Блог

Нататкі букстэра: інскрыпты

Medium?1400763784

"Калі вы зазірнеце на сайты аўкцыённых дамоў, то сярод самых розных раздзелаў абавязкова пабачыце аўтографы знакамітасцей: лісты, рукапісы вершаў, прозы, паштоўкі і фота з надпісамі, ну і, канечне, кнігі з даравальнымі надпісамі, альбо па-даросламу – з інскрыптамі. У мяне во зараз гугл барахліць, таму не магу даць прыгожую дэфініцыю, што гэта за звер такі, але і так усё зразумела", – працяг рубрыкі "Нататкі букстэра" Ціхана Чарнякевіча.

 

Гаварыць аўтограф – крышку ненавукова, хоць у журналістыцы і наогул у абыходку такое слова якраз і азначае з’яву: “Дайце аўтограф!” – кажуць самлелыя школьнікі і першакурснікі адурэламу ад задухі ў кнігарні "логвінаЎ" беларускаму літаратару. Што праўда, усё радзей гэта адбываецца. Надпісы на кнігах – у нейкім сэнсе аджылая з’ява, рудымент мінулай эпохі, як і сама папяровая кніжка. Тым не менш, ёсць і аматары рудыментарнасці. Я адзін з іх.

Інскрыпт – невялікі ліст ад аўтара чытачу. Зрэшты, можа быць і такое, што кніга, на якую ставіцца інскрыпт, каштоўная сама па сабе, і былы ўладальнік, перадаючы рэдкі асобнік свайму наступніку, можа падпісацца замест аўтара. А сур’ёзны бібліяфіл, на мой погляд, не менш значная асоба, чымся сур’ёзны літаратар. Абодва яны любяць сваю справу і жывуць ёю цягам дзясяткаў гадоў. Праўда, і надпісы могуць быць розныя, як розныя бываюць сітуацыі, у якой апынаецца кніга і чатыры рукі, узложаныя на яе.

Бываюць даравальныя надпісы кароткія і адчэпныя, бываюць разгорнутыя, прыгожыя і каштоўныя самі па сабе. Інскрыпт – літаратурны жанр, і ім таксама можна авалодваць, яму таксама можна вучыцца.

Канечне, усё гэта тэорыя, традыцыйна супрацьпастаўленая зялёнаму дрэву жыцця. На практыцы кніжныя фанаты сутыкаюцца і з адчэпным і з разгорнутым інскрыптамі, і радуюцца па-свойму кожнаму з іх, асабліва калі надпіс належыць пісьменніку сапраўды значнаму. Знайсці кніжку з інскрыптам у наш час – дастаткова лёгка, тым больш беларускую. Як вядома, беларуская кніжка віравала ў асноўным у сферы свайго гета, а наклады яе нават і ў савецкі час 5-10 гадоў маглі не раскупляцца. Калі нейкі зборнік вершаў ці апавяданняў ацалеў і трапіў у кнігарню, працэнтаў 20, што ён належаў камусьці з літарацкага кола і, адпаведна, мог мець даравальны надпіс аўтара. Шмат што з таго беларускага, ускладзенага на паліцы кнігарняў, – усяго толькі частка чыёйсьці бібліятэкі, каторую вырашылі не выкідаць на сметнік, бо сорамна перад памерлым дзедам-бабай-цёткай-дзядзькам-бацькам-маткай. А менавіта кнігі з аўтографамі часам цяжка выкінуць аматарам ІКЕА. Ну вось не падымаецца рука (у ідэале, канечне; насамрэч, падымаецца, і яшчэ як).

Надпісы – магчымасць пабачыць почырк аўтара, нешта такое адчуць праз пару-тройку словаў на тытульным аркушы. Памятаю, як я, ідучы з буфета “нацыяналкі”, чамусьці вырашыў зазірнуць у тамтэйшы музей кнігі і, мусіць, паўгадзіны прастаяў як баран над “Вянком” з інскрыптам Максіма Багдановіча – так мяне зачаравалі гэтыя кругленькія ясныя літары, напісаныя чорным атрамантам, што кніжкі з надпісамі Шагала, Далі і Гогаля я прамінуў амаль без цікавасці.

Тут варта перайсці да агляду ўласнай калекцыі, напэўна, але як зрабіць “падводачку”, я не ведаю, таму папросту ўдаруся ў любімы сённяшні сецевы жанр: карцінкі з каментарыямі.

Такі вось сціплы подпіс нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Шэймаса Хіні. Кніжка цікавая сама па сабе: гэта класічны limited edition, тут усяго адзін верш і наклад вельмі маленькі, і частка накладу пранумараваная і падпісаная Хіні. У мяне асобнік звычайны, ненумараваны, з пазнейшым подпісам. Але таксама прыемна.

Сфера мая – 1920-я гады, таму як трапляюцца інскрыпты дзеячаў тагачасных, то бяру ўсё, нават калі і кніга не вельмі цікавая. Аўтограф будучага правадзейнага члена Інбелкульта і акадэміка Іван Іваныча Замоціна грэе душу, безумоўна, але не менш важны тут і адрасат: Пётр Ганзэн (1846-1930), вядомы перакладчык, які на пару з жонкай ачмурыў скандынаўскай літаратурай рускага чытача: Кіркегар, Стрындберг, Ібсэн, Андэрсэн, Гамсун – ягоных рук справа. Сябраваў ён і з Іванам Ганчаровым, і з Львом Талстым. Відаць, таму і паслаў яму сваю кніжку Іван Замоцін.

Хацеў бы я, канечне, знайсці кнігі з аўтографамі іншых літаратуразнаўцаў 1920-х, не толькі Замоціна. Але выпадак, а дакладней Віталь Уладзіміравіч Скалабан звёў мяне з уладальнікам кнігі з бібліятэкі Яўгена Барычэўскага. Бібліятэка была знакамітая яшчэ ў 1910-я гады, а да канца жыцця тэарэтыка стала проста шыкоўнай. На жаль, практычна ўсё растрэслася і знікла ез следу. Кніжка “Русские лирики” з разгорнутым і вельмі інфарматыўным надпісам Івана Розанава, сябра Барычэўскага і аднаго з самых крутых рускіх бібліяфілаў ХХ стагоддзя, вельмі дарагая мне, ды і каштавала нямала.

Яшчэ адзін дыямент і прывітанне з 1920-х гадоў – зборнік Язэпа Пушчы “Песьні на руінах” з надпісам Пятру Глебку. Надпіс тагачасны, 15 чэрвеня 1929 года зроблены, і Пушча яшчэ, бадай, не ўсведамляе, што назва ягонай кнігі – прарочая. Адзін з самых дарагіх падарункаў, якія мне былі зроблены.

Кніжак з аўтографамі Дубоўкі ў мяне было дзве: адну, “Пялёсткі”, я, будзем гаварыць, абмяняў на кнігу з надпісам Стральцова. Сабе пакінуў дзіцячую, з разгорнутым надпісам Рыгору Канавалаву, былому старшыні Дзяржакамітэта па друку БССР, персоне ў нашай культуры мала вядомай і нават недзе сумнавядомай, але неадназначнай. Помніцца вечар на кухні ў ягонага сына Яўгена Канавалава, выдатнага гітарыста з “Алгарытмаў”, якія ў 1968 годзе перамаглі на Першым біт-фестывалі ў Мінску. Шкада, пра яго ў Вікіпедыі няма артыкулу і спасылку кідаць няма куды. Кнігі бацькавы ён аддаваў задарма. У кватэры быў я не першы, і засмуціўся выдраным старонкам з кніжак Мележа, Бярозкіна: нехта з папярэдніх наведнікаў павыдзіраў старонкі з аўтографамі. Навошта?

Яшчэ адно прывітанне з 1920-х: Антон Адамовіч, узвышавец і ўкладальнік аднатомніка Уладзіміра Жылкі, дорыць гэтую кнігу туманнаму генію Янку Юхнаўцу.

З надпісамі дарагога Міхася Лявонавіча Стральцова ў мяне дзве кніжкі: “Мой свеце ясны” і вось гэтая, “На ўспамін аб радасці” 1974 года – падарунак Адама Глобуса, яшчэ аднаго стральцоўскага фаната. Ды што там, усе любяць Стральцова. Гэта нармальна.

Пра кнігі з надпісам Караткевіча можна сказаць, што іх шмат існуе ў прыродзе, але ў продажы яны доўга не стаяць – слізкія, як уюны: толькі пачуеш, што прадаецца і ўсё, міма. Тры разы ад мяне ўцякала кніжка з караткевічаўскім надпісам, а колькі чуў гісторый, што натрапілі, маўляў, на артэфакт чыста выпадкова. Давялося, для пэўнасці і каб не звар’яцець ад няпрухі, памяняцца з бібліяфілам. Цяпер маю і паказваю здаравенную дуліну спадарыні ўдачы.

Кнігі з аўтографамі Быкава трапляліся мне ў кнігарнях разы тры-чатыры. Была магчымасць выбраць, і выбраў я кнігу “Кар’ер”, з надпісам па-беларуску, ды яшчэ і з мяккімі знакамі. На жаль, у савецкі час Васіль Уладзіміравіч часта падпісваў кнігі рускаю моваю. Пра адрасата гэтага інскрыпту я не ведаю абсалютна нічога. Што праўда, такі папулярны літаратар як Быкаў раздаў тысячы аўтографаў.

Тут адрасат інскрыпту – літаратуразнаўца Марына Барсток, рэшткі яе бібліятэкі прадаваліся некалькі гадоў таму амаль ва ўсіх менскіх кнігарнях. На жаль, самога Івана Антонавіча бачыць мне не давялося, хаця аднойчы ягоны аўтограф звёў мяне з будучай жонкай. У кнігарні выдавецтва “Про Хрысто” з’явіўся стосік капеечных кніжак Брыля “Блакітны зніч” (2900, як зараз помню), кожная з якіх была падпісаная аўтарам: “З найлепшымі пажаданнямі. Янка Брыль”. Я падарыў гэтую кніжку знаёмай дзяўчыне. Далей расказваць не буду.

Заманулася мне неяк ідэя сабраць кнігі з надпісамі ўсіх народных паэтаў і пісьменнікаў Беларусі (і БССР, канечне). З часам набралося такіх кніг нямала, хоць думка, па праўдзе кажучы, цалкам утапічная: малаверагодна, што знайду хоць калі інскрыпты Купалы і Коласа. Аднак Броўкі, Брыля, Быкава, Куляшова, Танка, Лынькова, Панчанкі, Навуменкі, Барадуліна маю.

Вядома, каб просты збор кніжак з аўтографамі ператварыўся ў калекцыю, як у Міхася Скоблы, трэба не адзін год працаваць, рабіць каталагізацыю, структураваць, выяўляць адрасатаў і шукаць іх біяграфіі. Занятак гэты – не менш цікавы за лайканне коцікаў і антыўрадавых лозунгаў у фэйсбуку.

Такім чынам, будзеце ў кнігарні – не забывайцеся адгарнуць тытульны аркуш. Хаця не, не адгортвайце. Нам, сапраўдным букстэрам, больш застанецца.

Папярэднія Нататкі букстэра знойдуцца па спасылцы.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце