Блог

Нататкі букстэра: што збіраць?

Medium?1396522256

"Пытанне, вынесенае ў загаловак, крыху рытарычнае. Можна збіраць бутэлькі, можна арыгіналы Хаіма Суціна: і тое, і другое прыносіць калекцыянеру асалоду. Што да старой беларусікі і старой кніжкі наогул (пра якія я ў асноўным пішу), то тут варыянтаў не так шмат". Новая нататка Ціхана Чарнякевіча.

 

Нацыянальна арыентаваны калекцыянер апрыёры вымушаны дзейнічаць адразу ў некалькіх сферах. Прынамсі, я не сустракаў такіх “дыстыляваных” дзеячаў, якія б збіралі толькі беларускія паштоўкі, скажам. То бок, багата народу купляе старыя паштоўкі, аднак у гэтую арбіту ўваходзіць беларусіка толькі па праве часткі: цэлае ўсё роўна будзе шматбаковым. І гэта не таму, што беларускіх паштовак мала і сабраць іх можна на раз плюнуць. Папросту дыстыляванага нацыянальнага калекцыянера ў нас пакуль што не існуе, бо й сам нацыянальны праект недафармаваўся. Да таго ж рынак беларускага антыкварыяту складзены такім чынам, што пэўныя штукі можна шукаць гадоў трыццаць, і ўсё роўна застанешся з носам. З гэтай прычыны ў ардынарнай калекцыі, як правіла, прысутнічаюць рускія, польскія, украінскія, часам летувіска-латышскія рэчы. Калекцыянер ніколі не праходзіць міма таго добрага, што нядорага ляжыць. А сустрэць у нашых крамах і развалах можна рознае.

Калі гаварыць пра рэдкую букіністычную кнігу, то асноўная частка яе ва ўсіх кнігарнях – руская літаратура. Збольшага гэта дарэвалюцыйныя зборы твораў рускай класікі выдавецтва Маркса, Суворына, Вольфа, Анціка і інш. (прыкладная цана за адзін том: $8-35). Такое сабе ашмецце мінулага: у час выдання кніжкі гэта была капеечная літаратура, рэалізоўвалі іх пераважна сярод незаможнай публікі: сялян, местачкоўцаў. Шмат што выходзіла бясплатнымі дадаткамі да часопісаў – той жа “Нивы”, напрыклад. Гэта час 1890-х – 1910-х гадоў, калі ў Расіі адкрыліся магчымасці масавага выдання кніг і з’явіліся кніжныя капіталісты. Ці варта збіраць такія выданні? Я б не стаў. Не ведаю, які ў гэтым цымус. Хаця для настаўнікаў-русістаў, можа, і ёсць нейкі кайф разгарнуць тамок Талстога ці Ляскова з “яцямі” і “ерамі”. Але сапраўднымі рэдкасцямі для калекцыянераў русістыкі ХІХ стагоддя з’яўляюцца, канечне, выданні да 1880-х гадоў. Калі Дастаеўскі, то прыжыццёвы і г.д. Звычайна кнігі гэтыя абыходзіліся пакупнікам дорага, таму іх з любоўю перапляталі ў скуру, маракен, гравіравалі золатам, рабілі арыгінальныя форзацы і накладкі на пераплёт. Зразумела, што сёння такія кнігі таксама ў цане, і ідуць недзе па 40-100$ за том. Увесь камплект тамоў, зразумела, будзе каштаваць больш, чым тамы паасобку. Лічбы, можа, крыху страшнаватыя, але я называю прыкладную цану: часам можна сустрэць вельмі рэдкія выданні, выстаўленыя за капейкі. Менавіта таму, зрэшты, па букіністах і шляюцца пэўнай пароды кніжнікі: каб першым убачыць танную добрую рэч, а неўзабаве перапрадаць яе ў тры-чатыры разы даражэй... Але не будзем пра сумнае.

Сярэдняя цана антыкварнай беларускай кніжкі цяпер $20-80 за асобнік. Бываюць і менш прыемныя кошты, асабліва калі гаворка ідзе пра выданне сапраўды класнага паэта ці празаіка. Антыкварная беларусіка ХХ стагоддзя падзяляецца на некалькі сфераў:

1. Выданні суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца” і “ІП” Антона Грыневіча (Пецярбург)

2. Выданні Марціна Кухты і іншыя віленскія друкі (да пачатку І сусветнай вайны).

3. Заходнебеларускія выданні 1921-1939 гадоў (пераважна віленскія, але сюды таксама ўваходзяць і рэлігійныя выданні з Лодзі, латышскія кнігі і часопісы).

4. Кнігі і перыёдыка міжваеннай БССР 1919-1941 гг.

5. Выданні, здзейсненыя ў час нямецкай акупацыі (кнігі, перыёдыка Менска, Прагі, Вільні і інш.)

6. Беларускія друкі, выдадзеныя ў Расіі ў час вайны.

7. Эміграцыйныя пасляваенныя выданні (кнігі і часопісы часоў лагероў DP (ад “displaced person” – “перамешчаныя асобы”), выданні Амерыкі, Аўстраліі, Велікабрытаніі і інш.).

Да антыкварных беларускіх выданняў прымыкаюць і паваенныя кнігі з даравальнымі надпісамі, малатыражныя выданні, каталогі мастацкіх выставаў, самвыдат. 

Спісы выдадзеных кніг існуюць у даведніку “Кніга Беларусі”, можна іх каталагізаваць і праз сайты ЦНБ НАН Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі, дзе створаныя ўсе ўмовы для пошуку і пададзеныя падрабязныя апісанні бібліятэчных збораў. Нядрэнна было б мець пад рукой і шасцітомны біябібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменнікі”, які ўтрымлівае шмат карыснай інфармацыі не толькі для філолага, але і для кніжніка. Замежная беларусіка адлюстраваная ў даведніку Вітаўта і Зоры Кіпеляў Belarusian publishing in the west”. 

Такія класіфікацыі, якія я зрабіў для старой беларусікі, можна скласці сабе і ў сферы сімвалісцкай літаратуры, ці то літаратуразнаўчай, ці лінгвістычнай. У нас ёсць калекцыянеры, якія збіраюць беларускія слоўнікі альбо кнігі з аўтографамі. Важна разумець, што гэта не бзік: твая выбраная тэма не адмяняе астатняй бібліятэкі, але закладае ейнае ядро, якое ў выніку і стане “разынінай”, унікальнай і неабходнай. Таму што булка без разынкі – гэта, як вядома, грошы на вецер.

Пачатак рубрыкі чытайце тут.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце