Блог

Олд-фэшн: Нядобры раман

Medium?1421670404

Часам аўтар парушае ўсе магчымыя законы жанру, а кніга атрымліваецца цудоўнай. Аляксей Стрэльнікаў пра раман Джона Апдайка “Давай пажэнімся”.

 

Раман, пэўна, занадта шырокае азначэнне… Крымінальны, жаночы, прыгодніцкі, фантастычны – нюансы вызначэння жанраў хочацца пакінуць тэорыі літаратуры. А прыклад Апдайка дае падставу пагаварыць пра канкрэтныя ўзоры.

Я нічога не чытаў Апдайка з юнацтва, калі “Кентаўр” выклікаў у мяне цэлую навальніцу эмоцый. Мне было вельмі сорамна чытаць тую кніжку, настолькі перажыванні героя перагукаліся з маімі ўласнымі. Чытачом я аказаўся няўдзячным і хутка прамяняў Апдайка на іншых аўтараў кшталту Сэлінджэра і Даўлатава. І вось нядаўна падчас вандроўкі ў Парыж на другім паверсе Shakespear&Co, дзе ёсць невялічкая чытальная зала, мне літаральна скокнула ў руку кніжка Апдайка “Успаміны адміністрацыі Форда”, я з лёгкасцю адолеў некалькі дзясяткаў старонак нават на англійскай мове. Гэта знак! – вырашыў я, а па вяртанні пачаў шукаць, што б такое пачытаць, і з ходу атрымаў другі знак ад знаёмага ў твітэры, які ўхваліў менавіта “Давай пажэнімся”.

Гэтая кніжка добра была прынятая адразу па выхадзе ў 1976 годзе, рэцэнзенты ўхвалялі жаночыя вобразы (адна з рэцэнзій красамоўна называецца “Мець ці трымаць”), нават казалі, што гэта лепшы раман Апдайка, але вага Пулітцараўскіх прэмій перацягнула ўвагу з гэтага ягонага рамана на іншыя. А “Давай пажэнімся” ўспрымаецца, я так разумею, такой паглыбленай версіяй жаночага рамана. Прынамсі на розных форумах натыкаешся на прызнанні кшталту: “Прачытала ў адпачынку ў Тайландзе, знайшоўшы спарахнелы покет-бук у міні-бібліятэцы гатэля. Гэтая кніга сапсавала мне адпачынак. Але са слязьмі на вачах усё ж не магла адарвацца”…

Дарэчы, на мой густ, стыль у Апдайка цяжкі і насычаны. Чытаць такое ўсё адно што піць густы напой.  Ён можа дзясяткі старонак прысвяціць падрабязнаму апісанню аднаго дня (трэба прызнаць, вельмі прыгожаму апісанню, з вобразамі кшталту чырвонага сонца, якое бачыць герой праз шкло бутэлькі, выпіваючы цёплае віно з гарла), каб на наступным абзацы перакінуць чытача праз колькі тыдняў. Альбо доўгім размовам герояў, дзе яны з цяжкасцю высвятляюць, што хто меў на ўвазе, каб у наступнай частцы зрабіць усё наадварот.

Цікавы падыход да паліфаніі, калі партрэтная характарыстыка, дадзеная персанажу ў думках яго жонкі, абсалютна супярэчыць таму, як ён праяўляе сябе сам. Вось ён герой-каханак ходзіць па пляжы з прыгожай дзяўчынай, звяртаючы ўвагу, каб падлеткі, якія бегаюць навокал, успрынялі яго дастаткова мужным. А для жонкі галоўнае ў ім, які ён спустошаны, напужаны смерцю, не спіць начамі і чытае кнігі пра рэлігію.

Ужо ў назве аўтар актывуе галоўны дэтанатар для сюжэту і па-майстэрску пазбягае выбуху на працягу ўсяго тэксту. У выніку вартасць “Давай пажэнімся” не ў любоўнай інтрызе, простай як пяць капеек, а менавіта ў тым, як героі паводзяцца ў гэтай драме, што аўтар садыстычна-павольна разгортвае перад намі. І сюжэтам робяцца не ўчынкі, а бясконцыя маральна-эмацыйныя ваганні персанажаў, якія мяне асабіста выматалі не менш, чым саміх герояў.

Джэры Конант, які апынуўся ў цэнтры гэтай гісторыі, нібыта і галоўны герой, і не, бо геройства патрабуе ўчынкаў. Джэры нават гатовы на ўчынкі, але ён адмаўляецца ад іх, бо не гатовы прыняць на сябе ўсю цяжкасць наступстваў, якія тычацца не толькі асабіста яго і ягонай былой каханай, але іх дзяцей. Апдайк паказвае, як нежаданне зрабіць балюча сваім родным наносіць яшчэ большую шкоду, чым калі б ад самага пачатку герой паводзіўся цалкам эгаістычна. Невыносная немагчымасць памерці аказваецца горш за хуткую смерць. 

Апдайк фактычна адмаўляецца ад сюжэту, дае ўсе магчымыя варыянты таго, што можа адбыцца ў межах паводзінаў персанажаў. І праз гэта эмацыйны градус тэксту яшчэ больш узмацняецца.

Паралельна нам даюцца канкрэтныя прыкметы часу. У газетах пішуць пра першага чорнаскурага студэнта, на што героі ў роспачы адзін ад аднаго не звяртаюць увагу, а мы гуглім і лёгка высвятляем год падзей – 1961. І раптам сам раман лёгка робіцца часткай напэўна найбольш настальгічнага эпізоду гісторыі ЗША, які настолькі іранічна, але са спачуваннем апісаны ў фільмах пра “Форэста Гампа” ці “Назад у будучыню”, альбо жорстка ў “Revolutionary Road”. Рамантызм адкрытасці і ўпэўненасці ў будучыні, спакою ў знешнім свеце, які ўзняў навальніцу пачуццяў унутры. Вялікая эпоха, якая ўвасабляецца, напрыклад, фігурай Джона Кенэдзі, самага маладога, амбітнага прэзідэнта, гэтая эпоха хутка скончыцца стрэламі ў Даласе. Але яшчэ раз падкрэслю, што ў рамане яна захавалася не значнымі падзеямі ўнутры- і знешнепалітычнага жыцця, а легкадумнымі цёплымі вераснёўскімі днямі на пляжы.

Гэта, дарэчы, галоўная прычына, чаму “Давай пажэнімся” цалкам трапляе ў канцэпт “олд-фэшн”. У маім разуменні, менавіта так мусіць выглядаць нешта сапраўды “алдовае”, яно павінна пахнуць часам, як морапрадукты пахнуць морам. І ў гэтым сэнсе чэргі на самалёты, добрыя палісмэны, суседзі, якім не ўсё роўна – гэта той самы час, які Апдайк закансерваваў сваім раманам.

Я вельмі задаволены тым часам, які прабавіў з гэтай кніжкай. Я атрымаў асалоду ад мовы, ад характараў, паказытаў нервы, спрабуючы дазнацца, што ж рабіць галоўным героям, пабыў трошкі ў атмасферы ранніх 60-х. Мне здаецца, у гэтым заключаецца феномен раману – кожны возьме ў ім штосьці для сябе.

Так сталася, што Апдайк напісаў раман без сюжэту, без героя, без гістарычнага кантэксту, але раман усё роўна атрымаўся. Магчыма, каб парушаць правілы, трэба іх добра ведаць.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце