Блог

Нататкі букстэра: паштоўкі Купалы

Medium?1399650007

Унікальны выпуск "Нататак букстэра"! Ціхан Чарнякевіч знайшоў у віленскім архіве невядомыя лісты Янкі Купалы.

 

 Сховішчамі Літоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва я зацікавіўся, прачытаўшы ў НН артыкул Алеся Смаленчука “Невядомыя лісты Багдановіча, прамовы Тарашкевіча, дакументы БНР — у Вільні ляжаць скарбы”. Знаходка двух лістоў Максіма Багдановіча давала надзею і на іншыя цікавыя аўтографы пісьменнікаў-нашаніўцаў. Таму, упершыню трапіўшы ў Вільню, выправіўся ў падарожжа праз увесь Антокаль, у ЛЦДА. І не пашкадаваў: удалося знайсці тры невядомыя паштоўкі Янкі Купалы 1909 года, некалькі паштовак Максіма Гарэцкага, Сяргея Палуяна, Алеся Гаруна, Каруся Каганца і шмат каго яшчэ.

Ціхан Чарнякевіч у Вільні каля былой рэдакцыі "НН" і шыльды Янку Купалу

Рэдакцыйны архіў “Нашай Нівы”, як вядома, расцярушаны па некалькіх фондах. Ёсць крыху ў нас, у БДАМЛМ і ў музеі Купалы, аснова – у вядомым фондзе №21 віленскай акадэмічнай бібліятэкі Ўрублеўскіх. Зборы ЛЦДА ўтрымліваюць 4 справы з уласна рэдакцыйным архівам “Нашай Нівы”, пераважна за 1909 год і паасобныя матэрыялы нашаніўскай пары ў калекцыях Івана і Антона Луцкевічаў.

Чатыры папкі ў фондзе №368 – быццам бы і няшмат, але ў той жа час гэта каля 600 лістоў у рэдакцыю “Нашай Нівы”; гэта амаль 90 старонак службовага дзённіка Вацлава Ластоўскага за студзень-красавік 1912 года, у якім дзень за днём пазначаны скаргі карэспандэнтаў і просьбы падпісчыкаў, у тым ліку вядомых пісьменнікаў. Тут жа – унікальны збор адрасоў, куды высылалася “Наша Ніва”: Італія, Амерыка, Уладзівасток, вайсковыя часткі імперыі, сібірскія ссыльныя пасяленні. Спадзяюся, уся гэтая геаграфія будзе некалі прааналізавана адмыслова. А пакуль звернемся да невядомых эпісталаў Купалы.

1909 год – невясёлы час для будучага класіка. Фрылансерства тады яшчэ не выдумалі, таму, пакінуўшы працу на зямлі і ў бровары, Купала шукае больш-менш інтэлектуальнага занятку. Браты Луцкевічы выклікаюць яго ў Вільню і ўладкоўваюць памочнікам бібліятэкара ў віленскую прыватную бібліятэку Б. Даніловіча “Знание”, а таксама даюць падпрацоўку ў рэдакцыі. З нейкіх нявысветленых прычын Даніловіч урэшце пераводзіць Купалу аканомам у маёнтак Бенін Наваградскага павету. Не варта лічыць гэта павышэннем па службе, хутчэй за ўсё сітуацыя падобная на добразычлівую высылку. Поўны збор твораў Купалы падае, што ў Бенін паэт трапляе ў “кастрычніку, да 15-га”. Адшуканыя лісты са штампам “Паштовая станцыя Любча” даводзяць, што у маёнтку Купала быў ужо 31 жніўня 1909 года.

№ 1. Рэдакцыі “Нашай Нівы”

Дзядзьки

Высылайце як пісаў Нашу Ниву і прышліце агентскіе условія. Надзеюся устроіць агентуру – НН. Калі атрымаеце № «Przegląd Krajowy» у каторым будзе аба мне, то прышліце.

Ваш ЯК

31/VIII 1909 г.

Агентуру НН не трэба блытаць з шпіёнскай агентурай: фактычна гэта аналаг распаўсюдніка. Агенцкая ўмова – пасведчанне, выдадзенае рэдакцыяй, што імярэк распаўсюджвае афіцыйна дазволеную газету. Янка Купала згадвае кіеўскі польскамоўны часопіс «Przegląd Krajowy»: там у жніўні 1909 года быў апублкіаваны артыкул Е. Янкоўскага “Песняры маладой Беларусі”, які ўтрымліваў нямала кампліментаў на адрас Купалавай паэзіі.

Наступная паштоўка ад 29 верасня 1909 года адрасавана персанальна Вацлаву Ластоўскаму:

№2. У рэдакцыю “Нашай Нівы”. Пану В. Ластоўскаму

29/ІХ 09г.

Бенін

Паночку!

Змяніце адрэс п. Павалу і мне і высылайце: п.[аштовая] ст.[анцыя] Любча Мінск.[ай] губ.[ерні] Новогрудск.[ого] у.[езда] У Навагрудку затрымліваюць і не пускаюць газэты у Вселюбскае валасное управл[ение]. Лісты можэце адрэсаваць у Вселюб.

Ваш І. Луцэвіч

P.S. Віншую Пана Імянінамі хоць спазніўшыся. У Вільні на сваё безгалоўе забыўся гэтага зрабіць. Я.К.

Pamieszczajc wierszy maje tolki tyje katoryje mozhna biez paprawak

Kazlania [?] nie kuplajcie

Тут ёсць і загадкавыя мясціны. Хто такі пан Павал, які, відаць, працаваў у Беніне разам з Купалам? На сёння гэта незразумела. Якое казляня мае на ўвазе Купала ў невялікай і малачытэльнай прыпісцы? Магчыма, гэта адгалосак працы Ластоўскага па зборы антыкварыяту: калекцыянаваннем ён захапіўся, пазнаёміўшыся з вядомым шукальнікам скарбаў Іванам Луцкевічам. Цікава і тое, як можна было абысці паштовыя павятовыя “рагаткі”: дасланыя на дакладную паштовую станцыю беларускія выданні не затрымліваліся. Ёсць тут і прыхаваная скарга Купалы: відаць, некаторыя вершы былі папраўлены рэдакцыяй, таму паэт просіць друкаваць толькі тыя творы, якія правіць не трэба.

Апошняя з адшуканых паштовак Купалы датуецца 7 кастрычніка 1909 года:

№3. Рэдакцыі “Нашай Нівы”

Любча 7/Х 09г.

Паны –

У мяне нічога новаго, гібею.

Асталіся ў ред.[акцыі] 3 песьні, прысланные с Гриневичем с суполкі. Адшукайця і зараз же вышлице на Любчу заказной бандеролью. Хачу ў гэту нядзелю выслать. Калі німа атпішыце небавам.

Ваш И.Л.

_________________

Папрасіце Ред.[акцыю] каб мяне пан Даніловіч скарэй ад гэтуль выбавіў

Тут мы бачым змрочныя матывы: Купала яўна хоча выбрацца з нелюбімай працы ў Беніне. Песні, якія дасылаў з суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца” Антон Грыневіч, мажліва, паспрыялі больш шчыльным кантактам Купалы з Пецярбургам. Неўзабаве Грыневіч выдасць зборнік беларускіх песень з нотамі. Трэба думаць, што Купала быў своеасаблівым рэдактарам і рэцэнзентам гэтай кнігі. У архіве знайшоўся і ліст Антона Грыневіча ў “Нашу Ніву” ад 25 кастрычніка 1909 года, дзе ён, між іншым, гаворыць: “Я паслаў Я. Купале ліст у бібліотэку Знаніе, але яго там ужо нема, дык можэ вы атрымалі, – калі атрымалі – прашу перэслаць разам іс пасылаемым, натпісаўшы яго адрэс. Ад гэтых лістоў залежыць пачатак друку беларускіх песьняроў, дык прашу не забыцца. Аб ім тутака стараімся”. Стараліся для Купалы недарма: неўзабаве ён стане працаваць у Пецярбургу, у суполцы “Загляне сонца…” Стараецца і сам Купала: у Вільні, куды ён вяртаецца 6 лістапада, яму месца няма, у тым ліку і ў рэдакцыі “Нашай Нівы”, таму колькі тыдняў ён жыве, імаверна, на грошы, заробленыя ў Беніне. 21 лістапада ён піша ліст Браніславу Эпімаху-Шыпілу, ліст, відаць, далёка не першы: “Даруйце, што асмельваюся так часта Вам дакучаць, але што я, гаротны, зраблю, калі маё паганае палажэнне да гэтага змушае. (…) Што добрага чутно аб маёй справе? Я ў Вільні доўга не магу трымацца, а так шчыра хацелася б не загінуць і пажыць дзе-небудзь у культурным мейсцы (…). Калі нічога зноснага не прыдумаеце, то такі папраўдзе са мной кепска будзе”. Намаганні Антона Луцкевіча, самога Купалы і Антона Грыневіча даюць плён. 2 снежня Уладзімір Самойла паведамляе Шыпілу, што Вацлаў Іваноўскі бярэ Купалу на працу ў суполку. 4 снежня Купала прыязджае ў Пецярбург і прапісвае пашпарт па адрасе “Загляне сонца…”. Наступныя тры гады ён пражыве на кватэры Браніслава Эпімаха-Шыпілы.

Так скончыўся трывожны для Янкі Купалы 1909 год. Поўны збор твораў падае першым вышэйзгаданы ліст Купалы ў Пецярбург ад 21 лістапада. Цяпер, трэба думаць, варта крыху ўдакладніць эпісталярны раздзел і паставіць паштоўкі Купалы ад 31.08, 29.09 і 7.10 1909 года, дасланыя ў рэдакцыю “Нашай Нівы” з маёнтка Бенін, пад №1, №2 і №3.

Артыкул здзейснены дзякуючы праграме Беларускага ПЭН-цэнтра “Рэзідэнцыя маладога літаратара”

Папярэднія "Нататкі букстэра" Ціхана Чарнякевіча чытайце тут.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце