Блог

Штрудэль з прысмакам пажару

Medium?1426154200

“Фелікс Австрія” – гэта запрашэньне за стол. І стол гэты – для па-сапраўднаму згаладнелых. І па тонкіх смаках, і па міфічнай Украіне, і па добрай літаратуры", – Адэля Дубавец пра ўкраінскі раман-фурор Сафіі Андруховіч, які стаў "Кнігай году BBC—2014".

 

Intro

Часам кнігі прыходзяць у патрэбныя часы. Ці гэта самі часы нараджаюць патрэбныя кнігі, якія ўсё раскладуць па паліцах. Калі я чытала раман "Фелікс Австрія", а значыць, увесь час жыла гэтаю кнігаю, мне выпала выпадкова падслухаць, пра што размаўляюць паміж сабою варшаўскія мужчыны і жанчыны падчас працоўнага перапынку. Гэтая група дарослых людзей, смокчучы цыгарэты, ажыўлена абмяркоўвала прасы. "За 10 год я памяняла 10 прасаў, яны проста праз год робяцца ні к чорту". "Мой працуе ўжо 6 гадоў, хаця я наліваю толькі ваду з-пад крану". “Не накаркай, вось вернесься – а прасу ўжо кірдык”. Гледзячы на гэтых жывых і вясёлых людзей, я бачыла шчасьлівую Аўстрыю. Краіну, якая “ладзіць шлюбы, пакуль іншыя ваююць”. Нагэтулькі загразлую ў штрудэлях ды мэлядрамах, што ня бачыць чорнага воблака пераменаў, не адчувае, што дарогі неўзабаве скончацца бездарожжам. І вось тут цяпер гэтыя прасы. Але адгорнем рудую кнігу з жанчынамі на вокладцы.

Нацыянальная гастраномія

Мара летуценьнікаў ды рамантычных патрыётаў – убачыць свой горад у міфічныя “залатыя часы”. Эканамічна найлепшыя, аплеценыя таямніцамі, мроямі, дадумкамі. Пра іх шмат напісана, а яшчэ больш – распаведзена за вялікімі п'янымі сямейнымі сталамі. Сафія Андруховіч мару летуценьнікаў споўніла – яна напісала кнігу, і акурат стол з усім, што расстаўлена на ім, апынуўся тут у самым цэнтральным месцы. У пэўным сэнсе “Фелікс Австрія” – раман-фурор украінскага 2014-га – гэта і ёсьць запрашэньне за стол. Разам пасмакаваць Станіславаў канца XIX – пачатку XX стагодзьдзяў. І стол гэты – для па-сапраўднаму згаладнелых. І па тонкіх смаках, і па міфічнай Украіне, і па добрай літаратуры.

Салата зь нявараных яблыкаў і селядцоў

Салата зялёная на французскі манер (не забыцца пра хітрыкі з хлебам ды часныком)

Труфэлі, звараныя на мадэйры

Вэнджаны язык


Гэткімі і дзясяткамі іншых страваў у рудой кнізе частуе, корміць, а часам нават ратуе жыцьці ўкраінка Стэфанія. Гэта служанка,чалавек-невідзімка са сьветапоглядам выканаўцы, тым ня менш, не пазбаўленага прагі акрэсьліць уласнае значэньне і не пагадзіцца з навязанаю роляй.

1900-ты год. На ўскрайку шчасьлівай Аўстрыі – Felix Austria – у гарадку, які калісьці будзе называцца Івана-Франкоўск, сьвяткуюць 70-я народзіны імпэратара Франца Юзэфа. Суфражысткі пакуль страсаюць грамадзкую прастору хіба якога Лёндану. У Станіслававе ж усё спакойна, тут на жаночых кухнях булькочуць супы, мыюцца падлогі, моляцца малітвы. Унутры Стэфаніі – адной з гэтых хатніх кухонных прыстасаваньняў – кіпяць роздумы ды крыўды, і, пакуль ніхто ня бачыць, з абурэньня ды злосьці вырастае гордая і жарсная кабета. “Я тут толькі, каб выносіць ноцнік”, – шыпіць яна сама праз зубы і забірае начны гаршчок з-пад дзьвярэй сваёй гаспадыні нямецкага паходжаньня. З пранізьлівай пакораю нясе сваю ношу. Як украінская Джэйн Эйр, унутры якой пасялілася XXI стагодзьдзе. Што выдае ў рамане ягоную сёньняшнясьць, дык гэта дакладна не тагачасны стыль выражаць думкі.

Імпэратар Аўстрыі Франц Юзэф

Украінскасьць галоўнай гераіні, думаю, ня менш істотная за ейную жаноцкасьць. Стэфа, як нацыя, што якраз цяпер, напачатку XX стагодзьдзя, скідае зь сябе ярмо сну. Яна па-ранейшаму служыць немцам, сябруе з жыдамі, прыглядаецца да армянаў, напявае польскія песенькі, кланяецца сьвятарам. І на вуліцах, прапахлых моцнаю венскаю кавай, пакуль не чутно ні пра сялянскія паўстаньні, ні пра “Січавых стральцоў”, ні пра нацыянальны тэрор супраць украінцаў. Але да гэтага засталося сапраўды нядоўга.

Мужчыны з Марсу, жанчыны – зь Вены

Гэты раман – пра так званую таксычную сувязь. Дзьве дзяўчынкі – Стэфа і Адэля – вырасьлі разам, як два дрэвы, пераплеценыя стваламі (гэтая мэтафара перасьледуе нас на працягу ўсёй кнігі), вырасьлі з попелу, бо пажар забраў у адной маці, у іншай – усю сям'ю. Украінка і немка, служанка і пані – ці дзьве амаль родныя сястры? Ці два найгоршыя ворагі. Цягам году (а менавіта столькі часу нам даецца, каб іх паназіраць) абедзьве шукаюць адказу на гэтае пытаньне. Згадваючы мінулае, гадуючы адна дзеля адной вэрбальных гадзюкаў, каб джаліць няшчадна, а потым шкадаваць усім сэрцам і перавязваць раны.

Аднак, як ні хацець, а кнігу Андруховіч немагчыма зьвесьці да псыхалягічнай мэлядрамы пра жаночыя нэўрозы. Тут багата іншага – містыкі, сэансаў ілюзіяністаў, гэтак папулярных у тыя часы. Сам горад Станіславаў (Івана-Франкоўск) – ня проста схема, ня від зьверху, не прыблізнае ўзнаўленьне асобных вуліц. “Фелікс Австрія” — гэта поўны street view, тут прамаляваная ў падрабязнасьцях кожная крамка, кожны закуток. Тут пахне парфумамі, пахне рыбаю, пахне птысямі з ванільным крэмам – паводле галіцкага рэцэпту. Тут мы сустрэнем і ўсіх гэтых незьлічоных прадпрымальнікаў, якія аднымі зь першых маюць сьведчыць пра “шчасьлівасьць” часоў. Бізнэс, канкурэнцыя, тавары з розных краінаў, паслугі паводле апошніх тэндэнцыяў у Эўропе, у Вене – сэрцы Аўстрыі. Зрэшты, у кнізе Сафіі Андруховіч ёсьць і адмысловы пэрсанаж, які займаецца менавіта тым, што прамалёўвае ў падрабязнасьцях усе дэталі гораду.

Вена, 1900 год

Бо што з таго, чаго не прамалюеш, застанецца навечна? 1900. Неўзабаве пахісьнецца гэты карабель, гэты стол, зь якога пасыплюцца на падлогу пасыпаныя кропам галубцы. І раптам няважным апынецца і стол, і талеркі з кубкамі, і цыклічныя мясцовыя драмы.

Андруховіч, надыханая падзеямі Майдану нашая з вамі сучасьніца, дзесяці год не чакае. І фантасмагорыя зьядае шчасьлівую няшчасную Аўстрыю, і малая імпэрыя адной невялікай сям'і руйнуецца. Што паўстае з попелу – у попел жа і вяртаецца. Як дом, пакінуты на адзін невялікі, ненадзейны, ня выключаны з разэткі прас.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце