Блог

Прыватны рэйтынг на ўзбярэжжы года

Medium?1388414449

Хай даруе мне “Dzyadzka Ryhor” і ўсе літаратурныя генералісімусы – тут я напішу не пра лепшыя кнігі года, а пра тыя, што мяне ўзрадавалі. Асабіста мяне (меркаванне сайта Bookster можа не супадаць з меркаваннем аўтара). Таму я нават не буду мераць лінейкаю выдатнасць кніжак і стаўляць іх на слізкі белы п’едэстал. Рэйтынг складзецца не зусім традыцыйна, бо хочацца ўсё-такі “ўзяць і падзяліць”. І такі зробім гэта.

 

ПЕРАКЛАДЫ

“Бэўвульф”.

Кнігі дужаюцца між сабой колькасцю ўкладзенай у іх працы і любові. Кожны, хто праз гады назіраў у ЖЖ ilnur’a за з’яўленнем перакладу “Бэўвульфа”, сачыў за аб’ёмам і колькасцю радкоў, успрыняў выхад гэтай кнігі як асабістае свята. І я, грэшны, сярод іх. Па-ранейшаму можна толькі марыць пра серыю сусветнай класікі на беларускай мове, па-ранейшаму робіцца ўсё, каб не рабілася нічога. Але ўсё ж такі жыве паэзія, і мова змагаецца, і знаходзіць водгук нават у самай далёкай далечы. І добра.

Андрэй Хадановіч “Разам з пылам”

Колькі сябе помню, усё гаварылася і гаварылася пра аднатомнічак перакладаў Хадановіча з класічнай французскай лірыкі, тады польскай, тут жа і Гарацы з Рыльке, і ўсё гэта адкладалася ці то пад сукно, ці то ў нейкую неверагодна доўгую шуфляду, аж ніхто ўжо не чакаў, а кніга выйшла. І не абы-якая, братове. Хадановіч – адзін з бліскучых майстроў перакладу, з нейкай няўлоўна-мякка-іранічнай нават у сур’ёзных і змрочных творах стылістыкай, дакладны і стрыманы што да моватворства. Кніга сціплая, але ўкладзена было ў яе каласальна шмат. Спадзяюся, ужо ўсе купілі.

Казіс Сая “Клеменс”

Абсалютна нестандартны пераклад Алеся Сцяпанавіча Разанава. З фрывольнасцямі, жартамі і песнямі, якія, падобна на тое, напісаў замест летувіса ўласна сам перакладчык. Спектакль, які стаў сімвалам мастацкага супраціву эпохі брэжнеўскага застою, – у выглядзе тэкста, на жаль, застаецца актуальным. “І гэты час, і гэты лад / Не назаўсёды... / Я клічу гром, я клічу град… / Жыві, нязгода!” – пяе Скалнас-Разанаў. Напаўзабыты пераклад, адна з апошніх кніг выдавецтва “Логвінаў”.

Богуміл Грабал “Я абслугоўваў ангельскага караля”

Узрадавала наогул уся серыя, якая прэзентавалася падчас сёлетняга фестывалю “Шэнгенка”: выдатная мемуарыстыка, філасофская літаратура, новыя выпускі “Чэшскай калекцыі”, але грошай я пакуль наскроб толькі на Грабала, і не расчараваўся. Па-мойму, для Марыйкі Мартысевіч гэта было 100%-вае “пацэліванне ў саменькі акурат”. Калі, напрыклад, папярэдняя ейная кніжка ў “калекцыі” – “Зваўчэнне” Антаніна Баяі – была хутчэй эксперыментам, хоць і вельмі ўдала праведзеным, то тут, відавочна, пераклад браўся для душы. Такім і атрымаўся. Хітраспляценні і па Грабалавай думкі перададзены выдатна, у гэтай славеснай плыні неяк зусім не заўважаеш трэсак на хвалях: проста чытаеш. Што і патрабавалася.

“Злачынства, сэр”

Пра дэтэктыўныя рэчы паўтарацца не буду, усё гэта разгорнута быў разгортваў у адмысловым артыкуле для Букстэра. Скажу толькі, што і ўзровень “прайдзісветаўскай” серыі вельмі нядрэнны, і за апошні год актывізаваліся яны нядрэнна. Быў адзін По, а цяпер ужо дзве анталогіі плюс “Саламея” Ўайлда. Што будзе налета – невядома. Можа, займеем аналаг расейскага “ИЛлюминатора”? Няблага было б.

ПАЭЗІЯ

Владимир Глазов. Время собственное

Як той казаў, не ведалі мы адзін аднога да гэтага лета, але ў выніку невялікая кніжка, выдадзеная ў Берасці, – асноўнае маё сёлетняе адкрыццё ў беларускай паэзіі. Уладзімір Глазаў, ці, як пяшчотна называюць яго сябры, Валодзя богведама колькі гадоў ужо з’яўляецца своеасаблівым паэтычным гуру ў Берасці, некалькі самвыдатаўскіх яго кніжак ходзяць па руках даўно, аднак “друкам і тыражом” вершы Глазава сёлета выдадзены ўпершыню. Паэзія тут сканцэнтраваная за некалькі дзесяцігоддзяў, але сіла ейная, можна сказаць, не мянялася з часам; змяняўся адно метад выяўлення – праз засваенне класічнай рускай паэтычнай традыцыі, праз супраціўленне ёй, праз вырастанне асабіста свайго, калі перажытае – гэта ўжо не толькі і не столькі кніжкі, але – і яны ў тым ліку. Гэта вельмі берасцейская кніга, калі можна так сказаць. І вельмі беларуская: некаторыя вершы можна чытаць берасцейскім дзецям на ўроках замест усялякай брусаўска-цютчаўскай рыторыкі, і, можа, яны тады б сапраўды зразумелі каштоўнасць ператварэння небыцця ў рэшата.

Юры Гумянюк “Назаві мяне геніем”

Кніга яшчэ аднаго паэта памежжа, які яшчэ сёлета быў з намі, але трагічна памёр, і (крамольная думка) каб не памёр, то і кнігі гэтай не было б: так і згінуў бы ў побытавай цяганіне, барацьбе за адхланне і за хлеб надзённы. Выгнаны патрыцый, гарадзенскі інтэлектуал, выдатнейшы лірык – колькі можна доўжыць словы, якія не захвальванне маюць у сутнасці сваёй, а горыч? Бясконца. Збор твораў – помнік паэту, які не вытрымаў гукання ў пустэльні.

Таня Скарынкина «Книга для чтения вне помещений и в помещениях»

Калажы-разгорткі, шалёныя фотакампазіцыі, якія даўна любяць у інтэрнэце, насамрэч вырастаюць з вершаў, у якіх таксама дзіцячыя калейдаскопы складдаюцца з крывёю, біяграфія з асацыяцыямі. Гэта новая форма рыфмавання – не мужчынска-жаночая (хаця, у нечым, якраз і такая), але вобразна-вобразная. 

Наста Кудасава “Рыбы”

Дзе ж яна падзелася, тая жаночая беларуская паэзія: лірыка чыстай самоты, вечнай музыкі, зацікаўленай размовы з незнаёмцам-чытачом. Дзе ж вы, новыя кніжкі Бельскай, Аўчыннікавай, Морт, Дашынай, Кудасавай і прочая, і прочая. А не, вось Наста Кудасава якраз сёлета і азвалася. Файная была навіна. Казалі, што будзе і яшчэ адна кніжка. Чакаем.

Ігар Кулікоў “Свамова”

Гуку нарабіла і “Свамова” Ігара Кулікова. Безапеляцыйны і бескампрамісны ў сваім духоўным пошуку, паэт-мовавед штурмуе аванпосты беларускага слова, вырываецца за яго межы, тым не менш даючы справаздачу за гэтае вырыванне – з слоўнікамі, прадмовай і каментарамі. З’ява надзвычай цікавая, я сачу даўно, але не з папкорнам. Мне сапраўды падаецца важнай гэтая кніга. Добра, калі такія зборнікі паэзіі ў літаратуры ёсць. Горш, калі іх няма і калі іх не хочуць бачыць.

Дзмітры Дзмітрыеў.  Ліра спіралі. 

Іншым словам у працяг размовы пра паэзію Кулікова можа стаць гаворка пра яшчэ адзін доўгачаканы зборнік – “Ліра спіралі”. Паліндромы і іх мадыфікацыі, якія прапануе Дзмітрый Дзмітрыеў, ашаламляюць кожнага (асабліва таго, хто не надта дасведчаны ў беларускай літаратуры і мову тытульнай нацыі чуе толькі ў метро). Гэта, магчыма, паэзія заўтрашняга дня, калі эмоцыя, запакаваная ў складаназалежныя сказы і трохстаронкавыя верлібры-апавяданні, перастане “спрацоўваць”.

СПАДЧЫНА

“Баркалабаўскі летапіс”

Мінулы год завяршаўся выданнем фундаментальнай кнігі “Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы ХVI стагоддзя” густоўна аформленага і тэксталагічна выверанага помніка беларускага пісьменства і тагачаснай беларускай літаратуры, фактычна. Сёлета такім жа грунтоўным было двухтамовае выданне Баркалабаўскай хронікі, якая дагэтуль выходзіла ў скароце і, па фінансавых прычынах, не выдавалася ў выглядзе факсіміле. Падарункавы тып гэтага выдання абумовіў і грунтоўны каментар да помніка, артыкулы навукоўцаў пра гэты летапіс. Дарагая кніга. Статусная рэч.

Зоська Верас “Я помню ўсё”

У застойныя пасляваенныя гады, калі пра беларускую справу нельга было не тое, што гаварыць публічна, але і непублічна яе амаль не было, Зоська Верас стала своеасаблівым мастком паміж эпохамі. Тая напружаная эпісталярная праца, якая была натуральнай для Юркі Віцьбіча, Вітаўта Тумаша, Антона Адамовіча і наогул для шмат каго з дзеячаў эміграцыі, у метраполіі глядзелася даволі дзіўна. Тым большая заслуга адзінак на, скажам так, метраполіі, якія, нібы медыятары, падтрымлівалі традыцыю. Гэта можна з пэўнасцю аднесці да Ларысы Геніюш і Зоські Верас, якія не толькі пакінулі падрабязныя і насычаныя фактурай успаміны, але і штодзённа падтрымлівалі сувязь з дязсяткамі карэспандэнтаў, такім чынам ператвараючы іх з самотных, раскіданых па гарадох і краях беларусаў – у нацыю. Асобна трэба адзначыць густоўнае афармленне серыі “Гарадзенская бібліятэка”. Кнігі яе, бадай, сёння з’яўляюцца аналагам падарункавых выданняў: з добрым дызайнам, акуратным друкам, дарагой паперай і пераплётамі.

Владимир Степан “УЧИТЕЛЬ: Сергей Петрович Катков

Кніга выйшла ў снежні, але нельга не прысвяціць ёй хоць колькі словаў, настолькі выдатная гэта рэч. Звычайна пра мастакоў пішуць толькі кароткія прадмовы, у якіх цяжка дайсці да сэнсу, зразумець асобу і работы, пакінутыя мастаком. Звычайна альбомы ў нас не вельмі добрай якасці, але шырокафарматныя, альбо малафарматныя, але добрай якасці. Бываюць і кнігі ўспамінаў, дзе змешаны боб з гарохам, перасыпаныя рэпрадукцыямі. Уладзімір Сцяпан як быццам улічыў усе папярэднія памылкі, зробленыя аўтарамі падобных кніг, і вырашыў зрабіць узорны варыянт. Па-мойму, атрымалася. Кніга падзяляецца на тры часткі: першая – міні-аповесць самога Сцяпана пра Сяргея Каткова, складзеная з празаічных фрагментаў; другая – лісты Каткова з франтоў сусветнай вайны, пракаментаваныя дачкой мастака, якая некалі разам з маці чытала гэтыя лісты; трэцяя – успаміны пра мастака, дбайна адрэдагаваныя Уладзмірам Сцяпанам, дзякуючы чаму разасобленыя і рознастылёвыя тэксты ператварыліся ў адзін шматпланавы малюнак. Кніга вельмі цэласная, выдатныя поўнаколерныя і поўнастаронкавыя рэпрадукцыі карцін, выдатная асоба. Выдатны падарунак на Новы год, я лічу.

Генадзь Кісялёў “Смак беларушчыны”

Майстэрскія працы Генадзя Кісялёва – навуковыя “дэтэктывы без забойства” – вядомы кожнаму абазнанаму літаратуразнаўцу ў Беларусі. Шкада, што ў свой час яны не сталіся такімі ж папулярнымі, як кнігі Іраклія Андронікава, якога так любіў чытаць Кісялёў. Андронікаў у свой час актыўна выступаў па тэлебачанню, актывізаваў пошукі па гісторыі беларускай літаратуры. На жаль, беларускім тэлебачаннем такія філолагі, здольныя захапіць гісторыяй, выдатнай біяграфіяй ці незвычайнай знаходкай, ніколі не былі патрэбныя. Бо гэта, перш за ўсё, актывізавала б цікавасць да нацыянальнай гісторыі, падштурхнула б да вывучэння свайго краю, сваіх герояў. А іх, герояў, у нас ніколі не бракавала, як сведчаць кнігі Генадзя Кісялёва. Тыя імёны і ўчынкі, якія даставаў з архіваў цягам некалькіх дзясяткаў гадоў Генадзь Васілевіч, хвалявалі яго самога. І тое трымценне перад адкрыццём таямніцы перадаецца кожнаму чытачу. І новае ўспрымаеш як асабістую перамогу. Выдатна, што і праз гады пасля смерці вучонага працягваюць з’яўляцца ягоныя новыя кнігі: дапісаныя, але нявыдадзеныя. Кісялёў з даследчыка герояў сам ператвараецца ў героя, які, безумоўна, заслужыў гэтае званне. Не верыце – пачытайце выдатную прадмову Уладзіміра Арлова.

Лявон Юрэвіч “Жанры”

Нястомны Лявон Юрэвіч з заўсёднай памочніцай сваёй Наталляй Гардзіенкай выпусцілі сёлета некалькі кніг, дзе адкрылі малавядомую спадчыну эміграцыйных аўтараў. “Жанры” – у традыцыйным для Лявона Юрэвіча жанры напісаная кніга – заварожвае пераходамі ад высокага да нізкага, з цытаты Юліі Крысцевай на нейкую паўданосную характарыстыку з ліста і аж да бібліяграфіі літаратуразнаўства ў эміграцыйнай перыёдыцы. Паваенная эміграцыя ў кнігах Юрэвіча – заўсёды кіпучы кангламерат асобаў, дзе змагаюцца амбіцыі, ідэі і жарсці. Ламаюцца лёсы, нараджаюцца лідары, прарываюцца ў вялікі свет былыя вясковыя беларускія мальцы. Захапляльнае чытво.

ЛІНГВІСТЫКА:

Юр Пацюпа “Анонс” 

Андрэй Белы нашых дзён, гарадзенец Пацюпа вельмі рэдка, у адрозненне ад паэта-сімваліста, выступаў да чытача з кнігамі. Рабіць гэта ўсякаму гуманітарыю чым далей, тым больш складана, бо і выдаўцы не надта зацікаўлены вучонымі мудрагельствамі, ды і чытач прагне статусаў і іх абнаўленняў, а лінгвістычныя ідэі Максіма Багдановіча выклікаюць толькі разгубленую ўсмешку. Добра, што з’явілася серыя “Беларускага калегіюму”, у якой такія файныя і ў той жа час крыху маргінальныя тэксты могуць цяпер выходзіць. Да таго ж, гэта найтаннейшая сучасная серыя – цана адной кніжкі вагаецца ў межах двух даляраў.

Юрась Бушлякоў “Жывая мова”

Пасмяротная кніга Юрася Бушлякова – адзін з помнікаў выбітнаму моваведу і ў той жа час файны практычны дапаможнік як для “нованавернутых”, так і для “нібыта абазнаных”. Бушлякоў сваёй кнігі не скончыў, але па сутнасці падобнай кнігі наагул скончыць немагчыма: багацце прыкладаў, якім дзеліцца мова, не змяшчаецца ні ў адзін вучоны талмуд. Але гэтая кніга выдатная не столькі прыкладамі, колькі пяшчотай і дабрынёй, іроніяй і ўсмешкай, з якімі ўсё напісана, у адрозненне ад сухога навуковага лінгвістычнага стылю.

Алесь Каўрус “Словаклад”

Яшчэ адзін даўгабуд – “Словаклад” Алеся Каўруса. Пазаслоўнікавая лексіка, якой шчодра дзяліўся аўтар цягам дзесяці гадоў на старонках часопіса “Роднае слова”, выйшла пад цвёрдай вокладкай і такім чынам ператварылася з віртуальнага праекта ў рэальны слоўнік, які дапаўняе і ўзбагачае кожнага скрыптара і наратара. Выдатная падмога для журналіста, перакладчыка і калумніста – гэтых асноўных беларускамоўных прафесій сучаснасці.

Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі (у 2 тамах)

Рэдкая птушка дажыве да завяршэння выдання “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” – бардовага шматтамовіка, які пачаўся яшчэ за саветамі, а скончыцца, відаць, пасля падзення дыктатуры. Для тых, каму няма ўцерпу чакаць поўны варыянт, акадэмічны абрэвіятурны чэмпіён (Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі – філіял Цэнтра даследаванняў мовы, культуры і літаратуры НАН Беларусі) прапанаваў скарочаны аналаг, а менавіта субстантыўную лексіку. Яе, зрэшты, цалкам дастаткова для тых жа перакладчыкаў, якія бяруцца за старажытныя тэксты, а таксама аўтарам гістарычнай прозы, што не-не ды і ўсунуць які анахранізм у свой геніяльны твор.

Можна было б пагаварыць асобна і наконт прозы. Але нашто нам перад Новым годам “сваркі і звадкі, боль і горыч”, як той казаў. Асвяжымся гэтым усім у чарговым гедройцаўскім сезоне. А пакуль што – вясёлых святаў!

Ціхан Чарнякевіч

(фота з сайту svaboda.org)

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

На вялікі жаль, не працягвае вясковых гісторый першага "Маёнтка", апублікаваны дзённік... Чытаць далей

Забавные жизненные истории,рекомендую!

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце