Блог

Спіс літаратуры: Мова варожасці

Medium?1403524335

"Мова варожасці" сёння робіцца нормай у агрэсіўна-прапагандысцкім асяроддзі і спараджае такую ж поўную нянавісці рэакцыю. Каця Рускевіч разбірае гэты панятак і дае спіс літаратуры па тэме.

 

Так атрымалася, што большасць з нас існуе ў бясконцай інфармацыйнай плыні. З кожным днём навінаў робіцца ўсё больш, чытаць іх усё складаней і часам невыносна, да навінаў дадаюцца стужкі Мёбіуса з каментароў. Шквал агрэсіі падобны да шалёнага цягніка, які даўно сышоў з рэек і рухаецца па ўласнай, вядомай толькі машыністу, траекторыі падзення. У выніку частка з нас ратуецца ўцёкамі ў свядомы і абыякавы эскапізм, іншыя незаўважна для сябе мяняюць спосаб мыслення і самаідэнтыфікацыю поглядаў. Нейтральнае асвятленне падзей або рэакцыя на .... (патрэбнае ўставіць і падкрэсліць) перасталі быць правілам. Мова варожасці з ранейшага публіцыстычнага маргіналу па-за законам ператварылася ў норму.

Адно з найлепшых і найбольш дакладных азначэнняў, што такое «мова варожасці» (hate speech), прапануецца тут. «Мова варожасці» – забароненая законам «камунікацыя, якая не нясе ніякага іншага сэнсу, акрамя выражэння нянавісці да пэўнай групы, асабліва ва ўмовах, калі камунікацыя можа справакаваць гвалт. Падбухторванне да нянавісці ў першую чаргу ў дачыненні да групы асобаў, якая вызначаецца па прыкмеце расы, этнічнай прыналежнасці, нацыянальнага паходжання, полу, веравызнання, сексуальнай арыентацыі і да т.п. «Мовай варожасці» можа быць любая форма выказвання, што расцэньваецца як абразлівая для расавых, этнічных і рэлігійных груп і іншых меншасцяў ці жанчын». Дарэчы, на спіс кніг і разважанні навялі артыкул «Асаблівасці беларускай талерантнасці: гамафобія ў сеціве і трансвестыты на вуліцах» і падрабязны разбор панятку "мова варожасці" на makeout.by

Стэнаграмы «Радыё тысячы пагоркаў»

Фота esquire.ru

Мабыць, самым вядомым прыкладам выкарыстання «мовы варожасці» былі праграмы радыёстанцыі «Вольнае радыё і тэлебачанне тысячы пагоркаў» («Radio-Télévision Libre des Milles Collines», скарочана RTLM), якія шмат у чым справакавалі канфлікт у Руандзе паміж народнасцямі тутсі і хуту. Канфлікт перайшоў у генацыд супраць тутсі. Загінула больш як мільён чалавек. Гістарычныя даведкі даюць абсалютна жахлівыя звесткі – хуткасць забойстваў  у пяць разоў перавышала хуткасць забойстваў у нацысцкіх лагерах падчас Другой сусветнай вайны. Генацыд у Руандзе прывёў да Другой кангалезскай вайны (або Вялікай Афрыканскай вайны), якая ў сваю чаргу стала самым кровапралітным канфліктам з часоў Другой сусветнай вайны. Агульная колькасць ахвяраў склала больш як пяць з паловай мільёнаў.

Краіна 1000 пагоркаў – другая назва Руанды. Радыё было дасяжна практычна паўсюль. Вядучыя карысталіся асаблівай папулярнасцю і любоўю. Паміж жартамі, музыкай і размовамі пра футбол ішла нязмушаная гутарка пра брудных інкантаньі (прусакі – пагардлівая назва народнасці тутсі) і гучалі прамыя заклікі забіваць. 10% ад агульнай колькасці ахвяр афіцыйна замацавана за радыёвядучымі. Лічылася нармальным сказаць пра справядлівасць Бога, які дапускае, дакладней, дазваляе забойствы інкатаньі, і парадавацца новай шчаслівай будучыні краіны. «Радыё 1000 пагоркаў» атрымала назву «Радыё нянавісці". Стэнаграмы радыё даступныя па спасылцы. Можна выбраць па даце або мове. Афіцыйна пачаткам генацыду лічыцца 4 красавіка 1994 года.

Віктар Клемперар. "LTI. Мова Трэцяга рэйха. Нататнік філолага".

Віктар Клемперар – нямецкі філолаг і публіцыст. Нарадзіўся ў сям'і рабіна, брат вядомага дырыжора Ота Клемперара. Напісаў адно з самых пранізлівых дакументальных сведчанняў свайго часу. Матэрыяламі для кнігі сталі дзённікі, якія Клемперар вёў на працягу існавання Трэцяга рэйху. Хтосьці справядліва заўважыў, што выжыць Клемперар змог фізічна дзякуючы жонцы правільнага паходжання, духоўна – пішучы свае дзённікі. Клемперар гранічна дакладна паказвае, як моўныя нормы робяцца нормамі этычнымі, фармуюць масавую вар'яцкую свядомасць, няздольную на адстароненае крытычнае меркаванне. Улада навамоўя, карыстаючыся вызначэннем іншага аўтара, набывае татальны характар, які спараджае хвалю сляпой нянавісці. Мова стала зваротным бокам рэальнасці, калі маўленчы акт ператварыўся ў прамое дзеянне. Менавіта мова варожасці прывяла да функцыянавання мовы гвалту.

«Вось ён, удар у твар. «Кім яны павінны стаць, фраў Эльза?» – «Фанатычнымі немцамі, такімі, як я. Толькі фанатычнае германства ў стане змыць бруд з цяперашняга негерманства». – «Вы разумееце, што кажаце? Хіба вам невядома, што паняцці "фанатычны" і "нямецкі" – я маю на ўвазе вашае паняцце "нямецкі" – спалучаюцца гэтак жа, як кулак і вока, што, што ...»

На жаль, тыя моўныя канструкцыі, якія з'явіліся ў цёмныя часы, да гэтага часу маюць месца і ўздзеянне ў выглядзе некарэктнага выкарыстання паняццяў і надання новага сэнсу папярэднім сцвярджэнням. Лагічным працягам і адначасова пазачасавым папярэднікам працы Клемперара стала праца французскага філосафа і пісьменніка Жан-П'ера Файе «Таталітарныя мовы» («Langages totalitaires»).

Луі Антуан Сэн-Жуст «Прамовы. Трактаты»

Луі Антуан Сэн-Жуст – чорны анёл смерці французскай рэвалюцыі і эпохі тэрору. Самы малады дэпутат Нацыянальнага канвента, заканадаўчага органа, які валодаў неабмежаванымі паўнамоцтвамі, правая рука Рабесп'ера. Праславіўся пасля сваёй прамовы на смерць караля: «Я ніколі не адмоўлюся ад думкі, што рэспубліку вы будзеце ўсталёўваць у тым жа духу, у якім будзеце судзіць караля. Тэарэтычная аснова вашага суда стане таксама асновай дзейнасці вашай магістратуры. Цвёрдасць вашых філасофскіх прынцыпаў, выяўленая на гэтым працэсе, стане таксама меркай волі ў вашай Канстытуцыі».

Пакуль яшчэ не «мова варожасці», усяго толькі патэтычныя прамовы, якія заклікаюць да гвалту і апраўдваюць тэрор.

Антоній Картэзе «Супраціў мове варожасці» («Opposing Hate Speech» Anthony Cortese)

Антоній Картэзе разважае пра сэнсавае ды этычнае перасячэнне мовы варожасці і Першай папраўкі да канстытуцыі ЗША. Так, лічыцца што ў дэмакратычным грамадстве людзі маюць права на свабоду самавыяўлення, веравызнання, сходаў і г.д. Аднак любое выказванне, што закранае іншага чалавека па расавай, этнічнай, сексуальнай або гендэрнай прыкмеце, павінна быць спыненае. Абмежаванні адбываюцца не толькі праз судовыя позвы або прынятыя зверху законы, інакш у грамадстве сфармуюцца роўна супрацьлеглыя працэсы.

Картэзе праводзіць выразную класіфікацыю паміж выказваннямі, вызначаючы ўзровень «ступені цяжкасці» і віны, праводзячы ясную мяжу паміж наўмыснымі і ненаўмыснымі заявамі. Замест судовага рашэння ён прапануе канструяванне маральных маўленчых кодаў, усвядомленае стаўленне да мовы і да працэсу камунікацыі, заснаванае на непарушных прынцыпах талерантнасці.

У рубрыцы "Спіс літаратуры" мы рэкамендуем кнігі пра любыя актуальныя і важныя, альбо наадварот, выпадковыя і неістотныя рэчы, падзеі ды з'явы. Папярэднія матэрыялы можна знайсці тут.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце