Блог

Нататкі букстэра: штампы, пазнакі і кніжныя знакі

Medium?1398372544

Кніжкі бываюць чыстыя і не. У букіністычных кнігарнях на паліцах зазвычай стаяць кнігі “чыстыя”. То бок у іх адсутнічаюць якія-кольвек штампы. Прымаць на камісію кнігі са штампамі таваразнаўцы не любяць. Але для антыкварных выданняў робяць выключэнне. Ціхан Чарнякевіч працягвае штотыднёвыя нататкі бібліяфіла.

 

Букіністычная кніжка, у разуменні старых бібліяфільскіх выданняў, апрыёры не можа мець ніякіх штампаў. Сур’ёзныя збіральнікі раней нават і не глянулі б у бок забруджанай пячаткамі кнігі, а тым больш не сталі б яе купляць. У наш час усё ўскладняецца. Мала таго, што даваеннае беларускае выданне без штампаў знайсці складана, дык яшчэ і пасляваенныя рэдкія кнігі часцяком абштампоўвалі самі збіральнікі. Але тут пячатка пячатцы не таварыш. Ёсць штампы вельмі каштоўныя самі па сабе (незалежна ад кніжкі). 

Увогуле кніжныя пазнакі можна падзяліць на некалькі груп:

1. Экслібрыс.

2. Рукапісны ўладальніцкі запіс бібліяфіла.

3. Штамп бібліяфіла.

4. Штамп і каталогавы запіс бібліятэкі.

Пачнем з канца.

Зразумела, што калі вы знайшлі ў сябе дома кніжку са штампам раённай бібліятэкі, то шчасце гэта невялікае. Пазмагайцеся з клептаманскай жарсцю і здайце яе абезнайдзеенаму бібліятэкару. Каштоўнасць штампу надае надпіс на ім. Раённая бібліятэка ніякай дадатнасці вашаму кнігазбору не зробіць – хутчэй наадварот. Але калі кніга праштампавана гадоў 80 таму бібліятэкарам знакамітага Белпедтэхнікума, то гэта зусім іншы каленкор. 

Тое самае можна сказаць і пра кнігу з бібліятэкі Цэнтральнага Беларускага Клюбу ў Маскве, куды ў 1920-я гады завітвалі Дубоўка, Кундзіш і Бярозка, альбо Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні 

Паказваю тут толькі штампы з уласнага кнігазбору, аднак бачыў на свае вочы і штампы Віленскай беларускай гімназіі, Народнага Камісарыяту Асьветы і іншыя цікавыя штукі. Вядома, усе старыя кнігі не перагартаеш, але ў ідэале, калі ёсць час і нахабства, папрасіце прадавачку дапусціць вас да паліцаў. А можа, у нейкай замухрыжнай кнізе знойдзеце цікавы штамп?

Штамп бібліяфіла – таксама з’ява. Бывае, што гэта міні-экслібрыс, і ў такім разе штамп становіцца творам мастацтва. Штампы вядомых збіральнікаў нагадваюць пра славутыя бібліятэкі, растрыбушаныя няўдзячнымі нашчадкамі. Усведамленне гэтай сумнай завядзёнкі пазітыўна разбаўляе той факт, што кніга-такі дасталася табе, і ты ў нейкім сэнсе спрычыніўся да захавання спадчыны збіральніка, увасобіўшы ў сваіх чатырох нехлямяжых шафах пераемнасць бібліяфільскіх традыцый. Люд паспаліты звычайна імянныя пячаткі для сваіх кніжок не замаўляе, таму, убачыўшы імя на штампе, ведайце: аўтар сапраўды надаваў свайму кнігазбору вялікае значэнне (ну, і сабе любімаму таксама). Канечне, некаторыя прозвішчы на пячатках цяжка разгадаць, аднак усё ж такі гэта не бібліятэчная бздура. Запішыце невядомае прозвішча – можа, некалі сустрэнеце нашчадка ці самога кнігара.

А бывае, што на пячатцы мільгане вядомае імя пісьменніка, ці яшчэ якога дзеяча.

Пячатка архівіста, апантанага збіральніка з нешчаслівым лёсам Міколы Панькова.

Штамп паэта і выдаўца Янкі Золака

Кніга са штампам бібліяфіла Міхася Казлоўскага.

Бачыў я штампы Адама Станкевіча, Адольфа Клімовіча. Як вельмі каштоўныя, захоўваюцца ў бібліятэках і на руках кнігі са збораў Кастуся Езавітава, Вацлава Ластоўскага. Аналізу гэтых штампаў прысвячаюцца адмысловыя навуковыя даследаванні, таму букстэру няблага было б прагугліць іх, каб не прахлопаць вушамі каштоўны экзэмпляр. Ну, і наогул варта крыху арыентавацца ў прозвішчах. Гэта неадменна прынясе 100500 плюсікаў у карму вашай прыватнай кніжнай калекцыі.

Уладальніцкі запіс кніжніка дасць вам неацэнны матэрыяльны скарб – аўтограф. Тут вы можаце быць упэўненыя, што кніга была для ўладальніка каштоўнай, яна шмат што можа сказаць пра зацікаўленні кніжніка, і калі гэта ваш уласны аўтограф на кнізе М. Верціхоўскай “Беларуская літаратура. Кароткі змест”, то я вас віншую – у вас рэальна тонкі густ і разнастайнасць думак.

У мяне дома ёсць пару цікавых уладальніцкіх запісаў.

Напрыклад, “Поэтыка літаратурных жанраў” Барычэўскага з бібліятэкі Антона Адамовіча

Альбо зборнік вершаў Змітрака Бядулі (ён жа Плаўнік, ён жа Ясакар) з запісам удзельніка беларускага руху ў Пецярбурзе архівіста-інбелкультаўца Міхася Мялешкі. 

Вяршыня любові да сваёй бібліятэкі – экслібрыс (не блытаць з суперэкслібрысам – крыптанімам уладальніка на пераплёце!). Да яго я яшчэ не раз буду вяртацца, у сувязі з мастакамі-графікамі, але тут таксама варта пару слоў сказаць. Як правіла, экслібрыс альбо замаўляўся бібліяфілам у мастака, альбо мастак сам праяўляў ініцыятыву і рабіў кніжны знак. У экслібрысе мастак адлюстроўваў сваё разуменне функцыі кнігі для пэўнага чалавека (альбо арганізацыі). Здаралася, што экслібрысам станавіўся герб кніжніка альбо нават ягоны партрэт. Зазвычай экслібрыс адціскаўся пэўным тыражом, і станавіўся сапраўдным мастацкім артэфактам. Цяпер можна сустрэць і проста раздрукаваныя на звычайнай паперы экслібрысы, прыклееныя да форзацаў ці тытульных старонак. Арыгінальнасць выявы гэта не змяншае, але зніжае каштоўнасць экслібрыса. Бо ён мінуў станок.

Вось невялікі і дастаткова просты экслібрыс бібліятэкі Кіпеляў:

А вось такую, больш разгорнутую выяву знайшоў я раз на кнізе Вольгі Церашчатавай “Беларуская кніжная графіка, 1917-1941”.

Абодва экслібрысы былі папяровыя, клееныя, аднак у другім маецца і подпіс мастака. Праўда, невядомага мне.

Экслібрысы – гэта твор мастацтва. У Беларусі ёсць людзі, якія збіраюць іх адмыслова, і трэба сказаць, што занятак такі – файная рэч. Тут у ХХ стагоддзі было шмат сапраўды класных майстроў жанру.

Вось як выгравіраваў невядомы мне мастак пісьменніка Алеся Гаўрона:

А вось такую штуку для кнігазбору Таццяны Раўхвергер зрабіў выдатны экслібрысіст і збіральнік кніжных знакаў Яўген Ціхановіч. У арыгінале гэтая работа – 18 Х 24 см.

Такім чынам, заносячы сваё лязо над пячаткай ці надпісам на кнізе – схамяніцеся! Магчыма, вы выразаеце зараз культурны факт, які існуе ў адным-адзінюткім экзэмпляры! 

Ды і наогул – дзірка ж застанецца.

Усе нататкі букстэра чытайце тут.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Шыкоўны матэрыял, дае надзею адшукаць уладальніка аднаго з "Вянкоў" М.Багдановіча. Кніга зараз захоўваецца ў музеі М.Багдановіча. На ёй штамп лацінкай: "№ 177. З бібл. Савіцкага". Можа, хто ведае, хто такі Савіцкі

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце