Блог

Нататкі букстэра: філасофія бібліятэкі

Medium?1395914585

Ціхан Чарнякевіч у новай нататцы кнігалюба – пра законы, парадак і правілы добрага тону ва ўласнай бібліятэцы.

 

Кожны выбірае па сабе: жанчыну, рэлігію, бібліятэку. Раней можна было прыйсці ў госці, глянуць на паліцы і зразумець, хто чым дыхае. Міленіум змяніў стаўленне да чытання: усё больш цяпер выкідаецца кніг на сметнік, растуць продажы электронных чыталак, урэшце асабістая бібліятэка як такая многім падаецца грувасткім перажыткам мінулай эпохі.

Тым не менш, калі вы пачалі збіраць кніжкі, падрыхтуйцеся, што гэта надоўга. Не лішне будзе ўсвядоміць і прынцыпы самога збірання. Як правіла, гэтыя прынцыпы ў кожнага збіральніка розныя, хоць вельмі часта яны перасякаюцца з прынцыпамі іншых збіральнікаў. Дзякуючы гэтаму вартыя кнігі даволі хутка знікаюць з пунктаў продажу і распродажу.

Пашыраны спосаб – збіраць кнігі па пэўнай тэме: для работы. Такога кніжніка ніколі не назавуць бібліяфілам, ды і сам ён з імпэтам будзе адхрышчвацца ад падобнага назову. Тэмы бываюць рознымі, але гэта не азначае, што трэба збіраць усё датычнае тваёй агульнай спецыялізацыі. Скажам, гісторык, нават і вельмі багаты, апрыёры не можа купіць усіх кніг па гісторыі. Няма гаворкі, ён не можа купіць нават усіх кніг па гісторыі Сярэднявечча. Аднак нядрэнную бібліятэчку па беларускіх Сярэдніх вяках сабраць цалкам рэальна. Тое самае з літаратуразнаўствам, лінгвістыкай, альбомамі па мастацтве і гэтак далей. Даводзіцца ў рэшце рэшт (і, як правіла, ужо накупляўшы цэлую гару непатрэбшчыны) абмежаваць сябе дастаткова вузкай тэмай. Прасцей кажучы – любімай.

Шлях ад разбэрсанасці да ідэальнай бібліятэкі – гэта шлях ад букстэра да бібліяфіла. Не кожны праходзіць гэты шлях.

Праз падобную “вузкую спецыялізацыю” збіральнік прыходзіць альбо да сегментавання сваёй бібліятэкі альбо да поўнай канцэнтрацыі на абранай тэме. З бібліяфільскіх выданняў Расіі вядомыя выпадкі, калі кніжнік збіраў выключна першадрукі XVIII стагоддзя, арыгіналы летапісаў, зборнікі вершаў, усе выданні Пушкіна – ад прыжыццёвых Пушкіну да прыжццёвых самому збіральніку. Разам з тым, у біблятэцы такога фана Пушкіна, зразумела, аказваліся і ўсе працы, прысвечаныя Пушкіну, а таксама ягонай эпосе і ягонаму атачэнню. То бок нават вузкая спецыялізацыя не засцерагала ад, скажам так, стратыфікацыі прыватнай бібліятэкі. Адрозненне падобнага расслоенага кнігазбору ад хаатычнай бібліятэчкі студэнта-пяцікурсніка ў тым, што сапраўдны збіральнік уносіць ва ўласны кнігазбор адмысловую магістральную ідэю, якая аб’ядноўвае бібліятэку ў адзінае цэлае. Тыя ж яе элементы, якія не ўпісваюцца ў канцэпцыю, адпадаюць самі сабой. Як вушы на марозе.

Шлях ад разбэрсанасці да ідэальнай бібліятэкі – гэта шлях ад букстэра да бібліяфіла. Не кожны праходзіць гэты шлях. Да таго ж ён вельмі жорсткі, доўгі, і, як правіла, сканчаецца разам з самім кніжнікам. Нездарма ў лепшыя для збірання часы кніжкі, бывала, купляліся цэлымі бібліятэкамі.

Цяпер, калі электронная кніжка справядліва адваёўвае сабе месца, бібліятэка (не пераплеценая ці склееная папера!) зноў становіцца рэччу статуснай. Яна мусіць быць дарагой і акуратнай.

Для бібліятэкі патрабуюцца пакой і кніжныя шафы. У мяне, напрыклад, хатняя бібліятэка тыпова букстэрская, дастаткова разнашэрсная. Яна не надта вялікая, таму для яе пакуль што дастаткова чатырох шафаў. Разам у іх 29 паліц, і кожная адказвае за пэўную сферу маіх кніжных зацікаўленняў. Такія шафы можна замовіць у якога заўгодна прыватніка – звычайна гэта каштуе нядорага. Для кніг патрабуецца ашчадлівы тэмпературны рэжым, не вельмі высокая вільготнасць (іначай пэўныя віды пераплётаў пачнуць бязбожна зелянець), акуратнае карыстанне (асабліва гэта датычыцца антыкварнай беларускай кніжкі – яна зазвычай выдавалася ў мяккай вокладцы).

Добрым тонам для бібліятэкі з’яўляецца выраўненасць кніг па фармаце, а таксама структураванне паводле тэмы. Вядома, што кнігі адной серыі мусяць стаяць побач. Гэта не толькі лагічна, але яшчэ і стварае эстэтычны эфект. Бібліятэка павінна быць зручнай для самога збіральніка: каб ён мог хутка адшукаць патрэбнае ў сваіх зборах.

Бадай, кажу я гэта ўсё для тых, хто ўжо мае бібліятэку, але не вельмі вялікую. Тут важна ведаць адно: калі вы не будзеце праяўляць дысцыпліну, кнігі пачнуць высяляць вас з хаты. Каб гэтага не здарылася, рэгулярна пераглядайце кнігі, здавайце нешта на буккросінг, прадавайце ў кнігарнях і на аўкцыёнах, дарыце сябрам.

Бібліятэка створаная для радасці – інтэлектуальнай і візуальнай. Калі гэтых двух абавязковых складнікаў няма (альбо для іх няма фінансавай магчымасці), лепш купіць электронную чыталку. Ці плазменны тэлевізар.

Пачатак рубрыкі чытайце тут.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Забавные жизненные истории,рекомендую!

Отличная книга! Приятно знать, что там есть упоминание тебя реального:)

выдатны аповяд. толькi ад вокладкi вочы баляць

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце