Блог

Нататкі букстэра: грыбныя мясціны

Medium?1395313288

"Пачнем з яйцаў. Каб збіраць кнігі, многа не трэба: мець бы толькі грошы і ведаць кнігарні. Можна, канечне, тырыць у бібліятэках, але так добрага збору ўсё роўна не займееш (сам не правяраў, хоць былі магчымасці і спакусы). Як дастаць чароўныя паперкі з выявамі мёртвых амерыканскіх прэзідэнтаў, не скажу. Сам бы каго паслухаў. А пра кнігарні сёе-тое распавяду", – першая нататка букстэра Ціхана Чарнякевіча

 

У шмат якіх выданнях, і збольшага ў інтэрнэце, рэгулярна з’яўляюцца агляды кніжных крамаў. Але з падобных артыкулаў зазвычай мала што можна зразумець. Добра калі адрас дадуць. Я буду гаварыць выключна пра кропкі продажу патрыманых кніг і ўласна букіністыкі. Такім чынам, у Мінску ёсць чатыры асноўныя кнігарні, дзе пастаянна ашываюцца фанатыкі кшталту мяне.

1. “Веды” (яна ж “Маркса”, яна ж “Маркеса”, яна ж “Паліткніга”, яна ж “Знание”, яна ж “каля Купалаўскага” альбо “каля прэзідэнцыі”), на вул. Карла Маркса, 36.

Фота bookster.by

Найбольшая кропка буканікі. Раней, да перабудовы кнігарні, уваход быў з правага боку, каля мемарыяльнай шыльды Караткевічу. Крама пачыналася невялікім сегментам новай кнігі, а далей прыводзіла цябе ў велізарную кніжную барахолку патрыманай кнігі, размеркаваную па сферах, навуках і фарматах: “беларусіка”, “гісторыя”, “навукова-тэхнічная літаратура”, “дзіцячая”, зборы твораў, “філалогія”. Літаратуразнаўствам усё і заканчвалася, і на сённяшніх уваходных прыступках каля філалагічнай літаратуры сядзелі старыя здатчыкі з хатулямі і мяхамі, чакаючы сваёй чаргі да таваразнаўцы. У цэнтры кнігарні быў даўжэзны стол і стэлаж з антыкварнай і філасофскай літаратурай. Трэба сказаць, я мала тады зазіраў у чароўны рукапісны сшытак, куды запісвалі новыя паступленні антыкварыяту, але трапляліся мне на вочы і першае выданне “Адвечнай песні” Купалы 1910 года, і зборнік Уладзіміра Жылкі “На ростанях”, стосы разнапланавых заходнебеларускіх выданняў, была нават “Гісторыя беларускае літаратуры” Максіма Гарэцкага з аўтографам. Як памятаю, каштавала яна тады шалёныя грошы – 300 тысяч рублёў, альбо $150 на сённяшнія грошы. Студэнту такія рэчы былі непад’ёмныя, канечне. Не раз трапляліся мне там кнігі з аўтографам Васіля Быкава, Янкі Брыля. Як цяпер помню, 60 тысяч ($30 на сённяшнія) каштавалі тры тамы “Беларускіх народных песень” Рыгора Шырмы з размашыстым даравальным надпісам (зялёным атрамантам) – “Дарагому Лявону Баразне ад складальніка”. Сюды любілі прыносіць свае зборы вучоныя-гуманітарыі, што ўзбуйняла і распальвала кніжную жарсць…

Няма таго, што раньш было. Аднак кнігарня засталася вельмі нядрэннай, хоць аддзел букіністыкі цяпер стаў значна меншы. Ён знаходзіцца ў хвасце кнігарні, усе сферы сканцэнтраваны ў адной, адносна невялікай зале (беларусіка – па левую руку ад увахода ў аддзел). Па-ранейшаму тут абавязкова прысутнічае антыкварны аддзел і сшытак новых паступленняў. Нядаўна кнігарню камп’ютарызавалі, цяпер ёсць нібыта база дадзеных і можна пашукаць патрэбнага аўтара праз камп’ютар. З старых беларускіх кніг можна заўсёды ўбачыць 4-5 найменняў, у сяоэднім па 300 тысяч за кніжку. Пераважна гэта заходнебеларускія друкі брашуркавага тыпу. Здараюцца і міжваенныя кнігі з БССР, але яны каштуюць на парадак вышэй. Сярэдні кошт букіністыкі (пасляваеннай кнігі) – 25-70 тысяч. Новых навуковых кніг амаль не здаюць, таму, калі вы шукаеце якуюсь манаграфію, выдадзеную “Языками славянской культуры”, то сюды зазіраць няма сэнсу. Такія рэчы можна знайсці толькі на інтэрнэт-аўкцыёнах, расійскіх перадусім. Мінскія кнігарні, “Веды” ў тым ліку – збор хрушчоўска-брэжнеўска-гарбачоўскай літаратуры. Кажу зусім не грэбліва, бо ў тыя часы выйшла нямала сапраўды дабротных кніжак.

Амаль заўсёды тут ёсць у продажы кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў ці навукоўцаў.

2. “Букініст” (ён жа “на Коласа”, ён жа “Двойка”) на праспекце Незалежнасці, 53

Фота bookster.by 

Бадай, найбольш бюджэтнае з усіх кніжных радовішчаў Мінска. Цэны ў “Букінісце” на парадак ніжэйшыя, чым ва ўсіх астатніх кнігарнях. Гадоў дзесяць таму сярэдняя цана мастацкай кніжкі на Коласа была $1. Цяпер, можа, $2-3. Што праўда, беларусікі тут вобмаль – усяго адна паліца, на якой зазвычай стаіць нешта зусім невыразнае і малацікававае (праўда, да рэарганізацыі паліца знаходзілася ў самым нізе стэлажа, з-за чаго даводзілася далучацца да роднай літаратуры фактычна на карачках). Затое ў “Букінісце” найтанней можна купіць падпісныя зборы твораў, кнігі на замежных мовах, тамы савецкіх серый “Бібліятэка сусветнай літаратуры”, “Літаратурныя помнікі”, “Гісторыя эстэтыкі ў памятніках і дакументах”, “Прыгоды і фантастыка”. Нямала тут і рэдкай тэхнічнай літаратуры.

Крама нядаўна таксама зазнала рэарганізацыю: замест двух павільёнаў цяпер працуе толькі адзін. Левы, маленькі, аддадзены пад адміністратыўныя патрэбы. Антыкварны аддзел тут таксама ёсць, але ён зусім невялікі, хоць і вабіць сваімі невысокімі цэнамі. Даваеннай беларусікі я тут не сустракаў ні разу, калі, канечне, не лічыць ёю рускамоўных манаграфій Сямёна Вальфсона 1920-х гадоў. Затое тут часам пракідваецца нядрэнная этнаграфічная і літаратурна-крытычная кніжка. І дастаткова недарагая. Любяць здаваць свае кнігі ў гэтую краму і айчынныя акадэмічныя філосафы. І высокіх цэн не ставяць.

3. “Эўрыка” на вул. Куйбышава, 75.

Фота bookster.by

Калі прайсці дварамі ад “Букініста” ў бок Камароўскага рынка, то вы амаль адразу знойдзеце мала каму вядомую “Эўрыку”. Эканамічна-геаграфічнае становішча кнігарні даволі несамавітае, аднак (і можа, нават дзякуючы гэтаму) тут вельмі часта можна знайсці такую беларускую кніжку, якую цяжка адшукаць у іншых месцах. Асноўны пакупнік-букстэр у “Эўрыцы” – філолаг і гісторык. Калі шукаеце старыя тамы гістарычнага і (ці) этымалагічнага слоўніка – вам сюды. Патрэбны добрыя літаратуразнаўчыя манаграфіі – ёсцека і такое. Кнігі пра Скарыну, гістарычныя малатыражныя выданні БДУ і НАН, выданні габрэйскіх арганізацый. Трапляецца, хоць і не так часта, добрая дзіцячая кніжка, напрыклад, з ілюстрацыямі Славука, Селешчука ці Алены Лось. Бываюць цікавыя беларускія зборы твораў, у тым ліку і першыя пасляваенныя. Тут перайшлі ў маё ўладанне кнігі з аўтографамі Быкава, Лынькова, двухтомнік Багдановіча 1927-1928 гадоў выдання Інбелкульта і цэлая гурба розных драбнейшых нішцякоў. Букіністычная частка знаходзіцца ў цэнтры кніжнай крамы і ўтварае своеасаблівае кола.

4. “Вянок” на Камунальнай узбярэжнай, 4.

Фота gandliar.com

Крама з такім жахлівым адрасам (якога, зрэшты, ніхто не ведае) месціцца ў Траецкім прадмесці, побач з тату-салонам, мікрапомнікам Драздовічу і біяпрыбіральняй. Нягледзячы на ўсё гэта, “Вянок” застаецца самай атмасфернай мясцінай Менска. Сходы, драўляныя парэнчы, масіўная мэбля і прыцемнены антураж. Адчуванне трапнага выбару месца. На жаль, і пра гэта не раз пісалі, атмасферу ладна псуе “Радіо Рокс”, якое магутнай фм-хваляй залівае ўсю тваю букстэрскую натхнёнасць. У “Вянку” заўсёды ёсць выбар зборнічкаў паэзіі – у асноўным, беларускай, але на стэлажы-круцёлцы ёсць і рускія. Тут найбольш верагодна адшукаць нешта рэдкае з беларусікі – прыжыццёвыя выданні народных пісьменнікаў, зграбныя і нядрэнна аформленыя кніжачкі шасцідзясятнікаў, кнігі з аўтографамі. Ёсць у кнігарні і досыць прыстойны антыкварны аддзел: вынес я адтуль, напрыклад, варшаўскую манаграфію Івана Замоціна, заплеценую ў чырвоны маракен, зборнік вершаў Алеся Салаўя “Сіла гневу”, зборнік артыкулаў Барыса Эйхенбаума 1927 года, пераклад на беларускую мову Яраслава Гашака 1931 года і шмат чаго яшчэ. Што праўда, сшытак новых паступленняў у антыкварным аддзеле досыць хітра збудаваны, і таму, падказваю, лепш чытаць яго ад коркі да коркі. Бо часам новапрынесеную кніжку запісваюць кудысьці ў сярэдзіну альбо ў пачатак, і яна можа доўга не трапляцца на вочы патэнцыйнаму пакупніку.

Гэта асноўныя чатыры месцы, абыходзіць якія варта раз на тыдзень, як мінімум. Пачынаць можна з букініста на Коласа, праходзіць дварамі да “Эўрыкі”, там сядаць на 24-ты аўтобус і пад’язджаць да Траецкага. Адтуль адзін прыпынак на метро да Карла Маркса – выходзячы з Купалаўскай, адразу сутыкаешся з дзвярыма кнігарні. Вядома, ёсць і іншыя кніжныя мясціны – стэлажык у кнігарні “логвінаЎ”, закуток у “Кнігачэі” насупраць “нацыяналкі”, пару паліц у “Кнігарні пісьменніка” і ТБМ (абедзве на Румянцава). Але, па вялікім рахунку, краму, дзе ёсць абсалютна ўсе кнігі, якія вам патрэбны і якія 5-6-7 гадоў настойліва і пакутліва шукаліся, вы будзеце наведваць толькі ў снах.

У мяне такая кнігарня ёсць.

Пачатак рубрыкі чытайце тут.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментары 2
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Ужо не Камунальная ўзбярэжная, а Траецкая узбярэжная)

+1

Googlemaps не ў курсе пакуль што )

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце