Блог

Олд-фэшн: сістэма адліку Бахарэвіча

Medium?1420540542

У новай рубрыцы "Олд-фэшн" Аляксей Стрэльнікаў будзе дзяліцца эмоцыямі ад кніг "па-за актуальным літпрацэсам", спрабуючы, услед за Бахарэвічам, зірнуць на іх сучасным сталым вокам.

 

У нядаўнія крызісныя тыдні я вырашыў інвеставаць грошы ў нешта надзейнае. Зайшоў у кнігарню "логвінаЎ" і набыў кнігі. Адну з іх "Гамбургскі рахунак Бахарэвіча" я прыдбаў, бо ведаў, што пасля яе захачу прачытаць яшчэ які тузін кніжак. Такім чынам інвестую ў сваю адукацыю. 

Можна колькі заўгодна не любіць чарты, усемажлівыя топ-10 пісьменнікаў, але мусяць быць нейкія схемы і сістэмы адліку – прынамсі каб распазнаць "сваё". Іншая справа, што цяпер у нашыя слаўныя безыдэйныя часы сістэмаў адліку безліч. І вось тут самому прасцей згубіцца, чым знайсціся. Даверу няма ні Нобелеўскаму камітэту, ні букерам, ні гедройцам. Адзіная канстанта – школьны ды ўніверскі "спіс літаратуры". Ну ў нас на журфаку ён быў, мабыць, не самы поўны – здаецца, "усяго" 90 аўтараў. Але ж, што ў школе, што ва ўніверы, хіба той спіс спрыяе распазнаванню нечага апроч сваёй уласнай недасканаласці... 

У мяне асабіста ад універскага курсу белліту расчараванняў было больш, чым адкрыццяў. Таму і кніжку Бахарэвіча я купляў з задняй думкай, чаго б яшчэ такога знайсці пачытаць, на што зірнуць іншымі вачыма. І не памыліўся, бо гэтая кніжка якраз для мяне!.. Школьныя і ўніверскія семінары па літаратуры, мне так пашанцавала, меліся абудзіць нейкую прагу да крытычнага светаўспрымання, але траплялі на той узрост, калі свядомасць імкліва імкнецца пабудаваць нейкія трывалыя светапоглядныя сістэмы. І ў выніку мозг чапляецца за іерархію паэтаў Купала-Колас-Багдановіч ці фармулёўкі кшталту "Дунін-Марцінкевіч - пачынальнік беларускай драматургіі, а Кандрат Крапіва яе заснавальнік", ці за той ланцужок "першых драматургаў краіны": Крапіва - Макаёнак - ДудараўДарэчы, пра драматургаў... І вось цяпер хто наступны? Цяпер я, пасталелы і абазнаны, ніякай іерархіі зрабіць не змагу. Здаецца, і Дудараў свой пост яшчэ не здаў, але і Курэйчык з Пражко яшчэ не вызначыліся, хто круцейшы, а тут яшчэ Дзіма Багаслаўскі з Мікалаем Рудкоўскім... І ёсць яшчэ з тузін файных аўтараў-драматургаў... І раптам разумееш, што і ў часы Крапівы з Макаёнкам мелася быць тое самае. А мы (прынамсі са школьнага і таго ж універскага курсу літ-ры) нічога пра іх не ведаем. Ні пра Матукоўскага, ні пра Дзялендзіка. Дык, напэўна, і з астатняй літаратурай гэтак жа. Адзінай самай надзейнай крыніцай інфармацыі пра кніжкі з'яўляюцца сябры і добрыя знаёмыя, якія "чытаюць".

Мая школьная беларусіца маўчала пра Купалу больш зняважліва, чым Бахарэвіч прамовіў.

Вось мяне, тэатральнага крытыка, увесь час дзяўбуць пытаннямі: "Куды схадзіць? Што паглядзець?" І правільна! І мне самому патрэбны нехта, хто б параіў, што пачытаць... І такія сябры не будуць штампаваць мозг хвармуляроўкамі кшталту "спалучэнне эпічных і лірыка-псіхалагічных элементаў", а скажа: "Там пра праўду, якую ня надта хочацца гаварыць у спадзеве на тое, што ўсё забудзецца, у страху, што не зразумеюць..." Ці не лепш замест панегірыка кшталту: "Мастацкая канва твораў паэта, якая трымаецца на ўмоўна-асацыятыўнай вобразнасці, моцна заземленая, урэчаісненая і служыць выяўленню канкрэтна-гістарычнай праблематыкі" пачуць, што паэта вызначаўся "любоўю і чуласцю да гукавога ладу, той глінянай таблічкі мовы, на якой захоўваюцца закляцьці, праклёны, клятвы і іншы фанэтычны клінапіс". У нас не прынята гаварыць пра мастацтва і літаратуру на чалавечай звычайнай мове. Не схаванай, не сакралізаванай навуковымі тэрмінамі. І гэтай свойскай інтанацыяй праект Альгерда Бахарэвіча мне вельмі імпануе. Згаджацца ці не – мая справа. Спрэчкі пра літаратуру, мне падабаюцца больш за спрэчкі пра гісторыю. Дарма пра густы не спрачаюцца, лепш ужо спрачацца пра іх, чым пра праўду, веру ці любоў.

Я нават не стаў корпацца глыбока ў гісторыі гэтага праекту, да мяне толькі дайшлі роскаты скандалу пра Каяна Лупаку. І я нават быў расчараваны тым, што па сутнасці нічога асабліва новага не прачытаў. Мая школьная беларусіца маўчала пра Купалу больш зняважліва, чым Бахарэвіч прамовіў.

Я, дарэчы, адзіны свой літаратурна-крытычны твор прысвяціў п'есе "Нямы паэт", у якім драматург Рыгор Цісецкі апісваў літаратараў, якія вырашылі паглядзець, што ж у Купалы ўнутры, і ўзрэзалі яму жывот. Бахарэвіч, імхо, так далёка не зайшоў. Хаця я магу зразумець тых, каму, як сярпом па яйцах, яго вострае слова: і пра так шмат публікі, што няма куды ўпасці банану, і пра "Транс цэпеліна", і шмат чаго яшчэ. Але свойская чалавечая мова мае такі зваротны момант засваення – адначасова ў кагосьці адбываецца адчужэнне. Умець так засвойваць, каб тваё чужое іншыя прызналі чужым сваім – цяжка. Мабыць, таму мне Бахарэвіч чытаўся лёгка, бо з усяго набору яго хрэстаматыі я вельмі мала магу лічыць сапраўды сваім. Гарэцкага? "Хто смяецца апошнім"? "Трыбунал"? Іх аддаць Бахарэвічу мне было чамусьці лёгка... Напэўна таму, што галоўнай мэтай было ўсё ж узяць. Я вырашыў першы раз прачытаць усё агулам, і ўжо потым карыстацца кніжкай як даведнікам.

Напэўна, у размяшчэнні эсэ ёсць нейкая логіка, прынамсі ў наступных часта чытаеш алюзіі з папярэдніх артыкулаў. Але той факт, што ніякага "топа" ў Бахарэвіча няма, прымусіў напружыцца і паспрабаваць скласці ўласны "топ". Ён, вядома, умоўны, але менавіта ім я буду карыстацца ў бліжэйшы час, каб чытаць і адкрываць сабе нешта наноў. Перш за ўсё мяне зацікавіла "трылогія вепрука" Стральцова, Адамчыка і Адамовіча. Гэта што тычыцца прозы. А вось з паэзіяй мне заўсёды цяжка, але і тут Бахарэвіч дае колькі парадаў. Захацелася прачытаць пра "першага нашага нобелеўскага лаўрэата" Жылку. А таксама Дубоўку з яго кругамі. Калі ўжо пра тыя часы загаварылі, то з класікаў проста неабходна асвяжыць уражанні пра "Вянок" Максіма Багдановіча (але абавязкова па факсімільным выданні) і "Новую зямлю" Якуба Коласа (раней не мог трываць з-за шэрагаў гэтыў дзеяслоўных рыфмаў, але, спадзяюся, Бахарэвіч тут даў мне ключ да пакоры). А з больш позніх — народных паэтаў Максіма Танка і Аркадзя Куляшова. Такі атрымаўся спіс для хатняга чытання. Цікава, што эсэ Бахарэвіча не натхнілі перачытаць ні Мележа, ні Караткевіча, ні Быкава (калі ўсведамляць нейкі ўмоўны рэйтынг нашай літаратуры, яны мусілі б яго ўзначальваць). І мне мроіцца тут амбітнасць сучасных беларускіх аўтараў заняць нібыта вакантнае царскае месца... Я толькі за. Атрымлівайце свае Нобелеўкі, Букеры, Гедройцы. Даказвайце. А мы пачытаем.

Фота з euroradio.fm

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце