныя. Іх можна чытаць і перачытваць, знаёміць з героямі сваіх дзяцей ці пляменнікаў. Але яшчэ больш радасна ад таго, што яшчэ столькі ж кніг і шмат новых адкрыццяў нас чакае наперадзе.

Дарэчы, мой асобнік кнігі “Маленькія тролі і вялікая паводка”, узяўшы проста пагартаць, так і не вярнулі…

10 цікавых фактаў пра Тувэ Янсан

Мастацкая кар’ера Тувэ Янсан пачалася ўжо ў 10 гадоў. Яна малявала ілюстрацыі для папулярнага дзіцячага часопіса і тым самым дапамагала маме, таксама мастачцы, зарабляць грошы для сям’і.

Мастацкі вобраз мумітроля з’явіўся выпадкова. 16-гадовая Тувэ намалявала дзіўную істоту, падобную да маленькага бегемоціка, на кардоне, якім была абабітая сценка вясковай прыбіральні. Гэта быў адказ брату, ён напярэдадні на той жа сценцы напісаў нешта пра Канта.

Трэцяя кніга з серыі пра мумітроляў — “Капялюш чараўніка” перакладзена на 35 моў свету (у тым ліку і на беларускую). Менавіта яна дала штуршок “мумі-буму” ў многіх краінах свету.

Дзякуючы папулярнасці мумітроляў Тувэ атрымлівала вялікія ганарары, нават магла арэндаваць, а потым і цалкам выкупіць востраў Клавахарун у Фінскім заліве, дзе яна часта хавалася ад журналістаў і навязлівых прыхільнікаў.

Тувэ Янсан ніколі не была замужам. Некаторы час яна была заручоная з журналістам Атасам Вертаненам, але іх шлюб так і не адбыўся. Пасля 35 гадоў мастачка ўсвядоміла сваю бісекуальнасць і з таго часу падтрымлівала адносіны толькі з жанчынамі.

45 гадоў Тувэ Янсан пражыла разам з мастачкай Тууліккі Піеціля. Тууліккі нават стала прататыпам гераіні аповесці Янсан “Чароўная зіма” — Туу Ціккі. Яна паказваецца аўтаркай як асоба сузіральная і філасофская.

Мумі-тролі яшчэ ў 1960-я гады прынеслі Тувэ Янсан мільённы прыбытак, а з цягам часу яна стала адной з самых багатых жанчын Фінляндыі. Тым не менш пісьменніца вяла вельмі сціплы лад жыцця: карысталася грамадскім транспартам і сама хадзіла за пакупкамі ў краму непадалёк ад дома. Яна сама пісала і адказы на лісты чытачоў — аматараў кніг пра мумітроляў.

Пасля смерці Тувэ Янсан яе маёмасць перайшла ва ўладанне Тууліккі Піеціля. Аўтарскія правы на кнігі і коміксы пра мумітроляў былі перададзеныя пляменніцы Сафіі Янсан.

Сёння востаў Клавахарун, летняя рэзідэнцыя Тувэ Янсан, ненаселены, туды можна трапіць толькі ўлетку разам з арганізаванымі экскурсіямі.

Можна сцвярджаць, што сям’я мумі-троляў — гэта сям’я самой пісьменніцы. Тувэ Янсан ніколі не адмаўляла таго факту, што Мумімама падобная да яе ўласнай маці. Гэта пацвярджае Сафія Янсан, сёння дырэктар сямейнай фірмы Oy Moomin Characters.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце