Блог

Нататкі букстэра: аўтапартрэт-маніфест

Medium?1394708307

"Адзінаццаты год блукаю я па менскіх кнігарнях, і за гэты час стаў кончаным вар’ятам. То бок – букстэрам. Таму што букстэр – гэта не той, хто любіць чытаць. Гэта той, хто любіць кніжку". Ціхан Чарнякевіч распачынае штотыднёвую рубрыку маленькіх адкрыццяў кніжнага фетышыста.

 

У кніжцы мне важнае ўсё. Якая яна навобмацак, як і з чаго зроблены пераплёт ці вокладка. А можа, “родны” друкарскі пераплёт ашчадна ўплецены ў скуру ці картанаж, гравіраваны пазалотаю? А можа, вокладка – якая недарэчнасць! – размалявана дзіцёнкам ці заштампавана бібліятэкамі альбо вядомымі бібліяфіламі альбо падпісаная аўтарам з адваротнага боку, а прадаўцы не заўважылі і паставілі смешную цану?

Кожная кніжка мае свой індывідуальны выгляд. Яна складаная, як авіяносец, калі ты, паклаўшы яе ў далоні, здолееш расчытаць тыя знакі, якія аб’явяцца нечакана, але з цягам часу ператворацца ў даўжэзныя галерэі з бакавымі калідорамі.

Кніжка – як жанчына. З ёю трэба быць абачлівым і асцярожным. Яна зойме ў табе шмат месца, і ўрэшце рэшт запатрабуе цябе ўсяго. Цалкам.

Усе гэтыя знакі раскрываюцца букстэру паступова. Спачатку ты проста захоплены збіраннем. Цягаешся па кнігарнях у вольны час, набіраеш поўныя торбы, гастарбайтэрскі від каторых палохае тваіх сяброў і ўводзіць у жах сям’ю. Кніжкі цякуць да цябе несістэмна. Трэба мець дома Эсхіла? Бяром! Фолкнер? Хай будзе! Толькі пазней ты пачынаеш урубацца, што існуюць серыі, і той самы Эсхіл значна цікавей выглядае ў хаўрусе сваіх аднасяльчан, а Фолкнер можа стаць на паліцы прыгожым чорным зборам твораў.

Вось тут цябе й ловіць нітачка букстэрства. Кніжнае барахло няўхільна і бескампрамісна ператвараецца ў бібліятэку. Апошняя можа стаць лёсам, які, праўда, ты маеш права “закрэсліць і потым нанава пачаць”.

Кніжка – як жанчына. З ёю трэба быць абачлівым і асцярожным. Яна зойме ў табе шмат месца, і ўрэшце рэшт запатрабуе цябе ўсяго. Цалкам. Тут і зараз. Але тым большая будзе ўзнагарода, чым больш ты ёй аддасі. Важна толькі ўмець ёй запярэчыць.

У гэтых нататках, якія – дзякаваць Богу! – не будуць мець нічога агульнага з літаратурнай крытыкай, я паспрабую распавесці пра кніжкіны таямніцы. Тыя, што мне цяпер прыадчыніліся. Я таксама спадзяюся нешта адкрыць для сябе новае ў самім працэсе пісьма, сфармуляваць думанае ўрыўкамі падчас засяроджанага калупання ў кнігарневых шафах, скрынках і стэлажах, падчас уладкавання сваёй бібліятэкі. Я адкрыю табе, дарагі чытач, усе яўкі і паролі, “выкладу ўсю падпазногцевую”. Калі пашанцуе, то нават з фотачкамі.

Абмоўлюся, канечне, што мае нататкі будуць пераважна пра беларускую кніжку. Бо я яе збіраю. Але наўзбоч кожнага калекцыянера праходзіць безліч розных гісторый і фактаў, дзясяткі цікавых людзей, якіх грэх не згадаць добрым словам. Я буду пісаць і пра кніжку, і пра кніжных графікаў, і пра саміх беларускіх букстэраў, пры наяўнасці адсутнасці каторых пасыпалася бы ўся букіністычная справа ў горадзе-героі Менску.

Запрашаю вас у гэты вясёлы і шызафрэнічны свет. Кожны вар’яцее па-свойму, каб схавацца ад страху смерці. Мяркую, што мой выбар – не найгоршы.

 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце