Блог

Нататкі букстэра: прыжыццёўка

Medium?1399027927

"Чытанне – прадукт несупраціўлення бакоў. Калі несупраціўленне пераходзіць у актыўную фазу, яно становіцца чымсьці накшталт захаплення ці любові. Урэшце, ты пачынаеш пампаваць з “Флібусты” ці “Рутрэкера” усё, што аўтар напісаў. Але што такога класнага ў тым, каб сабраць 35 PDF-ак любімага пісьменніка? Па-мойму, гэта першы крок да гумовай жанчыны", – чарговая бібліяфільская нататка Ціхана Чарнякевіча.

 

Сёння я раскажу пра такі букстэрскі панятак, як “прыжыццёўка”. Як правіла, кнігі выходзяць пры жыцці аўтара (хоць бываюць і выключэнні: Сяргей Палуян, напрыклад). Канечне, прыжыццёвую кнігу Андрэя Хадановіча, скажам, знайсці нескладана, бо ён жывы. Але ў той жа час, нават цяпер, адшукаць першую ягоную кнігу, якая выйшла ва Украіне, – сур’ёзная праблема для збіральніка. Што казаць тады пра першую кнігу Уладзіміра Жылкі ці Янкі Купалы! Усё гэта стварае праблемы і перашкоды, якія букстэру належыць ведаць у твар.

Супервокладка Арлена Кашкурэвіча да кнігі аповесцей Быкава 1978 года

Калі пачынаеш збіраць любімага аўтара, найперш трэба скласці спіс прыжыццёўкі, а пасля, калі пайшла ўжо такая п’янка, і ўсіх астатніх выданняў. Дурню ясна, што ўсе прыжыццёвыя кніжачкі Багдановіча знайсці вельмі праблематычна. Але пасляваенныя яго выданні знайсці прасцей, а там, калі займееш палічку Багдановіча, некалі з гонарам паставіш туды які-небудзь “Вянок” выдання Клецкіна, інбелкультаўскі замоцінскі двухтомнік або выдраны з Аліба часопіс “Украинская Жизнь” ці “Русский экскурсант” з публікацыяй Багдановіча. Канечне, гэта не богведама якое дасягненне, тым больш калі начытаешся бібліяфільскіх кніжак з показкамі пра збіральнікаў, каторыя выпарвалі па розных канспіратыўных кватэрах аўтографы Гогаля і Пушкіна ці збіралі дамскія альбомы 1820-х. У нас у Беларусі маштабы іншыя: натрапіць на рэшткі сямейнага архіву, у прынцыпе, можна, але для гэтага трэба ведаць, куды ехаць, з кім размаўляць і мець пратэкцыю, каб цябе не пагналі паганай мятлой ці не здалі ў мянтуру. Сямейныя ж архівы і бібліятэкі, як правіла, даюць дуба праз гадоў 20-30 пасля смерці “фондаўтваральніка”, а наяўнасць дзвюх сусветных войнаў у беларускай гісторыі ХХ стагоддзя зводзіць на нішто і без таго кволую надзею на адшуканне па сем’ях рэдкіх кніжак ці каштоўных рукапісаў. Таму прасцей за ўсё рэгулярна сноўдацца па менскіх кнігарнях і не чакаць падарункаў лёсу ў выглядзе дваццаці невядомых лістоў Максіма Багдановіча, “схаваных у надзейным месцы Вацлавам Ластоўскім”. Трэба глядзець на рэчы рэальна.

Адзіная прыжыццёвая кніжка Алеся Асташонка

Лепшая зброя букстэра – бібліяграфія. Зазірнуўшы ў “Беларускія пісьменнікі”, вы з лёгкасцю даведаецеся, што спіс прыжыццёвых беларускамоўных кніжак Уладзіміра Сымонавіча Караткевіча налічвае 17 пазіцый (двухтомнікі на асобныя пазіцыі не разбіваю). У Міхася Лявонавіча Стральцова – 14. І гэтак далей. Канечне, варта ведаць на памяць і ўсе прыжыццёвыя кніжкі класікаў даваеннай літаратуры. Але, верце майму слову, скажыце дзякуй нябеснаму патрону букстэраў, калі ўбачыце ў продажы хоць адну з назваў. Збіраць (і сабраць, сабраць!) прыжыццёўку Брыля, Быкава ці Адамчыка, на мой погляд, якраз прасцей і цікавей, чым бегаць за неіснуючымі “Загляне сонцамі”. Гэта тое, з чаго можна пачаць і сабраць у выніку нядрэнную бібліятэку. Гэта тое нешматлікае, што можна вынесці з сталічных кнігарняў.

Этапны зборнік Міхася Стральцова 1966 года

І не варта тут бібліяфілу хвалявацца за тое, што збірае ён тыражныя выданні хрушчова-брэжнеўскіх часоў. Хай ён паспрабуе знайсці першы зборнік Алеся Наўроцкага – за ім давядзецца пабегаць прыкладна столькі ж, колькі маскоўскі букстэр бегае за прыжыццёвай Ахматавай. Дзейнічаюць аб’ектыўныя заканамернасці рынка: пакуль што наш кніжны рынак дазваляе няшмат, але і гэтым “няшмат” грэх не скарыстацца. Потым як знойдзеш.

Разварот першага тому Каласоў пад сярпоў тваім 1968 года з ілюстрацыяй Кашкурэвіча

Тым больш што тыя самыя “тыражныя і савецкія” кніжкі выдаваліся на вельмі нядрэннай паперы. Ілюстравалі іх нярэдка найлепшыя майстры ілюстрацыі і кніжнай графікі, якіх цяпер ужо няма сярод жывых, а арыгіналы іх работ дарагія і цяжкадаступныя. Той жа Арлен Кашкурэвіч, Анатоль Волкаў, Валянцін Ціхановіч, Алена Лось, Мікола Селяшчук, Валер Славук будуць радаваць вас самі па сабе, незалежна ад таго, купілі вы гэтую кнігу за дваццаць тысяч ці за дзвесце баксаў. Радасць кніжную прыносіць не рэдкасць купленага выдання, а каштоўнасць самой кнігі – тэкст, асоба аўтара, афармленне. Сукупнасць такіх цікавостак і стварае якасную бібліятэку.

А потым ужо можна заняцца і пошукам усякай нецікавай драбязы, кшталту гадавікоў “Нашай Нівы” часоў рэдактарства Івана сына Дамянікава Луцэвіча.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментары 2
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Зацемка ок, але ёсць пытанне пра гумовую жанчыну. Ціхан, на ваш погляд, ці можна параўнаць збіральніцтва старых кніжак з практыкай некрафіліі? Шчыра кажучы, фраза "дазваляе няшмат, але і гэтым “няшмат” грэх не скарыстацца" пасля сугестыўнай сэксуальнай метафары на самым пачатку тэкста, і тэмы смерці, знітаванай з кожным наступным словам, выклікае гуллівы, эксперыментальны і, калі дазволіце, эратычна-вызваленчы настрой. Дзякуй!

0

Бачыце, мая практыка чытання інтэрнэтаў паказвае, што да практыкі некрафіліі можна прыраўнаць практычна ўсё, што заўгодна, але часцей тое, што хочацца паказаць зніжана: для мяне бібліяфільства - не хохма, а штодзённы занятак. Я ж і пра Багдановіча пішу, дык што ж, таксама за гэта ў некрафілы залічваць? Спрабую пісаць разняволена, каб самому не было нудна "падчас", то і карнавалю крыху, але гуллівым настроем не пераймаюся, была б хаця нейкая настраёвасць у тэксце, а для калонкі яна, бадай, неабходная

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце