Блог

Нататкі букстэра: рэканструкцыя

Medium?1397134487

Усе мы некалі (добра, не ўсе) падклейвалі школьныя падручнікі. Чамусьці лічылася натуральным атрымаць разваленую кніжку і потым сядзець і выразаць доўгія шырокія палосы з школьных сшыткаў, намазваць іх сілікатным клеем і, папрасіўшы маму патрымаць разам форзац і блоку, прышпандольваць іх. Цяпер дзеці асфальту ўсё больш карыстаюцца скотчам. Але для ўласнай бібліятэкі ні першы, ні другі метад не падыходзяць. Ціхан Чарнякевіч у новай нататцы пра тое, як прывесці патрапаную кнігу ў боскі выгляд.

 

Пачнем з таго, што існуе цэлая школа букстэраў, каторая лічыць немэтазгодным якое-кольвек дакрананне да старой кнігі. Забруджаная вокладка, іржавыя скабы, рассыпанне старонак – усё гэта натуральна для буканікі, і таму чапаць гэты шарман ні ў якім разе нельга, бо тады знікне ўвесь цёплы лямпавы гук.

Ёсць і адваротны падыход. Ён прадугледжвае поўную рэканструкцыю, амаль да ўзорнага выгляду, каб кожная кніжка “молодцом смотрела”. 

Я дык схіляюся да нейкай залатой сярэдзіны. Кніжку-галадранца, асабліва каштоўную, можна і трэба прыводзіць у боскі выгляд, але рабіць з яе лорда Клянчарлі – няварта. Раскажу пра некалькі найбольш вядомых закавыкаў з буканікай, і як я з гэтымі нядолямі змагаўся.

1. Надрывы, разрывы, вырывы.

Тут ні ў якім разе нельга браць у рукі нажніцы ці лязо: нават калі вы самыя крутыя рэзчыкі па хлебу і кілбасах, з кнігай будзе пракол. Яна складаецца з сотняў паасобных старонак, кожная з якіх можа сагнуцца па-свойму. Каб прывесці кнігу ў больш-менш раўнамерны стан, патрэбны добры прэс. Я раіў бы звяртацца з абрэзкай да спецыялістаў, у старых друкарнях былі для гэтага адпаведныя апараты. Клалі кнігу, вымяралі вобласць абрэзкі – чык! Нават на міліметр можна было абрэзаць, і вельмі роўна. Рабіць гэта трэба ў самым пачатку “хваробы”, таму што растрапаныя краёчкі будуць трапацца і далей, расколіны ў паперы папаўзуць, і ў выніку займееце разадраныя старонкі. Калі менавіта такая кніга трапіла вам у рукі, трэба ўжо даставаць папяросную паперу, тоненькую, празрыстую, і клей-алоўкам замацоўваць яе на парваным аркушы. Так вы зможаце і чытаць тэкст, і мець трывалую старонку. Найгоршы варыянт, канечне, калі фрагмент старонкі або вокладкі выдраны і незваротна страчаны. Тут трэба глядзець па сітуацыі. Вядома, калі ў вас адсутнічае паўкнігі, рабіць рэканструкцыю няма сэнсу. Цешцеся і цалуйцеся з такім цудоўным асобнікам. Калі кніга нестарая, прынамсі паваенная, – пашукайце лепш у кнігарні прыстойны варыянт (як правіла, на камісію бяруць толькі кнігі ў добрым стане). З антыкварыятам давядзецца пакалупацца, хоць усё роўна будзе заўважна вашая рэстаўратарская рука. З выдранай вокладкай можна даць рады так: трэба схадзіць у НББ і адсканаваць там арыгінальны варыянт (не ксерыць!). Потым падабраць адпаведную паперу і раздрукаваць (у колеры). Кнігу пераплесці, а вокладку наклеіць на пераплёт. Ёсць і больш працаёмкія падыходы, прыкладам, стварэнне муляжу арыгінальнай вокладкі. Але гэта не заўсёды выглядае прывабна.

Калі страта невялікая, можна падабраць адпаведны фрагмент з падобнай паперы і прыклеіць яго папяроснай. Няблага было б мець стосік старой аўтэнтычнай чыстай паперы (яе можна нарэзаць з апошніх старонак лажовых рускіх кніг таго часу – яны часта прадаюцца за капейкі).

2. Іржавыя дні, і ночы нібы з жалеза.

Кніжны блок у старыну змацоўваўся скабамі. Яны рабіліся з жалеза. Жалеза мае моду іржавець. Сілагізм гэты сканчваецца карычневымі плямамі ад першай да другой вокладкі. Што рабіць? Па-першае, не шкадуючы вымаць іржавыя скабы. Магчыма, для гэтага трэба будзе раздраконіць усю кнігу, але як рабіць добра і акуратна, то потым і следу не застанецца. Такім чынам, прыбіраем крыніцу забруджвання, потым асцярожна, памазком якім вымятаем іржавую пацяруху, а тады мокрай ватай вымываем, наколькі гэта магчыма, пляміны. Потым ставім новыя скабы і змацоўваем блок. Увогуле ўсю гэтую працэдуру лепш каб рабіў прафесіянал. У мяне ёсць такі добры знаёмы.

3. Хутка знікаюць крывавыя пляміны.

Большасць плямаў, нават вельмі страшных з выглёнду, змываецца з кніжак звычайнай вадой. У цяжэйшых выпадках падыдзе і гарэліца. Вата, намачыць, працерці, выкінуць, зноў вата і так далей, пакуль не давядзеш да кандыцыі. Ёсць забруджванні, якія можна сцерці ластыкам. Зноў жа хачу вынесці папярэджанне: рабіць гэта трэба вельмі асцярожна і акуратна, канцэнтруючыся на пляміне і сочачы, каб не трапіць на “здаровы” край. Ластык можа лёгка разадраць усю старонку, калі вы няўклюдна паставіцеся да працы. Празмерная колькасць вады пакіне пляміны яшчэ горшыя за арыгінальныя.

4. Карэньчыкі.

Гэтыя цудоўныя стварэньчыкі – таксама хісткія і падуладныя чужым ворагам. Апошнія часта любяць напісаць маркерам на карэньчыку назву кнігі, каб лёгка было яе знайсці на двух сваіх паліцах. З гэтым, як правіла, ужо нічога не зробіш. Вельмі часта бывае, што праз раскатурханы блок і іржавыя скабы верхняя і ніжняя частка карэньчыка пачынае боўтацца, і ўрэшце адрываецца. Тут трэба рабіць так: падбіраць адпаведную паперу і клеем-алоўкам змацоўваць распухначаныя верх і ніз кнігі. Калі своечасова гэтага не зрабіць, блок рассыплецца.

5. Камячкі.

Калі вы раптам знайшлі ў сметніцы скамечаны чарнавы варыянт машынапісу калонкі Альгерда Бахарэвіча для кампаніі “Будзьма беларусамі”, не выкідайце гэты каштоўны гісторыка-літаратурны дакумент! Яго можна размачыць у вадзе, кінуць на роўную шкляную паверхню і пачакаць пакуль высахне. У выніку атрымаеце роўны акуратны аркуш. Той самы падыход можна прымяняць і да скамечаных аркушаў старых газет, праграмак, афішак і г.д.

6. Перакосы-маракосы.

Гэта здараецца з не вельмі трывалымі кніжнымі блокамі. Гаспадар чытаў кнігу і размашыста разгладжваў кожны новы разварот. Каб выправіць кніжны скаліёз, ёсць адзін занудны, але дзейсны метад: трэба павярнуць кнігу дагары нагамі, адгарнуць кніжку на апошняй старонцы і так прагладзіць назад кожны разварот аж да тытульнай старонкі. Дзякуючы такому люстэркаваму падыходу блок вернецца ў статус-кво.

 

Рэканструкцыя кнігі – занятак медытатыўны і псіхатэрапеўтычны. Вы пачынаеце клапаціцца пра кніжку, думаць пра кожную плямку, трэшчынку, надрыў, і як з гэтым даць рады, і ў выніку крыху збочваеце са сваіх шматкаштоўных разважанняў і любімых мітрэнгаў, пераносіце пункт гледжання з пераносіцы на іншы аб’ект. Кніжка – гэта як хамяк, толькі лепш. Бо ў вас дома цэлы заапарк.

Пачатак рубрыкі чытайце тут.

Малюнак з сайта hobbywork.ru

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце