Блог

Паэма, якой няма

Medium?1401278834

Вячаслаў Мартысюк пра загадкавую гісторыю адной паэмы.

 

Помніцца, некалі Павал Абрамовіч з жалем і шкадаваньнем напісаў пра «паралельнае вымярэньне беларускае літаратуры», яе «Бабілёнскую бібліятэку, чароўную Шамбалу», дзе перахоўваюцца тэксты, «якіх мы ніколі не чыталі: творы Дуніна-Марцінкевіча, што згарэлі разам з домам у Люцынцы; вершы Багрыма ў чатырох сшытках, канфіскаваных у паэта; “Беларускія апавяданьні Бурачка” і “Скрыпачка беларуская” Багушэвіча…». Ды выказаў жаданьне туды трапіць. Ну, трапіць ня трапіць, а зазірнуць можна. Калі-ж пашанцуе  – то і ўхапіць нешта… Да жалю мала ў нас пішацца пра беларускую патаёмную літаратуру. Творы, якія вядуць няпэўнае й загадкавае існаваньне, агляды спаленых бібліятэк, страчаных архіваў, блуканьне лябірынтамі, садамі разьбежлівых сьцежак нашага пісьменства, – захапляльныя штукі, якімі я даўно займаюся.

Малюнкі Анатоля Тадорскага

Стагодзьдзі – папярэднікі дваццатага – бачныя нам як праз мутнае шкло, яны нібыта й не існуюць насампраўдзе, а бытаваньне беларускае літаратуры ў гэтых зацемненых пакоях наўрад ці можна назваць звыклым і натуральным, балазе для сучаснага чытача розных гэтых інтэрнэтых. А ў ХІХ ст.: дзе твор, дзе аўтар, і які ўласьне быў твор, і хто яго напісаў, а мо’ перапісаў – пытаньне на засыпку, якое хіба паставіш, але адказаць не ў змозе дзясяткі гадоў.

Напрыклад, слынны твор Яна Баршчэўскага "Рабункі мужыкоў" (або «Бунт хлопаў супраць аканома», або «Бунты падданых супраць сваіх паноў», або «Размова хлопаў»…) – найлепшая адатрута на рознага кшталту трызьненьні што да «не-ўшаноўваньня часткаю беларускае інтэлігенцыі вайны 1812 году як айчыннае». Адылі сёньня, шаноўны чытачу, мы маем гаварыць збольшага не пра зьмест паэмы, а  пра гісторыю яе бытаваньня, жаролы тэксту і… мажлівыя жаролы да тэксту. (Зацемім гэт’та: якое-кольвек «аўтарскае права» ў ХІХ ст. і раней – такая ўмоўная й неканечная рэч! А пазыча́ньне, пераствараньне, су-піса́ньне – рэч гэткая звыклая…)

Дужа, дужа загадкавы гэты твор. Але пра ўсё па парадку. Мы ня знаем яго поўнага тэксту і  арыгінальнага назову, а пра аўтарства, абставіны напісаньня даведваемся зь сьведчаньняў крытыка Рамуальда Падбярэскага, сябрука Яна Баршчэўскага. Агадліва выветаваўшы, дзеля цэнзурных меркаваньняў, «крамольныя» мясьціны ўлучна з скаталягізмамі, а таксама зрабіўшы некаторыя паправы, Падбярэскі падаў ладны ўрывак паэмы пад загалоўкам «Рабункі мужыкоў» у 1844 г., у артыкуле «Беларусь і Ян Баршчэўскі», які, зрэшты, ёсьць прадмоваю да самага першага выданьня слыннай кнігі «Шляхціч Завальня». Упершыню-ж апублікаваў два яе фрагмэнты, фактычна як фрагмэнты паэмы «Бунт хлопаў супраць аканома» няведамага аўтарства, у 1840 г. у кн. «Беларусь» Аляксандар Рыпінскі. Пазьней ён сьпісаў яе (і ўпярэдзіў прадмоваю), ужо як твор Баршчэўскага, пад загалоўкам, ідэнтычным загалоўку Падбярэскага, у сваю «Хрэстаматыю» (назоў умоўны). У 1929 г. тая «Хрэстаматыя» трапіла да прафэсара БДУ Міхайлы Піятуховіча, пасьля-ж вайны сьлед памяткі губляецца. Апісаньне, а таксама некаторыя творы, якія яна ўтрымвала, ведамыя нам з машынапіснае працы «Рукапісы А. Рыпінскага» таго самага Піятуховіча, шчасьліва перахаванай Васілём Мачульскім і апублікаванай у 1990 г. Віталем Скалабанам. Трэба сказаць, «Рабункаў мужыкоў» у Піятуховічавым машынапісе няма. І што сабою станавіў той рукапісны адменьнік – немаведама. Мікола Хаўстовіч уважае, што Рыпінскі мог пазычыць яго з прадмовы Падбярэскага да «Шляхціча Завальні», пазычыць разам з увагамі Падбярэскага што да «Рабункаў».

Малюнак Анатоля Тадорскага

Захаваўся твор і ў «фальклярызаваных» ўрыўках-адменьніках у запісах А. Семянтоўскага, М. Дзьмітрыева, І. Насовіча, П. Шэйна і М. Нікіфароўскага; тое-сёе маецца ў шматмоўных зборніках 10–20-х гг. ХІХ ст., сярод папераў Б. Эпімах-Шыпілы і нават сярод фальклёрных збораў Я. Драздовіча.

Апрычонае месца ў літаратуры ХІХ стагоддзя займае «Размова хлопаў» – верш, уткнуты нейкім жаўнерам арганісту Арлоўскаму, а «ўзычаны» апошнім Паўлюку Багрыму. Прынамсі гэтак гавораць архіўныя дакуманты, датычныя крашынскага бунту 1828 г., што данесьлі да нас тэкст «Размовы». Ідзем далей: Яўхім Карскі ў сваіх “Беларусах” успамінаў нейкія загадкавыя «праклямацыі, напісаныя па-беларуску Зарыянам Далэнга-Хадакоўскім (Адамам Чарноцкім) у 1812 г. разам з Марціноўскім», «дзеля збунтаваньня сялян, каб францускаму войску не чынілі адпору, бо партыя Чартарыскага працівілася польскім авантурам». Зямкевіч, падаючы́ інфармацыю што да гэных праклямацый Карскаму, грунтаваўся, сваім парадкам, на зьвестках віленскага выдаўца і публіцыстага Антона Марціноўскага, чые рукапісныя «Мэмуары» ён захоўваў у сваіх надзвычай багатых зборах. Зрэшты, усе гэтыя зборы згінулі семдзесят гадоў таму, і следу не засталося. Такім парадкам, мы ня ведаем, што станавілі сабою тыя праклямацыі. Але чыста гіпатэтычна можам даўняць: тэкст «Размовы хлопаў», які стаў прычынаю нягодаў і цярпеньняў беднага Багрыма, меў да іх найбеспасярэднейшае дачыненьне. І мог быць жаралом да паэмы Баршчэўскага.

Ува ўспамінаную вышэй і згубленую цяпер «Хрэстаматыю» Аляксандра Рыпінскага быў улучаны твор Антона Грамыкі «Забытак з 1812 году» (дакладней, яго ўрывак, як відаць зь зьместу «Хрэстаматыі»). Што мы ведаем пра аўтара (праз самога Рыпінскага і Генадзя Кісялёва)? Амаль нічога. Хіба тое, што ксёндз Антон Ігнатаў Грамыка, зямляк, сучасьнік Рыпінскага, быў пробашчам Станькаўскае парафіі Віцебскага павету. А пра твор – што ён належыць «да катэгорыі твораў з пераважным сацыяльным зместам» і што ў ім «выказваюцца гіранічныя адносіны да шляхты, якая ў часе вайны 1812 года пад націскам французаў прымушана была ўцякаць з сваіх маёнткаў». Але і гэтага досыць, каб выказаць здагадку аб генэтычнай лучнасьці з творам Яна Баршчэўскага. Нешта падобнае магло стаяць, скажам, у пачатку паэмы… Грамыку належаў і верш «Гулянка мужыцкая», апавяданьне пра «забавы сялян у карчме», які таксама, грунтуючыся ізноў-такі вылучна на здагадках, можна прымеркаваць да разгляданае намі паэмы.

Еўдакім Раманаў у прадмове да адмысловага зборніка-хрэстаматыі «Тарас на Парнасе ды іншыя беларускія вершы» (Магілеў, 1902), нічога не гаворачы пра яго аўтарства, называе верш «1812 год». Бяз жаднага сумневу, ён быў у архіве Раманава. Мяркую, знаход успомненага вышэй вершу памог-бы шмат што выясьніць узглядам «Рабункаў мужыкоў»…

Дык ці мог Ян Баршчэўскі, пішучы сваю паэму, скарыстаць з твораў іншых аўтараў, народных твораў? (Тое, што з паэмы карысталі пазьней, здаецца, пацьверджаньня не вымагае: цэлыя ўрыўкі зь яе, часам адмененыя, можна сустрэць у літаратуры другой паловы ХІХ ст., прыкладам, у антымаскоўскіх «Гутарцы старога дзеда на Беларусі» і гутарцы «Чы знаеце, мае дзеці, што гэта маскаль на сьвеце…».). Без сумневу, мог. А як-жа выглядала тая паэма ў сваёй цэласьці? Наважуся рэканструяваць яе зьмест у гэткі спосаб. Паэма «1812 год» (умоўна назавем яе так) магла складацца з чатырох частак, якім таксама дамо наступныя ўмоўныя назовы:

1) Наход французаў і ўцёкі шляхты з сваіх маёнткаў;

2) Рабункі мужыкоў;

3) Рада мужыцкая;

4) Гулянка мужыцкая і няслаўны канец бунтаўнікоў.

Ведама, усё гэта ляжыць у плашчыні здагадак, домневаў. І толькі далейшыя шуканьні зьняпраўдзяць або пацьвердзяць іх. Але – чаму-ж бы ня мець нам такой паэмы? Хай яе няма, але ўсе падставы для ейнага існаваньня ёсьць.

Вячаслаў Мартысюк

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце