Блог

Спіс літаратуры: кнігі для тых, хто піша кнігі

Medium?1432638823

Паэт, празаік і перакладчык Антон Францішак Брыль распавёў для "Букстэра", што чытаць, каб пісаць.

 

Так атрымалася, што за апошнія гады я прачытаў і праглядзеў ладны стос падручнікаў па пісанні мастацкай прозы. Калі быць дакладным, то па пісанні мастацкай прозы і кінасцэнарыяў: падручнікі па працы з сюжэтамі найчасцей арыентаваныя на сцэнарыстаў, хаця і для пісьменнікаў зусім не лішнія. 

Гатэмскія пісьменніцкія курсы. Як пісаць мастацкі тэкст (Gotham Writers' Workshop. Writing Fiction).

Калі вы хочаце выбраць са спіса толькі адну кнігу – выбірайце гэтую. Адзінаццаць главаў па адзінаццаці тэмах – персанажы, сюжэт, апісанні, перспектывы і г.д. – напісаныя асобнымі аўтарамі. Кніга, як часта бывае, не столькі пра тое, як трэба рабіць, колькі пра тое, як рабіць не трэба. Зручны сістэматычны пералік пастак, у якія лёгка трапіць аўтару – і якіх не вельмі цяжка, ведаючы, пазбегнуць.

Роберт Маккі. Гісторыя (Robert McKee. Story: Substance, Structure, Style and the Principles of Screenwriting)

Гэты падручнік, першы з "кінематаграфічных" у спісе, цалкам прысвечаны таму, як стварыць добрую гісторыю. Замест таго, каб спрабаваць апісаць манеру Маккі вучыць, працытую адзін урывак, які асабліва люблю:

"Для гісторыі патрэбныя архетыпы, а не стэрэатыпы. Архетыпічная гісторыя раскрывае ўніверсальны чалавечы досвед, апранаючы яго ў адметную, уласцівую канкрэтнай культуры форму. Стэрэатыпічная гісторыя робіць усё наадварот: яна абмяжоўваецца вузкім, спецыфічным досведам, а апранаецца ў чэрствую і невыразную абагульненасць."

Лінда Сегер. Як зрабіць добры сцэнарый выдатным (Linda Seger. Making a Good Script Great)

Калі Маккі нагадвае паважнага ўніверсітэцкага лектара, то Сегер – энергічнага выкладчыка на практычных занятках. У вас правісла дзеянне? Невыразна матляецца дадатковая лінія? А можа, проста ёсць адчуванне, што нешта з сюжэтам пайшло не так? Добрыя шанцы, што Сегер – не, не вырашыць вашую праблему, вядома, але дапаможа знайсці, дзе і што ў вас паламалася.

Хэлен Джэйсі. Жанчына ў гісторыі (Helen Jacey. The Woman in the Story: Writing Memorable Female Characters)

Ствараючы героя, няпроста пазбегнуць штампаў. Ствараючы гераіню — яшчэ цяжэй: клішэ на долю выдуманых жанчын выпалі надзвычай прыліпчывыя, толькі зазяваешся — і ўсё, замест жывога чалавека — папяровая лялька. Кніга Джэйсі дапамагае менавіта ў гэтым: заўважаць штампы пры стварэнні жаночых вобразаў. Калі вам здаецца, што вы іх і так усе заўважаеце, то адкажу толькі — а вы пачытайце. Сам я прачытаў гэтую кнігу апошняй з пяці — і шкадую, што яна не трапілася мне раней.

Крыс Бэйці. Няма сюжэта? Не бяда! (Chris Baty. No Plot? No Problem!)

Гэтая кніга стаіць асобна ад астатніх. Яна, калі шчыра, не зусім пра пісанне кніг — ці, дакладней, не пра тое пісанне кніг. Ёсць такая цудоўная забава, першапачаткова амерыканская, а цяпер пашыраная і ў іншых краінах — NaNoWriMo (National Novel Writing Month, усенародны месяц пісання раманаў). Ідэя ў тым, каб за адзін лістапад напісаць чарнавік рамана аб'ёмам не меней 50000 слоў. Мэта — неабавязкова тэкст высокіх мастацкіх вартасцяў: большая частка таго, што пішацца ўдзельнікамі, ніколі не выдаецца. Мэта — якая самі пажадаеце: навучыцца пісаць хутка, навучыцца прадзірацца праз адсутнасць натхнення, даць волю фантазіі, ды хоць проста "а чаму б не". Вось пра гэтую забаву і напісаная кніга – адным з тых, хто яе прыдумаў, для тых, хто хоча паўдзельнічаць, такая сабе даўжэзная матывацыйная прамова. Хочаце паспрабаваць? Спрабуйце!

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце