Блог

Райманд Карвер, тэатр і сіняя птушка

Medium?1422221142

У пракат нарэшце выйшаў фільм Алехандра Гансалеса Іньярыту «Бёрдмэн». Каця Рускевіч раіць перад паходам у кінатэатр (ці пасля) чытаць мінімалістычныя апавяданні Райманда Карвера.

 

Сюжэт фільма пабудаваны вакол састарэлага супергероя – Бёрдмэна (Birdman) або чалавека-птушкі. Напаўзабыты ўлюбёнец Амерыкі спрабуе пазбавіцца ад флёра былой папулярнасці і паставіць на Брадвеі спектакль паводле аповесці Райманда Карвера «Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханне». Так выглядае кароткі змест фільма, або прэлюдыя да кароткага расповеду пра Райманда Карвера. 

Выбар Бёрдмэна — з кім пачынаць новае жыццё на Брадвеі пасля сыходу з Галівуду – зразумелы. Добрая іронія рэжысёра фільма таксама. У кожнай краіне і літаратуры ёсць аўтар, дастаткова ясны, у меру інтэлектуальны і зручны, дзякуючы біяграфіі, аўтарскаму стылю, спосабу прачытання. Аднак калі фільм — гэта метарэалізм, то творы Райманда Карвера – хутчэй рэалістычны мінімалізм або, як любяць казаць крытыкі, «брудны рэалізм».

Кадр з "Бёрдмэна"

Чацвёра сядзяць за сталом, п'юць джын і гавораць пра каханне, гавораць непрыгожа і шчыра. Сюжэт аповесці Райманда Карвера «Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханне» змяшчаецца ў адным сказе, як, зрэшты, і сюжэты астатніх яго апавяданняў. За сцісласць і глыбіню Карвера называюць амерыканскім Чэхавым, асабіста мне здаецца, што ў ім больш нясмешнага Бабеля. Пра таго і другога Карверу калісьці распавёў Джон Гарднэр на курсах пісьменніцкага майстэрства. Райманда Карвера можна параўнаць з іншым амерыканскім аўтарам – Чарльзам Букоўскі, у першую чаргу па колькасці выпітага алкаголю. Перакладалі Карвера не так каб шмат, адпаведна вядомы ён таксама менш. Перакладчыкі апраўдваліся асаблівасцю аўтарскага стылю і, як вынік, магчымымі мастацкімі стратамі. Гэта дрэнна, бо кароткая проза і простыя вершы заслугоўваюць не меншай увагі, чым фільм.

Паспрабую ўзяць прыклад з яго тэкстаў і быць сціслай. Мабыць, гэта адзін з нешматлікіх аўтараў, пра якога не варта пісаць шмат. Яго трэба чытаць, любіць ці не любіць – асабісты выбар кожнага.

Кароткае жыццё Райманда Карвера

Нарадзіўся 25 траўня 1938 года ў невялікім гарадку Клэтскені (штат Арэгон) на паўночным захадзе ЗША. Дзяцінства прайшло ў Якіме (штат Вашынгтон), мясцовая спецыялізацыя – лясная і дрэваапрацоўчая прамысловасць. Бацька працаваў на лесанарыхтоўках, маці – афіцыянтка. У 18 гадоў ажаніўся з аднакласніцай Мэрыян, якой на той момант было 16. Да 19 гадоў яна стала маці дваіх дзяцей. Яна ж падарыла Карверу першую друкарку.

Пераехаўшы ў Каліфорнію, пачаў наведваць курсы пісьменнікаў Джона Гарднэра, першае апавяданне было апублікаванае ў 1961 годзе. Працуючы начным ахоўнікам у шпіталі, напісаў свой першы зборнік вершаў. Памяняўшы мноства прац, пасля ўдалых і няўдалых літаратурных публікацый, сямейных скандалаў і аб’юзаў, пачаў піць. Паводле ягоных жа ўласных словаў, ён не збіраўся дажываць да 40 гадоў.

Кніга Мэрыян Брук пра жыццё з Карверам

Жыццё Карвера любяць дзяліць на тры часткі. Першае жыццё да комы, атрыманай у 1977 годзе, пасля якой ён кінуў алкаголь і жонку Мэрыян, якая, трэба аддаць ёй належнае, практычна ўтрымоўвала сям'ю. І пачаў другою частку свайго жыцця разам з паэткай Тэс Галахер, працягнуў пісаць, выкладаў. У 1988, у 50 гадоў, памёр ад раку лёгкіх. Трэцяе жыццё – канчатковая літаратурная слава, якая прыйшла пасля смерці.

З паэткай Тэс Галахер

Мінімалізм Карвера – шмат у чым праца ці заслуга рэдактара Гордана Ліша. Ці прынесла гэта карысць апавяданням, складана сказаць, але папулярнасць аўтару – дакладна. Ліш, бязлітасна выкарыстоўваючы літаратурны і рэдактарскі скальпель, выразаў усё, на яго погляд, непатрэбнае. Апавяданні ператвараліся ў шкілет падзеі, без лішніх фраз, толькі эмацыйная канва. Пра што апавяданні? Можа быць, пра тое, якое страшнае жыццё, калі ставіцца да яго шчыра. Аднак не ўсе былі згодныя з рэдактарскай праўкай, напрыклад, Роберт Олтмэн для свайго фільма «Кароткі мантаж» палічыў за лепшае выкарыстоўваць аўтарскі варыянт.

Райманда Карвера любяць называць адным з апошніх з «пакалення дрэнных мужчын». Напэўна, так яно і ёсць, да гэтага хацелася б дадаць – адным з апошніх шчырых аўтараў.

Што чытаць: аповесць «Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханне», апавяданні «Сабор», «Ровары, біцэпсы, цыгарэты» і вершы.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Аляксей Знаткевіч і Павел Касьцюкевіч напару пераклалі зборнік прозы Карвера на беларускую мову. Выдаць бы.

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце