Блог

Нататкі букстэра: паслякніжжа

Medium?1397727250

Ці можа кніга сабраць чалавека – пра гэта новая нататка букстэра Ціхана Чарнякевіча.

 

Ёсць адна кніжніцкая показка аўтарства Смірнова-Сакольскага, рускага дэкламатара і бібліяфіла. Не, нават дзве раскажу. Дык вось: бегае Віктар Барысавіч Шклоўскі па ўсёй Маскве, шукае інфармацыю пра нейкага рускага мастака XVIII стагоддзя і ніводны акадэмік, ніводная архівістка яму нічога ўцямнага адказаць не могуць. Нарэшце звяртаецца да бібліяфіла… і той адразу выдае яму ўсю патрэбную інфармацыю. Уражаны Шклоўскі выдыхае: “Я лічыў, вы толькі кніжкі збіралі, а аказваецца, што і кніжкі сабралі вас”.

Другая гісторыя: літарацкая гулянка 1920-х гадоў у Маскве. Валодзя Маякоўскі ў п’яным запале прылюдна бэсціць бібліяфілаў і называе іх па-ўсякаму. Пад канец Смірноў-Сакольскі, які так неасцярожна прызнаўся ў куплянні альманахаў XVIII ст., праводзіць Маякоўскага дадому, але той нечакана вырашае зайсці гартануць тыя свежакупленыя кніжкі. Карацей, заснуў у гэтую ноч толькі гаспадар кватэры – Маякоўскі да раніцы сядзеў абклаўшыся кнігамі: гартаў, чытаў, рабіў выпіскі, а на развітанне павінаваціўся: “Я ж думаў, што вы з тых мудакоў, якія толькі неразрэзаныя кнігі збіраюць”.

Гэта я ў прынцыпе да таго, што кнігі трэба чытаць. Букстэр, канечне, не ў стане прачытаць усе купленыя ім кнігі, але ён мусіць хаця б прыкладна ведаць, што хаваецца пад вокладкай. Урэшце, кніга збіраецца для таго невытлумачальнага імпульсу, які наведвае вас у адзін прыўкрасны дзень, калі вы дакладна ведаеце: вось гэтая кніжка просіцца вам у руку, яе цягне як магнітам. І сіла джэдая спрацоўвае: кніжка ў руках, два-тры вершы, апавяданнейка, эсэшка – гэтага будзе дастаткова, каб правесці дзень не дарма.

Мяне нават крыху палохаюць людзі, якія бяруць у рукі кнігу выключна для таго, каб прачытаць яе ад вокладкі да вокладкі. Ёсць у гэтым нейкая паталогія. Зрэшты, у кожнага свой тэмперамент. Нехта можа займець кайф, прачытаўшы за месяц шасцітомнік Бахціна. Я ж ведаю, што буду чытаць яго ўсё сваё жыццё…

Кніга збіраецца па прынцыпе інтэрнэта: кожны новы лінк выводзіць цябе ў іншую сферу, і ты часам забіраешся ў такія дрындулі, што сам афігеваеш. 

“Кнігі збіраюць чалавека” (гучыць амаль як “Культура паляпшае жыццё”, толькі лепей). Свядомае паляванне за старымі беларускамі выданнямі нязменна прымусіць вас здабыць таміну Юрыя Туронка “Мадэрная гісторыя Беларусі”, дзе распісаныя ўсе кнігі суполкі “Загляне сонца…”, заходнебеларуская кніжнасць, выданні падчас нямецкай акупацыі. З Туронка можна плаўна выйсці на больш рэдкія і ад таго не менш каштоўныя кніжкі Рыгора Семашкевіча пра беларускі рух у Петраградзе пачатку ХХ стагоддзя, да манаграфіі Сцяпана Александровіча “Пуцявіны роднага слова : Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX — пачатку XX ст.” (яна, дарэчы, больш лёгкая ў адшуканні, чымся Семашкевіч, — за год можна знайсці). Вылезуць тут жа і публікацыі Язэпа Янушкевіча, Віталя Скалабана, Янкі Саламевіча пра асобныя ўнікальныя кніжкі, некаторыя з якіх нават і свету пабачыць не змаглі і захаваліся толькі ў цэнзурным адзіным асобніку. Сабраўшы стосік БССР-аўскіх кніжачак 1920-х гадоў, вы і не заўважыце, як купіце кнігі Вольгі Церашчатавай і Віктара Шматава па гісторыі кніжнай графікі міжваеннай БССР, купіце каталогі той графікі Міхася Баразны і Міколы Нікалаева, а з іх выйдзеце на ўсіх графікаў, а адтуль – на шматтомную гісторыю беларускага мастацтва.

Кніга збіраецца па прынцыпе інтэрнэта: кожны новы лінк выводзіць цябе ў іншую сферу, і ты часам забіраешся ў такія дрындулі, што сам афігеваеш. Што праўда, ідзе гэта ўсё ад таго, што нармальныя (маю на ўвазе “вычарпальныя”, фундаментальныя) працы, каталогі, бібліяграфіі па гісторыі беларускай кнігі ХХ стагоддзя яшчэ не створаныя. Што казаць, нават па Янку Купалу бібліяграфія выходзіла, здаецца, да 100-годдзя, у 1982-м. Ясна, троху пра яго яшчэ напісалі за 32 апошнія гады. На Захадзе такая сітуацыя была б немагчымай: бібліяграфіі па кожным вядомым пісьменніку выходзяць рэгулярна, і пастаянна ўдакладняюцца, выдаюцца новыя. Іначай як быццам і навука не навука. Тое самае ў нас і з кніжкамі: нібыта нешта там выдаваў у Коўне Вацлаў Ластоўскі ў 1920-я гады, але добра калі пазіцый 10 сходу назавеш. А калі сур’ёзна падыходзіць, то мусіць быць асобная кніга пра гэта – з лістамі, фінансавымі выкладкамі, затратамі на выданне, тыражамі, водгукамі на кнігі. Такой манаграфіі няма. І не толькі па ковенскіх друках. У выніку – кніга не можа “сабраць чалавека”, ці то чалавеку, каб сабрацца, трэба пералапаціць гару архіўнай паперы і страціць мора часу. Якое ж тут можа быць бібліяфільства, як тут “палепшыць жыццё”, калі няма асновы, на якой можна стаяць?...

Крыху панудзьгаваць у Чысты чацвер – нармальна. Але не будзем дэпрэсаваць: дойдуць некалі ў гісторыкаў рукі і да нашых букстэрскіх мітрэнгаў. А пакуль будзем корпацца самастойна. “Проці цячэння вады зможа толькі жывое паплыць”, – Томас Эліят добра некалі сказаў.

Папярэднія нататкі чытайце тут.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце