Навіны

Навуковец пазнаў Шэкспіра па дрэнным почырку

Medium?1376565987

Прафесар Тэхаскага ўніверсітэта Дуглас Брустэр (Douglas Bruster) паведаміў пра новыя доказы таго, што Ўільям Шэкспір меў дачыненне да позняй рэдакцыі “Гішпанскай трагедыі” Томаса Кіда, піша The New York Times. Вырашальным аргументам для даследчыка сталіся почырк і аўтарская арфаграфія драматурга.

 
 


“Гішпанская трагедыя”, напісаная ў сярэдзіне 1580-х, упершыню была выдадзеная ў 1592 годзе. За дзесяць гадоў твор, які паклаў пачатак жанру “трагедыі помсты”, некалькі разоў перавыдаваўся, а ў 1602 выйшаў у пашыраным выглядзе — да тэксту дадаліся пяць фрагментаў агульнай колькасцю ў 325 радкоў. Існуе гіпотэза, што аўтарам дапаўненняў мог быць Шэкспір.

У 2012 годзе аўтарытэтны англійскі шэкспіравед Браян Вікерс (Brian Vickers) выкарыстаў кампутарную праграму, якая распазнае лексіку і фразеалогію, для параўнання гэтых 325 радкоў з шэкспіраўскім канонам. Ён прыйшоў да высновы, што з вялікай доляй верагоднасці драматург удзельнічаў у напісанні дапаўненняў да “Гішпанскай трагедыі”. Брустэр, адштурхваючыся ад пошукаў Вікерса, зрабіў такія ж высновы, але ўжо грунтуючыся на спецыфіцы почырку Шэкспіра.

Узораў почырку Шэкспіра не захавалася, за выключэннем трох рукапісных старонак (захоўваюцца ў Брытанскай бібліятэцы), якія пераканаўча прыпісваюць драматургу. Яны з'яўляюцца часткай п'есы, прысвечанай жыццю Томаса Мора, знакамітага ангельскага гуманіста і лорда-канцлера Генрыха VIII. На гэтых старонках бачныя некаторыя асаблівасці почырку аўтара, праз якія наборшчыкі маглі няправільна трактаваць напісанае і рабіць памылкі.

Паколькі рукапіснага тэксту дапаўненняў да “Гішпанскай трагедыі” не захавалася, Брустэр параўнаў надрукаваны варыянт п'есы з трыма рукапіснымі старонкамі “Томаса Мора” і знайшоў паміж імі адпаведнасці. Даследчык вызначыў 24 варыянты скарочанага напісання слоў, якія часта сустракаюцца і якія, верагодна, маглі ўвесці наборшчыкаў у зман. У прыватнасці, аўтар рукапісу скарачаў падваенне зычных, прыбіраў апошнюю літару “e” ў многіх словах ці мяняў канчатак мінулага часу -ed на -t.

У пацверджанне сваіх слоў даследчык паказвае, як маглі б выглядаць некаторыя радкі з дапаўненняў да “Гішпанскай трагедыі”, калі б меркаваны почырк Шэкспіра быў зразуметы правільна. Напрыклад, у адным фрагменце словазлучэнне “I, or yet”, паводле словаў Брустэра, можа апынуцца скарочаным імем Ieronimo (Ier), і тады маналог аднаго з персанажаў, які здаваўся бессэнсоўным, робіцца зразумелым. “Тое, што мы лічылі блага напісанымі радкамі, насамрэч аказалася дрэнным почыркам Шэкспіра”, — заявіў Брустэр.

Некалькі шэкспіраведаў, у тым ліку рэдактар і навуковец з Універсітэта Невады Эрык Расмусэн, падтрымалі гіпотэзу Брустэра. Паводле дадзеных выдання, Расмусэн нават плануе ўключыць “Гішпанскую трагедыю” ў зборнік п'ес Шэкспіра, які выпусціць тэатральная кампанія Royal Shakespeare Company ў лістападзе 2013 года. У той жа час іншыя навукоўцы, напрыклад, оксфардскі прафесар Тыфані Стэрн, рэдактар-кансультант знакамітай выдавецкай серыі Arden Shakespeare, сумняюцца ў высновах Брустэра.

Ідэю аб тым, што дадатковыя радкі да твора Томаса Кіда напісаў менавіта Шэкспір, упершыню выказаў англійскі паэт Сэмюэл Тэйлар Колрыдж ў 1833 годзе. Ён паказваў на тое, што драматургі елізавецінскай эпохі, у тым ліку Шэкспір, часта засноўвалі свае п'есы на творах іншых аўтараў, пашыраючы і дапрацоўваючы іх сюжэт, або выступалі суаўтарамі аднаго і таго ж твора. Таксама існуе версія, што дадатковыя радкі да “Гішпанскай трагедыі” напісаў драматург Бэн Джонсан на замову антрэпрэнёра Філіпа Хенслаў. Асноўным аргументам супраць аўтарства Шэкспіра да гэтага часу была думка пра тое, што гэтыя 325 радкоў напісаныя занадта кепска.

Паводле prajdzisvet.org

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце